Памятаеце футбаліста-мажора на «Інфініці»? Яму далі два гады хатняй хіміі
Ілля і Анастасія ў судзе, фота Tut.by
У судзе Цэнтральнага раёна была разгледжана справа былога футбаліста «Мінска» Іллі Лухвіча і яго дзяўчыны Анастасіі Буцько, у мінулым студэнткі Акадэміі міліцыі.
Лухвічу далі 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Анастасія Буцько атрымала 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Адвакат адзначыў, што падсудныя задаволены рашэннем суда і не думаюць абскардзіць прысуд.
Паводле абвінавачання, Лухвіч і Буцько куплялі няспраўныя айфоны, а потым пад выглядам рабочых прадавалі іх у інтэрнэце. У крымінальнай справе — шэсць эпізодаў.
Па версіі следства, маладыя людзі куплялі няспраўныя айфоны 7, пры продажы паказвалі свой, рабочы тэлефон, а потым падмянялі яго на нерабочы. У некаторых выпадках проста не паказвалі на няспраўнасць тэлефона. У аб'яве пісалі «працуе ідэальна». Кожны тэлефон куплялі ў сярэднім за 150 даляраў, а прадавалі прыкладна за 300 даляраў.