«Гродна — гэта годна». Тысячы людзей пабывалі на Дні Волі каля Каложы ВІДЭА, ФОТЫ
Карэспандэнты «Нашай Нівы» 4 гадзіны працавалі на Свяце Незалежнасці. Шукайце інфармацыю пра святкаванне Дня Волі — 2019 у нашым анлайне.
* * *
Цэнтральны пункт: мітынг і канцэрт ля Каложы ў Гродне 23.03
У Беларусі цэнтрам святкавання гэтым разам стане Горадня — 100 гадоў таму менавіта яна была сталіцай БНР і акурат тут быў адзначаны першы Дзень Незалежнасці.
23 сакавіка ў Каложскім парку адбудзецца вялікі канцэрт, акцыя ўзгодненая з гарадскімі ўладамі. Кампанія #БНР101, якая летась ладзіла менскае «Свята Незалежнасці» каля Опернага тэатра, разглядае яго як асноўную імпрэзу.
Анансаваныя выступы Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, гуртоў Dzieciuki, «Дай дарогу» і «Крама».
Канцэрту будзе папярэднічаць богаслужэнне ў Каложы
Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій дабраславіў яго правядзенне. Яно распачнецца а 12-й гадзіне, непасрэдна перад канцэртам.
Пасля канцэрта пройдзе імша за Беларусь у Фарным касцёле
Аднукнулася на Дзень незалежнасці і каталіцкая грамада горада. Пасля святкавання Дня Волі ў Каложскім парку пройдзе ўрачыстая імша ў Фарным касцёле Горадні. Набажэнства пачнецца а 17.30.
Урачысты прыём у Мінску
23 сакавіка аргкамітэт святкавання гадавіны БНР арганізуе ўрачысты прыём у «Прайм-холе» гатэлю «Вікторыя». У гонар гістарычнай падзеі дасць канцэрт народны ансамбль «Тутэйшая шляхта». Запрашэнні разасланыя ад імя ганаровага старшыні Аргкамітэта акадэміка Радзіма Гарэцкага і дзейнага старшыні Міколы Купавы.
Публічная лекцыя ў парку імя Янкі Купалы
Таксама 23 сакавіка Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада» запрашае ўшанаваць памяць прэмʼер-міністра БНР і аўтара ІІІ Устаўной Граматы Антона Луцкевіча. Летась у скверы імя Янкі Купалы ў Менску быў пастаўлены памятны знак у гонар Антона і Івана Луцкевічаў — на месцы дамоў, якія належалі іхнай сямʼі. Аб 11-й гісторык Анатоль Сідарэвіч там правядзе публічную лекцыю пра іх.
Мітынг-канцэрт у Кіеўскім скверы ў Мінску 24 сакавіка
24 сакавіка пройдзе мітынг-канцэрт у Мінску — у Кіеўскім скверы: збор ад 12-й, пачатак канцэрту а 13-й. Арганізатарамі — палітычныя партыі. Для гэтага аб'ядналіся хрысціянскія дэмакраты, сацыял-дэмакраты, лібералы з Аб'яднанай грамадзянскай партыі і ліберальна-нацыянальны Рух за свабоду.
Запланаваныя выступы гуртоў N.R.M., KaS, «Разбітае сэрца пацана», «Няхай», «Водар» і «Дай дарогу».
«Школа БНР» у кавярні «Грай» 24 сакавіка
24 сакавіка ў кавярні «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33) пройдзе адукацыйна-культурная імпрэза «Школа БНР», прымеркаваная да ўгодкаў утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Уваход бясплатны, але трэба зарэгістравацца.
Праграма:
15:00 Урок першы: лекцыя Сяргея Харэўскага «Віртуальны шпацыр па адрасах БНР»
16:30 Урок другі: лекцыя Андуся Унучака «Нашаніўскае адраджэнне - падмурак БНР»
18:00 Урок трэці: лекцыя Уладзіміра Ляхоўскага «Сімвалы БНР»
19:00 Урок музыкі: выступ NAKA, МУТНАЕВОКА,:B:N:
Падчас імпрэзы будуць адбывацца ўрокі малявання. Ілюстратарка Лізавета Ганчарова навучыць вас маляваць Пагоню — нацыянальны сімвал Беларусі.
Мерапрыемства бясплатнае, таму фінансава падтрымаць імпрэзу можна праз краўдфандынг.