Знайсці
22.03.2019 / 13:462РусŁacБел

Прадаецца сядзіба ХІХ стагоддзя. «Таму што такія месцы ў Беларусі павінны быць дагледжанымі»

Сядзібу Кастравіцкіх у вёсцы Касцянёва на Шчучыншчыне цяперашнія гаспадары выставілі на продаж.

За ўчастак — агулам там да яго адносяцца 530 сотак — і дом 1890 году пабудовы гаспадары просяць каля 42 000 беларускіх рублёў.

Дачка гаспадароў Адарка Шут-Яцэвіч расказала «Нашай Ніве»:

«Бацькі выкупілі зямлю, дзе знаходзілася сядзіба, каб яна не загінула, зарэгістравалі будынак, атрымалі архітэктурны план, расчысцілі сажалкі. Планавалі там займацца агратурызмам, але не пацягнулі фінансава. Такія месцы Ў Беларусі павінны быць дагледжанымі, сядзіба патрабуе і рэгулярнага дагляду, і немалых укладанняў. Што датычыцца кошту сядзібы, то мы гатовыя ісці на саступкі і прадаваць яе значна танней, абы знайшліся людзі, якія не абыякавыя да гісторыі і яе захавання».

Сам дом каменны, аднапавярховы, прамавугольны. Таўшчыня сцен дасягае 1 метра. Пакоі маюць высокія, да 4,5 метраў, столі.

«Будынак цяпер знаходзіцца ў напаўразбураным стане: адсутнічаюць вокны, дзверы, падлога, разабраны печы, неабходны рамонт даху», — кажа Адарка.

Падвальныя памяшканні вельмі вялікія, знаходзяцца фактычна пад усімі пакоямі.

Побач з сядзібай ёсць парк 18 стагоддзя, сад і пяць сажалак, якія раней выкарыстоўваліся для гадоўлі рыбы.

Хто такія ўладальнікі сядзібы Кастравіцкія?

«Першымі вядомымі ўладальнікамі Касцянёва былі прадстаўнікі шляхецкага роду Александровічаў, — расказвае Адарка Шут-Яцэвіч. — З цягам часу Александровічы страцілі свой уплыў, а іх вялізныя ўладанні пачалі драбіцца і пераходзіць да іншых уладальнікаў. Так сталася і з Касцянёвам, якое адна з жанчын роду Александровічаў, пабраўшыся шлюбам з Ігнатам Кастравіцкім, прынесла яму ў пасаг. З 80-х гадоў ХVIII ст. і да 1939 г. маёнтак знаходзіўся ва ўладанні мужчынскай лініі роду Кастравіцкіх».

Адпаведна сямейнаму паданню Кастравіцкіх, Александровічы мелі ў Касцянёве вялікі двухпавярховы драўляны палац, які быў знішчаны ў часы Паўночнай вайны. З уцалелых бярвенняў быў пабудаваны флігель, які прастаяў да другой сусветнай вайны.

Кастравіцкія адбудавалі сядзібу толькі пад канец ХІХ ст.

«Паводле мясцовых паданняў,— працягвае Адар’я, — будавалі дом масоны, хацелі зрабіць яго месцам збору ложы. Пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай Ігнацій Кастравіцкі пераехаў на сталае жыццё ў Вену. Пазней туды ж пераехаў і яго сын. Відаць, нашчадкаў Кастравіцкіх трэба шукаць дзесьці ў Аўстрыі. Апошнім уладальнікам маёнтка стаў Люцыян Кастравіцкі, які нарадзіўся ў 1889 годзе».

У 1930—2002 гг. у маёнтку Кастравіцкіх знаходзілася Касцянеўская базавая школа: да верасня 1939 года — польская, пазней — беларуская. У гады вайны школа была зачынена, аднавіла сваю працу толькі ў 1945 годзе.

Пасля для сядзібы настаў час разрабавання і заняпаду. 

У кнізе «Памяць» Шчучынскі раён узгадваецца, што да першай сусветнай вайны сядзібны дом меў багаты інтэр’ер.

Да найкаштоўнейшых прадметаў адносілася мэбля, у большасці прывезеная з Вены, цікавыя гадзіннікі, медныя ліхтары. Мелася багата рознага посуду: сэрвізы з нямецкай, расійскай і аўстрыйскай вытворчасці, сэрвіз з англійскага фаянсу, сталовы крышталь і срэбра. Кастравіцкія валодалі значнай калекцыяй жывапісу, куды ўваходзілі копія фрэсак Сіксцінскай капэлы, зробленая Мяланняй Кастравіцкай, шэраг арыгінальных пастэляў, акварэляў, гравюры, збор сямейных партрэтаў. 

У 1915 годзе, калі расійскія войскі адступілі пад напорам кайзераўскай арміі, Кастравіцкія вывезлі з Касцянёва ўсе найбольш каштоўныя рэчы ў месцы больш бяспечныя. Толькі лічаная частка пазней вярнулася на сваё месца ў Касцянёва, каб канчаткова знікнуць у часы Другой сусветнай вайны.

«Вельмі шмат матэрыялаў пра гісторыю сядзібы падрыхтавала мая настаўніца беларускай ды польскай мовы Яніна Станіславаўна Астап. Без яе ўнёску гістарычныя звесткі прыйшлося збіраць па дробачках. Мае бацькі купілі сядзібу ў 2012 годзе. І як я ўжо казала, хацелі зрабіць тут турыстычнае месца, але лёс склаўся інакш», — расказала Адарка Шут-Яцэвіч.

Наталля Тур, фота забяспечаныя Адаркай Шут-Яцэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031