Знайсці
18.03.2019 / 08:4551РусŁacБел

Марзалюк: Той, хто называў праваслаўе «сабачай верай», не можа быць нацыянальным героем

Прафесар гісторыі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк даў інтэрв'ю перадачы «Галоўны эфір» Першага нацыянальнага канала, паведамляе Радыё Свабода.

Палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў папрасіў Марзалюка пракаментаваць Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі, якая абмяркоўваецца ва ўрадавых органах апошні тыдзень.

У прадмове да інтэрв'ю вядучыя казалі, што адзін з разьдзелаў Канцэпцыі наўпрост закранае гістарычную памяць, што беларускі нацыянальны код не меней важны для бяспекі дзяржавы і грамадства за лічбавы код праграм і дадаткаў. Большасьць агрэсій у сьвеце, казалі вядучыя, пачынаюцца са зьнішчэньня базавых каштоўнасьцяў, расчалавечваньня. Тым больш і ў нас у краіне ёсьць спробы надзець вышыванкі па-над нацысцкай формай, сеяць варожасьць і зневажаць асновы беларускай нацыі.

Інтэрв'ю, пераказ якога тут падаецца, Марзалюк даў на расейскай мове.

Пра калабарантаў

Палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў сказаў на пачатку інтэрв'ю, што калі мова ідзе пра нацыянальную інфармацыйную бяспеку, у абывацеля ўзнікае асацыяцыя з гаджэтамі, камп'ютарамі, інфармацыйнымі сеткамі і тд. Прычым тут беларускія нацыянальныя каштоўнасці і традыцыі?

Марзалюк у адказ заявіў, што, на жаль, у інтэрнэце ёсьць кантэнт, які масава выкарыстоўваецца моладдзю і не толькі ёй, і вельмі часта «нам спрабуюць падмяніць сэнсы быцця, якія вызначалі жыцьцё нашых продкаў стагоддзямі»

Гэта значыць, перапрашыць код? — пытаецца Крывашэеў

Так, — адказвае Марзалюк, — перафарматаваць, каб тое, што для нас заўсёды было прадметамі гонару, было прафаніравана, прыніжана, абсмяяна і абражана. І наадварот, тыя падлюгі, якія палілі нашы вёскі, тыя, хто здраджваў гэтай краіне, хто вывешваў на Доме ўрада знакі СС і маршыраваў з крыкамі «Зік Хайль», раптам аказаліся «самотнымі героямі за беларускую незалежнасць».

Пра Райса-Бурага

Крывашэеў кажа, што цяпер прынята лічыць, што гісторыя не такая адназначная.

Хлусня, — адказвае на гэта Марзалюк, — калі вы кажаце, што нейкі падлюга, блізкі вам па ідэалогіі, калі ён спальваў беларускія вёскі і забіваў дзяцей, проста дзейнічаў у цяжкіх абставінах, напрыклад, змагаўся за нейкую антыкамуністычную краіну, якая знаходзіцца на захадзе.

Гэта вы пра рэйд Бурага? — пытаецца Крывашэеў.

Так, натуральна, — адказвае Марзалюк. — У маім выпадку гэта асабліва балюча, бо гэта гісторыя маёй сям’і, якая адтуль, з Беласточчыны. Бо прыходзілі і забівалі, і я гэта ведаю зь дзяцінства. Ёсьць нейкія рэчы, якія мы ведаем на ўзроўні вуснай памяці. Найважнейшая функцыя гістарычнай памяці — захоўваць базавыя фундаментальныя каштоўнасці, якія робяць нас дзяржавай, народам, нацыяй.

Пра Кастуся Каліноўскага

Ці ёсьць у нас свой пантэон гістарычных фігур і герояў і свая стройная, не супярэчлівая канцэпцыя гісторыі беларускай дзяржаўнасці? — пытаецца Крывашэеў.

Я скажу нясціпла, — адказвае Марзалюк. — Я з калегамі, калектывам аўтараў, цяпер выбудоўваю гэтую канцэпцыю. Яна будзе адлюстраваная ў несупярэчлівым, нехлуслівым першым навучальным дапаможніку для вышэйшай школы, які не мае аналягаў. Там не будзе людзей, якія падзяляюць нашу нацыю.

Разумееце, ёсць фігуры неадназначныя, якія павялічваюць лінію разлому. Ёсьць фігуры, якія могуць быць культавымі для нейкай субкультуры. Але чалавек, якія называе, скажам, праваслаўе «сабачай верай» (калі ў нас 80 працэнтаў праваслаўных), ці можа такі чалавек быць нацыянальным героем краіны?

Ці можа быць нацыянальным героем краіны чалавек, які марыў пра знішчэньне нейкай нацыянальнай групы — адзін пры дапамозе аўтаручкі, іншы пры дапамозе «маўзера» або «шмайсера»?

Для мяне беларуская нацыя, гэта, калі гаварыць па-беларуску, — «сумоўе», гэта сімфонія моваў, культур і традыцый.

Пра імпарт паліцаяў з суседніх рэспублік у вайну

Гэта называецца грамадзянская, палітычная нацыя, — падказвае Крывашэеў.

Натуральна, — кажа Марзалюк. — Дык вось беларуская нацыя гэтыя рэчы адчувала на працягу стагоддзяў. Я бясконца ганаруся, што ня я, але англа-саксонскія гісторыкі, амерыканскія, кажуць, што беларусы — самая ненацысцкая нацыя ў Еўропе.

У нас здраднікаў практычна не было, нам паліцаяў па імпарце прывозілі з суседніх рэспублік, і мы здзейснілі сусьветны хрысьціянскі подзьвіг.

І калі нам сёння на розных рэсурсах падонкі, якія расслаблена пазіруюць, апрануўшы нашу беларускую вышыванку, а паверх яе надзеўшы мундзір паліцая, тлумачаць, што гэта былі не калабаранты, але героі беларускага народу, з гэтым трэба змагацца.

Пра галоўную гістарычную кнігу

Ігар Аляксандравіч, — пытаецца далей Крывашэеў, — падчас «вялікай размовы» прэзідэнт некалькі раз апэляваў да вас, калі мова заходзіла пра беларусізацыю, пра фэйкі і беларускі ўніверсітэт. Кіраўніку дзяржавы падаравалі вельмі неадназначную кнігу аб пагрозе гібрыднай вайны Расіі супраць Украіны. Ці ёсць у нас кнігі, якія б мы маглі даць прэзыдэнту і грамадзтву.

Сёння нельга сказаць, што такая кніга ёсць, — адказвае Мазалюк. Таму такая важная Канцэпцыя нацыянальнай інфармацыйнай бяспекі. Там ёсьць чацвёрты раздзел, дзе прапісана важнасьць беларускіх нацыянальных каштоўнасцяў і маецца цэлы блок аб беларускай гістарычнай палітыцы, аб важнасць стварэння несупярэчлівага беларускага гістарычнага кантэнту і ўмацаваньня беларускай гістарычнай памяці.

Мы павінны прапанаваць грамадству задакументаваную версію свайго мінулага і паказаць, што заявы, маўляў, мы недадзяржава, што нас няма, што нас прыдумалі або палякі, або бальшавікі — гэта хлусня, хамства, і гэта будзе карацца.

Мы павінны творча выкарыстоўваць вопыт нашых найбліжэйшых еўрапейскіх суседзяў — Польшчы, Нямеччыны, і далёкіх суседзяў, напрыклад, Ізраілю або ЗША, дзе існуе культ свайго мінулага. Там калі ты кажаш, што Халакосту не было, што злачынства супраць твайго народу не было, ты атрымліваеш адміністрацыйнае або крымінальнае пакараньне.

І трэба памятаць, што ў любой краіны існуюць нацыянальныя інтарэсы. Мы можам дыскутаваць пра розныя моманты нацыянальнага мінулага, але ёсць базавыя каштоўнасьці, якія павінны быць важнымі для ўсіх. Гэта краіна — у нас няма іншай гісторыі.

Сяргей Абламейка, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031