Знайсці
28.02.2019 / 08:5410РусŁacБел

Памёр Уладзімір Анцулевіч, які кіраваў кампаніяй БНФ за рэферэндум у 1992 годзе

Вера Чуйко, Уладзімір Анцулевіч і Зянон Пазняк перад здачай подпісаў за рэферэндум у ЦВК, 1992 год. Фота газеты «Свабода»

Памёр адзін з актывістаў Беларускага народнага фронту Уладзімір Анцулевіч. Развітаньне з ім адбудзецца 28 лютага ў Мінску па адрасе Кульман, 33а, паведаміў у фэйсбуку былы дэпутат Вярхоўнага савета Леанід Дзейка.

Менавіта Уладзімір Анцулевіч у 1992 годзе быў старшынёй ініцыятыўнай групы, калі БНФ спрабаваў арганізаваць рэферэндум наконт датэрміновых выбараў у Вярхоўны Савет. Тады было сабрана больш за патрэбныя 350 тысяч подпісаў, аднак Вярхоўны Савет адмовіўся ад правядзення рэферэндуму.

Вось што кажа колішні паплечнік Уладзіміра Анцулевіча па БНФ Вінцук Вячорка:

«Калі ствараўся Беларускі народны фронт, Уладзімір Анцулевіч быў навукоўцам, фізыкам, працаваў у лабараторыі Юрыя Хадыкі ў Акадэміі навук. Дакладны, выдатна арганізаваны, абсалютна надзейны і прытым сціплы, ён усю сваю энергію ахвяраваў на фронтаўскую справу. Арганізоўваў выданне масавай перыёдыкі БНФ, ладзіў працу ў рэгіёнах, а калі настаў вырашальны момант барацьбы за незваротнасць дэмакратычных зменаў, Уладзімір Анцулевіч узначаліў ініцыятыўную групу збору подпісаў за рэферэндум аб датэрміновых выбарах і канстытуцыйных зменах. Гэта ягоная праца дапамагла і арганізаваць акцыю, і не змарнаваць ніводнага з 446 тысячаў подпісаў, сабраных актывістамі Фронту па ўсёй краіне. Гэта яму належалі выдатныя ідэі юрыдычнай абароны кампаніі за рэферэндум ад атакаў намэнклятурнай улады.

І пасьля рэакцыі 1994 года Уладзімір Анцулевіч працяглы час заставаўся на вастрыі барацьбы за свабоду ў Беларусі як у палітычных, так і ў грамадзкіх, аналітычных структурах. Урэшце вярнуўся да фізікі — ужо як выкладчык кафедры методыкі выкладаньня фізікі БДПУ і 5-й гімназіі. І тут ён выяўляў свой усебаковы талент: пісаў дапаможнікі, падрыхтаваў больш за сотню пераможцаў алімпіядаў. Ведаю, што вучні вельмі любілі свайго настаўніка… Светлая памяць».

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031