У Беларусь вяртаюцца пералётныя птушкі
Аднымі з першых пасля зімоўкі вярнуліся палявыя жаўрукі. Аб гэтым карэспандэнту БелТА паведаміў намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Дзмітрый Вінчэўскі.
Птушак заўважылі ў заказніку «Гродзенская Свіслач», а таксама непадалёк ад Гродна. Іх ранняму вяртанню паспрыялі плюсавая тэмпература паветра і адсутнасць снежнага покрыва.
«Яны належаць да групы так званых блізкіх мігрантаў, якія зімуюць у Заходняй ці Паўднёвай Еўропе. Гэтыя птушкі арыентуюцца на надвор'е. Ва Усходняй Польшчы раней былі заўважаныя першыя журавы і кнігаўкі. Неўзабаве, калі зіма не вернецца, чакаем іх у нас», — распавёў Дзмітрый Вінчэўскі.
Заўважаныя ў заказніку і чароды лебедзяў-шыпуноў і лебедзяў-клікуноў. Частка іх зімуе ў Беларусі, частка перабіраецца туды, дзе цяплей. Некаторыя клікуны ўжо разбіліся па парах і рыхтуюцца да вясны.
Да гнездавання рыхтуюцца і гракі: прадстаўнікі вялікай калоніі гэтых птушак з аграгарадка Вялікія Эйсманты Бераставіцкага раёна пачалі прыводзіць у парадак гнёзды. Арнітолагі звяртаюць увагу, што па законе старыя гнёзды можна разбураць да 16 лютага, аднак у сувязі з цёплым надвор'ем у лютым птушкі сталі засяляць іх раней.
Масавага прылёту пералётных птушак, зрэшты, чакаць у найбліжэйшы час не варта. Для далёкіх мігрантаў, якія зімуюць у ваколіцах Міжземнага мора і ў Афрыцы, арыенцірам служыць даўжыня светлавога дня.