Былы лідар «Правага альянсу» Юрась Карэтнікаў стаў альтэрнатыўным дырэктарам «Белгазеты»
Кірыл Жываловіч, які валодае 75% статутнага фонду «Белгазеты», у бары «Біршоу» прадставіў новага кіраўніка выдання. Дырэктарам газеты стаў Юрый Карэтнікаў.
Юрась Карэтнікаў. Фота Уладзя Грыдзіна, facebook.com.
Карэтнікаву 37 гадоў. Ён прайшоў праз незарэгістраваную Партыю Свабоды, а таксама быў лідарам «Правага альянсу». У верасні 2011 «Правы альянс» абвесціў пра спыненне палітычнай дзейнасці.
Падчас выбараў 2010 года прадстаўнікі «Правага альянсу» былі ў ахове Уладзіміра Някляева. Пасля гэтага Карэтнікаў на нейкі час з’язджаў з Беларусі ў Кіеў. Па вяртанні адседзеў на Акрэсціна 10-сутачны арышт.
Сам Юрась Карэтнікаў на прэс-канферэнцыі заявіў, што прыйшоў у «Белгазету», каб выданне не стала неафіцыйным рупарам Крамля.
Учора стала вядома, што дырэктарам «Белгазеты» стаў праваабаронца Андрэй Бандарэнка, але Жываловіч не згодны з такім рашэннем.
Усе прызнаюць, што «Белгазета» цяпер у складаных фінансавых умовах.
Апошнім часам Карэтнікаў быў кіраўніком рэкламнага агенцтва «Куля-Медыя».