Знайсці
21.01.2019 / 17:321РусŁacБел

«Баюся вяртацца ў часць». У Слуцку ў салдата падчас службы здарыўся прыпадак эпілепсіі

Андрэя Баброва прызвалі на тэрміновую службу ўвосень мінулага году. Маці салдата расказвае, што забіралі проста са шпіталя, піша Радыё Свабода.

Андрэй Баброў.

Ураджэнец Буда-Кашалёва Андрэй Баброў пайшоў служыць у войска 28 лістапада 2018 году, трапіў у вайсковую частку нумар 18662 30-й асобнай чыгуначнай брыгады. Але праслужыў крыху больш за два тыдні. 15 сьнежня служба маладога салдата нечакана прыпынілася.

«Сутаргі, пена з рота»

«Прыпадак эпілептычны ў мяне здарыўся падчас службы, — расказвае Андрэй Баброў. — Пасьля мяне паклалі ў Вайсковы шпіталь. Не лячылі, гэта ж ня лечыцца. Цяпер гавораць, што калі яшчэ раз паўторыцца, то камісуюць. Адправім дадому. А зараз ідзі служы».

Па словах Баброва, такое зь ім здараецца ня першы раз. Папярэдні быў каля года таму, тады ён да мэдыкаў не зьвяртаўся.

«Я амаль нічога ня памятаю пра сам прыпадак, толькі як ён пачынаўся, — расказвае Андрэй Баброў. — Што адбывалася пазьней, ня ведаю. Памятаю толькі, што падымаўся па лесьвіцы, потым закружылася галава, і ўсё. Апрытомнеў толькі, калі везьлі ў шпіталь у «хуткай». Саслужыўцы гаварылі, што сутаргі былі ў мяне, пена з рота ішла».

Пасьля гэтага выпадку Андрэй некалькі дзён правёў у санчастцы пад назіраньнем. 2 студзеня яго перавялі ў Вайсковы шпіталь у Менску. Даюць вітаміны, зрабілі энцэфаляграму. Яна выявіла ачаг паталягічнай актыўнасьці.

«Паставілі дыягназ — генэралізаваны прыступ, — працягвае салдат. — Як я зразумеў, гэта адна з клясыфікацый эпілепсіі. Ня ведаю, чаму дыягназ менавіта такі. Пазваніў маці, яна званіла на гарачую лінію Мінабароны. Там адказалі ёй, што ўсё дактары вырашаюць. Я зараз баюся ў частку вяртацца з такім дыягназам. Каб усё нармальна было, я б даслужыў. А так не разумею, што будзе. Калі б тады побач на лесьвіцы са мной нікога не было, невядома што магло б здарыцца. Урач патлумачыў, што прыпадак можа паўтарыцца ў любы момант. Праз тыдзень, празь месяц. Хоць зараз можа здарыцца».

На рукі ў Вайсковым шпіталі Андрэю ніякіх дакумэнтаў, у тым ліку зь ягоным дыягназам, не далі. Усё накіроўваюць у частку ў Слуцак. Салдат сваіх папер ня бачыць. Выпісаць Баброва абяцаюць у бліжэйшыя дні.

«Сына ў войска забралі амаль са шпіталя»

«Мне сказалі, што магу скаргу напісаць у Мінабароны, — кажа маці Андрэя Аксана. — Я ня ведаю, што будзе. Прыпадак можа паўтарыцца, але ўрач вырашыў вярнуць яго ў частку. У сына галава заўсёды балела. І на прысязе мы былі, ён скардзіўся. А празь некалькі дзён пасьля прысягі мне самі пазванілі з мэдчасткі, жанчына, і расказала, што вось такое здарылася з сынам, эпілепсія, і Андрэя забралі ў Слуцак з моцнымі сутаргамі. Там яму кропельніцу ставілі, да 2 студзеня быў у Слуцку, потым у Менск павезьлі».

Аксана Баброва кажа, што сын увогуле трапіў у войска памылкова. Расказвае, што лекар-нэўроляг нават выпісала адтэрміноўку, але гэта не дапамагло.

«Перад самым прызывам у Андрэя было страсеньне мозгу, ён ляжаў у шпіталі, — дадае жанчына. — Пазванілі з ваенкамату, празь дзень сына выпісалі з бальніцы, яшчэ празь дзень забралі ў армію. Вазілі ў Гомель, прызналі прыдатным і забралі».

Пасьля выпадку са стратай прытомнасьці ў вайсковай частцы Аксана зьвязвалася з ротным афіцэрам сына. Той паглядзеў асабістую справу Андрэя Баброва і сказаў, што ў ёй нічога ні пра эпілепсію, ні пра іншыя хваробы няма. Хоць, па словах жанчыны, яе сын неаднаразова атрымліваў адтэрміноўкі ад службы праз хваробы.

Ротны афіцэр Андрэя Баброва камэнтаваць сытуацыю адмовіўся.

Праз некалькі дзён пасьля таго, як Андрэй зьвярнуўся да журналістаў, у яго здарыўся новы прыступ. У частку вайсковец больш не вярнуўся.

«Пасьля нашай з вамі размовы, праз тыдзень здаецца, у мяне здарыўся другі прыступ, —​ расказаў Андрэй Свабодзе 3 красавіка. — У частку ў выніку я так і не вярнуўся, усё адбылося ў шпіталі. Мяне камісавалі. Зараз вярнуўся дадому ў Буда-Кашалёва, уладкаваўся на працу».

Расклад хваробаў

У Беларусі заканадаўча замацаваны сьпіс хваробаў, пры якіх прызыўнік (альбо салдат тэрміновай службы) можа атрымаць пэўны ўзровень прыдатнасьці альбо быць вызвалены ад службы ў мірны ці нават ваенны час. Гэта супольная пастанова Мінабароны і Мінздароўя, якая мае афіцыйную назву «Расклад хваробаў». Знайсьці дакумэнт можна на сайце pravo.by.

Эпілепсія ў «раскладзе хваробаў» вынесеная ў асобны, 21 пункт. Прызыўнікоў з гэтым захворваньнем прызнаюць непрыдатнымі да службы ў мірны час (пры адзінкавых выпадках эпілепсіі) альбо непрыдатнымі да службы з выключэньнем са сьпісу вайсковаабавязаных (пры частых выпадках — тры і больш за год).

«Наяўнасьць прыпадку павінна быць пацьверджаная мэдыцынскімі дакумэнтамі, — гаворыцца ў пастанове. — Таксама могуць быць прынятыя пад увагу сьведчаньні відавочцаў, калі апісаныя імі прыпадак і пасьляпрыпадачны стан даюць падставу лічыць прыпадак эпілептычным. У сумнеўных выпадках належыць запытваць дадатковыя зьвесткі па месцы жыхарства, вучобы, працы, праходжаньня вайсковай службы (…)».

Удакладненьне. У першапачатковай вэрсіі публікацыі памылкова сьцьвярджалася, што салдата выпісалі з Вайсковага шпіталя і вярнулі ў частку.​

Алесь Пілецкі, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930