«Адзінае, што ратуе псіхіятра, каб не звар’яцець, — пачуцце гумару». Дзённік доктаркі, што працуе ў псіхбальніцы
Не ўсім падабаецца тое, што яна вядзе дзённік. Але доктарцы гэта дапамагае заставацца чалавечнай.
Вольга Ш. трэці год працуе псіхіятаркай у адной са сталічных бальніц. Яна запісвае
«У псіхіятрыі я ўжо больш за тры гады, калі лічыць год інтэрнатуры. Большую частку гэтага часу працавала ў аддзяленнях, дзе пацыенты хварэюць даўно і доўга.
«Працаваць даволі цяжка ў эмацыйным сэнсе, бо бачыш шмат несправядлівасці у адносінах да людзей, якія лечацца ў псіхіятрычай лякарні, але не можаш з гэтым нічога зрабіць. Заўсёды гэтыя ярлыкі кшталту «шызік», «дурка», «а яны у вас там да батарэй прывязаныя?» і г. д. Ад многіх адмаўляюцца сваякі, блізкія, кагосьці аддаюць у дамы-інтэрнаты. Вельмі ратуе ад гэтай паўсядзённасці пачуцце гумару».
Аднак, Вольга расказвае, што не ўсім падабаецца тое, што яна вядзе гэты своеасаблівы дзённік.
«Некалькі разоў мне пісалі, што я не маю на гэта права, гэта не этычна. Я ж так не лічу. Па-першае, ніякая персанальная інфармацыя пра пацыентаў у пастах не раскрываецца. Па-другое, кожны пост поўны павагі да пацыентаў, я нікога не зневажаю і не абражаю. А можа я ўвогуле ўсё гэта прыдумала (ха-ха)».
«Гэты «дзённік» і пішацца для таго, каб яго чытачы не ўспрымалі герояў маіх пастоў як нейкі набор стэрэатыпаў ды сімптомаў. Кожны — асоба, у кожнага з іх вялікае жыццё за плячыма, са сваім болем і са сваімі радасцямі…».
З дазволу Вольгі на ананімнай аснове мы друкуем некаторыя запісы з яе дзённіка.
Фота: tabloidtv.lv.
* * *
Пацыентка на абыходзе:
— Стас Міхайлаў і Алег Газманаў увогуле мае ворагі!
— Чаго так?
— Ну, галасы кажуць, што яны найгоршыя, урэдныя.
— То Газманаў дрэнны?
— Так, ясныя дні ўсе пазабіраў…
— Ну, і я яго не люблю.
— Во таму я з вамі і дружу.
* * *
Перайшла ў іншае аддзяленне і пакуль яшчэ не запомніла ўсе прозвішчы пацыентаў. На абыходзе:
— Добры дзень! Як вас зваць?
— С неба звёздачка упала на прамую лінію. Падскажы мне, добры доктар, як мая фамілія?!
— То я думала, вы мне скажаце…
— Пры дарозе лебяда, у агародзе лілія. Падскажы мне, мілы доктар, як мая фамілія!
* * *
На абыходзе загадчык пытае ў пацыенткі:
— Ну, а што б вы ўвогуле хацелі цяпер?
— Мужыка б хацела!
— То вам жа ўжо 80 год, нашто вам той мужык?
— Мне 80? Мне 63, я з 37-га года!
— То цяпер жа 2017 год, падлічыце колькі вам.
Паўза недзе на хвіліну, потым сумным голасам:
— І праўда, 80. Ну то людзі павінныя да 120 год жыць. Прапішыце мне мужыка, калі ласка!
* * *
Дыялог медсястры з пацыенткай:
— А адкуль гэтая драпіна на шыі ззаду?
— Гэта я на сонцы згарэла. Пайшла ў гастраном, сустрэла сабаку і яна мяне дальш ісці не пускала. Я стаяла і згарэла.
— А сабака што?
— А сабака чорны. Таксама згарэў, пэўне…
* * *
Бяру пацыентку за руку, каб палічыць пульс. Яна мне: «Ой, якія ў вас рукі халодныя! Давайце я вам сваю куртку дам».
* * *
Дзве пацыенткі сядзяць за сталом, размаўляюць:
— Дарагая мая, мілачка, ай лав ю!
— Ай лав ю, ай лав ю! Каб згарэла ты ў агню! Закалупала!
* * *
Чую размову санітаркі (С) з пацыентам (П):
П:… і за Лукашэнку этага я ні разу не галасаваў! Прайдоха такі ўжо!
С: А што ж вы так кажаце! Не баіцеся?
П: А што мне баяцца. Мне ўжо дзявяты дзясятак і я ў дурдоме!
* * *
На абыходзе:
— Добрай раніцы, М., як здароўе?
— Мілачка мая, а ты дастала мне памаду?
— Не.
— Шоб ты здохла!
* * *
Сёння пацыент паскардзіўся, што яму «неяк грашно ў грудзях». Цудоўны сімптом. А ў вас бывае «грашно ў грудзях»?
* * *
На абыходзе:
— М., ну што ў вас чуваць?
— Скубуць, скубуць з усіх бакоў! І есці хачу! Пакладзі мне што-небудзь смачнае.
— Зараз сняданак будзе. Дадуць што-небудзь смачнае.
— А ты што, не можаш?
— Не, я доктар, я за сняданак не адказваю.
— От а яшчэ доктар называецца! Есці даць не можа, а таблетак цэлую жменю няўкусных паназначала мне…
— То там жа тры таблеткі ўсяго.
— Ога! А ў роце горка! Сама во паеш іх, а мне пячэння дай.
* * *
У прыёмным пакоі:
— У вас якія-небудзь хранічныя хваробы ёсць?
— Не, німа. Толькі во галава баліць.
— Якія-небудзь таблеткі пастаянна прымаеце?
— Оо, не. Прыйду ў аптэку, мне дадуць мар'яначкі ад галавы, ды і ўсё.
— Мар'яначкі?
— Ну, мар'янкі! У бутэлечцы, бывае, даюць, бывае, таблеткі жоўтыя.
* * *
Адна пацыентка павучае другую:
— Э, чаго ты ўсё на падлозе качаешся, ідзі сядзь на табурэтку. Кажу табе, не сядзі на падлозе, бо жопа кашляць будзе.
* * *
Падыходжу да ложку пацыенткі:
— Добрай раніцы, як здароўе?
— Здрасце, генерал маей душы, лекар майго цела!
* * *
Адна пацыентка павучае другую:
— Ты на Новы Год нармальнае што ў Бога папрасі. Здароўя папрасі, розуму паболей. Каб ты пахудзела, папрасі…
Фота: cameralabs.org.
* * *
Размаўляем з пацыенткай:
— …ну во спіна яшчэ ў мяне крывая, хаджу крыва.
— Здаецца ж, роўна вы ходзіце.
— Мы ходзім роўна, але мы не з Роўна. Бакі ў нас гладкі, але мы не з Камчаткі…
* * *
У пацыенткі Д. пайшла носам кроў. Яна нікому не сказала і паспяхова выцірала яе сваім халатам. Пазней я падышла да Д., каб растлумачыць, што рабіць у такіх выпадках.
— Д., у вас калі кроў раптам пойдзе носам, вы адразу медсястры кажыце, яна вам дапаможа.
— Ну дзіўна, чаго яна пайшла? Я ж нічога не драпала. Толькі козы ела.
— І козы есці не трэба.
— Козы есці карысна для страўніка.
— Гэта не праўда.
— Усё карысна, калі ўмерана есці.
* * *
Бачу, як пацыентка, стоячы ў сталовай, нацягвае на сябе ўжо пятую ці шостую кофту. І сукенку наверх. І яшчэ халат.
Пытаю:
— А што гэта вы робіце, спадарыня?
— Я тут уцяпляюся, каб мозг лепш працаваў. Вось вы ў адным халаце ходзіце і нічога не ведаеце! Як манголы захапілі і Крым, і Рым, і медныя трубы. А беларусы нікога не захапілі. Таму што мозг адмарозілі… Вам кофту даць?
* * *
Пацыентка Л.:
— Мы б хацелі, Вольга Уладзіміраўна, каб вы нам усім адмянілі таблеткі і заўтра выпісалі. Але вы ж не абавязаныя апраўдваць нашы чаканні, так?
* * *
Выйшла з вакацый на працу, раблю абыход. Пацыентка пытае:
— А дзе вы былі?
— У водпуску была.
— Аааа, а я думала, вы памерлі…
* * *
На абходзе размаўляю з пацыенткай:
— М., што ў вас чуваць?
— Усе скубуць!
— І есці не даюць?
— Не даюць, уся галодная хаджу.
— І ўсё баліць?
— Ой, баліць, уся бальная я.
— Ох, і што ж гэта за жыццё такое…
— А якое? Такое, як і ў цябе!
* * *
На абыходзе пацыентка пытае:
— Вольга Уладзіміраўна, а сёння ж свята, так?
— Ага.
— А заведуюшчы на рабоце? Хачу яго павіншаваць.
— Так, у кабінеце.
— А сёння не выхадны?
— Не, мы працуем.
— А 8 Марта выхадны?
— Ага.
— О як нагнулі патрыярхат!