Музычны конкурс на «Славянскім базары» выйграў рэгент царквы з Бухарэста
Уладальнікам Гран-пры міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2018» стаў румынскі спявак Марчэл Рошка. Імя пераможцы назвалі ўвечары 16 ліпеня на гала-канцэрце ўрачыстага закрыцця фестывалю мастацтваў «Славянскі базар», піша Tut.by.
Рошка — 28-гадовы дырыжор аркестра і рэгент царквы ў Бухарэсце. Ён атрымаў спецыяльную статуэтку «Ліра» і 20 тысяч даляраў.
Малады артыст прызнаўся журналістам, што ў будучыні спадзяецца заваяваць «Еўрабачанне» і «Новую хвалю».
Amre
1-ю прэмію конкурсу (15 тысяч даляраў) заваяваў 23-гадовы спявак з Казахстана, студэнт Нацыянальнай акадэміі мастацтваў Аmre (Ернар Садырбаеў).
Румын і казах набралі ў песенным спаборніцтве аднолькавую колькасць балаў — 156. Журы выбрала пераможцам Рошку.
Міла Ніціч
2-ю прэмію (10 тысяч даляраў) журы прысудзіла ўкраінцы Міле Ніціч. У яе — 154 балы.
Яўген Курчыч
Сільвія
3-ю прэмію (5 тысяч даляраў) падзеляць беларус, педагог мінскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Яўген Курчыч і полька, студэнтка Кракаўскай акадэміі музыкі Сільвія. Яны таксама набралі ў конкурсе аднолькавую колькасць балаў - 151.
Уладальнікамі спецыяльнай прэміі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі сталі Яўген Курчыч і расіянка Аляксандра Карабешкіна.
Расійская канкурсантка таксама стала ўладальніцай спецыяльнай прэміі «Славянская надзея». Гэтую ўзнагароду Аляксандры ўручыў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі, старшыня аргкамітэта фестывалю Васіль Жарко.
Аляксандра Карабешкіна