Знайсці
28.04.2018 / 08:5749РусŁacБел

Як імператар Аляксандр ІІ спрычыніўся да беларускага нацыянальнага праекта

29 красавіка спаўняецца 200 год ад нараджэння расійскага імператара Аляксандра ІІ — адзінага, якому быў прысвечаны верш па-беларуску.

Аляксандр ІІ. З маладым царом у Літве і Польшчы звязвалі надзеі.

Старэйшы сын цара Мікалая І, ён заняў трон пасля смерці бацькі ў 1855 годзе. Акурат у тым самым годзе ў Мазыры, у заможнай габрэйскай сям’і Гельфманаў, нарадзілася дзяўчынка Геся. Лёсам ёй будзе наканавана пражыць столькі ж гадоў, колькі цараваў Аляксандр ІІ і сваімі рукамі зрабіць бомбу, ад якой ён загіне.

У Беларусі пра Аляксандра ІІ шырока ведаюць тры рэчы: адмяніў прыгон, задушыў паўстанне Каліноўскага, забіты беларусам Ігнатам Грынявіцкім. Тым часам, лічыць беларускі гісторык з Пецярбурга Мікола Нікалаеў, наш нацыянальны праект мог не адбыцца, калі б не падзеі, звязаныя з кіраваннем Аляксандра ІІ.

Да такіх высноваў навуковец прыйшоў у часе складання кнігі «Наваградак у цараванне Аляксандра ІІ (1855—1881)», якая рыхтуецца да друку ў Пецярбургу.

«Спачатку я бачыў сваю задачу толькі ў тым, каб «расфарбаваць» знакавыя падзеі гэтага царства фактамі мясцовай гісторыі, — кажа Мікалай Нікалаеў. — Але раптам мясцовая гісторыя прымусіла іначай зірнуць на эпоху».

Мікола Нікалаеў — гісторык, загадчык аддзела рэдкіх кніг Рускай нацыянальнай бібліятэкі (Пецярбург).

Новая кніга — частка вялікай і ўжо блізкай да завяршэння працы, прысвечанай ключавому для гісторыі Беларусі гораду. Яе рабочая назва «Гісторыя Наваградка ab urbe condita да Першай сусветнай вайны».

«Уставайма, братцы»

Але як звязаныя Наваградак і расійскі імператар? Найперш, кажа сп. Нікалаеў, праз Вінцэнта Каратынскага.

«Таго, які нарадзіўся ў Наваградскім павеце, у вёсцы Селішча каля Любчы ў 1831 годзе. У 19 год Каратынскі стаў сакратаром самага папулярнага пісьменніка свайго часу — Уладзіслава Сыракомлі, а ў 26-гадовым веку надрукаваў вялікі беларускі верш. І не абы-дзе, а ў падарункавым выданні, якое паднеслі самому імператару!

Вінцэсь Каратынскі. Фота ў сталым веку.

Пра гэты верш спецыялісты ведалі, канечне. Пра яго пісалі Адам Мальдзіс, Генадзь Кісялёў, Уладзімір Мархель… Але пісалі як пра факт паэтычнай, а не палітычнай гісторыі».

Верш называўся «Уставайма, братцы, за дзела, за дзела» і меў падзагаловак «песня з паклонам ад літоўска-русінскай мужыцкай грамады».

Ён быў напісаны для выдадзенай Адамам Кіркорам кнігі «Въ память пребыванія государя императора АлександраІІ въ Вильнѣ, 6 и 7 сентября 1858 г.», якую часам называюць «Віленскі альбом».

Адам Кіркор, грамадскі і культурны дзеяч, гісторык, этнограф. Рабіў стаўку на супрацу з уладай.

Тут у «альбомнай» традыцыі эпохі сабраныя тэксты, звернутыя да імператара — і вершы, і проза, і навуковае даследаванне.

«Для беларускай культуры гэта праграмная публікацыя, — адзначае наш суразмоўца. — Адбылася інстытуалізацыя беларускай культуры на вышэйшым дзяржаўным узроўні».

Праграмная публікацыя

Прыход да ўлады новага імператара абуджаў вялікія надзеі. 6—7 верасня 1858 года Аляксандр ІІ наведаў Вільню. Ладзіліся балі, прыёмы, абеды. Вярхоўная ўлада была ад мясцовага шляхціча на ўзроўні працягнутай рукі.

Авансам з боку цара быў толькі што адчынены ў Вільні музей старажытнасцяў, наваствораная археалагічная камісія і дадзены пры ўступленні на царства Маніфест, паводле якога атрымалі амністыю ўдзельнікі паўстання 1831 г. і было дазволена друкаваць паэзію Адама Міцкевіча.

Апафеозам вернападданства з боку Літвы стаў «Віленскі альбом». Кніга — узор тагачаснай паліграфіі. Пра славутае мінулае і сённяшні дзень сталіцы краю расказана тэкстамі Адама Кіркора — ёмкімі, напісанымі з веданнем і годнасцю гістарычнымі і статыстычнымі нарысамі Вільні.

Тутэйшыя людзі на розных мовах віталі імператара. Напачатку верш філамата Антонія Адынца па-польску «Прыйдзі, Царства Божае!», які заканчаецца апеляцыяй да «духаў Ягелонаў»: узрадуйцеся, што з'явіўся нашчадак вашых тронаў, які прыйшоў да вашых магіл, каб прыняць падзяку мільёнаў тых, каму вяртае людскую годнасць. Недвухсэнсоўны намёк на вызваленне прыгонных, якое ўжо рыхтавалася.

Далей тэкст «Дзень шосты і сёмы верасня ў Вільні 1858» папулярнага ў той час пісьменніка Ігната Ходзькі (родам з сённяшніх Навасадаў Вілейскага раёна). На заканчэнне — тэкст Мікалая Маліноўскага па-французску «Літва ад часу ўзыходу на прастол Яго Вялікасці Імператара Аляксандра II». У ім натуецца, што на Літве заўважылі пазітыўныя рухі кіраўніка дзяржавы — ад развіцця чыгунак да адмены тайнага загаду яго бацькі не прызначаць вышэйшымі чыноўнікамі ў беларускія губерні мясцовых ураджэнцаў.

Верш Каратынскага быў надрукаваны па-беларуску ў двух варыянтах — кірыліцай і лацінкай.

У дадатку — два вершы: па-літоўску (з паралельным перакладам на рускую) і па-беларуску. Аўтарам першага, падпісанага «літоўскі селянін, ад імя сваіх братоў», быў М. Акялайціс. Другі напісаў Вінцэсь Каратынскі:

Уставайма, братцы, да дзела, да дзела!
З поўначы певень залопаў крылом.
Ну жа, каб жыва работа паспела,
Выслаць гасцінец жаўценькім пяском!

Дружна, грамада, ў сардэчнай ахвоце,
Духам насілкі на плечы уздзень!
Ох, толькі ноччу няспорна ў рабоце!
Узыдзі нам, соўнейка! Прывядзі нам дзень!

Едуць к нам, едуць дарагія госці —
Зямель шырокіх моцны гаспадар.
Дабра і шчасця за ім доўгі шар
Верныя служкі пры яго мілосці.

Як хадзіў Пан-Бог па земскай дарозе,
Кожын слаў світу ды зялёну віць.
Што ж разасцелем мы сваёй ўспамозе?
Узыдзі нам, соўнейка! Скажы, што рабіць!

Гдзе яго прымем? Чорная святліца,
Залатых тканак не судзіў нам Бог.
Што наймілейша — то матка-зямліца,
Жоўты пясочак на яе палёг.

Цябе ж на плечах, зямля дарагая,
Велькаму госцю пад ножкі нясу.
Ох, ды расою пясок прамакае!
Узыдзі нам, соўнейка! Падбяры расу!

Зара-зарыца бяжыць ужо з неба,
Любачкі-звёзды бліснулі жывей.
З Богам, браточкі, канчайма, што трэба!
Лёгка на сэрцы, а вачам святлей.

Зарыца кажа: вы — Божыя дзеткі;
Звёзды міргаюць: братам стане пан…
Вот туман цёмны рынуў на палеткі.
Узыдзі нам, соўнейка! Разгані туман!

Божае сонца бліснула на галі,
Дзяньку вясёла гуляць на дварэ,
Шле да нас пташкі, каб пець памагалі,
Туман прагнала, расу падбярэ. 

I наша сонца да нас прыбывае,
Дабро і шчасце рассявае ён…
Здароў будзь, велькі Гаспадару края!
Здароў будзь, соўнейка! Паклон! О паклон!

У вершы, для зручнейшага чытання, былі пастаўленыя націскі. Яго мова — беларуская, але, як і іншыя мовы, не названая.

Выразнай назвы мова яшчэ не мела. Называць яе «рускай», значыць мовай простага «рускага» народу, перад рускім царом, які карыстаўся зусім іншай рускай мовай і належаў да зусім іншага рускага народа, не выпадала.

Уключэнне беларускай мовы ў двух алфавітных варыянтах стала для нашай культуры пачаткам таго шляху, які шмат пазней выдаўцы беларускай газеты «Наша Ніва» назавуць «двойчы-літарным пракляццем».

Як там ні было, мэсыдж быў пасланы — у Пецярбургу цяпер маглі бачыць, што на Літве падданыя-мужыкі і падданыя-паны гавораць на розных мовах.

Эміграцыйная і польская дэмакратычная прэса зганілі прывітальную да расійскага манарха кнігу, трактуючы яе як адступніцтва ад ідэалаў вызваленчага руху. Яны бачылі магчымасць вызвалення толькі праз узброенае паўстанне.

Але ў сталіцы імперыі да падарунка віленчукоў паставіліся сур’ёзна — экзэмпляр Імператарскай Публічнай бібліятэкі мае пазнакі інтэнсіўнага карыстання.

Акрэсленне Беларусі

У гісторыі выпадковасцяў не бывае. Праз 12 гадоў пасля выдання «Віленскага альбома», у 1870 годзе, Імператарская акадэмія навук у Санкт-Пецярбургу надрукавала слоўнік беларускай мовы Івана Насовіча.

У яго было ўключана 30 тысяч словаў, якія аўтар, мовазнавец і этнограф, запісаў у Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай губернях і выбраў са старажытных пісьмовых помнікаў. Калі б не верш Вінцэнта Каратынскага, гэтага б не адбылося.

Слоўнік, выдадзены Пецярбургскай акадэміяй навук, дапамог ясней акрэсліць Беларусь, якая існавала тады яшчэ ў непалітычных формах.

Працэс крышталізацыі беларускай ідэі быў пачаты ў часы Аляксандра ІІ тутэйшымі, што групаваліся вакол «Віленскага альбома», лічыць Нікалаеў. Потым былі Кастусь Каліноўскі і яго паплечнікі з «Мужыцкай праўдай», «Гутаркай двох суседаў» (ёсць меркаванні, што «Гутарку» напісаў той жа Каратынскі)… Спатрэбілася ўсяго 50 гадоў, каб народ заявіў пра свае палітычныя правы, абвясціўшы Беларускую Народную Рэспубліку.

«Замокъ — неизвестно кемъ построенный…»

А што ж Наваградак? Памяць пра яго былую значнасць, адзначае спадар Мікола, не замоўчвалася імперскімі даследчыкамі. Не было ніводнай сур’ёзнай кнігі па старажытнай гісторыі, дзе б не згадвалася пра гэты горад, пра Міндоўга і Войшалка, Карыята, сталіцу Кіеўскай мітраполіі, сабор 1415 года…

Праўда, у часы Аляксандра ІІ у Наваградку ад былой сталіцы ваяводства і магдэбургскага места не засталося знаку. На плошчы Рынку яшчэ стаяла Ратуша — гібеючая руіна, так і не адрамантаваная пасля пажару 1831 года. Зусім недалёка — рэшткі замка вялікіх князёў літоўскіх, пра якія падарожны расійскі чыноўнік запісаў у сваім нататніку: «Въ Новогрудке замечательная есть вещь: замокъ — неизвестно кемъ построенный…». Але ўсё гэта сведчанні другой паловы кіравання імператара. А на пачатку настроі былі аптымістычныя, мясцовае грамадства і расійскія ўлады спрабавалі пабудаваць добрыя адносіны, шукалі, як казаў апошні кіраўнік СССР, кансэнсус.

Аляксандр ІІ у апошнія гады жыцця.

«Шмат новых і нечаканых фактаў пра Наваградак тых часоў я знайшоў у архівах Мінска і Пецярбурга, — кажа М. Нікалаеў. — Навіна будзе ў кожнай главе. Гэта і аповед пра гатычную Барысаглебскую царкву, якая ў гэта царства пасля рамонтаў страціла шмат ад свайго пачатковага аблічча.

Барысаглебская царква ў Наваградку, 1870-я. Гравюра Напалеона Орды.

Гэта і гісторыя знішчэння царскімі чыноўнікамі манастыра баніфратраў у Наваградку, які быў адначасова шпіталем і прытулкам для састарэлых. Гэта і апавяданне пра сясцёр-дамініканак, якія туляліся па свеце пасля закрыцця кляштара ў цэнтры Наваградка…

Шмат павучальных гісторый даў архіў Наваградскага павятовага суда — як судзіліся за перапродаж возу грыбоў, як паліцыя пераследавала сялян Пірштукоў, якія без папа пахавалі сваіх памерлых сваякоў, як перапісаных з уніі ў праваслаўе жыхароў Наваградка і вёскі Нягневічы вызвалілі ад судовага пераследу па прычыне смерці…»

Фатальная лічба 21

«Бывае, супастаўляючы гістарычныя факты, бачыш невідавочную, часам нават містычную сувязь паміж падзеямі, бачыш розную хуткасць такой нібыта канстанты, як час.

Вось у парыжскім ілюстраваным штотыднёвіку «Лё монд ілюстрэ» за 1864 год я знайшоў некалькі матэрыялаў пра паўстанне ў Наваградскім павеце — на прыгожых гравюрах мужныя коннікі ў канфедэратках змагаюцца з царскімі салдатамі, тыя страляюць па іх з гарматы… Але паўстанне ўжо год як разгромлена! Ішлі судовыя працэсы. А ў час адзінага вядомага па дакументах бою арміі з паўстанцамі ў Наваградскім павеце артылерыя не прымянялася.

Або — пра лічбу 21. У 1863-м цэсарэвіч Мікалай, сын імператара Аляксандра ІІ, падарыў у наваградскую царкву Св. Мікалая ікону. Праз некалькі месяцаў ён памёр у 21 год. Імператар і яго жонка вельмі перажывалі страту любімага сына, а новы цэсарэвіч Аляксандр, які пазней стане імператарам Аляксандрам ІІІ, падарыў у гэту ж наваградскую царкву яшчэ адзін каштоўны прадмет — срэбную даразахавальніцу з замовай маліцца пра душу спачылага.

У гэты ж год у Наваградку каралі ўдзельнікаў паўстання. Каго на Сібір, каго ў астрог — аднаго расстралялі. Гэта быў юнак 21 года, адзіны сын у бацькоў, Адам Пуслоўскі з Сянна, што каля Любчы.

Жанчын, якія прыйшлі на паніхіду па ім, ураднікі аштрафавалі «за нашэнне жалобы»… Гісторыя бывае вельмі жорсткая».

Кар’ерныя вышыні

Яшчэ адна цікавая тэндэнцыя часоў Аляксандра ІІ: беларусы, якія служылі трону, дасягнулі неймаверных кар’ерных вышынь. Пераможца турак генерал Іосіф Гурка стаў часовым вайсковым генерал-губернатарам Пецярбурга, а граф Эмерык Гутэн-Чапскі — пецярбургскім грамадзянскім віцэ-губернатарам.

У сталіцы імперыі плённа працавалі беларусы пісьменнікі, лекары, інжынеры, рэлігійныя дзеячы. Міхаіл Восіпавіч Каяловіч заняў пасаду прафесара грамадзянскай гісторыі ў праваслаўнай Духоўнай акадэміі, сярод правазнаўцаў грымела слава адваката Уладзіміра Спасовіча, дэканам ўсходняга факультэта ўніверсітэта сем год запар выбіралі ўраджэнца Валеўкі, што ў Наваградскім павеце, арабіста Антона Мухлінскага.

Мастак-беларус Міхаіл Мікешын у 1862 годзе, маючы 26 год, за помнік 1000-годдзя Расіі атрымаў ордэн і пажыццёвую пенсію. На сцэне Марыінскага тэатра ад сезона 1875 і спяваў басам Фёдар Стравінскі, родам з Рэчыцкага павета. І гэта толькі вяршыня айсберга. Працуючы ў сталіцы імперыі, людзі не пакідалі сувязі з Радзімай і ўплывалі на сітуацыю на Беларусі.

Беларус забіваў, беларус ратаваў

Беларусы суправаджалі Аляксандра і ў гадзіну смерці. Рэвалюцыянеры неаднойчы рабілі замахі на яго жыццё: у 1866, 1867, 1879 і 1880 гг. Толькі ў 1881 г. шляхціч-тэрарыст Ігнат Грынявіцкі дасягнуў поспеху — забіў бомбай і сябе, і імператара.

Беларус-народнік Ігнат Грынявіцкі.

Цяжка паранены цар яшчэ некалькі гадзін жыў. Да яго выклікалі найлепшага хірурга з Ваенна-медыцынскай акадэміі — па волі лёсу гэта быў таксама беларус, ураджэнец Магілёўшчыны генерал Яўстах Багданоўскі.

Месца забойства Аляксандра II Ігнатам Грынявіцкім, сучасны выгляд. Фота Міколы Нікалаева.

Гесю Гельфман, якая зрабіла бомбу, арыштавалі і асудзілі на смерць. Па распараджэнні начальства чыноўнікі ў Наваградку адстаялі паніхіду. У сем’ях рэпрэсаваных удзельнікаў паўстання 1863 г. жалобу з гэтай нагоды не трымалі.

Фота Міколы Нікалаева.

Месца смерці Аляксандра ІІ у Пецярбургу адзначылі пабудовай царквы. Ва ўбранстве храма Спаса-на-крыві ёсць дзве мазаічныя выявы нашага старажытнага герба — «Пагоні».

Фота Міколы Нікалаева.

«У эпоху панавання Аляксандра ІІ мы ўглядаемся з такой увагай, бо, на маю думку, сённяшняя Беларусь, наша незалежнасць, абвяшчэнне ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі было вынікам важкіх культурных і грамадскіх падзей таго часу», — падсумоўвае Мікола Нікалаеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031