Знайсці
14.03.2018 / 09:5811РусŁacБел

У Беларусь прыляцелі жаўрукі

Напрыканцы першага тыдня сакавіка ў Гродзенскім раёне сябры АПБ бачылі першых палявых жаўрукоў.

Палявыя жаўрукі заўсёды прылятаюць рана, яны першыя прадвеснікі вясны. Бывае, ужо ў лютым мы заўважаем гэтых птушачак, як было ў папярэднія два гады. Сёлета вясна ў нас позняя. У пачатку сакавіка — маразы і снег. Але палявыя жаўрукі ўсё адно не марудзілі, а вярнуліся на Радзіму як найхутчэй. Чаму яны так спяшаюцца?

— Першымі з выраю вяртаюцца самцы палявых жаўрукоў, — тлумачыць дырэктар грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) Аляксандр Вінчэўскі. — Яны хочуць паспець заняць найлепшыя месцы для гнездавання. Раней за ўсіх прылятаюць самыя моцныя, у якіх найбольш шанцаў займець патомства. Хутка мы пачуем у небе іх песні.

Дарэчы, маразоў яны не баяцца і корм сабе знаходзяць: жывяцца насеннем, стрэсеным на дол і снег. Рагатыя жаўрукі і жаўрукі-смецюхі нават адзначаліся ў нас на зімоўцы. Сярод іншых незвычайных відаў, якія заставаліся ў нас на зіму, можна адзначыць канаплянак, сняжурак, шэрых і белалобых гусей ды гуменнікаў.

Калі прылятаюць іншыя?

Вось пяць птушак — вястунняў вясны, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел, вясковая ластаўка, чорны свіргуль, звычайная зязюля і шчурка-пчалаедка.

Недзе ў другім тыдні сакавіка вяртаюцца ў краіну першыя буслы, у першай палове красавіка — вясковыя ластаўкі і зязюлі, у маі — свіргулі і шчуркі-пчалаедкі. Навошта сустракаць птушак?

— Назіраць птушак, якія толькі-толькі вяртаюцца да нас з далёкіх краёў, — прыемна і захапляльна, выдатная магчымасць адчуць прыродныя змены, адзначыць надыход сапраўднай вясны. Усе гэтыя птушкі «Жывой вясны» шырока распаўсюджаныя, акрамя шчуркі-пчалаедкі. Пабачыць яе будзе сапраўднай удачай. Паведамляйце нам, калі іх убачыце, — запрашае кіраўнік аддзела развіцця АПБ, каардынатар кампаніі «Жывая вясна» па Беларусі Карына Салавей.

Сяргей Куркач, Звязда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031