Каб забараніць расійскую тэлепрапаганду, у Малдове ў трэці раз прэзідэнта часова адхілілі ад улады
Старшыня парламента Малдовы Андрыян Канду ў ролі кіраўніка дзяржавы падпісаў сёння закон аб прапагандзе, пад якім да гэтага адмаўляўся паставіць свой подпіс прэзідэнт краіны Ігар Дадон, паведамляе парламенцкая прэс-служба.
Канду падпісаў закон, які забараняе трансляваць інфармацыйна-аналітычныя, палітычныя і ваенныя перадачы з дзяржаў, якія не ратыфікавалі Еўрапейскую канвенцыю аб трансгранічным тэлебачанні. Расея ўваходзіць у іх лік.
Парламент Малдовы
Супраць закона выступаў прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон. Ён лічыў, што папраўкі супярэчаць дэмакратычным прынцыпам і ўводзяць у краіне цэнзуру, а таксама збіраўся звярнуцца ў Канстытуцыйны суд. Але суд на просьбу дэпутатаў часова адхіліў Дадона ад пасады. Суддзі патлумачылі гэта тым, што кіраўнік дзяржавы так і не апублікаваў закон, які да гэтага два разы прынялі ў парламенце.
Часова выконваючым абавязкі прэзідэнта краіны стаў старшыня парламента Андрыян Канду. Ён змог апублікаваць закон замест Дадона, і дакумент набыў моц.
Да гэтага Дадона ўжо адхілялі ад пасады. 2 студзеня яго паўнамоцтвы прыпынілі, каб прызначыць новых членаў урада, якіх ён адмаўляўся прызначаць. У кастрычніку мінулага года такую ж працэдуру запусцілі, каб прызначыць новага міністра абароны.