Беларускі футбольны трэнер надзеў майку з Пуціным ФОТАФАКТ
51-гадовы настаўнік грозненскага «Ахмата» Алег Конанаў выклаў у інстаграме здымак, дзе на ім майка з партрэтам прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і лічбай 65.
Конанаў нарадзіўся ў расійскім Курску, але як гулец склаўся ўжо ў Беларусі. Пагуляў за каманды з Магілёва, Віцебска, Наваполацка, Мінска.
Трэнерскую кар’еру пачынаў у мінскім «Тарпеда». У Конанава беларускі пашпарт.
Як галоўны трэнер Конанаў зарэкамендаваў сябе ў львоўскіх «Карпатах». Адметна, што падчас адной з гульняў каманды львоўскія заўзятары вывесілі аграмадны бел-чырвона-белы банер з партрэтам Конанава.
Калі Алег Конанаў пачаў трэніраваць у Расіі, то на яго давялося плаціць падатак, як на замежнага настаўніка. Таму ў 2013 годзе ён прыняў расійскае грамадзянства. Цяпер ён мае два пашпарты.
Не так даўно Конанаў заклікаў фанатаў «Ахмата» падтрымаць мітынг у Грозным у падтрымку мусульман Бірмы.