Знайсці
19.09.2017 / 08:51РусŁacБел

Названая краіна, якая правядзе перанесены з Беларусі чэмпіянат Еўропы па тэквандо

Еўрапейская федэрацыя тэквандо назвала краіну — гаспадыню кантынентальнага форуму, які на мінулым тыдні забралі ў Беларусі, паведамляе Tut.by

Чэмпіянат Еўропы ў алімпійскіх вагавых катэгорыях і 6-ы адкрыты чэмпіянат Еўропы па паратэквандо пройдзе з 7 па 10 снежня ў Сафіі (Балгарыя).

«Горад Сафія вядомы некалькімі галоўнымі спартыўнымі падзеямі і многімі чэмпіянатамі па тэквандо, якія ён праводзіў у мінулым, і таму чакаецца, што сталіца Балгарыі правядзе якаснае мерапрыемства, якое будзе адпавядаць стандартам WTE», — гаворыцца на сайце Еўрапейскай федэрацыі тэквандо.

Прычынай пераносу чэмпіянату Еўропы па тэквандо з Мінска на сайце еўрапейскай федэрацыі былі названыя «непрадбачаныя абставіны». Турнір у Мінску планавалася правесці 26—29 кастрычніка 2017 года.

Міністр спорту Аляксандр Шамко заявіў, што рашэнне Еўрапейскай федэрацыі тэквандо аб пераносе чэмпіянатаў Еўропы выклікае здзіўленне.

У канцы жніўня кіраўнікі Беларускай федэрацыі тэквандо правялі прэс-канферэнцыю, дзе рапартавалі пра гатоўнасць беларускай сталіцы прыняць чэмпіянат Еўропы.

Але за дзень да той прэс-канфэрэнцыі Беларуская федэрацыя тэквандо адправіла ў адрас кіраўніцтва Еўрапейскай федэрацыі тэквандо ліст, у якім прасіла аб дапамозе і падтрымцы ў вырашэнні некалькіх праблемных пытанняў, звязаных з правядзеннем ЧЕ-2017.

Так, беларусы прасілі даць чатыры васьмікутныя маты і сістэму імгненных відэапаўтораў, якія маглі б затым выкарыстоўвацца на Еўрапейскіх гульнях-2019. Праўда, тэквандо ў праграму Еўрагульняў-2019 у Мінску не ўваходзіць.

Таксама БТФ прасіла разгледзець магчымасць арэнды тэлевізійнага абсталявання для арганізацыі трансляцый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031