З’явіўся кароткі спіс прэміі «Дэбют»: вы за Горвата ці за Садоўскага? А можа, за іншага каго? Пішыце ў каментах
Журы прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча назвала сёлетні шорт-ліст. У яго ўвайшлі наступныя кнігі і аўтары (поўны спіс — па спасылцы):
Паэзія
Аляксей Арцёмаў. Скрозь кіламетры. — Мінск: Кнігазбор
Міхал Бараноўскі. VOLUMEN 1. — Мінск: Кнігазбор
Ганна Комар. Страх вышыні. — Мінск: Кнігазбор
Проза
Андрэй Дзічэнка. Сонечны чалавек. — Мінск: ІП А.М.Янушкевіч
Андрусь Горват. Радзіва «Прудок». Дзённік. — Мінск: Медысонт
Уладзімір Садоўскі. 1813. — Мінск: ІП А.М. Янушкевіч
Пераклад
Адэля Дубавец (пер. з польскай): Вітальд Шаблоўскі. Танец мядзведзяў. — Пяршак, электроннае выданне
Надзея Кім (пер. з англійскай): Клайв Стэйплз Льюіс. Хронікі Нарніі: пляменнік чараўніка. — Мінск: Пазітыў-цэнтр
Сюзанна Паўкштэла (пер. з літоўскай): Альвідас Шляпікас. Бог дажджу. — Вільня: Логвінаў
Сёлета ў журы прэміі ўвайшлі: Павал Бераговіч, Анатоль Івашчанка, Віктар Казько, Наста Кудасава, Таццяна Нядбай, Міхась Скобла, Ціхан Чарнякевіч.
Пераможцы прэміі ў кожнай з намінацыяў атрымаюць чэк ад Фонду «Вяртанне» на суму, эквівалентную 2000$ паводле курсу Нацыянальнага банка РБ. Таксама журы можа прыняць рашэнне пра ўручэнне заахвочвальных прызоў.
Прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча была заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, Дабрачынным фондам «Вяртанне» і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Сярод папярэдніх пераможцаў прэміі — Віталь Рыжкоў, Наталка Харытанюк, Антон Францішак Брыль, Віктар Марціновіч, Андрэй Адамовіч, Юлія Шарова, Ганна Янкута, Уладзь Лянкевіч, Кацярына Оаро, Кацярына Маціеўская, Аляксей Палачанскі, Таццяна Нядбай, Анатоль Івашчанка, Святлана Рогач і інш.