Першую бязвізавую турыстку з Кітая сустракалі з кветкамі ФОТА
Бязвізавую турыстку з Кітая, якая прыляцела адной з першых, сёння сустрэлі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск з кветкамі, перадае БелТА, хоць самага першага бязвізавага турыста сустракалі без урачыстасцяў, дадае Tut.by. Ім стаў мужчына з Фінляндыі, які прайшоў памежны кантроль у аэрапорце ў 00.01.
Фота: Максім Гучак
А госцю па імені Лі Ен сустракаў намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной, пасля чаго свае пытанні ёй задалі журналісты.
Турыстка распавяла, што сёе-тое ўжо ведае пра Беларусь — напрыклад, што гэта прыгожая краіна, у якой жывуць выдатныя людзі. Яна плануе ў першую чаргу аглядзець Мінск і наведаць некаторыя музеі. «Я ведаю, што тут смачная ежа і шмат снегу зімой», — распавяла Лі Ен.
Яна таксама паказала журналістам пашпарт, дзе адсутнічае беларуская віза. У Кітаі яна працуе авіядыспетчарам.
Фота: Максім Гучак
Як паведамлялася, пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін пачаў дзейнічаць сёння ў Беларусі. Прыехаць без візы могуць грамадзяне 39 краін.
Для грамадзян В'етнама, Гаіці, Гамбіі, Гандураса, Індыі, Кітая, Лівана, Намібіі, Самоа абавязковым дадатковым патрабаваннем з'яўляецца наяўнасць у дакуменце для выезду за мяжу сапраўднай шматразовай візы дзяржаў ЕС або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб ўездзе на іх тэрыторыю, а таксама авіябілетаў з пацвярджэннем ў іх вылету з Нацыянальнага аэрапорта Мінск цягам 5 дзён з даты ўезду.