Знайсці
07.06.2015 / 16:5327РусŁacБел

«Супольнасць гістарычных лёсаў» Літвы-Беларусі і Масковіі

У апошнія месяцы такое адчуванне, што зноў апынуўся ў саўку: з усіх бакоў «патрыятычны» сковыт аб «общности исторических судеб» Беларусі і Расеі. Аб якой уласна «супольнай гісторыі» ходзіць? Ну, з тымі, у каго гісторыя пачынаецца з 1917 года, усё зразумела. Але мова не пра неасавецкіх фрыкаў-маргіналаў, а пра тых, хто аперуе паняткам «гісторыя» больш-менш свядома.

Задумаўся: сапраўды, а ў чым супольнасць гістарычных лёсаў Літвы-Беларусі і Масковіі? З кім у нас сапраўды супольнасць гістарычных лёсаў, дык гэта з Кіеўскаю Руссю-Украінаю, а з Масковіяй некалькі стагоддзяў войнаў і маскавіцкага тэрору на поўнае знішчэнне нашага народу і гаспадарства. Але на чым жа заснаваны енкі пра «супольнасць лёсаў» Беларусі і Масковіі, які ўласне гістарычны матэрыял маецца на ўвазе?

Склаў невялічкі спіс асноўных агульнавядомых фактаў нашых дачыненняў з Масковіяй за апошняе тысячагоддзе, так бы мовіць, «дайджэст». Хацелася б пачуць аналагічны выклад фактаў з боку масквафілаў у падтрымку іхняе тэорыі, каб зразумець, на чым уласне заснаваны іхнія тэзы. Але адчуваю, што такога адказу ніколі не будзе дадзена, а яны абмяжуюцца сваімі звычайнымі аўтысцкімі мантрамі.

Гэтак жа…

«Супольнасць гістарычных лёсаў» Літвы-Беларусі і Масковіі:

1069: Полацкі князь Усяслаў з войскам Літвы ідзе паходам на Ноўгарад. Масквы яшчэ не існуе.

1158: Менскі князь Валадар Глебавіч з войскам Літвы ідзе паходам на Польшчу, выдае сваю дачку Соф’ю замуж за дацкага караля Вальдэмара. Масква ў 1147 г. толькі заснавана як маленькая памежная цвержа на ўскрайку Русі.

1240-я: Усе землі Беларусі задзіночаны ў Вялікае Княства Літоўскае — магутнае гаспадарства, збудаванае на ўрадовым ладзе беларускіх княстваў. Масква разбурана татарамі і не грае аніякае ролі ў палітычным жыцці Русі.

1300: Створана Літоўская мітраполія — гаспадарствавая царква Вялікага Княства Літоўскага. Перанясенне кіеўскае мітрапалічае катэдры ў Валадзімір-на-Клязьме зацверджана Канстанцінопалем толькі ў 1354 г. Так-так, Літоўская мітраполія на 54 гады старэйшая за Маскоўскую.

1354—1355: Змаганне за Кіеўскую мітраполію між літоўскім мітрапалітам Раманам і маскоўскім мітрапалітам Алексіем. Масква ўпершыню спрабуе змагацца за лідарства ў палітычным жыцці Русі.

1385: Укладзена Крэўская унія між ВКЛ і Польшчаю з мэтаю змагання з крыжакамі. Масква ў 1382 г. спалена войскам ордскага цара Тахтамыша.

1410: Перамога войскаў ВКЛ (плюс Украіна, Смаленск, Ноўгарад, гусіты, войскі Орды) і Польшчы над Тэўтонскім ордэнам у бітве пад Грунвальдам. Масковія не прыслала на бітву аніводнага ваяра, што аднак не будзе замінаць ёй у наступныя стагоддзі енчыць аб тым, што ўсё ВКЛ «спрадвечна» належыць ёй.

1415: Праваслаўныя біскупы ВКЛ закідаюць маскоўскаму мітрапаліту Фотыю рабаванне Кіеўскае мітраполіі і на зборы ў Наваградку ўстаўляюць аўтакефалію праваслаўнае царквы ВКЛ.

1483: Фіёль друкуе ў Кракаве кнігі з калафонамі (устаўкамі) па-беларуску. Масковія толькі тры гады таму (стаянне на Вугры 1480 г.) вызвалілася ад татарскага іга.

1514: 80-тысячнае войска маскавітаў увальваецца пад Оршу; перамога над ім 35-тысячнага войска ВКЛ на чале з вялікім гетманам князем Канстанцінам Астрожскім у бітве пад Крапіўнаю, якая ўваходзіць у еўрапейскія падручнікі ваеннае справы.

1534: Францыск Скарына прыязджае ў Маскву, прапануючы маскавітам друкаваць кнігі. За гэта маскавіты саджаюць яго ў вязніцу.

1558–1582: Лівонская вайна. Маскавіцкія войскі намагаюцца захапіць Полацк і Оршу, рабуючы і мардуючы ўсходнія землі ВКЛ. Войскі ВКЛ выганяюць захопнікаў.

1654–1667: «Крывавы патоп». Самая крывавая вайна ў гісторыі Беларусі. Маскавіты знішчаюць прыблізна траціну жыхарства ВКЛ, ва ўсходніх паветах — да 70—80%.

1666: Маскоўскі патрыярх Нікан праводзіць рэформу маскоўскае царквы і распачынае тэрор проці праваслаўных, якія адмаўляюцца падпарадкавацца навінам («Раскол»). Праваслаўныя, якіх мардуюць маскавіцкія ўлады, уцякаюць у ВКЛ, дзе іх прымаюць, селяць і дазваляюць вызнаваць сваю веру.

1700–1721: Паўночная вайна. Расійскія войскі зноў рабуюць усходнія землі ВКЛ. Пятро І забівае ўніяцкіх манахаў і падпальвае полацкі Сафійскі сабор.

1750-я: Сяляне з Масковіі вальна ўцякаюць у ВКЛ. Імператрыца Лізавета патрабуе ад улад ВКЛ выдаць мільён уцеклых сялянаў.

1772, 1793, 1795: Падзелы Рэчы Паспалітае. Землі ВКЛ захоплены Расеяй, якая забараняе беларускую («літоўскую») мову, асвету, гісторыю і культуру.

1794, 1830, 1863: Тры паўстанні літвіноў-беларусаў проці расейскай акупацыі.

1917: Пачатак савецкага тэрору, у выніку якога будзе вынішчана нацыянальная інтэлігенцыя Беларусі і хрысціянская культура.

Даслаў чытач Алёхна Дайлідаў, Менск

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031