Знайсці
08.09.2013 / 00:0021РусŁacБел

Няслаўная дата: 70 год таму Руская праваслаўная царква перайшла пад кантроль ГБ

Піша Анатоль Сідарэвіч.

На афіцыйным сайце Маскоўскай Патрыярхіі змешчана гэткая аб’яўка: з блаславення Патрыярха Кірыла 9 верасня аб 11-й гадзіне ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю абрання мітрапаліта Сергія (Страгародскага) на Патрыяршы пасад, у выдавецкім аддзеле РПЦ будзе арганізаваны круглы стол, прысвечаны вывучэнню жыцця і дзейнасці мітрапаліта Сергія, а таксама прэзентацыя кнігі М. І. Адзінцова «Патрыярх Сергій».

Кніжачку мне вельмі хочацца пачытаць. І цікавіць мяне ў ёй не так напісанае, як утоенае і замоўчанае, бо нешта ўтоенае і замоўчанае ў ёй абавязкова ёсць. Асабліва мяне цікавіць, як з пункту гледжання царкоўнага права трэба называць акт, абвешчаны без узгаднення з яшчэ жывымі наступнікамі Прадстаяльніка Царквы.

Як я разумею, тут трэба даць тлумачэнне. Кананічна абраны і перманентна пераследаваны карнымі бальшавіцкімі службамі, Патрыярх Усерасійскі Ціхан прадчуваў, што яму мала засталося жыць. Ён больш чым быў упэўнены, што пасля яго смерці бальшавікі не дадуць правесці Памесны Сабор Праваслаўнай Расійскай Царквы (так яна тады называлася) і ў адпаведнасці з канонамі абраць новага Прадстаяльніка. Таму ў канцы 1924 года свяціцель прадбачліва распарадзіўся, каб ахавальнікам Патрыяршага пасаду быў пасля яго смерці мітрапаліт Кірыл (Смірноў). Калі ж уладыка Кірыл не змог бы кіраваць Царквою, ягонае месца павінен быў заняць мітрапаліт Агафангел (Праабражэнскі), а калі б і гэты архірэй не змог, то ахавальнікам Патрыяршага пасаду меўся стаць мітрапаліт Пётра (Палянскі).

Прадчуванне не падманула Патрыярха. 7 красавіка 1925 года ён памёр ці то ад сардэчнай недастатковасці, ці то ад атруты. І так сталася, што ў той час мітрапаліты Кірыл і Агафангел былі ў няволі. Таму архірэі, якія прыехалі на пахаванне Прадстаяльніка Царквы, прызналі месцаахавальнікам Патрыяршага пасаду ўладыку Пятра. Але і Пётра нядоўга заставаўся на свабодзе. Перад зняволеннем ён прызначыў сваім намеснікам мітрапаліта Сергія (Страгародскага).

Мяне не пакідае адчуванне, што ГПУ выдатна ведала: ні Кірыл, ні Агафангел, ні Пётра не пойдуць на прынцыповыя саступкі бальшавікам, а вось Сергій – пойдзе. Таму мітрапалітаў, якіх назваў сваімі магчымымі пераемнікамі Патрыярх Ціхан, ГПУ нейтралізавала. І ГПУ не памылілася.

У ліпені 1927 года мітрапаліт Сергій ад імя Праваслаўнай Расійскай Царквы выдаў дэкларацыю. Ён не толькі пайшоў на прымірэнне з бальшавікамі (з імі спрабаваў прымірыцца і Патрыярх Ціхан), але і падначаліў Царкву бальшавіцкай уладзе, ГПУ. Ва ўгоду гэтай уладзе ён пачаў ажыццяўляць кадравую палітыку, чыніць перастаноўкі і звальненні архірэяў і святароў.

Мяне цікавіць, ці паказана ў кнізе М. Адзінцова, што ў апазіцыю да Сергія сталі і Кірыл, і Агафангел, і Пётра. Ці паказана ў кнізе, што палітыка Сергія атрымала назву сергіянства і што сергіянства было абвешчана калі не ерассю, дык грахом супроць Царквы. Ці працытаваныя ў кнізе выказванні пра Сергія і сергіянаў, напрыклад, мітрапаліта Кірыла? На думку гэтага мучаніка, “праваслаўнаму епіскапу або святару неабходна ўстрымлівацца ад малітоўнага сумоўя з сергіянамі”. Тое ж рэкамендаваў ён рабіць і свецкім, якія свядома, а не са сляпой верай ставяцца да “усіх падрабязнасцяў царкоўнага жыцця”. Цікава таксама, ці можна было з пункту гледжання кананічнага права мітрапаліту Сергію рабіць такую заяву ад імя Царквы пры яшчэ жывых Кірылу, Агафангелу і Пятру?

Сэрца ўладыкі Агафангела спынілася ў кастрычніку 1928 года, у кастрычніку 1937-га забілі мітрапаліта Пятра, а ў наступным месяцы – Кірыла. Але Сергій стаў месцаахавальнікам Патрыяршага пасаду амаль за год да смерці Пятра, бо (ці не з падачы НКВД?) да Масквы дайшла чутка, што мітрапаліт Пётра памёр. Яго адпелі яшчэ жывога. Атрымалася сімвалічна.

Праз няпоўныя сем гадоў – 8 верасня 1943 года – Сергій стане Патрыярхам. Калі Ціхан узначальваў Праваслаўную Расійскую Царкву, дык Сергій узначаліць Рускую Праваслаўную Царкву. Калі Ціхана выбраў Памесны Сабор з удзелам архірэяў, прадстаўнікоў манаства і свецкіх, дык Сергія выбіраў Сабор Архірэйскі, які складаўся з 19 ацалелых епіскапаў. Ціхан быў у 1918 годзе трэці з трох архірэяў, якія набралі найбольшую колькасць галасоў удзельнікаў Памеснага Сабору. Патрыярхам ён стаў таму, што манах, якому было даверана дастаць адну з трох запісак, выняў лісток з імем Ціхана. Калі выбар Ціхана быў трохі нечаканы для Царквы, дык выбар Сергія – цалкам прадказальны. Калі Ціхана выбіралі свабодна, дык Сергія архірэі выбіралі пад кантролем генерал-маёра дзяржбяспекі Георгія Карпава.

70-я ўгодкі абрання Сергія (Страгародскага) на Патрыяршы пасад – дата круглая, але не слаўная. Не выключаю, што ў нядзелю 8 верасня з нагоды 70-й гадавіны “абрання” Сергія прагучаць прынагодныя словы з вуснаў Кірыла (Гундзяева). Гэта будуць высокія словы, але цяперашні Патрыярх не пахваліцца, што Архірэйскі Сабор 1943 г., па сутнасці, адмяніў галоўныя ўстанаўленні Памеснага Сабору 1917–1918 гг.

Кірыл не раскажа з амвона, як Георгій Карпаў працаваў з Сергіем. Не скажа, што Архірэйскаму Сабору 1943-га папярэднічаў прыём 4 верасня Сергія і яшчэ двух мітрапалітаў у Сталіна. Не раскажа, як Сталін “папрасіў” мітрапалітаў склікаць Архірэйскі Сабор бальшавіцкімі тэмпамі – не праз месяц, як абяцаў Сергій, а праз 4 дні. І Сабор быў скліканы. Да гэтай кампаніі былі падключаны “органы”, якія хуценька даставілі ў Маскву ўсіх наяўных епіскапаў з падкантрольнай саветам часткі СССР. Не пахваліцца Кірыл і тым, што Сталін даў грошы на ўтрыманне апарату Маскоўскай Патрыярхіі, аддаў ёй трохпавярховы будынак у Чыстым завулку (былое нямецкае пасольства, але ўласнасць СССР) і ўсю (пэўна ж, нямецкую) маёмасць у будынку. Сергію і сергіянам Сталін даў таксама машыны і гарантыю збеспячэння палівам. Ну, і дазволіў адчыніць семінарыі і акадэміі.

Лепш пра гэта ўсё прамаўчаць. Бо атрымаецца, што самы люты кат народа Божага стаў шчодрым дабрачынцам Царквы. А кат ведаў, што рабіў. У Тэгеране мелася адбыцца сустрэча з Франклінам Рузвельтам і Уінстанам Чэрчылем. Кату патрэбныя былі самалёты, аўтамабілі, гума, каўчук... Шмат самалётаў, шмат аўтамабіляў, шмат чаго іншага патрабавалася яму для фронту. Дзеля “вялікай перамогі савецкага народа” ён пайшоў на маленькія саступкі ва ўнутранай палітыцы. У прыватнасці, дазволіў праваслаўным займець свайго Патрыярха.

Але Сталін не быў бы Сталіным, калі б не ўзяў Патрыярха новастворанай РПЦ (раней, паўтару, была Расійская Царква) на цугундар. Вялікі дэмакрат, ён спытаўся 4 верасня ў трох мітрапалітаў: вы не супраць, каб быў створаны адмысловы дзяржаўны апарат, які будзе называцца Радай у справах Рускай Праваслаўнай Царквы?

Сергій і сергіяне ахвотна падтрымалі прапанову былога семінарыста. І Сталін паставіў на чале Рады генерал-маёра Карпава. З гэтай хвіліны РПЦ пачала хадзіць пад ГБ афіцыйна.

Калі ў 1960-м Мікіта Хрушчоў адправіць у астаўку Карпава, у ягонае крэсла сядзе Уладзімір Кураедаў – не генерал-маёр, а генерал-лейтэнант КГБ...

Анатоль Сідарэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031