Знайсці
21.11.2012 / 12:3722РусŁacБел

Супрацоўнікі міліцыі шэсць гадзін катавалі вартаўніка мінскай аўтастаянкі?

Пракуратура Ленінскага раёна Мінска перадала ў Ленінскі аддзел Следчага камітэта матэрыялы па заяве вартаўніка сталічнай аўтастаянкі Васіля Сарочыка аб збіванні яго супрацоўнікамі міліцыі.

Як паведаміў старшы памочнік пракурора Мінска Сяргей Балашаў, матэрыялы былі перададзены ў аддзел СК 19 лістапада ў адпаведнасці з патрабаваннямі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Пракуратура таксама вынесла пастанову аб прызначэнні судова-медыцынскай экспертызы, каб Сарочык мог зафіксаваць нанесеныя яму цялесныя пашкоджанні.

Пра збіванне пенсіянера Сарочыка, вартаўніка аўтастаянкі, якая знаходзіцца па вуліцы Малініна ў Мінску і належыць УП «Рамэн», паведаміла праваабарончая інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Платформа». На сайце «Платформы» (www.platformarb.com) таксама размешчаны відэарасказ пацярпелага.

Падзеі адбываліся 14 лістапада. Паводле слоў Сарочыка, у пункт аховы аўтастаянкі прыйшлі два супрацоўнікі праваахоўных органаў, адзін з якіх быў у цывільным.
Не паказваючы дакументаў і нічога не тлумачачы, яны загадалі вартаўніку праехаць у Ленінскае РУУС. Прыкладна гадзіну Сарочык знаходзіўся ў памяшканні дзяжурнай часці ўпраўлення, а затым яго павялі на допыт. Пазней высветлілася, што допыт праводзіла оперупаўнаважаная Ленінскага РУУС Багданоўская Ж.П., паведамляе «Платформа».

Паводле слоў Сарочыка, оперупаўнаважаная надзела на яго наручнікі і стала збіваць, патрабуючы прызнацца ў крадзяжы надмагільных пліт,
якія захоўваліся на тэрыторыі аўтастаянкі, а таксама саляркі і акумулятараў з машын. Акрамя таго, ад вартаўніка хацелі пачуць прызнанне ў тым, што ён перыядычна рабаваў кіёскі на рынку «Свелта».

Пенсіянер паспрабаваў растлумачыць, што не ведае, пра што ідзе гаворка, але пасля гэтага збіванне толькі ўзмацнілася. Як сцвярджае Сарочык, яго білі нагамі і дубінкамі па галаве і целе, да збівання перыядычна падключаліся іншыя супрацоўнікі РУУС, асобы якіх устанавіць пакуль не ўдалося. Катаванні суправаджаліся нецэнзурнай лаянкай і пагрозамі забойства. Калі пажылы чалавек траціў прытомнасць, яго аблівалі халоднай вадой, каб апрытомнеў.

Усё гэта доўжылася прыкладна шэсць гадзін, але ніякага прызнання ад Сарочыка міліцыянеры не атрымалі.
У выніку на яго склалі нейкі дакумент, пенсіянер яго падпісаў, але быў не ў стане яго прачытаць, і адпусцілі дамоў.

З міліцыі Сарочык накіраваўся ў 10-ю гарадскую клінічную бальніцу, каб зняць пабоі, але там ад яго запатрабавалі накіраванне з РУУС. Тады збіты вартаўнік звярнуўся з заявай у пракуратуру Ленінскага раёна Мінска і ў ІПУ «Платформа» з просьбай аб дапамозе. «Платформа», у сваю чаргу, праінфармавала пра здарэнне Генпракуратуру, МУС і Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031