Знайсці
20.02.2000 / 13:00РусŁacБел

Андрэй Дынько. Справа наша і Маша

№ 7 (164), 14 — 20 лютага 2000 г.


 

 

Справа наша і Маша

Яшчэ раз пра хваробы беларускага моваабарончага дыскурсу

 

З чаго нарадзіліся той артыкул у «Нашай Ніве» і выступ на радыё «Свабода»? Я чакаў пачуць на ўрачыстым паседжаньні думкі, а пачуў штампы, хацеў сьвежага аналізу, а пачуў знаёмыя зь дзяцінства заклёны й праклёны. Расчараваньне прымусіла задумацца пра сучасны моваабарончы дыскурс, ягоную гісторыю і наступствы. У выніку я напісаў пра паталёгіі моваабарончага дыскурсу, якія, на маю думку, нанесьлі велізарную шкоду справе нацыянальнага вызваленьня і працягваюць несьці пагрозу аўтарытэту беларускай літаратуры й палітыкі. У артыкуле і выступе я ня толькі не крытыкаваў ТБМ і асабіста сп.Трусава, але наўпрост хваліў — дастаткова перачытаць публікацыю. Чаму ж яны перанялі крытыку на свой адрас? Найперш, мабыць, таму, што маюць наўме тыя самыя стратэгіі дзейнасьці, якія я кляймлю, але ня толькі таму. Пра гэта ніжэй. Калі сп.Трусаў атаесамляе стратэгію сваёй арганізацыі з стратэгіяй тых моваабаронцаў, якіх я крытыкую, было б цікава пачуць ягонае бачаньне акрэсьленых у маім артыкуле праблем. На жаль, адказ сп.Трусава пабудаваны на прынцыпе «Сам дурны» й перацягваньні ўвагі з праблем на асобы, з галоўнага на дробязі. Дык я пастараюся тутака сфармуляваць свае трывогі яшчэ раз як мага больш ясна ў спадзеве быць ня толькі прачытаным і парыраваным, але і абдуманым.

Але спачатку мушу адказаць на шэраг канкрэтных заўваг сп.Трусава.

Пра Марыю Заяц. Скажам проста, я ніколі ня чуў, каб беларусачку звалі «Машай», дык і падумаў, праз падабенства гукаў, што мова пра «нашу Заяц» (вельмі, дарэчы, ласкавы й тутэйшы зварот). Больш звыклыя мне памяншальна-ласкальныя формы імені Марыя — Маня, Марыся, Маруся, Марыйка і г.д. Самога аўтара гэтага артыкулу ласкава называлі Андрэйкам або Андрусем, але, пагадзіцеся, «Андруша» гучала б трохі камічна.

Пра «зьняважлівы, нават зьдзеклівы» расповед з асаблівым ударам па Гілевічы й Бураўкіне. Мова, мабыць пра цытаты з выступаў. Дык гэта ж цытаты, гэта ж ня я прыдумаў. Цытаты проста рэканструююць дух і лад мысьленьня прамоўцы. Стасоўна сп.Гілевіча я канстатаваў факт, што «ён зачытаў свой 10-гадовай даўніны выступ», і нічога болей. Калі сп.Трусаў лічыць гэты факт абуральным, хай напіша адкрыты ліст сп.Гілевічу. Я яго гэткім не лічу, але ўважаю сымптаматычным, пра што й напісаў у развагах. Крытычны зарад артыкулу — не ў расповедзе, але якраз-такі ў рэфлексійнай частцы, якую сп.Трусаў ігнаруе.

Пра памылкі мовы. Прыкра, што яны ёсьць і ў «Нашай Ніве». Найбольш іх — на інфармацыйных палосах, рыхтаваных літаральна за пару гадзін у нядзелю перад самай здачай нумару ў друк. Іншы раз, дзеля апэратыўнасьці падрыхтоўкі, карэктарка не чытае іх. Затое «НН» па апэратыўнасьці апярэджвае, скажам, панядзелкавы ж нумар «Белорусской деловой газеты» ці «Белорусской газеты» — чытачы, думаю, ацанілі гэта ў нумарах, дзе мова была пра Марш Свабоды, украінскія прэзыдэнцкія выбары, зьезды БНФ, прызнаньне талібамі незалежнасьці Чачэніі або рок-каранацыю. Імкненьне рабіць газэту больш апэратыўнаю проці расейскамоўных канкурэнтаў — гэта і ёсьць абарона беларускай мовы ў нашым разуменьні. Калі, хто зазірае ў выходныя зьвесткі, заўважыў, што той нумар мы здалі ў друк пад другую гадзіну ночы.

Сп.Трусаў, узяўшыся раўняць, паказаў найперш тое, што «НН» і выступоўцы на імпрэзе ТБМ робяць не адны тыя самыя памылкі. У нас гэта абпіскі і варыятыўнасьць, абумоўленая адсутнасьцю нарматыўнага слоўніка пад клясычны правапіс, тады як частка выступоўцаў на ўрачыстасьцях гаварыла зусім не зь яцьвяскім, як з тонкім гумарам заўважае сп.Трусаў, а зь вельмі нават выразным расейскім дамешкам, які выдае расейскае мысьленьне ў галовах выступоўцаў. Зрэшты, ці могуць быць аднолькавыя патрабаваньні да Таварыства, адна з мэтаў якога — абарона чысьціні мовы, і да газэты? Увогуле ж, гэты пасаж у лісьце сп.Трусава гучыць як перапеў вядомага імпэрскага міту пра тое, што «з вас саміх ніхто гэтай вашай мовы ня ведае».

Што да радыёвыступу «ўжо згаданага сп.Дынько», дык ён істотна адрозьніваўся ад матэрыялу ў газэце, хоць ішлося пра тую самую праблему. Перадача «Вострая Брама» — гэта супольны праект рэдакцыяў «НН» і Радыё Свабода, пра што мы ня раз пісалі. (Паводле дамоўленасьці, друкаваная вэрсія ніколі не зьяўляецца раней за радыйную.) А «Наша Ніва» — не «адна ня самая лепшая», а, primo, першая зь беларускіх газэт і, secundo, адзіная незалежная тыднёвая агульнанацыянальная газэта, што выходзіць, да апошняй рэклямкі, чыста па-беларуску. «Наша Ніва» была й будзе эталёнам жывой, сучаснай, вострай думкі, грунтаванай на лібэральна-дэмакратычных вартасьцях і нацыянальных інтарэсах.

Падазраючы, што я й сам сябар ТБМ, усё ж дазволю засумнявацца ў тым, што Таварыства — самая масавая грамадзкая арганізацыя. Традыцыйна самымі масавымі ў Беларусі зьяўляюцца прафсаюзы, але ж ёсьць яшчэ піянэрыя, саюзы моладзі і афіцэраў, таварыствы сьляпых і глухіх, прадпрымальнікаў і інвалідаў, спартоўцаў-спартакаўцаў і лякаматыўцаў, трусаводаў і паляўнічых-рыбаловаў — ні палітычныя, ні, дзякуй Богу, урадавыя. Наша ТБМ будзе якім 18-м па колькасьці сяброў, дый па ўплыве, на жаль, таксама. Чаму я гэта кажу? Бо неабавязковасьць і безадказнасьць словаў, як прамоўленых, так і напісаных — гэта адна з характэрных прыкметаў таго самага пышнага пустазвонства, наконт якога я біў трывогу ў тым артыкуле.

Зьвязваючы ў адну нітку «допісы маладзёнаў» (хоць напраўдзе быў усяго адзін ліст у рэдакцыю) і залп зь «цяжкіх гарматаў», сп.Трусаў стварае цэлую conspiracy theory. Сп.Трусаў не заўважае ў тым самым нумары паведамленьня пра шчырую акцыю лідэра ТБМ з Магілёва Міхася Булавацкага, не заўважае й гутаркі з кіраўніком справамі ТБМ сп.Кручковым. Якая шчэ зь беларускіх газэт так асьвятляе дзейнасьць ТБМ і друкуе столькі допісаў актывістаў арганізацыі? Дык падпісвайцеся! — здаецца.

Пра Судніка. Нават калі рэдактар «Нашага слова» не ўважае сябе прадпрымальнікам — мне здавалася, што рэдактар газэты ў сёньняшняй Беларусі аўтаматычна вымушаны de facto быць прадпрымальнікам, — ніхто ня будзе адмаўляць, што газэта выходзіць дзякуючы ягонай ахвярнасьці.

З «арэхамі» Чыгіру, СП і «Народнай волі». Тут сп.Трусаў мяне проста не зразумеў. Я іх — як і ТБМ — не асудзіў ні словам, ні паўсловам. Я казаў, што яны — як і ТБМ — ахвяры таго рытарычнага дыскурсу, што аджыў свой час і сустракае неразуменьне і здранцьвеньне грамадзтва. У тым артыкуле я хваліў ТБМ (як і Чыгіра), хваліў за тое, што ён ёсьць, і за тое, што ён не да спазнаньня перамяніўся да лепшага літаральна за апошні год (прынамсі ў Менску, дзе мы гэта назіраем асабіста). Гэта напэўна адбылося дзякуючы таму, што арганізацыю ўзначаліў сп.Трусаў, а таксама з-за нейкіх аб’ектыўных чыньнікаў, пра якія — ніжэй. А ганіў я патасны, папсовы, безгустоўны агітпрап, сьведкам чарговага выплеску якога быў у сутарэньнях Чырвонага касьцёла, але які мы маем гонар спажываць у непераўзыдзеных дозах таксама, напрыклад, у вершах пра родную мову і родны край.

Чаму мой артыкул выклікаў такую неадэкватную рэакцыю? Яшчэ й дзеля таго, што ў нас няма звычкі да палемікі. У савецкі час крытыка зводзілася пераважна да двух тыпаў: данос і хвала, прычым другі пераважаў. Таму ўсё, што не хвальба, у нас звычна ўспрымаецца як падкоп. Якому й даем адпор. Адсюль і незвычайная крыўдлівасьць беларускай інтэлігенцыі. Зь іншага боку, беларускія актывісты з прычыны нашай агульнай слабасьці надта ўжо звыкліся з паблажлівым стаўленьнем да сябе («або добра, або нічога»). Затое з цытаваньнем сябе ня звыкліся, ім няёмка чуць уласныя словы з чужых вуснаў. Затое прывыклі да існаваньня ў варожым атачэньні. «Нельга крытыкаваць сваіх», — кажуць яны.

Думаю, што толькі крытычнае мысьленьне — зарука разьвіцьця нацыянальнага духу.

Чаму ТБМ — адна з ахвяр хваробаў моваабарончага дыскурсу?

Маю тутака добрую нагоду патлумачыць, чаму я «падазраю» сябе ў сяброўстве ў Таварыстве. Аднойчы летась да мяне падышоў лідэр нашай лінгвістычна-ўнівэрсытэцкай суполкі хаўрусу, узначальванага цяпер сп.Трусавым: «Я прыйшоў да вас па сяброўскую складку ТБМ». «Ну, вы ж наш чалавек, беларускамоўны, мы ж ведаем», — перахапіў ён маё зьдзіўленьне. — «Складкі пойдуць на конкурс чытальнікаў «Бабілён». Конкурс заключаўся ў тым, што студэнты чыталі вершы на розных мовах і адначасова ў перакладзе на беларускую. Ясна, што і складку я здаў, і ад «НН» і «Arche» ўстанавілі прызы, і заахвочваў сваіх студэнтаў пайсьці падэклямаваць якога Рансара, абяцаючы пазнаёміць зь ягоным перакладчыкам на беларускую сп.Коласам асабіста. Аднак сам на конкурс не пайшоў. Дый ніводзін з маіх студэнтаў не хадзіў, хоць адзін зь іх працаваў ужо ў газэце «Навіны», другі друкаваў свае пераклады ў «Крыніцы», а трэці быў пацярпеў у сутычцы з амонам на адзін зь Дзён Волі, і патрыятызму ім не бракуе. Лішне тлумачыць, чаму не хадзілі. Сама ідэя даказваць, што беларуская мова не паскуднейшая за ўсе іншыя, можа нарадзіцца толькі ў той галаве, якая да канца ў гэтым ня ўпэўненая. Арганізатарам такіх «Бабілёнаў» — а мерапрыемстваў кшталту гэтага праводзіцца ў краіне процьма — не адмовіш ні ў шчырасьці нацыянальнага пачуцьця, ні ў энэргіі. Але ўсе высілкі іх асьветніцтва і народніцтва ідуць на глум з-за анахранізму, неарыгінальнасьці і кампраміснасьці таго, што яны робяць.

Арганізаваць беларускамоўную дыскатэку ці дзейны студэнцкі прафсаюз нашмат складаней. Ды яшчэ, з аднаго боку, за гэткія рэчы ўлады могуць прычапіцца, бо такое ўжо несла б ім рэальную пагрозу, а з другога — кіруемся прыкладам сваіх духоўных правадыроў, якія ладзяць свае, толькі круцейшыя, конкурсы чытальнікаў у сутарэньнях Чырвонага касьцёла!

Анахранічны, неарыгінальны і кампрамісны моваабарончы дыскурс сілкуе анахранізм, неарыгінальнасьць і нясьмеласьць дзеяньняў суполак ТБМ (або іншых суб’ектаў беларускага жыцьця). У выніку часта магутная народная энэргія пераводзіцца ў пясок конкурсаў чытальнікаў, сходак і клятваў на старонках «Народнай волі» замест, скажам, падрыхтоўкі слоўнікаў і ўдзелу ў масавых шэсьцях на вуліцах сталіцы ды іншых незаконных апэрацыях — усяго таго, што стварае нашай уладзе праблемы і падрывае расісцкую стабільнасьць і мір у нашай рэспубліцы.

Можам тое, што можам, скажа нехта. Можам тое, чаго хочам і як думаем, упэўнены я.

Ня ведаю, што разумее сп. Трусаў пад «прыгнечанай, рабскай псыхалёгіяй», а я бачу ў патэтыцы і крыўдах тыя ж прыкрыя наступствы каляніяльнага мысьленьня, што і ва ўсіх гэтых «Маша, хто сягоньня дзяжурны па класу», «Беларуская мова — самая мілагучная і чыстая сярод славянскіх», «На беларускай мове можна выказаць самыя складаныя думкі і пачуцьці» або «Словы «ёлуп» і «торба» грубыя, а «балбес» і «сумка» нашмат больш мяккія».

Цяпер праблемы. Першы спрэчны пункт, пра які можна дыскутаваць, — прывязанасьць да дзяржавы. Наколькі апраўданая супраца з антыбеларускім урадам — вось тэма для роздуму. Якія ад гэтага выгоды, а якія нязручнасьці? Што лепш: каб урад сшыў шырму «роўнасьці правоў», стварыўшы бедны, як царкоўная мыш, беларускамоўны ўнівэрсытэт ці папрасіць на гэты самы ўнівэрсытэт грошай у Рады Беларускай Народнай Рэспублікі або Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, якія могуць — тэарэтычна, а чаму б не практычна? — узяць на ягонае стварэньне дзяржаўны крэдыт ва ўраду Злучаных Штатаў Амэрыкі або Ісляндзкай Рэспублікі. Цяпер ня 1990 год, як мы прывучаемся думаць, слухаючы насельнікаў краіны спыненага часу, а 2000-ы. Думаю, не дазволіць такога ўнівэрсытэту не наважыліся б. А не дазволілі б, дык ёсьць Вільня, да якой ехаць, нягледзячы на ўсе мытні, чатыры гадзіны, ёсьць падпольле. Быў бы крэдыт і давер Івонкі Сурвіллы...

 

ТБМ і палітыка, беларушчына й палітыка. У якасьці затраўкі прывяду толькі цытату з эміграцыйнага ўкраінскага публіцыста Яўгена Маланюка: «Культурніцтва, у сэнсе адмова ад палітычнай дзейнасьці, — гэта прыхаваная капітуляцыя».

 

Прычыны паразы беларусізацыі. Наша няўдача ня мусіць успрымацца як «прыроднае бедзтва», непазьбежнае, незваротнае і невытлумачальнае. Апроч незалежных ад нас прычынаў, як то ўзмацненьня імпэрскага ціску і атаесамленьня ў масавай сьвядомасьці эканамічных нягодаў з нацыянальным абуджэньнем, верагодна, ёсьць і адвольныя — адной зь іх мне ўяўляецца непрыманьне грамадзтвам паноўнай тады мадэлі беларускай культуры, неарыгінальнай, анахранічнай і кампраміснай — з тэлевізійнымі «Запрашаем на вячоркі», радыйнай «Шэрай лашадачкай», Броўкам у падручніках і гіпэртрафаванай, глыбака расейскай ірацыянальнасьцю й пачуцьцёвасьцю енкаў, заклікаў і гімнаў. Калі беларуская культура ня выпрацуе новага, урбаністычнага «канону культуры» да ўздыму наступнай хвалі нацыянальна-вызваленчай барацьбы, дык і наступнае адраджэньне можа аказацца адрынутае. І, чаго грэх хаваць, ня мы, адэпты ўрбаністычнай культуры, «зьневажаем і нават зьдзекваемся», але нас ігнаруюць і душаць традыцыяналісты, добраахвотныя цэнзары ў спансараваных антыбеларускім урадам псэўдабеларускіх выданьнях. Гэта ўжо зусім не пра ТБМ. Але не заўжды надарыцца нагода...

Кампрамісныя мадэлі мовы. У сэнсе мяшанскія. Дзе іх межы, дзе карані, якая іх будучыня.

Што такое народ і што такое ўлада. Пытаньні філязафічныя, але цалкам дыскутабэльныя — іх таксама закранаў той артыкул.

ТБМ і мова. Што робіць ТБМ, якія мусяць быць ягоныя заданьні? Яно не займаецца падрыхтоўкай слоўнікаў, не праводзіць нарадаў па пытаньнях клясычнага правапісу, не клапоціцца пра стварэньне беларускага тэкставага рэдактару з тымі самымі праграмамі кампутарнай праверкі артаграфіі і граматыкі, ня дбае пра абнаўленьне лексычнага запасу мовы (або, калі клапоціцца, займаецца і дбае, дык трэба прыпусьціць, што робіць гэта або ў вялікім сакрэце, або бясплённа). Пакуль яно мусіла б называцца ня столькі Таварыствам мовы, колькі таварыствам беларускай культуры, таварыствам беларусафілаў або народнай асьветы. Усе гэтыя грамадзкія функцыі ня менш пачэсныя (калі толькі асьвета ўва ўмелых руках не ператвараецца ў агітацыю за шчасьце), чым тая, на якую намякае назва. Праўда, назва ўводзіць у зман рамантыкаў кшталту мяне, якія думаюць, што калі гэта Таварыства Беларускай Мовы, дык і па-беларуску мусяць умець гаварыць правільна.

Тут патрэбны гістарычны экскурс. Стваралася ТБМ тады, калі палітычныя арганізацыі беларусаў, найперш БНФ, былі пад забаронай, як легальная шырма для забароненых арганізацыяў і нацыянальна-вызвольнай дзейнасьці (ясна, што нават ня ўсе лідэры арганізацыі гэтую яе гістарычную функцыю ўсьведамлялі). Стваралася, калі ўжыць некарэктную паралель, як Шын Фэйн каля ІРА. Тады быў пік актыўнасьці ТБМ, і яно шмат зрабіла, вельмі шмат, калі ўлічыць, што Дэмакратычны блёк, кандыдатаў якога ў вялікай ступені ўдалося вылучыць дзякуючы ТБМ, сабраў на выбарах 1990 году амаль 40% галасоў, заваяваў каля чвэрці месцаў у парлямэнце і даў дабіцца таго, чаго мы дабіліся ў 1991—1994 гадах. Іншая рэч, што тады так і не ўдалося перашкодзіць каляніяльнай адміністрацыі ўвапхнуць у парлямэнт 50 «няўрадавых» вэтэранаў і інвалідаў, якія і згуляюць вырашальную ролю ў будучым трагічным для Беларусі правале нашай палітычнай эліты... Ізноў тэма для іншага артыкулу.

Калі ж гэтая ягоная функцыя легалізацыі аказалася непатрэбнай, канструктыўнае ролі — ні слоўнікаў, ні выдавецтва, ні словатворчасьці — Таварыства сабе не знайшло. Пачалася энтрапія. Цяперашняй сваёй актывізацыяй ТБМ заўдзячвае, магчыма, ня толькі прыйсьцю сп.Трусава, але й таму, што ў пэўных баках сытуацыя ў Беларусі амаль вярнулася ў стан 1989—1990 гадоў. Ізноў, як і 10 гадоў таму, Беларусі нагвалт патрэбны ТБМ — эфэктыўны, папулярны, дынамічны і... разумны і сьведамы сваёй ролі. Які б, з аднаго боку, канчаткова сьцьвердзіўся як таварыства мовы (і асьветы, магчыма, таксама), а з другога, не баяўся ісьці да канца ў палітычным змаганьні за беларускія інтарэсы (выбарчы маратон 1999 году, які зноў лёг і на плечы ТБМ, аказаўся нашмат менш пасьпяховым, чым кампанія 1990 году). Таму й хочам разьбіць вашы вярыгі, панове-спадарове!

Спадзяюся, што і гэты мой артыкул будзе абмеркаваны на сакратарыяце ТБМ, і дыскусія будзе мець працяг — прычым не па пытаньнях пунктуацыі. Далучаюся да думкі наконт шуканьня ворагаў. Прашу заўважыць, што артыкулы, падпісаныя маім імем, заўжды адлюстроўваюць найперш мае асабістыя думкі, а не пазыцыю «НН» ці часопіса «Arche».

Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031