World Press Photo назваў найлепшых фатографаў свету гэтага года
18 красавіка сталі вядомы імёны пераможцаў World Press Photo-2024. Здымкам года стала фатаграфія палестынкі, якая абдымае мёртвае цела сваёй пляменніцы.
У 2024 годзе на конкурс паступілі 61062 здымкі ад 3851 фатографа са 130 краін.
Фатаграфіяй года стаў здымак, зроблены Махамедам Салемам (Mohammed Salem). На ім 36-гадовая Інас Абу Маамар трымае загорнутае цела сваёй пляменніцы Салі. Дзяўчынка была забітая ў іх доме ў сектары Газа ў выніку траплення ізраільскай ракеты. У выніку гэтага нападу загінулі таксама маці і сястра дзяўчынкі.
Фатаграфія года па версіі World Press Photo 2024. Фота: Mohammed Salem / Reuters / World Press Photo
Рэпартажам года стала праца фатографа з Паўднёвай Афрыкі Лі-Эн Альваге (Lee-Ann Olwage). Яна ў сваёй творчасці даследуе тэму дэменцыі. Аб'ектыў яе камеры суправаджаў паўсюль Палі, які пакутуе на дэменцыю ўжо больш за 10 гадоў.
Фота: Lee-Ann Olwage / GEO / World Press Photo
Венесуэльскі фатограф Алеханда Сэгара з праектам «Дзве сцяны» пра міграцыйную палітыку ЗША і Мексікі перамог у намінацыі «Доўгатэрміновы праект».
Фота: Alejandro Cegarra / The New York Times / Bloomberg / World Press Photo
Сярод пераможцаў глабальнага конкурсу — украінская фотажурналістка Юлія Кочатава. Яна стала лаўрэатам у катэгорыі «Адкрыты фармат».
Фота: Julia Kochetova / World Press Photo
Больш фота глядзіце тут.