Знайсці
24.11.2023 / 19:201РусŁacБел

Наколькі небяспечна есці вострае?

Амерыканскі падлетак памёр пасля таго, як з'еў адзін ультравостры чыпс падчас інтэрнэт-выпрабавання «One Chip Challenge». Эксперты кажуць, што прадукты з высокай канцэнтрацыяй вострага перцу практычна могуць лічыцца атрутай.

Выява: vecteezy

Сям'я з амерыканскага Масачусэтса вінаваціць у смерці свайго сына-падлетка 1 верасня 2023 года гульню «One Chip Challenge», у якой людзі ў сацыяльных сетках заахвочваюць адно аднаго з'есці надзвычай востры чыпс, а потым чакаць, колькі яны змогуць вытрываць перад тым, каб выпіць вады ці нейкім іншым спосабам зменшыць «пекла» ў роце. І хоць вытворца тых самых чыпсаў, кампанія Paqui, рабіў заявы аб тым, што прадукцыя прызначаная для дарослых, а ўпакоўка мае прыкметныя папярэджанні (адзіны чыпс нават запакаваны ў скрынку ў форме труны), кампанія ў выніку пачала адклікаць прадукт з крамаў і здымаць яго з паліц.

На вэб-сайце Paqui не ўдакладняецца, наколькі востры чыпс, таму што гэта цяжка вымераць. Тым не менш на сайце пазначана, што прыправы, якія выкарыстоўваюцца ў чыпсах, утрымліваюць два самыя вострыя перцы, даступныя ў цяперашні час: Carolina Reaper Pepper (каля 1,7 мільёна адзінак па шкале Сковіля) і Naga Viper Pepper (каля 1,4 мільёна адзінак па шкале Сковіля). 

Шкала Сковіля — гэта вымярэнне вастрыні перцу чылі і іншых рэчываў, запісанае ў «цеплавых адзінках Сковіля». Ён заснаваны на канцэнтрацыі капсаіцыноідаў, сярод якіх рэчыва пад назвай капсаіцын з'яўляецца пераважным кампанентам. Чысты капсаіцын мае 16 мільёнаў адзінак па шкале Сковіля.

Выява: Paqui

Дарэчы, вострая ежа даўно прыцягвае стваральнікаў кантэнту ў YouTube ці TikTok. Існуе, напрыклад, «Hot Ones» — шоу на YouTube, у якім вядучы бярэ інтэрв'ю ў знакамітасцяў у працэсе паядання вострых курыных крылцаў, вастрыня якіх павялічваецца на працягу праграмы.

Дык што кажа навука пра тое, як вострая ежа ўплывае на нас? Ці могуць вострыя прадукты сапраўды быць такімі небяспечнымі? Адказ спрабуе знайсці Popular Mechanics.

Як вострая ежа ўплывае на чалавека

Не кожная жывёла можа адчуваць дзеянне капсаіцыну як пякоту або боль. Птушкі, напрыклад, не адчуваюць, што прыводзіць да тэорый, што перац чылі з цягам часу эвалюцыянаваў, каб яго з'ядалі птушкі і пераносілі зярняткі ў сваім страўніку як мага далей перад тым, як «адкласці» іх у іншым месцы. Але ў людзей капсаіцын выклікае менавіта ​​рэакцыю пякоты й болю, а ў некаторых — таксама млосць і дыярэю. Адчуванне болю адбываецца дзякуючы рэцэптару пад назвай TRPV1.

Даследаванні паказалі, што ў некаторых людзей у кішачніку больш гэтых болевых рэцэптараў. Таму тэарэтычна пераноснасць вострай ежы — рэч адносная і можа быць палепшана; але трэба разумець, што людзі, якія ядуць мала вострага, не выпрацоўваюць звычкі да такой ежы, бо ўжыванне вострай ежы фактычна часова «прытупляе» нервовыя сканчэнні, дзе знаходзіцца TRPV1.

Хто есць шмат вострага, у таго патэнцыйна большая імавернасць развіцця раку стрававода, страўніка і жоўцевага пузыра. Але яна таксама можа карэляваць са зніжэннем рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў і нязначна павялічваць метабалізм. Навукоўцы ўсё яшчэ праводзяць даследаванні, ці варта лічыць капсаіцын канцэрагенам. Калі канцэрагенныя якасці будуць пацверджаныя, гэта зменіць спосаб маркіроўкі прадуктаў, якія змяшчаюць капсаіцын.

Дарын Дэтвілер, экспертка па бяспецы харчовых прадуктаў з Northeastern University, кажа, што Carolina Reaper і любы падобны востры прадукт кваліфікуецца як «хімічны забруджвальнік» з-за высокага ўтрымання капсаіцыну. Такія прадукты патэнцыйна могуць спыніць сэрца, калі раздражняльнік занадта моцны.

З эксперткай згодныя і іншыя амерыканскія кантралюючыя органы кшталту Таксікалагічнага кантролю і Нацыянальнага інфармацыйнага цэнтра па пестыцыдах, якія папярэджваюць пра сур’ёзную небяспечнасць ужывання вялікай колькасці капсаіцыну.

Небяспека вострай ежы

Кампанія Paqui падкрэслівае, што яе прадукт адпавядае ўсім стандартам бяспекі, устаноўленым амерыканскім рэгулятарам, а таксама мае ўсе неабходныя папярэджанні, каб быць бяспечным для рынку. Аднак пазіцыянаванне прадукту ў інтэрнэце (выгляд упакоўкі, выкарыстанне «мовы мачо» і заахвочванне пратрымацца даўжэй) не падпарадкоўваюцца гэтым стандартам бяспекі. 

Пры гэтым у экстрэмальнай, небяспечнай сітуацыі дзеці часта проста не ведаюць, як сябе паводзіць і што рабіць, калі нешта пойдзе не так. Дзеці часта схільныя таемна здабываць «забаронены плод» (у гэтым выпадку небяспечна востры чыпс) насуперак папярэджанням ці забаронам. 

Рэкамендацыя тут можа быць наколькі банальнай, настолькі і важнай: размаўляйце са сваімі дзецьмі і будзьце з імі шчырымі, тады і яны будуць з вамі шчырымі. Тады дзіця не будзе баяцца раіцца з вамі, перш чым зрабіць штосьці.

Чытайце таксама:

«Гэта можа выклікаць рак». Навуковец б'е трывогу адносна таго, што ў Беларусі пачалі апраменьваць прадукты радыяцыяй

Як ежа ўплывае на наш сон і што з гэтым рабіць

Кансервуем перцы — правераны рэцэпт

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
1
1
Жвір/адказаць/
24.11.2023
Во, блін. А як жа індусы ? Яны ўвогуле не ядуць ня вострай ежы. Крыху пакарыстаўшыся/паспажываўшы стравы іхнай кухні, цяпер маю патрэбу "падвастраць" усё, што спажываю. А яны ж трымаюцца аюр-веды ! То бок, правільней проста не бывае ! Ну, яны маюць так лічыць, цалкам аргументавана. Што праўда, на маё пытаньне, што да працягласьці жыцьця, і якасьці здароўя, адказалі, што аюр-веда гэтымі пытаньнямі не пераймаецца, гэтыя пытаньні, маўляў, рэгулююцца кармічнымі законамі...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031