Знайсці
01.09.2023 / 22:444РусŁacБел

«Я як Аліса — патрапіла ў краіну цудаў». Стваральніца «Вольнага хору» расказала, якія музычныя скарбы знайшла ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане

Опера «Усяслаў Чарадзей» Міколы Куліковіча, адзіны зборнік Уладзіміра Тэраўскага «Беларускі лірнік», які захаваўся, пяць «Пагоняў», кружэлкі запісаў 1952 года жаночага хору ў Лювэне пад кіраўніцтвам Міколы Равенскага… І гэта — толькі невялічкая частка таго, што Галіна Казіміроўская прывезла ў Варшаву з Беларускай бібліятэкі імя Францыска Скарыны ў Лондане, піша радыё «Унэт».

У легендарных сховішчах (а гэта самая вялікая ў свеце бібліятэка беларускай эміграцыі) стваральніца «Вольнага хору» працавала 9 дзён. Разбірала архівы Міколы Куліковіча і Гая Пікарда, кожны дзень знаходзячы ў архіўных скрынях каштоўныя скарбы. Цяпер у Галіны Казіміроўскай з’явілася нават не мара — місія: стварыць у музеі музычны аддзел.

У інтэрв’ю радыё «Унэт» Галіна Казіміроўская расказала пра плён свайго лонданскага падарожжа:

«Я як Аліса — патрапіла ў краіну цудаў. І думаю, што нічога больш значнага ў сваім жыцці я не рабіла. Тое, што са мной адбылося… Я бачу ў гэтым гістарычнае значэнне.

А пасля задавала сабе шмат пытанняў — дзе я была раней? Я ж ведала пра гэты музей яшчэ з кансерваторскіх гадоў. І ніхто нам не перашкаджаў шукаць і вяртаць — ні дыктатура, ні Лукашэнка. Я не хачу думаць, што гэта наша непавага да спадчыны. Хутчэй, няведанне, якое не здымае з нас адказнасці…

Самая галоўная каштоўнасць — гэта архіў Міколы Куліковіча. Калі творцы не стала, яго жонка, спявачка, перадала ў музейны архіў 9 вялікіх скрыняў. Самае цікавае, што там не толькі ноты, а яшчэ паштоўкі, лісты, афішы, музычная крытыка, аб’яўкі, этнаграфічныя матэрыялы. А побач — рукапісы яго опер, да якіх ты баішся дакрануцца, бо папера настолькі старая, што ўжо рассыпаецца. Амаль кожны дзень у мяне быў амаль перадынфарктны стан — як гэта ўсё захаваць?!»

Я выхавалася як харавік і ведала, што ў Куліковіча ёсць опера «Лясное возера». Але пра оперу «Усяслаў Чарадзей» ніколі не чула. І ў архіве ёсць гэтыя ноты! І цяпер, калі я згадваю, як мы ў кансерваторыі дырыжыравалі на экзамене операмі Рымскага-Корсакава… А маглі б вучыцца на творах Куліковіча.

Самыя кранальныя моманты — гэта запісы кружэлак, якія мы алічбоўвалі. У «Пагоню» Равенскага я проста закахалася! А збор запісаў Забэйды-Суміцкага? Наш тэнар з неверагодным голасам, ад якога немагчыма адарвацца.

Большасць песень на гэтых кружэлках — народныя. Хары ў эміграцыі пачыналі менавіта з народнай песні, каб захаваць гэтую сувязь з радзімай. І ў Варшаву я вярнулася з думкай, што хачу спяваць гэтыя песні. Хаця яны не зусім пасуюць «Вольнаму хору». У нас трохі іншы кірунак, іншая місія.

У кожнай краіне ёсць зборнікі патрыятычных песень, якія людзі спявалі на некалькі галасоў. Большасць знойдзеных намі нот тычацца якраз гэтага жанру.

Вы б ведалі, з якіх абрыўкаў у 2020 годзе мы рабілі з «Вольным хорам» нашы партытуры! Як шукалі па ўсім свеце беларускія патрыятычныя песні.

А цяпер яны знайшліся ў лонданскім архіве. Гэта тое, што магло стаць рэпертуарам усіх беларускіх хароў. На гэтых песнях мы маглі выхоўваць сваіх дзяцей.

Вельмі патрэбная дапамога прафесійных бібліятэкараў, архіварыусаў, даследчыкаў, гукарэжысёраў. Мы адпрацавалі далёка не ўсё. Там ёсць бабіны з запісамі, да якіх мы нават не дабраліся. Ёсць дыяфільмы, на якіх сфатаграфаваныя цэлыя кніжкі. Трэба ўсё алічбаваць, стварыць каталог.

І такія рэчы не робяцца саматужным, аматарскім спосабам. У нармальнай сітуацыі гэта была б справа дзяржаўнага ўзроўню. Але я зраблю ўсё магчымае, каб пры Музеі-бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане з’явіўся музычны аддзел.

Цяпер я ў кантакце з рознымі дзеячамі мастацтва. Разам мы думаем, як нам збудаваць наступныя крокі. Мне хочацца, каб да гэтых архіваў мелі доступ людзі з усяго свету. Каб з гэтымі дакументамі маглі працаваць даследчыкі, навукоўцы, якія б пісалі артыкулы, кнігі, дысертацыі, рабілі зборы твораў. Але для гэтага нам трэба яшчэ вельмі шмат папрацаваць».

Чытайце таксама:

«Замест «Лукашэнку ў аўтазак!» заспяваць «Магутны Божа». Кіраўніца «Вольнага хору» расказала пра допыты, «Калінку-малінку» і нацыянальную ідэю

Пачалася падрыхтоўка да Першага кангрэса беларускай культуры ў эміграцыі

У Варшаве заснавалі беларускую творчую пляцоўку «ІнБелКульт 2.0»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
21
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1
0
дачакаем/адказаць/
02.09.2023
з Лондана ў Варшаву ўжо дайшла спадчына. Засталося дачацаць, калі дайдзе на Беларусь (альбо Варшава далучыцца да Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі).
3
Анфиса/адказаць/
02.09.2023
Со щенячьим восторгом открыла для себя Забейду... Кто ей раньше мешал это сделать? Записи есть и в музыкальном отделе Нац. библиотеки, к примеру.
0
ўɐɓʎн ǝніɐdʞ ў ɐɔіvɐ/адказаць/
03.09.2023
ваш римский корсаков - она ж сказала
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031