Знайсці
12.10.2016 / 17:4011РусŁacБел

Топ-10 прэтэндэнтаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры

13 кастрычніка ў Стакгольме будзе названае імя чарговага ўладальніка Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Напярэдадні «Наша Ніва» праглядзела спісы асноўных прэтэндэнтаў на сайтах букмекерскіх кантор.

Калі нехта лідзіруе ў букмекераў, гэта яшчэ не значыць, што ён абавязкова атрымае Нобеля, хаця летась менавіта так здарылася з беларускай Святланай Алексіевіч. Зрэшты, француз Патрык Мадыяно два гады таму нават не трапляў у першую дзясятку фаварытаў, а канадка Эліс Манро ў 2013-м была другой.

1. Нгугі Ва Тхіёнга (Кенія), 78 гадоў

Шанцы: 1 да 4.

Фота: kalamu.com.

Гэтага афрыканскага літаратара як аднаго з асноўных прэтэндэнтаў называюць ужо шмат гадоў, аднак прэмія ўсё выслізвае з ягоных рук. Апошнім чарнаскурым афрыканцам, які атрымліваў гэтую прэстыжную ўзнагароду, быў нігерыец Воле Шойінка ў далёкім 1986 годзе. Нгугі Ва Тхіёнга найбольш значныя творы напісаў на англійскай мове, але адначасова ён стварае на мове кікуйю. Нават з’яўляецца рэдактарам часопісу Mũtĩiri, які выдаецца на гэтай мове. На кікуйю ў Кеніі размаўляе 6-7 мільёнаў чалавек. На радзіме Нгугі Ва Тхіёнга быў палітвязнем, год адседзеў у турме, пасля чаго перабраўся на Захад. У савецкія часы кнігі кенійца дастаткова рэгулярна выходзілі па-руску. Гэта і не дзіва, у творчасці Нгугі Ва Тхіёнга лёгка знайсці ноткі класавай барацьбы, а яшчэ больш антыклерыкалізму, моцны ўплыў на літаратара аказаў марксізм. Ягонае хрысціянскае імя ад нараджэння Джэймс Нгугі, але ён адмовіўся ад яго ў знак пашаны да каранёў.

2. Харукі Муракамі (Японія), 67 гадоў

Шанцы: 1 да 5.

Фота: cw.com.tw.

Вечны фаварыт нобелеўскага тыдня. Чатыры гады таму ўзнагароду ў Муракамі звёў кітаец Мо Янь. Можа нарэшце сёлета яму пашанцуе? У Муракамі шмат і прыхільнікаў, і хейтэраў. Апошнія кажуць, што даць прэмію японцу будзе кепскім густам. Маўляў, занадта проста і забаўляльна ён піша. Дадуць Муракамі, а тады што, Паоло Каэлью на чарзе? Сярод тых, хто перажывае за японца, напрыклад, Святлана Алексіевіч. Яна лічыць, што ў творчасці Муракамі прысутнічае «ўсходняя аранжыроўка падзей і іх разуменне». Муракамі адназначна самы чытаны сярод прэтэндэнтаў на Нобеля. Ягоныя кнігі прадаюцца на відных месцах у кнігарнях усіх заходніх краін. Самыя папулярныя творы пісьменніка «Кафка на пляжы», «1Q84», «Нарвежскі лес», «Хронікі завадной птушкі».

3. Адоніс (Сірыя), 86 гадоў

Шанцы: 1 да 6.

Фота: laghoo.com.

Атрымаць Нобель у літаратуры для паэта становіцца справай няпростай. Празаікаў уганароўваюць непараўнальна часцей. У XXI стагоддзі толькі шведу Томасу Транструмеру ў 2011 годзе атрымалася зламаць гэтую традыцыю. Чамусьці не зусім верыцца, што Адоніс у сваім паважаным веку зможа стаць другім у гэтым спісе. Творчасць Адоніса для арабскага свету называюць рэвалюцыйнай. Ісламскія радыкалы пагражалі Адонісу смерцю, палілі ягоныя кнігі. Ён таксама прайшоў праз турэмнае зняволенне на радзіме і быў вымушаны з’ехаць з Сірыі. Калі толькі пачыналася арабская вясна, то Адоніс пісаў адкрыты ліст да прэзідэнта Сірыі Башара аль-Асада, заклікаючы таго сысці ў адстаўку. «Вы не можаце затачыць у турму ўсю нацыю», — казаў ён.

4. Юн Фосэ (Нарвегія), 57 гадоў

Шанцы: 1 да 12.

Фота: dagbladet.no.

Выданне The Daily Telegraph назвала Юна Фосэ сярод ста геніяў сучаснасці. Гэта нарвежскі драматург, п’есы якога перакладаліся больш чым на 40 моваў свету. Фосэ атрымаў амаль усе літаратурныя прэміі Скандынавіі. Яго называюць найбольш значным драматургам Нарвегіі ад часоў Ібсэна. Жыве Фосэ то ў Осла, то пад Венай. У 2013 годзе ён перайшоў у каталіцызм, жанаты ў трэці раз. Некалькі п’ес перакладаліся на рускую мову, на беларускую пакуль не.

5. Дон Дэліла (ЗША), 79 гадоў

Шанцы: 1 да 12.

Фота: ijas.iaas.ie.

«Белы шум», «Касмаполіс», «Мао ІІ» — кнігі гэтага аўтара адносна някепска вядомыя ў нашай частцы свету. «Сам Дэліла нарадзіўся ў традыцыйнай італьянскай сям’і ў Нью-Ёрку. Дома гаварылі па-італьянску, на вуліцы па-англійску. Галоўнай страсцю дзяцінства быў бейсбол. Уплыў на Дэліла як пісьменніка аказалі Фолкнэр, Хемінгуэй, Джойс. Творчасць пісьменніка вельмі шматгранная, ён піша пра ўсё — ад спорту да ядзернай вайны. Двойчы атрымліваў Пулітцэраўскую прэмію. «Будучыня належыць натоўпу», — перакананы пісьменнік у кнізе «Мао ІІ».

6. Філіп Рот (ЗША), 83 гады

Шанцы: 1 да 12.

Фота: kukly-bratc.ru.

Яшчэ адзін класік амерыканскай літаратуры. Філіп Рот паходзіць з габрэйскай сям’і, якая перабралася ў ЗША з тэрыторыі ўкраінскай Галіцыі. «Адзінокі габрэй, які зацясаўся сярод самых буйных імігрантаў Ньюарка — славян, італьянцаў, ірландцаў», — нібыта пра сябе пісаў Рот у «Амерыканскай пастаралі». Рот вельмі правакацыйны і самаіранічны. Габрэйскія грамады ЗША абураліся ягонай кнігай «Бывай, Каламбус». Ён перакананы атэіст: «Калі ўвесь свет перастане верыць у Бога, то гэта будзе цудоўнае месца».

7. Ко Ын (Паўднёвая Карэя), 83 гады

Шанцы: 1 да 14.

Фота: yonhapnews.co.kr.

Ужо трэці ў спісе пісьменнік, які быў палітвязнем. У час карэйскай вайны Ко Ын працаваў далакопам, капаў магілы для забітых. Каб прыглушыць шум вайны ён нават выліваў кіслату ў вуха. У 1952 годзе сышоў у манахі, але праз 10 гадоў вярнуўся да свецкага жыцця. Меў праблемы з алкаголем, нават спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Ад пачатку 1970-х актыўны ўдзельнік руху за дэмакратыю ў Паўднёвай Карэі. У 1979 годзе быў асуджаны на 20 гадоў за «здраду дзяржаве», але выйшаў на волю праз 3 гады. Піша вершы і раманы.

8. Хаўер Марыяс (Іспанія), 65 гадоў

Шанцы: 1 да 16.

Фота: independent.co.uk.

Сын іспанскага філосафа Хуліяна Марыяса, вядомага сваёй антыфашысцкай пазіцыяй. На жыццё Марыяс-старэйшы зарабляў выкладаннем ва ўніверсітэтах ЗША, бо не мог гэтага рабіць дома. Таму дзяцінства Хаўера часткова праходзіла ў Амерыцы. Раман Марыяса «Белае сэрца» аб сямейнай пары перакладчыкаў з’яўляецца адным з найбольш значных у сучаснай іспанскай літаратуры.

9. Сесар Айра (Аргенціна), 67 гадоў

Шанцы: 1 да 20.

Фота: escribirypublicar.org.

Аргенціна давала свету першакласных пісьменнікаў, чаго вартыя толькі імёны Хорхе Борхеса і Хуліа Картасара, аднак Нобелеўскую прэмію літаратары з гэтай краіны не атрымлівалі ніколі. Айра аб’ядноўвае ў сваёй творчасці як традыцыйны жанр рамана, гэтак і эксперыментуе з коміксамі, фантастыкай. А ідэальнай формай увогуле называе казку.

10. Ісмаіл Кадарэ (Албанія), 80 гадоў

Шанцы: 1 да 20.

Фота: timesofisrael.com.

Ён вучыўся ў маскоўскім Літаратурным інстытуце імя Горкага, пакуль албанскі дыктатар Энвер Ходжа не рассварыўся з Мікітам Хрушчовым, незадаволены лібералізацыяй жыцця ў СССР. У Маскве Кадарэ напісаў свой першы раман «Горад без рэкламы», які не прайшоў албанскай цэнзуры і выйшаў у свет толькі ў 1998-м годзе. Кадарэ жыў пры самым жорсткім таталітарным рэжыме ў Еўропе, але здолеў выйсці за рамкі сацрэалізму. Хаця былі ў ягонай біяграфіі і вершы-прысвячэнні Энверу Ходжы, каб пазбегнуць рэпрэсій. Праўда, не ўдалося: у 1975 годзе Кадарэ накіроўваюць у вёску, каб фізічнай працай выбіць лібералізм і заходнія ўплывы. На беларускую мову адзін з раманаў Кадарэ «Хроніка ў камяні» пераклаў Максім Мудроў. Праўда, выдаць кнігу яшчэ не атрымліваецца.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031