Знайсці
13.10.2016 / 06:5212РусŁacБел

Як была ўратаваная магіла паўстанцаў у Плябані і чаму добра, калі помнікі абшарпаныя

З радасцю прачытала ў «Нашай Ніве» спіс новых аб'ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Усцешылі мяне не толькі вясёлая трохкутная царква ды ацалелыя драўляныя дамкі гомельскіх чыгуначнікаў, рогі тура, і сігнальны барабан з Міра, і неймаверныя веткаўскія іконы, поўныя болю эміграцыі.

Упершыню да культурных каштоўнасцяў далучана міква — іўдзейскі рытуальны басейн (як добра, што і грамадства, і дзяржава ўрэшце ўспамінае тых, хто да вайны складаў палову насельнікаў гарадоў Беларусі).

Яшчэ адна навіна ў спісе — брукаванка. Ва ўсім свеце здабываюць папулярнасць ужо не проста гістарычныя аб'екты, а гістарычныя дарогі.

Гэта шляхі і маршруты, упісаныя ў культуру, звязаныя са значнымі падзеямі або культавымі персанажамі. Самыя вядомыя культурныя шляхі — гэта, бадай, шлях Святога Якуба (паломніцкая дарога праз усю Еўропу да магілы апостала Якуба ў Іспаніі) ды шлях Дон Кіхота (вандроўка па месцах, якія наведваў герой кнігі Сервантэса). Класна, што цяпер і ў нас з’явіўся першы культурны шлях. Абаронены ад асфальту і гравію, ён чакае сваёй інтэрпрэтацыі (чым важная брукаванка? што значнае для беларусаў адбылося на гэтай дарозе? чые колы і боты памятае гэты брук?) ды першых экскурсантаў.

Вельмі важна, што да спісу дзяржаўных каштоўнасцяў дадалося ажно тры магілы паўстанцаў. Пра адну з іх — магілу ў Плябані — хачу расказаць гісторыю.

Вясной 2012 года мы — група студэнтаў — ездзілі прыбіраць плябанскія могілкі. З намі быў наш выкладчык, археолаг Міхась Міхайлавіч Чарняўскі. Спярша заехалі на дачу Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыну і ў Краснае.

Ля красненскай царквы, складзенай з часанага каменю, Міхась Міхайлавіч паказаў нам камень (у паўночнай сцяне храму) з выдрапаным на ім крыжом. Ён лічыў, гэта старажытны камень, які ляжаў на месцы ці не з паганскіх часоў. «Зянон заўжды казаў, што камяні трэба фатаграфаваць пасля дажджу», — усміхнуўся Чарняўскі на нашыя завіханні са здымачом.

Потым мы падышлі яшчэ да касцёла, які ніколі ў гісторыі не закрываўся, нават у савецкі час. Ля яго, памятаю, мілая сцэна: ксёндз пырскае святой вадой чыюсьці новую машыну.

Ад касцёла наша кампанія рушыла на могілкі ў Плябань. Як падыходзiлi да вёскi, Мiхась Міхайлавіч паказаў кудысьцi за чыгунку, за лес. Сказаў, што там быў вялiкi ўзгорак, дзе яны маладымі збiралiся па святах. I што пасля такiх сустрэч рабiлася лягчэй жыць у тыя часы.

Мы ішлі ў Плябань з Краснага, а дабірацца да плябанскіх могілак з Мінска найлепш так: электрычкай Мінск—Маладзечна да станцыі «Ласі», ад станцыі прайсці наперад уздоўж чыгункі і віхрастай Ушы да пераезду. На пераездзе павярнуць налева — і проста перад сабой, метраў за 100, пабачыце парослы хмызняком магільнік. (Шчасліўцы з машынамі могуць даехаць па трасе Мінск—Маладзечна да павароту на Плябань.)

Могілкі дзейнічалі з пачатку ХІХ стагоддзя да Другой сусветнай. І менавіта там мясцовыя жыхары пахавалі пяцёх паўстанцаў, што загінулі ў баі з царскай арміяй 11 сакавіка 1863 года ля Свечак і Плябані. Пяць загіблых — гэта кіраўнік Юльян Бакшанскі (за 39-гадовае жыццё яго двойчы высылалі з Беларусі за антыцарскую агітацыю), Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Банькоўскі і 15-гадовы Ігнацы Сулістроўскі.

Аказалася, што Міхась Міхайлавіч Чарняўскі быў тым чалавекам, які літаральна ўратаваў паўстанцкае пахаванне. Каля каменя расказаў нам, як ён, малады навуковы супрацоўнік, заехаў у Краснае з фатографам Зянонам Пазняком. Ля касцёла сядзеў мясцовы дзядзька. Разгаварыліся. Да слова дзядзька ўзгадаў магілу паўстанцаў. Так выпадкова яе і адкрылі.

Трэ' было ўсталяваць помнік. Праз аднадумцаў — дырэктара абласнога музея Генадзя Каханоўскага і гісторыка Міхася Ткачова (якога сябры намовілі ўступаць у партыю, каб, калі прыйдзе час, мець там сваіх людзей) — дамовіліся аб прыездзе на магілу мясцовага начальства.

«Мы прыехалі раней, — расказваў Чарняўскі, — і бачу на камяні-помніку — польскі надпіс». Гэта значыла адно: начальства спужаецца і далей чакай, што будзе — мо зраўняюць з зямлёй тое месца, каб і следу не было. Маленькай археалагічнай рыдлёўкай Міхась Міхайлавіч выкапаў яму, куды скаціў стары камень. Раённая камісія з’явілася, калі ямка яшчэ не была закапаная да канца. Не заўважыўшы, аднак, нічога падазронага, камісія пастанавіла паставіць помнік на магіле беларускіх паўстанцаў — змагароў супраць царызму і памешчыкаў. Памяць пра магілу дайшла да нас дзякуючы спрытнасці рук і разуменню псіхалогіі чыноўнікаў. Нам такое разуменне пакуль таксама неабходнае, на жаль.

У той раз Міхась Міхайлавіч быў вельмі ўзрушаны, што ёсць моладзь, якая сістэматычна ездзіць прыбіраць гэтыя старыя магілы. «Трэба распавесці Зянону, як усё змянілася».

Напэўна, больш Чарняўскі ў Плябань не прыехаў. Яго не стала ў студзені 2013 года.

Тое, што помнік паўстанцам дададзены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў — гэта перамога Беларусі. Гэта помнік неабыякавым маладзёнам (дай вам Бог здароўя). Гэта таксама помнік цудоўнаму Міхасю Міхайлавічу і яго сябрам, якія без спадзявання на перамогу над савецкай сістэмай спакойна, але ўпарта рабілі сваю справу. І вось гэтая справа перамагла.

Увогуле, чытаць новыя пункты з дзяржаўнага спісу каштоўнасцяў прыемна і радасна: мы пачынаем цаніць сваё (такое багацце, такая старажытнасць у кожнай вёсцы і мястэчку!) і захапляцца сваім (і нават у горадзе, дзе мала чаго засталося, мы ўсё адно знаходзім даўніну). Думаю, хутка навучымся і прывабна прадстаўляць сваё для чужых.

Што тычыцца пэўнай занядбанасці большасці помнікаў, то ў ёй — асаблівы шарм. Згадайце цэнтр Вільні! У абшарпанасці — сапраўднасць, абшарпанасць — гэта словы, якімі помнік гаворыць пра сваё мінулае.

Пакуль дзяржава не мае сродкаў на годную рэстаўрацыю (далікатную, гістарычную), трэба пакідаць як ёсць. Усё, што трэба нашым помнікам — таблічка з назвай і тлумачэннем, чаму гэты помнік класны, чым унікальны.

А не трэба ні прэзідэнцкіх бетонных агароджаў, ні фарбаваных камянёў… Калі ласка, проста таблічку ў пачатку дарогі Новы Свержань — Мір.

Паўліна Купрысь

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031