Знайсці
10.10.2016 / 13:4529РусŁacБел

Уладзімір Падгол выходзіць з Партыі БНФ

Алесь Талстыка і Уладзімір Падгол, фота Сяргея Сацюка, БелаПАН

Філосаф Уладзімір Падгол вырашыў выйсці з Партыі БНФ у сувязі з асуджэннем кіраўніцтвам і актывам партыі метадаў, якія ён выкарыстаў падчас мінулай парламенцкай кампаніі. Такое рашэнне Падгол прыняў на пасяджэнні сойма партыі 8 кастрычніка ў Мінску, пацвердзіўшы яго ў адкрытым лісце да выбаршчыкаў, членаў і кіраўніцтва партыі, тэкст якога 10 кастрычніка разаслаў у СМІ.

Падчас парламенцкіх выбараў Падгол прыцягнуў да сябе ўвагу дзякуючы шматлікім акцыям у межах агітацыйнай кампаніі. Ён выступаў на тэлебачанні і сустракаўся з выбаршчыкамі ў бронекамізэльцы і танкавым шлеме, збіраў подпісы як пад нацыянальным сцягам Беларусі, так і пад сцягамі Еўрасаюза і ЗША, разам з яшчэ адным кандыдатам у дэпутаты праводзіў яркія палітычныя перформансы па перадачы зваротаў да Аляксандра Лукашэнкі і іншых службовых асоб з патрабаваннямі з праграмы Партыі БНФ.

На пасяджэнні сойма высветлілася, што гэтыя метады не знайшлі падтрымкі ў кіраўніцтва і радавых членаў партыі. У прыватнасці старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч папракнуў Падгола ў тым, што яго эксцэнтрычны вобраз на гэтых выбарах і выступленні пад сцягамі замежных краін, магчыма, адстрашылі беларускі бізнес, на падтрымку якога спадзяецца партыя. Некалькі членаў партыі на сойме таксама негатыўна ацанілі дзеянні Падгола падчас выбарчай кампаніі. Адразу пасля гэтага філосаф напісаў заяву аб выхадзе, падаў яе Янукевічу і пакінуў пасяджэнне сойма.

У адкрытым лісце філосаф адзначыў, што «глыбіннай прычынай выхаду з'явілася пазіцыя кіраўніцтва БНФ у дачыненні да адстойвання партыйнай праграмы і, адпаведна, усіх кандыдатаў у дэпутаты ад партыі падчас выбараў». «Калі Лідзія Ярмошына прыгразіла рэпрэсіямі тым кандыдатам, якія будуць прапагандаваць партыйныя каштоўнасці ў СМІ, кіраўнікі БНФ так і не здолелі публічна заявіць пра салідарнасць з каштоўнасцямі партыі», — падкрэсліў Падгол.

Паводле статута Партыі БНФ рашэнне аб выключэнні канкрэтнага члена выносіць тэрытарыяльны орган, які прымаў яго ў склад партыі, альбо сойм Партыі БНФ. На пасяджэнні сойма Янукевіч заявіў, што рашэнне адносна Падгола прыме мясцовая арганізацыя і толькі пасля асабістай грунтоўнай гутаркі з філосафам, які жадае пакінуць шэрагі партыі.

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031