Знайсці
05.09.2016 / 06:1113РусŁacБел

Польскія міністры едуць у Лондан пасля чарговага нападу на палякаў у Брытаніі

Тры міністры Польшчы — кіраўнікі МУС, МЗС і міністэрства юстыцыі — прыбудуць у Брытанію ў сувязі з новым нападам на двух палякаў у брытанскім горадзе Харлоў.

Інцыдэнт адбыўся ў нядзелю, прыблізна праз 12 гадзін пасля жалобнага маршу ў памяць пра загінулага на мінулым тыдні ў Харлоў грамадзяніна Польшчы Аркадыуша Ёзвіка.

На палякаў напалі раніцай у нядзелю чатыры ці пяць чалавек. У аднаго з пацярпелых зламаны нос, у іншага рассечана брыво. У паліцыі мяркуюць, што напад быў здзейснены на падставе нянавісці, аднак не звязваюць гэты інцыдэнт з нападам на Аркадыуша Ёзвіка.

Дакладная дата візіту ў Лондан кіраўніка МЗС Польшчы Вітольда Вашчыкоўскага, міністра ўнутраных спраў краіны Марыуша Блашчака і міністра юстыцыі Збігнева Зебра пакуль не называецца.

Тыдзень таму група падлеткаў у Харлоў напала на 40-гадовага паляка Аркадыуша Ёзвіка. Праз некалькі дзён грамадзянін Польшчы памёр у бальніцы ад атрыманых траўмаў.

У сувязі з нападам былі затрыманыя шэсць падлеткаў 15-ці і 16-ці гадоў.

Пасол Польшчы ў Вялікабрытаніі Аркадзь Жэгоцкі тады заявіў, што шакаваны жорсткім нападам на суайчынніка. Ён таксама адзначыў, што сітуацыя з бяспекай для грамадзян Польшчы ў Злучаным Каралеўстве пагоршылася пасля рэферэндуму па пытанні аб выхадзе Брытаніі з ЕС.

Бі-бі-сі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера