У Латвіі міністр аховы здароўя пайшоў у адстаўку з-за бясплатнай аперацыі
Міністр аховы здароўя Латвіі Гунтыс Бялевіч сышоў у адстаўку з-за хірургічнай аперацыі, якую дактары дзяржаўнай бальніцы правялі для кіраўніка міністэрства бясплатна і ў абыход чаргі.
А ў панядзелак Бялевіч напісаў заяву і аб выключэнні яго з Зялёнай партыі.
Інфармацыя пра тое, што ў Латвійскім анкалагічным цэнтры міністру была праведзена нейкая хірургічная аперацыя, з'явілася ў латвійскіх СМІ са спасылкай на неназванага доктара гэтай установы. Латвійскі анкалагічны цэнтр ўваходзіць у склад Усходняй бальніцы, якая з'яўляецца дзяржаўным прадпрыемствам.
Аперацыя, якая была праведзена для Бялевіча, паводле словаў медыка, уваходзіць у спіс паслуг, часткова аплатных дзяржавай, і ажыццяўляецца ў парадку чарговасці.
Аднак міністр у чарзе не стаяў і пацыенцкі ўнёсак не плаціў.
Пасля з'яўлення гэтай інфармацыі ў СМІ Бялевіч заявіў, што яго абылгалі на падставе ананімнага ліста. Аднак прэм'ер-міністр Марыс Кучынскіс, які прадстаўляе тую ж палітычную сілу, што і сам Бялевіч — «Саюз зялёных і сялян» — даў заданне Бюро па прадухіленні і барацьбе з карупцыяй у тэрміновым парадку расследаваць магчымае злоўжыванне службовым становішчам з боку міністра.
Кіраўнік парламенцкай фракцыі СЗК Аўгуст Брыгманіс заявіў, што, калі падазрэнні апраўдаюцца, Бялевіч павінен будзе сысці ў адстаўку.
Ужо на наступны дзень Гунтыс Бялевіч абвясціў пра сыход у адстаўку, а кіраўнік урада Кучынскіс яе прыняў, абвінаваціўшы калегу ў хлусні.
У панядзелак Бялевіч пакінуў шэрагі Зялёнай партыі, у якую ўваходзіў, а таксама склаў мандат дэпутата сейма. З нагоды скандалу ён заявіў наступнае: згаданая аперацыя сапраўды была праведзена ў аперацыйнай зале Латвійскага анкалагічнага цэнтра,
але калі ён спытаў, як за яе разлічыцца, то міністру сказалі, што рабіць гэтага не трэба.
«Так са змагара з «левымі» паслугамі я сам ператварыўся ў іх атрымальніка», — сказаў экс-кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.