Знайсці
31.05.2016 / 14:502РусŁacБел

Партыйны лідар, філосаф, таемны пакупнік — самыя цікавыя вакансіі мая

«Наша Ніва» пацікавілася самымі незвычайнымі вакансіямі, які прапануюць беларускім беспрацоўным. Высветлілася, што айчынны рынак працы жыве не толькі айцішнікамі, будаўнікамі і менеджарамі па продажах. 

Фота - Уладзімір Песня

Партыйны лідар

Самая незвычайная вакансія з’явілася на сайце minsk.jobs.tut.by у сярэдзіне мая. Паведамлялася, што імідж-студыя «Вітрын» шукае лідара палітычнай партыі. «Партыя Новая зямля — гэта першая прагрэсіўная партыя Беларусі. Яна прадстаўляе інтарэсы людзей, якія працуюць і беспрацоўных», — гаварылася ў аб’яве.

Высветлілася, што лідара палітычнай партыі шукае піяршчык Марыя Храмцова. Прычым, лідару партыі – незарэгістраванай — Храмцова абяцала заробак каля 400 долараў. Хаця, ў аб’яве паведамлялася, што першапачаткова дзейнасць «лідара» аплочвацца не будзе.

На пытанне навошта яна палезла ў палітыку, Храмцова адказала так:

«Я з’яўляюся найлепшым іміджмейкерам Еўропы і адзін з накірункаў, які я павінна засвоіць, гэта ніша палітычнага піяру».

На момант публікацыі вакансіі суполка «партыі» у фэйсбуку складалася з 46 чалавек. Сёння ў ёй на траціну менш — 30 чалавек і 2 адміны.

Філосаф

Але зарабіць можна не толькі думаючы пра лёс Радзімы. Можна задацца і больш глабальнымі пытаннямі. І ўладкавацца на пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка ў Інстытут філасофіі беларускай Акадэміі навук.

Каб атрымаць працу трэба мець ступень доктара філасофскіх навук і быць спецыялістам у вобласці сацыяльнай філасофіі. Праца ў адну змену.

Заробак, канечне, таксама настройвае на філасофскае стаўленне да жыцця. Абяцаюць філосафу 5,9 мільёнаў рублёў.

Пчаляр

Пчаляроў шукаюць адразу некалькі беларускіх лясгасаў. Патрабаванні наступныя: досвед працы (дзе 2 гады, а дзе і 5), недзе патрабуецца і профільная адукацыя. Так, на пчаляроў вучацца — у Беларусі, напрыклад, у Смілавіцкім аграрным каледжы.

Заробак, праўда, так сабе — ад 2,5 да 3,5 мільёнаў. Прычым, там, дзе патрэбен найбольшы вопыт, прапануюць найменшую зарплату.

 Паталагаанатам і наглядчык могілак

Патрабуюцца людзі і ў не надта вясёлыя месцы. Напрыклад, паталагаанатама шукае рэспубліканскі навукова-медыцынскі цэнтр анкалогіі. З патрабаванняў — толькі адпаведная адукацыя. Заробак абяцаюць у 6,5 мільёнаў рублёў.

Прыбіральшчыку могілак у Лагойску прапануюць 2,5 мільёны рублёў. Наглядчыку за калумбарыем у Смалявічах — 2,9. Адукацыі дастаткова агульнай сярэдняй.

Заробкі невялікія, затое праца ў ціхім месцы.

Клінэр і сцюард

Саромеецеся працаваць прыбіральшчыкам? Паспрабуйце пасаду клінэра! Гэта фактычна тое ж самае, затое гучыць прыгажэй. А, і патрабуецца вышэйшая адукацыя.

Вось, напрыклад, мінская кампанія якраз шукае клінэраў. Плаціць будуць ад 6,6 мільёнаў. Кажуць, што «праца цікавая, плацім добра, абяцаем драйв», таксама абяцаюць кар’ерны рост.

Умовы наступныя: не менш за 5 уборак на тыдзень (ад 4 да 8 гадзін), выкананне стандартаў уборкі і працы з кліентамі, перамяшчэнне на метро (праязны аплачваецца), усё для уборкі - з сабой, перавозка ў заплечніку.

Пры гэтым, працадаўцы публікуюць наступныя патрабаванні да суіскальнікаў: «Вам падабаецца прыбіраць; вы працуеце хутка, дысцыплінаваныя; вы ўважлівыя да дэталяў; вы вядзеце сябе адкрыта, ўсміхаецеся, прыязныя; у вас выказана жаданне дапамагчы; вы здольныя вырашаць пытанні і рэдка кажаце «я не ведаю» і «гэта не маё пытанне»; вы акуратныя, добра выглядаеце і размаўляеце; у вас вышэйшая адукацыя».

Пры гэтым, пазначаюць, што за 20 уборак на месяц можна атрымаць каля 5 мільёнаў. Астатняе – больш працуеш, адпаведна больш зарабляеш.

А калі вы не давучыліся ва ўніверсітэце і, адпаведна, шлях у клінэры вам закрыты, можаце паспрабаваць сябе на пасадзе сцюарда. Па-першае, гучыць таксама прыгожа. А па-другое, вопыт працы не абавязковы, адукацыі хопіць і сярэдняй. Ад сцюарда чакаюць «своечасовага і якаснага мыцця посуду і кухоннага абсталявання гасцініцы» і таксама «прывядзенне асноўных і дапаможных кухонных памяшканняў у адпаведнасці з санітарна-гігіенічнымі нормамі і стандартамі абслугоўвання».

Плаціць сцюардам абяцаюць 30 тысяч рублёў у гадзіну.

Таемны пакупнік

Такіх вакансій хапае. Праца нескладаная: пад выглядам звычайнага наведвальніка прыйсці ў краму, пракансультавацца з прадаўцом з нагоды якога-небудзь тавару, затым дома падрабязна запоўніць справаздачу па праверцы і выслаць менеджару праекта.

Працадаўца запэўнівае, што запаўненне анкеты займае ў сярэднім 20-30 хвілін. Працягласць візіту - 10- 20 хвілін. Сярэдні кошт кожнага візіту 60.000 да 100.000 рублёў. Правяраць прапануюць розныя месцы: крамы, салоны сувязі, нават аддзяленні банкаў і пошты. Час і дата праверкі ўзгадняюцца з начальствам.

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031