Знайсці
06.02.2016 / 11:481РусŁacБел

Амстэрдам і ягоныя музеі з Аляксеем Ластоўскім 

Амстэрдам стаў фінальнай кропкай вандроўкі праз Нідэрланды. Калісьці гэта была фінансавая сталіца свету, тут квітнеў гандаль і банкаўская справа, раслі як на дражджах асабнякі буржуа, золата рассыпалася па вуліцах. Часы тыя даўно мінулі, велізарная каланіяльная імперыя знікла без слядоў, а Амстэрдам ператварыўся ў мілы горад каналаў і мастоў, з бясконцымі натоўпамі турыстаў. Хоць, падазраю, не каналы і музеі з’яўляюцца галоўным матывам зведвання нідэрландскай сталіцы, горад даўно стаў сімвалам постмадэрнай разняволенасці — славутыя coffeeshops прапаноўваюць агромністы выбар лёгкіх наркотыкаў, па вуліцах разносяцца водары марыхуаны, а вуліцы Чырвоных ліхтароў абяцаюць экзатычныя сэксуальныя забавы.

І гэта аўра лёгкасці і спакусы пранікла і ў нашу вандроўную кампанію, з горыччу мушу прызнаць, што мае пурытанскія планы па зведванні дзясяткаў музеяў у Амстэрдаме разваліліся пад уздзеяннем прынад гэтага горада.

Але пачыналася ўсё досыць добра. Мы прыбылі на галоўны чыгуначны вакзал Амстэрдама зранку, з Гаарлема, дзе спыніліся, і першапачатковай і досыць складанай задачай стала арыентацыя ў прасторы. Амстэрдам практычна збудаваны на каналах, і гэта стварае складаную і заблытаную сістэму вуліц, дзе няма простых кірункаў і вельмі лёгка заблукаць. Праўда, ля вакзала вісіць вялікая мапа горада, якую мы сфоткалі і перыядычна скарыстоўвалі, пакуль недзека не знайшлі звычайную мапу, якая нас сапраўды шмат разоў выратоўвала, без мапы ў гэтым горадзе пачаткоўцам даводзіцца вельмі цяжка.

Галоўным кірункам нашага маршруту быў Музейны квартал, куды мы і рушылі. Праўда, з прыпынкам на славутым пляцы Дам, пасярод якога знаходзіцца грандыёзны і манструозны Нацыянальны манумент у памяць загінулых у Другой сусветнай вайне. Насупраць — каралеўскі палац, які можна зведваць, але туды мы не пайшлі, пашкадавалі часу і сіл. Але пакуль наша кампанія разбеглася па плошчы з банальным намерам уціснуць сваю фізіяномію на здымак з амстэрдамскімі відамі, я зазірнуў у Новую царкву (De Nieuwe Kerk), і там якраз адбываўся паўдзённы арганны канцэрт. Выйшаў, паклікаў астатніх, і мы якраз яшчэ троху паслухалі арганную музыку ў жывым выкананні.

З другога боку, хоць цэркваў у Нідэрландах атрымалася зведаць вельмі мала (насамрэч — тры), яны яшчэ раз пацвердзілі маё ўражанне, што пратэстанцкая рэлігійная эстэтыка мяне слаба цікавіць, размаўляць з Богам наўпрост — складана. Таму і Новая царква пакінула такое ж бляклае ўражанне, хоць само гэта месца мае прынцыповае значэнне для нідэрландскай каралеўскай дынастыі: тут адбываюцца каранацыі і шлюбы прадстаўнікоў каралеўскага роду. Таксама ў саборы знаходзяцца мемарыяльныя пахаванні розных выбітных галандскіх адміралаў, подзвігі якіх даўно мінулі, як і марская веліч краіны.

Галандцы сталі атэістамі, каралеўская дынастыя выконвае дэкаратыўныя функцыі, ды і Новая царква фактычна цяпер больш служыць як месца для канцэртаў ды мастацкіх выстаў.

Але нарэшце мы дабраліся да Рэйксмузеум (Rijksmuseum) — самага славутага мастацкага музея краіны, ды нават аднаго з самых знакамітых мастацкіх музеяў свету. Будынак у эклектычным стылі (рэнесанс і неа-готыка) быў узведзены ў 1885 годзе, туды перанеслі каралеўскую калекцыю мастацтва з Гаагі. Зусім нядаўна музей быў на дзесяцігадовай рэстаўрацыі, і толькі ў 2013 годзе адкрыўся наноў.

Як у Луўры натоўпы турыстаў адразу кіруюцца да «Джаконды», там і ў Рэйксмузеум усе наведвальнікі бягуць на другі паверх – дзе пасярод вялізнай залі па цэнтру вісіць «Начная варта».

Рэмбрант. Начная варта.

Зразумела ж, адна з найбольш знакамітых карцін у гісторыі жывапісу, ды і з поўным правам. Побач вісяць калегі па жанры, групавыя партрэты розных гільдый, на якіх мастакі «залатога веку» зараблялі велізарныя ганарары, і параўнанне якраз дэманструе геніяльнасць і інавацыйнасць Рэмбранта, тут табе і фантастычная кампазіцыя (асабліва як для такога традыцыйнага жанру), і дынаміка фігур, вартавыя вось-вось выберуцца з палатна ды навядуць шораху сярод турыстаў, а то няма каму ўжо за парадкам сачыць.

Агулам музей славіцца сваёй калекцыяй галандскага жывапісу «залатога веку», найперш зборам твораў Рэмбранта, пачынаючы з ранняга аўтапартрэта, дзе ён ужо дэманструе сваё майстэрства ў валоданні гульнёю святла і ценю. Большая частка знаходзіцца ў калідоры, што вядзе да «Начной варты», дзе якраз сабраныя самыя вядомыя творы з калекцыі музея, але Рэмбранта можна знайсці і ў завулках музея, куды большая частка турыстаў не даходзіць.

У «калідоры гонару» таксама і чатыры карціны Вермеера, што з’яўляецца найвялікшай калекцыяй у свеце, у тым ліку і «Малочніца», да якой немагчыма прабіцца з-за кітайска-японскіх турыстаў.

Не разумею, чаму азіяты так фанацеюць менавіта ад гэтай карціны, напэўна, такі ж феномен, як і азіяцкія фанаты «Манчэстэр юнайтэд».

Але ў гэтым мегакалідоры можна знайсці і шыкоўныя партрэты Франса Хальса, галандцы гойсаюць на каньках у Аверкампа, іканічныя пейзажы Ройсдаля, сямейныя сцэнкі Петера Хооха і Яна Стэена.

Вермеер. Малочніца.

Але музей на гэтым не канчаецца, ён велізарны, большую яго частку займае своеасаблівая рэстаўрацыя галандскага ладу жыцця, традыцыйныя касцюмы, дэлфцкая парцаляна, раскошная мэбля, лялечныя домікі, і нават караблі.

Можна і тры карціны Ван Гога знайсці, хоць за ім лепш ісці ў суседні музей. На самым верхнім паверсе, да якога яшчэ паспрабуй дабярыся, мікракалекцыя мадэрнага мастацтва, дзе можна знайсці пару твораў Мандрыяна.

Абсалютна арыгінальны артэфакт — «нацысцкія шахматы», дзе фігуркі ў выглядзе салдатаў і зброі, падараваныя Гімлерам лідару мясцовых нацыстаў Антону Мусэрту. Калабаранты былі ва ўсіх нацый Еўропы.

Фактычна на гэтым наша музейная праграма і скончылася, з чым мне з болем ў сэрцы давялося пагадзіцца.

Музейны квартал у Амстэрдаме — гэта не толькі некалькі буйных музеяў (апроч Рэйксмузеум, таксама Стэдэлійк і музей Ван Гога), але і пляц Музеумплэйн, дзе на зялёнай траўцы збіраецца мноства моладзі, паляць траўку, п’юць віно, гуляюць у футбол і г.д.

Мы вырашылі таксама падтрымаць гэту традыцыю, схадзілі ў супермаркет побач, узялі віна і піва, мясцовых найсмачнейшых сыроў і таксама зладзілі невялікі пікнік.

Але пасля гэта нашы прыгоды пачалі набіраць новы абарот — бо як жа зведаць Амстэрдам і не аддаць даніну кофішопам! Мне ўсё роўна, бо я душу, сэрца і здароўе аддаў богу піва, і ніякія іншыя культы не падтрымліваю, лічу іх дзіўным сектанцтвам, што толькі зводзяць са шляху ісціннага, але ўжо пазбягаць кампаніі не стаў.

На наступны дзень зноў наш маршрут лёг тым жа шляхам, ад цэнтральнага вакзала да Музейнага квартала. Гэтым разам былі запланаваныя ўжо два музеі — але затое якія! Найперш, музей ван Гога. Хм, вось цікава, паводле статыстыкі самы наведвальны музей у Нідэрландах — гэта Рэйксмузеум, музей Ван Гога — на другім месцы, тады як на практыцы вялізныя чэргі на ўваход мы сустрэлі толькі ў музеі Ван Гога. Але што нам тыя чэргі. Музей ван Гога — гэта найвялікшая калекцыя твораў Ван Гога ў свеце, каля 200 карцін, плюс малюнкі, лісты і г.д.

Важным фактарам захаванасці калекцыі стала тое, што пры жыцці мастака яго творы ніхто і не хацеў купляць, частку твораў разабралі амерыканскія, французскія ды расійскія калекцыянеры ў пачатку ХХ стагоддзя, але спадчынніца пазасталай калекцыі перадала ўсю яе цалкам у валоданне дзяржавы, якая пабудавала пад яе сучасны музей. Дакладней, яшчэ дабудоўваюць новы корпус, цягне ж нідэрландцаў перабудоўваць і аднаўляць музеі, ніяк не спыняцца. Натуральна, што такі велічэзны корпус прац дазваляе па-рознаму выбудоўваць экспазіцыю.

У дадзеным выпадку, выкарыстоўваўся не толькі біяграфічны прынцып, з разбіўкай на жыццёвыя перыяды, але і аналіз творчай эвалюцыі: творы, якія паўплывалі на станаўленне Ван Гога, любімыя яго тэмы (аўтапартрэты ці адлюстраванне сялянскага жыцця), уплывы на іншых мастакоў і г.д.

Некаторыя з гэтых твораў ўсім вядомыя — тыя ж «Сланечнікі» (памятаю, іх прывозілі ў лонданскую Нацыянальную галерэю і выстаўлялі побач з лонданскім варыянтам).

Сярод знакавых і прынцыповых для Ван Гога карцін мусілі быць і «Бульбаеды» (па ўсіх апісаннях, гэты твор знаходзіцца ў калекцыі музея), як аматар гэтай стравы (сапраўдны ж беларус) увесь музей абшукаў, але не знайшоў – куды падзелі? У любым выпадку, гэта найлепшая магчымасць пазнаёміцца з геніяльным мастаком, з пакручастым лёсам, які сваім вар’яцтвам і гібеллю выпакутаваў рэвалюцыю ў мадэрным жывапісе.

Пасля ўлюбёнага намі прыпынку на пікнік на Музеумплэйн зведалі мы і наступны музей Стэдэлійк (тым больш, што ў Музейным квартале ён знаходзіцца побач). Гэты музей мадэрнага мастацтва неяк знаходзіцца ў ценю сваіх знакамітых братоў, але мы якраз патрапілі на буйную часовую выставу — «Аазіс Маціса», як лёгка здагадацца, прысвечаную яшчэ адной знакавай постаці.

Яе рэкламавалі як найбуйнейшую выставу Маціса ў Нідэрландах, для якой сабралі каля 100 прац з 35 музеяў, грэх было б абмінуць. Але канцэпцыя выставы была досыць арыгінальнай, творы Маціса былі як быццам раскіданыя сярод сталай калекцыі, што мусіла паказваць кантэкст яго творчасці, поруч з іншымі аўтарамі і стылямі яго часу.

Тут найбольш цікава было заўважыць творы Марка Шагала (асабліва яго фантасмагарычны «Аўтапартрэт з сямю пальцамі») і Казіміра Малевіча.

Кажуць, што ў Стэдэлійку знаходзіцца сама вялікая калекцыя твораў Малевіча ў свеце, якую кантрабандай калісьці вывезлі з Савецкага Саюза. Праўда, значную частку спадкаемцы мастка праз судовыя працэсы ўжо адгрызлі ў музея. Але ў экспазіцыі я пабачыў толькі пару твораў Малевіча, думаю, асноўную частку аддалі пад манаграфічную выставу, якая блукае цяпер па свеце, на якую я хадзіў у лонданскім Тэйт і якую зусім нядаўна заспеў у італьянскім Бергама.

У Тэйт Мадэрн я зведваў і выставу позняга перыяду творчасці Маціса (яна ішла паралельна з выставай Малевіча), калі ён пераважна аперыраваў нажніцамі і выразаў свае вялізныя кампазіцыі з каляровай паперы. Практычна ўсе гэтыя творы перавезлі і на выставу ў Амстэрдам. Астатняя частка сталай экспазіцыі неяк не дужа зацікавіла чамусьці, ці можа ўжо былі стомленыя ад перанасычанасці мастацтвам.

Затое ў аднаго з чальцоў нашай кампаніі выявілася недасычанасць іншага плану — была агучана вельмі моцная патрэба адведаць квартал Чырвоных ліхтароў, таму мы спачатку скіраваліся ў Вондэль-парк, там пасядзелі на беразе невялічкай сажалкі, пасля паплавалі на лодцы па вечаровым амстэрдамскім каналам — і рушылі на суправаджэнне сэкс-місіі…

Квартал знайсці нескладана, зусім непадалёк ад цэнтральнага вакзала. Тарыф за адзін прысест — 50 эўра, а калі пайсці на другое кола — то можна дамовіцца і на 75 эўра.

І, нарэшце, трэці і апошні дзень у Амстэрдаме, калі нам ужо трэба было збірацца і да Эйндховена, адкуль быў запланаваны вылет.

Я ўсё-ткі ўзяў дысцыпліну пад кантроль, таму пасля задавальнення базавых патрэб мы зноў звярнуліся да высокага мастацтва. Па чарговым прыбыцці ў Амстэрдам мы рушылі ў зваротным для звычайнага маршруту кірунку, па другі бок вакзала, праз рэчку пабудаваны прыгожы шкляны Музей кіно EYE. Дабрацца туды можна толькі на пароме, што праўда, бясплатным. Там якраз ішла персанальная выстава Уільяма Кентрыджа, славутага паўднёвааафрыканскага графіка, мультыплікатара, апошнім часам — і опернага рэжысёра. Менавіта яго пастаноўка «Носа» Шастаковіча ў нью-ёркскай Метраполітан-опера ў свой час мяне вельмі здзівіла сваёй арыгінальнасцю, нядаўна ён там жа прэзентаваў і пастаноўку «Лулу» Берга (нават паказвалі жывую трансляцыю ў мінскім кінатэатры «Цэнтральны»).

Для сваёй персанальнай выставы Кентрыдж зрабіў грандыёзную відэа-інсталяцыю, «людзі ў руху», бясконцай працэсіі фігурак людзей, якія танчаць, спраўляюць рытуалы, шукаюць выратавання, ідуць дадому. Пераказваць цяжка, такую рэч трэба бачыць, яна спраўляе нейкае магнетычнае ўражанне, калі сядаеш на лаву, разяваеш пысу і ўпадаеш у транс. Агулам Кентрыдж стаў ледзь не галоўным адкрыццём для мяне за гэту паездку, напэўна, адзін з найбольш цікавых мастакоў сучаснасці.

Паколькі музей шкляны, то з яго адкрываецца найпрыгажэйшы від на ваколіцы (гэта вам не раён за рымскім вакзалам Тэрміні), чым мы і скарысталіся, бо варта было і паабедаць. Я тут згуляў у гурмана, замовіў суп з лобстара, смачная штука аказалася.

Часу яшчэ трохі было, а мне настойліва рэкамендавалі зведаць «Наш Бог на паддашку», музей зроблены на месцы былой сядзібы купца-каталіка, які ў часы пратэстанцкіх ганенняў змушаны быў зрабіць касцёл на паддашшы свайго дома. Касцёл дзейнічаў у такіх умовах ажно да ХІХ стагоддзя, хоць з улікам апошніх тэндэнцый, хутка і пратэстантам і каталікам у Нідэрландах (калі ў гэтай краіне яшчэ засталіся нейкія вернікі) давядзецца таксама хаваць свае сакральныя месцы па паддашшах ды падвалах.

А так вельмі цікава абсталявана, калі са звычайных пакояў па патаемнай лесвіцы ты трапляеш у сакрэтную капліцу, так і ўяўляеш, як ціхенька туды перасоўваліся слаўныя буржуа са сваімі матронамі, захоўваючы адданасць сваёй веры.

На гэтым з Амстэрдамам было скончана, далёка не ўсё паглядзелі, што я напланаваў (суцешваю сябе толькі тым, што можа яшчэ калі вярнуся), але трэба было ўжо рушыць. Я таксама запланаваў на зваротным шляху зведванне Утрэхта, сімпатычны горад, тым больш па дарозе на Эйндховен, але пакуль мы туды дабраліся, было якраз каля пятай вечару, якраз усё зачынілася, таму мы пасядзелі ціхенька на беразе канала гадзінку і рушылі далей.

Дый ужо стаміліся, хоць вандроўка па Нідэрландах прайшла без асаблівых прыгод, але атрымалася надзвычай насычанай, дзе на дзіва нам трапляліся на шляху не толькі музеі.

Аляксей Ластоўскі, фота аўтара

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031