Знайсці
13.08.2015 / 08:0463РусŁacБел

Сяргей Калякін: «Без Расіі мы будзем голыя і босыя»

Лідар беларускіх левых з аншлагам наведаў Полацк, але не ўразіў віцебскіх рабочых.

Па дарозе ў Полацк Сяргей Калякін пачынае скардзіцца. Спачатку ён кажа, што Лукашэнка і Лябедзька, між іншым, не зарэгістравалі афіцыйныя рахункі, што фармальна павінна б стаць прычынай для зняцця кандыдата.

«Вядуць незаконную кампанію!» — абураецца ён.

У Полацк, а пасля і ў Віцебск, лідар левых сіл разам з намеснікам Валерам Ухналёвым едуць, каб паўдзельнічаць у перадвыбарчых пікетах. Калякін кажа, што людзі пытаюцца ў зборшчыкаў подпісаў, дзе ж сам кандыдат, вось ён і вырашыў зладзіць некалькі такіх сустрэчаў.

У Полацку іх павінен сустрэць мясцовы актывіст — Леанід Бірукоў. Актывістам аказваецца старэнькі дзядуля з чамаданам, якому відавочна не адзін дзясятак гадоў. Разам яны ідуць да мясцовага Дома гандлю, дзе і раскладваюць свой пікет. На звычайную вуду вешаецца чырвоны сцяг з надпісам «Справядлівы свет» — і ўсё, паехалі.

«Паважаныя, падпісвайцеся! Пастаўце подпіс за будучага кандыдата! Дайце шанец!» — зазывае Калякін.

Спачатку народ падыходзіць не надта ахвотна, але неўзабаве вакол пікета збіраецца міні-натоўп.

Хтосьці падыходзіць пацікавіцца, што ім прапануе чарговы кандыдат, і, паслухаўшы Калякіна, усё ж ставіць подпіс. Хтосьці слухае, але падпісвацца не хоча. Аднак усе дзве гадзіны каля стала «Справядлівага свету» стаяць людзі: калі пяць чалавек, калі пятнаццаць, але стаяць увесь час.

У адрозненне ад пікета ў падтрымку Лукашэнкі, які стаяў побач. Большую частку часу зборшчыцы подпісаў у падтрымку дзейнага кіраўніка краіны сядзяць у самоце.

Злева збіраюць подпісы за Калякіна, справа - за Лукашэнку

Сачыць за патэнцыйнымі калякінскімі выбаршчыкамі вельмі цікава. Хтосьці кажа: «Левы? Камуніст, дык гэта яшчэ горш, чым цяпер!» Хтосьці, наадварот, упэўнены, што пры камуністах было лепш. «Стабільнасць была!..» — уздыхае жанчына сярэдніх гадоў.

Большасць тых, хто падпісваецца за Калякіна, — людзі сталага ўзросту, моладзі вельмі мала.

Прычым тыя, што падпісаліся, тлумачаць гэта аднолькава: «Мы за ўсіх незалежных ставім подпіс. Бо ўсё адно лепш, чым зараз».

Не абыходзіцца і без фрыкаў. Напрыклад, нечакана ад дагледжанай і добра апранутай жанчыны ў адказ на заклік падпісацца пачуць: «Калякін-Малякін!». А пасля нейкі мужчына падлятае да кандыдата і адразу пачынае крычаць: «Ну што ж ты, Сяргей Іванавіч? Ну, куды ты лезеш? Шанцаў ніякіх няма! Толькі байкот!» Калякін пачынае з ім спрачацца. Мужчына некалькі разоў сыходзіць, потым вяртаецца і працягвае спрэчку. Напрыканцы ўсё ж падпісваецца.

«Ідзі падпішыся», — штурхае жонку ў бок адзін з гледачоў. «А навошта?» — пытаецца тая. «А якая розніца? Табе што, цяжка?» — паціскае плячыма мужчына. Жонка падпісвацца так і не ідзе.

Нярэдка цікавяцца, як Калякін ставіцца да ўсходняга суседа. «Без Расіі мы будзем голыя і босыя», — тлумачыць Калякін, не асабліва ўдакладняючы чаму. Шмат каго такі адказ супакойвае.

— За Расію? — пытае мужчына, які толькі што падышоў.

— За Расію, канечне!

— Нармальна. Толькі з Расіяй! — кажа мужчына і ідзе падпісвацца.

За паўтары гадзіны пікет збірае каля 60 подпісаў. Можа, было б і больш, але Калякіну час з’язджаць, трэба паспець у Віцебск.

У Віцебску Калякін з Ухналёвым спачатку наведваюць пікет у цэнтры горада. За імі ўважліва сочаць двое мужчын у бліскучым чорным уазіку, адзін здымае ўсё на відэакамеру. «О, варанок!» — жартуе Калякін.

Той самы «варанок»

Затым едуць да прахадной «Віцязя» — там якраз павінна быць перазменка.

Каля ўваходу на прадпрыемства ўжо стаіць пікет «Справядлівага свету». Намеснік старшыні абласной арганізацыі партыі Анатоль Родзік, які збірае тут подпісы, скардзіцца, што «Віцязь» прыходзіць у заняпад. Па яго словах, з 8 тысяч рабочых засталося каля тысячы. Дый заробкі падаюць.

Праўда, рабочыя, якія неўзабаве з’яўляюцца, не надта хочуць падпісвацца, нягледзячы на той заняпад. Удаецца сабраць толькі восем подпісаў. Вялікая група маладых людзей даволі доўга стаіць, слухаючы заклікі Калякіна. Той разліваецца: «Што, мужыкі, думаем? Падыходзім, падтрымаем чалавека». Добры быў бы тамада, міжволі думаю я.

Улётка Калякіна ў руках рабочага

Рабочыя сыходзяць, так і не падпісаўшыся. Затое падыходзяць мужчыны з «варанка», нават не хаваючы камеру. Бяруць лістоўку.

— Падпісвайцеся, — прапануюць ім «калякінцы».

— Пашпартоў з сабой няма, — адказваюць тыя.

Хлопцы з «варанка» (двое ў цэнтры) падыйшлі пацікавіцца ўлёткамі

Калякін наведвае яшчэ два пікеты. Справа ідзе так сабе, прызнаюцца зборшчыкі. Штодзень яны збіраюць 15—25 подпісаў.

З «жывым Калякіным», па іх словах, атрымліваецца ўдвая больш. Але гэтага ўсё роўна мала.

«Мы сабралі прыкладна 50 тысяч. Тэмпы трэба павялічваць. Можам і не паспець сабраць 100 тысяч», — кажа Калякін.

На пытанне, што ж тады, калі збор подпісаў праваліцца, Калякін адказвае спакойна: «Што ж, значыць, нашы ідэі не патрэбныя людзям. Будзем працаваць далей».

Улад Швядовіч, Полацк—Віцебск—Мінск

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031