Знайсці
24.06.2015 / 14:2312РусŁacБел

Пяць фактаў пра былога дзяржсакратара Рады бяспекі і яго дзіўную адстаўку

24 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка звольніў дзяржсакратара Рады бяспекі Аляксандра Мяжуева з дзіўнай фармулёўкай «у сувязі са складанымі сямейнымі абставінамі». Пакуль невядома, што за ёй хаваецца.

 «НН» сабрала цікавыя факты пра адстаўленага сілавіка.

Родам з Ляхавічаў

Злева направа: Аляксандр Косінец, Аляксандр Мяжуеў, Леанід Анфімаў, Мікалай Снапкоў. Фота БЕЛТА.

Мяжуеў нарадзіўся ў 1959-м у Ляхавічах. Дарэчы, прозвішча Мяжуеў мясцовае, а не нанасное, так кажуць ураджэнцы Ляхавіч. Адукацыю, як і большасць вайскоўцаў, атрымліваў за межамі Беларусі. Скончыў Кіеўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча, Вайсковую акадэмію імя Фрунзэ ў Маскве, а таксама Вайсковую акадэмію генеральнага штаба Узброеных сілаў Расійскай Федэрацыі. У званні генерал-маёра.

Праходзіў службу ў камандных і штабных пасадах: камандзіра брыгады, намесніка камандуючага войскамі аператыўнага камандавання, начальніка штаба — першага намесніка камандуючага аператыўнага камандавання, камандуючага войскамі аператыўнага камандавання, начальніка Галоўнай вайсковай інспекцыі Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Звяртае на сябе ўвагу, што пэўны час Мяжуеў служыў пад кіраўніцтвам генерала Валерыя Фралова, які пазней сышоў у апазіцыю. Летась Валерый Фралоў памёр. На пахаванне Аляксандр Мяжуеў не прыйшоў.

Сярэдзіч: Гэта не той чалавек, які кідаецца з шашкай на апанента

Фота газеты «Во славу Родіны».

Галоўны рэдактар газеты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч аднойчы меў сустрэчы з Аляксандрам Мяжуевым. «Гэта адбылося пасля круглага стала ў Радзе бяспекі, куды я быў запрошаны. Пасля афіцыйнай часткі мы пасядзелі за кубачкам кавы з Мяжуевым. Ён зрабіў на мяне добрыя ўражанні. Спакойны, удумлівы, гэта не той чалавек, які з шашкай кідаецца на апанента. Абсалютна не засталося негатыўных уражанняў. На развітанне я яшчэ спытаўся ў Мяжуева, ці магу я звяртацца да яго ў выпадку нейкіх праблем. Дзяржсакратар Рады бяспекі адказаў, што ў любы момант, ягоныя дзверы заўсёды адчыненыя», — кажа Іосіф Сярэдзіч.

Прадказваў рост негатыўных настрояў адносна Расіі

Аляксандр Мяжуеў (злева) на прадстаўленні міністра абароны Андрэя Раўкова. Фота газеты «Во славу Родіны».

У абавязкі Мяжуева на пасадзе дзяржсакратара Рады бяспекі ўваходзіла каардынаванне дзейнасці ўсіх сілавых структур краіны. Менавіта Мяжуеў прадстаўляў у профільных ведамствах новых начальнікаў. Напрыклад, Юрыя Сянько ў Мытным камітэце ці Андрэя Раўкова ў Міністэрстве абароны.

У снежні мінулага года, калі Расія забараніла ўвоз на сваю тэрыторыю беларускай прадукцыі, то паводзіны суседняй дзяржавы Мяжуеў назваў «непартнёрскімі».

«Перашкода пастаўкам беларускіх тавараў у дружалюбную нам Расійскую Федэрацыю заканамерна пацягне ўзніманне рознічных цэн на прадукты харчавання і, як вынік — рост негатыўных сацыяльных настрояў у расійскім грамадстве», — даволі рэзка адзначыў Аляксандр Мяжуеў.

Яшчэ за час ягонага знаходжання на пасадзе Мяжуеў запомніўся выказванне аб тым, што альтэрнатыўная служба не павінна станавіцца больш прывабнай за тэрміновую, а таксама абяцанне праверыць заробкі дырэктароў дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў.

«Жанчына — гэта ўзорны воін»

Аляксандр Мяжуеў (у цэнтры) разам з старшынёй Мінскага аблвыканкама Сямёнам Шапірам на Кургане Славы. Фота «Во славу Родіны».

Аднойчы ў Мяжуева папыталіся аб стаўленні да жанчын у войску. Вось такі быў адказ: «Я вам так скажу: жанчына — гэта ўзорны воін. Яна не парушае вайсковую дысцыпліну, добрасумленна ставіцца да выканання службовых абавязкаў, ёй не трэба паўтараць двойчы. Жанчына п'яная за рулём не ездзіць, у нецвярозым стане ў грамадскіх месцах, як правіла, не з'яўляецца. Пры гэтым яна яшчэ і сям'ю ўтрымлівае. Так што тут усё заканамерна».

Сваім хобі Мяжуеў называе спорт. Кажа, што ўсур’ёз займаўся гандболам, дзюдо, гірамі, кожны чацвер ходзіць у басейн.

Жаніўся ў 19 гадоў, мае трох сыноў (усе адслужылі ў войску). Казаў, што так рана жаніўся, бо баяўся ссылкі ў аддалены гарнізон пасля вучобы. Жонка была з ім паўсюль.

«Не камандуе, але кіруе ў хатняй гаспадарцы жонка, я ёй цалкам давяраю», — казаў Мяжуеў у адным з інтэрв’ю.

Хто можа замяніць Мяжуева?

Андрэй Уцюрын. Фота sb.by.

Прадказаць кадравыя перастаноўкі Аляксандра Лукашэнкі няпроста. Ён пераканаў, што можа здзівіць сваімі крокамі. Тым не менш, паспрабуем назваць некалькі найбольш імаверных кандыдатур.

Андрэй Уцюрын — намеснік Мяжуева ў Радзе бяспекі. Чалавек, які доўгі час узначальваў Службу аховы прэзідэнта. Нарадзіўся ў Расеі, але фарміраваўся як асоба ў Беларусі, ягоны бацька быў камбрыгам часткі 3214.

Ігар Рачкоўскі — былы кіраўнік Памежнага камітэта, які страціў пасаду пасля «плюшавага дэсанту». Рачкоўскага праз сяброўства з сынамі Лукашэнкі называлі самым перспектыўным сілавіком, але праз «шведскі медзведзіроўшчык» пазбавіўся пасады. Цяпер працуе старшынёй Беларускай федэрацыі хакея. Але ж ці гэта праца для амбітнага кіраўніка?

Васіль Аляксеенка — дэпутат палаты прадстаўнікоў. Апошнім часам Лукашэнка нярэдка чэрпае кадры менавіта з парламента, адтуль ён убачыў і Мяжуева. Лёс 58-гадовага Аляксеенкі быў звязаны з Унутранымі войскамі.

Мабыць, не варта выключаць, што Дзяржсакратаром Рады бяспекі можа быць прызначаны старшыня КДБ Валерый Вакульчык ці міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч. Або — чаму не Віктар Лукашэнка?

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031