Беларуская кніга ў Кіеве
На кніжнай выставе «Кніжны Арсенал», якая пройдзе 22-26 красавіка ў Кіеве, паўстане беларускі стэнд, прэзентаваны ініцыятывай Books from Belarus. Стэнд прадставіць кнігі айчынных выдавецтваў, а ў межах агульнай праграмы пройдуць беларускія літаратурныя імпрэзы.
Да таго ж на стэндзе будзе прадстаўлены каталог «Books from Belarus» / «Кнігі з Беларусі». Каталог, які для зручнасці замежных выдаўцоў і літаратурных агентаў выдадзены па-англійску, прадстаўляе анатацыі твораў Васіля Быкава, Алеся Разанава, Віктара Казько, Барыса Пятровіча, Уладзіміра Някляева, Ігара Бабкова, Алены Брава, Адама Глобуса, Уладзіміра Арлова, Людмілы Рублеўскай, Альгерда Бахарэвіча, Уладзіміра Казлова.
Books from Belarus — гэта супольная ініцыятыва незалежных выдаўцоў Беларусі, сярод якіх Саюз беларускіх пісьменнікаў, 34mag.net і Літаратурны Дом «Логвінаў». Мэта кампаніі – прасоўванне айчыннай літаратуры на сусветным кніжным рынку, наладжванне сувязяў і камунікацыі з літаратурнымі агентамі ды выдаўцамі з іншых краін, фармаванне інтэлектуальнага іміджа Беларусі за мяжой. Летась праект Books from Belarus узяў удзел у Франкфурцкім і Варшаўскім кніжных кірмашах.
Адрас кніжнай выставы ў Кіеве:
вул. Лаврська, 10-12, стэнд Books from Belarus (D-11)
Расклад беларускіх імпрэзаў
24 красавіка. Беларуска-ўкраінскі альманах «Справа»
12.00—12.45, Кіназала
Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў прэзентуе беларуска-ўкраінскі альманах «Справа» пры ўдзеле: Наталкі Бабінай, Алеся Наварыча, Наталлі Марчанкі, Уладзіслава Ахроменкі.
24 красавіка. 14:00, Поетична сцена. Беларуска-ўкраінскі паэтычны выступ:
Алена Сцепаненка, Ілля Странгоўскі, Сяргей Прылуцкі, Юрый Завадскі, Дмытро Лазуткін
Падчас выступу будуць прэзентаваныя кнігі выдавецтва «Крок»
24 красавіка. «Незалежныя выдаўцы: кнігі па-за мэйнстрымам»
14:00—15:00, Кіназала
Майстар-клас «Як «прадацца» за мяжу і як прыдбаць правы на выданне?» – ад найвялікшых выдавецтваў Украіны і Беларусі, якія арыентуюцца на замежны рынак. З удзелам Ігара Логвінава.
24 красавіка. Аўтограф-сесія Артура Клінава
16:00—17:00, Стэнд Books from Belarus (D-11)
Аўтограф-сесія Артура Клінава з нагоды выхаду яго новай кнігі «Шклатара».
24 красавіка. Хадановіч і Жадан
18:00—18:45, Паэтычная сцэна (Падвор’е Арсеналу)
Сяргей Жадан прэзентуе кнігу «Украінскія авіялініі» беларускай моваю, а Андрэй Хадановіч «Беларускі мужчына» – украінскаю. Падвойная прэзентацыя выдавецтва «Крок».
24 красавіка. Прэзентацыя рамана Святланы Алексіевіч
19:00—20:00, Сцэна «Кафе Європа»
Прэзентацыя раману Святланы Алексіевіч «Час Second-Hand», выдавецтва «Дух і Літера». З удзелам Святланы Алексіевіч і Аксаны Забужкі. Мадэратар — Леанід Фінберг.
25 красавіка. Ігар Логвінаў: «Цэнзура і кніжны бізнес: беларускі выпадак»
14:00—14:45, Кіназала
Лекцыя Ігара Логвінава «Цэнзура і кніжны бізнес». Арганізатары — CSM (Фундацыя «Центр Сучасного Мистецтва») і Korydor.
Стэнд Books from Belarus запрашае на адведкі ўсіх ахвочых, а асабліва прадстаўнікоў беларускай дыяспары ва Украіне