Знайсці
12.12.2014 / 21:298РусŁacБел

Топ-10 беларускіх грамадзянскіх ініцыятыў

Беларускае палітычнае поле пасля разгромнага 19 снежня 2010 года з'яўляецца выпаленай зямлёй. На любое дзеянне ўлада рэагуе хваравіта, як вампір на сонечнае святло. Але сіла дзеяння роўная супрацьдзеянню, і палітычная сутнасць чалавека ўсё роўна знаходзіць выхад у іншых сферах соцыуму.

Большай часткай гэта с*ачы на форумах і ў каментарах. Але канапавыя каментатары не заменяць нам грамадзянскай супольнасці і актывістаў.

Усе аўтарытарныя і таталітарныя рэжымы падаюць — і Беларусь не выключэнне. Вядома, за 20 гадоў шмат каму можа падацца, што час спыніўся, і перамены не прыйдуць ніколі. Такое меркаванне неверагодна небяспечнае, бо грамадства, замест падрыхтоўкі да вялікіх гістарычных падзей, рохляй развальваецца ва ўтульненькіх пакойчыках шэрых панэльных хатак. Беларусі неабходная не змена ўлады, а змена рэжыму ўлады, інакш мы будзем бачыць бясконцы парад Лукашэнак на прэзідэнцкім крэсле.

Калі паглядзець на галоўную праблему пострэвалюцыйных таварыстваў, то ўсюды паўстае адно пытанне — хто ўзначаліць перамены? Кадры, кадры, кадры. Любы разумны чалавек выступае за тое, каб сотні і тысячы карупцыянераў, неэфектыўных саўкоў сышлі з улады. А хто ж сядзе на іх месца? Значыць, нацыянальна-дэмакратычнаму руху патрэбная свая армія менеджараў рознага звяна, здольная кіраваць працэсамі рознай складанасці. Выдатнай падрыхтоўкай для нас могуць паслужыць грамадзянскія культурна-сацыяльныя праекты. Па-першае, за іх пакуль не саджаюць. А па-другое, вы несяце карысць, а не толькі «ваюеце» ў каментарах.

Калі хтосьці даўно гарыць жаданнем нарэшце ўключыцца ў грамадска-карысную працу, партал 1863x.com падрыхтаваў для вас хіт-парад праектаў, у якіх можна паўдзельнічаць. Выбірайце на любы густ:

1. «Арт-Сядзiба».

Адзін з самых дзейсных за апошні час грамадзянскіх праектаў, які стаіць за многімі карыснымі мерапрыемствамі. Яны арганізоўваюць Дні вышыванкі, раздаюць кіламетры нацыянальных стужачак, праводзяць разнастайныя дабрачынныя канцэрты і адукацыйныя мерапрыемствы. Калі хочаце правесці свае курсы, акцыі, семінары, кінапаказы і іншыя займальныя рэчы, то смела звяртайцеся да гэтых людзей.

2. «Будзьма беларусамi».

Грамадзянская культурная ініцыятыва «Будзьма беларусамi» працуе ўжо шосты год запар. За гэты час яны правялі каля 5 тысяч мерапрыемстваў у 220 населеных пунктах Беларусі. Бо не адным Мінскам Беларусь жыве: несці ініцыятывы ў рэгіёны — адна з найважнейшых і найскладанейшых работ.

3. «Talaka.by»

Найлепшы краўдфандынгавы рэсурс, на якім сабраныя праекты самай рознай накіраванасці. Хочаце — ахвяруйце грошы. Хочаце — далучайцеся і бярыцеся працаваць дзеля ўпадабанай ідэі. Можаце зрабіць і свой праект, прыцягваючы рэсурсы і валанцёраў. Краўдфандынг — вельмі слабое звяно беларускага грамадства, але без яго мы не атрымаем эфектыўных вынікаў у будучыні.

4. Пошукава-выратавальны атрад «Анёл».

Напэўна, самая эфектыўная і карысная грамадзянская ініцыятыва, якая не датычыць культуры ці палітыкі. За некалькі гадоў існавання яны змаглі пабудаваць дзейсную сістэму пошуку зніклых людзей, часта працуючы сумесна з дзяржаўнымі органамі. Дзякуючы ім знойдзена мноства зніклых людзей. Ініцыятыве патрэбная любая дапамога — грошы, тэхніка, валанцёрства, а часам радыётэхнічная кансультацыя.

5. Курсы вывучэння беларускай мовы.

Самы прыемны трэнд 2014 года — гэта папулярызацыя нашай роднай мовы і з'яўленне ўсё новых і новых праектаў па яго вывучэнню. Вось самыя папулярныя:

«Моваведа»

Шточацьвер а 19-й гадзіне ў Менску,

вул. Францыска Скарыны, 12, бізнэс-цэнтар «Валеа», 3 паверх, канфэрэнц-заля.

Неўзабаве курсы адчыняць філіял у Горадні.

«Моўныя сустрэчы»

Штосерады а 18.30 у Арт Сядзібе (Менск, пр. Незалежнасьці, 58, офіс 430)

Выкладчыкі: Вінцук Вячорка, Пётра Садоўскі, удзельнічалі таксама Зьміцер Саўка, Лявон Баршчэўскі.

«Мова Нанова»

Штопанядзелка а 19 гадзіне ў Галерэі «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37а) — курсы «Мова Нанова» для дарослых.

Штонядзелі а 10:30 і 11:30 — заняткі «Мова Нанова» для дзетак.

Выкладчыкі: Глеб Лабадзенка, Алеся Літвіноўская, Алена Церашкова, а таксама запрошаныя госьці і музыкі.

«Мова TUT»

Галерэя TUT.BY па адрасе: праспект Дзяржынскага, 57, 9 паверх. Усе пытанні што да клубу дасылайце на адрас [email protected].

6. Беларускія зоаабаронцы.

Паколькі ўлады Беларусі пляваць хацелі на правы жывёл і праблему бяздомных сабак і катоў, цяжкая ноша выратавання нашых любімых істот легла на плечы звычайных грамадзян. Адзін з самых нябачных франтоў працы, які цягнецца часцяком на плячах далікатных і прыгожых дзяўчат. Ім вельмі патрэбная ваша дапамога.

7. Таварыства Беларускай Мовы.

Адна з найстарэйшых грамадзянскіх арганізацый Беларусі. Дзейнічае з 1989 года і налічвае больш за шэсць тысяч сяброў. Мэтай ставіць абарону правоў беларускай мовы і яе распаўсюд. Актыўна змагаецца за адкрыццё беларускамоўных школ і класаў. У арганізацыі складаецца мноства інтэлектуальнай і культурнай эліты дэмакратычнай Беларусі.

8. «Ежа замест бомбаў».

Можна па-рознаму ставіцца да анархічнага руху, але спробы беларускай міліцыі забараніць раздаваць бяздомным ежу вельмі раздражняюць. Здаецца, такая банальная дробязь для ўсяго свету, а ў нас яна ператвараецца ў цэлую палітычную праблему. Калі вам неабыякавыя праблемы бяздомных людзей, тады можаце далучыцца да гэтай ініцыятывы.

9. «Ахова Птушак Бацькаўшчыны».

Дадзеная арганізацыя займаецца не толькі аховай птушак, але і захаваннем прыродных экасістэм, змагаецца супраць знікнення балот і нерацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. АПБ з'яўляецца найбуйнейшай некамерцыйнай прыродаахоўнай арганізацыяй. Калі хочаце жыць у чыстай і экалагічнай краіне — далучайцеся.

10. Street Workout

Гэта хаатычны рух спартсменаў, які выступае за спартовы лад жыцця, пры якім не абавязкова гадзінамі праводзіць час у спартзалах. Дастаткова будзе турнічка ў вашым двары. Стварыць сваю вулічную трэніровачную групу вельмі проста — патрэбныя вы і яшчэ, як мінімум, адзін чалавек. Разумным беларусам не хапае культу актыўнага спорту, таму з гэтай ініцыятывы лягчэй за ўсё пачынаць свой грамадзянскае рух.

Натуральна, што існуе яшчэ вялікая колькасць іншых карысных ініцыятыў. Нехта дапамагае дзецям, нехта змагаецца супраць наркаманіі, нехта возіць рэчы ў дзіцячы дом. Вельмі важная праца ў рэгіёнах, бо на адным Мінску Беларусь не выедзе. Пішыце ў каментарах вашы варыянты карысных праектаў.

1863x.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031