Найти
07.05.2021 / 19:59РусŁacБел

«Ничего не бойся, я погибну ради победы»

20-летняя Маргарита и 13-летняя Валерия Храмченко, студентка-медик и ученица 50-й гимназии, написали на конкурс «Нашай гісторыі» статью о своей бабушке. Почитайте рассказ о невероятных испытаниях и вдохновляющей стойкости: сколько можно пережить и не сломаться, и отвоевать у судьбы своё счастье (и чудесных внучек).

З сямейнага архіва

Нагаладаўшыся ў дзяцінстве, бабуля ўзяла за правiла накармiць усiх, хто трапляе ў поле зроку. У яе смачна ўсё. Але для нас каронныя стравы — гэта вясеннi боршч з крапiвой і слаёны пiрог з мясам цi з ягадамi.

I яшчэ бабуля для нас — духоўная аснова, стрыжань сям’i. З дзядулем яны разам ужо 60 год.

Доля нашай бабулi — тыповая для чалавека ХХ стагоддзя, ад таго i страшэнная.

Цягнік Пекін — Негарэлае

Наша бабуля, Ліна Канстанцінаўна Малярэвіч (у дзявоцтве Валахановiч), нарадзілася ў снежнi 1933 года ў вёсцы Рудня Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Гэта вёска потым далучылася да чыгуначнага пасёлка Негарэлае. Да 1939 года мясцовасць знаходзілася ля польска-савецкай мяжы, сюды нават хадзілі цягнікі Пекін — Негарэлае. Адна частка жыхароў паселішча працавала ў калгасе «Праца» (пасля русіфікацыі — «Труд»), а другая — на чыгунцы.

Бабуля расла з мамай і дзедам. Яе мацi Соф’я Іосіфаўна пражыла зусім кароткае жыццё. Яна скончыла сельскагаспадарчую вучэльню ў Дзяржынску, у 1933—1934 гадах была старшынёй калгаса, а потым вучылася ў Вышэйшай партыйнай школе ў Мінску. Калі працавала ў раённым камітэце партыі, Соф’я Іосіфаўна пазнаёмілася з будучым архітэктарам Уладзімірам Каралём. Ён, яе аднагодак, настаўнічаў у Дзяржынску. Жанчына заўважыла яго талент, параіла паехаць вучыцца ў Ленінградскую мастацкую акадэмію і дала рэкамендацыю райкама, неабходную для паступлення. Пасля вайны Кароль стаў адным з аўтараў манумента Перамогі і праспекта Незалежнасці ў Мінску.

Прыгонная спявачка

Бацька Соф’і Іосіфаўны, дзядуля нашай бабулi, працаваў на станцыі Негарэлае.

Іосіф Вікенцевіч Валахановіч любіў кніжкі, захапляўся музыкай, добра граў на кларнеце і скрыпцы, выкладаў у аматарскай музычнай школе. Акрамя беларускай, добра ведаў італьянскую, нямецкую, польскую, рускую мовы. Гэтаму навучыла яго маці, чый лёс вельмi цiкавы i складаны.

Калi наша прапрапрабабуля была малой, на яе цудоўны голас звярнуў увагу падарожнiк — iтальянец. Ён быў вялiкi аматар оперы i таму выкупiў яе ў памешчыка (гэта было ў часы прыгоннага права).

Доўгi час дзяўчына жыла i вучылася вакалу ў Iталii, потым спявала ў оперным тэатры. Нейкім чынам яе адшукаў бацька i прымусiў вярнуцца дадому. У той час аўтарытэт бацькоў быў непахiсны, таму дзяўчына вярнулася i выйшла замуж.

Свайму першаму сыну Іосіфу яна аддала ўсё сваё сэрца i веды. Іосіф Вікенцевіч скончыў універсітэт у Пецярбурзе і вярнуўся ў Койданава (гэта гістарычная назва цяперашняга Дзяржынска). Ён меў вялiкую сям’ю, аднак работнік чыгункі да рэвалюцыі зарабляў столькі, што мог утрымлiваць жонку, шасцярых дзяцей i памочнiцу па гаспадарцы. Болей за ўсіх дзетак Іосіф Вікенцевіч любiў Соф’ю, нашу прабабку, i жыў з ёю да канца жыцця.

Станцыя ў Негарэлым з’явілася ў 1871 годзе, тут прайшла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка. У 1921—1939 гадах гэта была апошняя станцыя на савецкім баку для тых, хто выязджаў з СССР, і першая для тых, хто ўязджаў. Адпаведна, хадзілі цягнікі Пекін — Негарэлае і Негарэлае — Парыж. wikimedia commons

Пасля рэвалюцыi Іосіф Вікенцевіч застаўся на чыгунцы. Ён люта ненавiдзеў Сталiна i сталiнiзм i дужа не ўхваляў вучобу Соф’i ў ВПШ ды працу ў партыйным апараце. У дзiцячых, не вельмi выразных успамiнах нашай бабулi засталося, што Іосіф Вікенцевіч не любiў свайго зяця — ярага камунiста — i шмат зрабiў, каб разбурыць сям’ю дачкi. Канстанцiн i Соф’я разышлiся, свайго бацьку наша бабуля амаль не памятае. Іосіф Вікенцевіч адчуваў вiну i таму ўвесь вольны час прысвячаў маленькай Лiне.

Як ты, так і яны

22 чэрвеня нямецкая авіяцыя бамбіла Негарэлае, сям’я схавалася ў лёху. Рух па чыгунцы быў спаралізаваны. А раней жа па тых самых пуцях ішлі вагоны з таварамі для Нямеччыны…

Паўсюдна была паніка і ахвяры. Калі Соф’я Іосіфаўна 23 чэрвеня патэлефанавала сакратару Мінскага абкама, расказала яму пра страшныя вынiкi бамбёжак i спытала пра эвакуацыю, ён адказаў: «Вы што паніку падымаеце?! Якія немцы… Калi раптам пабачыце немцаў, хапайце вiлы, колле і біце фашыстаў». Увесь райкам быў у роспачы ад такога адказу. На наступны дзень яна зноў патэлефанавала ў абкам. Тады i высветлiлася, што кіраўніцтва Мінскай вобласці ўжо выехала ў Маскву.

Уранку Соф’я Іосіфаўна з 7-гадовай дачкой выправiлiся ў бежанцы. Але ж далёка яны не ўцяклi. 28 чэрвеня нацысты ўвайшлi ў Мiнск, а 29 чэрвеня бежанцы сустрэлiся з войскамi вермахта. Прыйшлося вяртацца, хаця Соф’я Іосіфаўна добра разумела, што яе, камунiстку, чакае дома.

Першыя днi яна хавалася, але потым неяк атрымала аўсвайс. Нечакана высветлiлася, як людзі паважалi Соф’ю Іосіфаўну: яе камунiстычную дзейнасць не выдаў немцам ніводзiн чалавек.

Кошык для паліцая

Вельмi цяжка жылося ў акупацыi: працы не было, зямлi таксама. Жылi тым, што мянялi ў Заходняй Беларусi адзенне на ежу ды Іосіф Вікенцевіч рамантаваў суседзям абутак, посуд i iншыя хатнiя прылады. Да вясны 1942 года адзежы на абмен амаль не засталося, i хоць немцы далi невялiкi кавалак зямлi, ураджаю з яго хапала да сярэдзiны зiмы. Голад быў люты.

Вясной i летам 1942 года хаатычны партызанскi рух стаў больш арганiзаваны, уключылася ў яго і Соф’я Іосіфаўна. Яна перадавала партызанам, што адбываецца на вялiкай чыгуначнай станцыі Негарэлае. Людзi прыходзiлi да Іосіфа Вікенцевіча са сваiмi рэчамi для рамонту i прыносiлi розныя чуткi i назiраннi, а ён рабіў высновы. Часам Соф’я Іосіфаўна хадзiла да партызан сама, часам яны заходзiлi быццам адрамантаваць што-небудзь, а насамрэч прыносiлi пашкоджаную зброю.

Іосіф Вікенцевіч, якi добра ведаў нямецкую мову, пасябраваў з нямецкiм доктарам. Той быў неблагi чалавек. Ён асуджаў зверствы нацыстаў і вельмi сумаваў сярод эсэсаўцаў ды палiцаяў па культурнай гутарцы i музыцы. Іосіф Вікенцевіч асцерагаўся выпытваць у яго карысную для партызан iнфармацыю, але ж доктар перадаваў свежыя навiны з фронту, частаваў Лiну шакаладам, прыносiў харч, а часам i лекi, бiнты, якiя, зразумела, тут жа траплялі да партызан.

Мемарыял у Малым Трасцянцы на ўсходзе Мінска. Гэта быў найбуйнейшы лагер смерці на Беларусі. Тут замучылі больш за 200 000 чалавек, у тым ліку і маму, і дзеда нашай бабулі. wikimedia commons

Упершыню Соф’ю Іосіфаўну арыштавалi восенню 1942 года. У той раз яна не вельмі зацiкавiла немцаў, і бацьку ўдалося яе выратаваць: ён падкупiў ахову каштоўнасцямі, якiя хаваў аж з дарэвалюцыйных часоў. Кiраўнiцтва партызанскага атрада патрабавала актыўных дзеянняў, а Соф’і цяпер трэба было сцерагчыся. Таму дапамагаць стала 9-гадовая Лiна. Соф’я Іосіфаўна абкручвала дачку бiнтамi, прымацоўвала лекi i ў снег ды мароз выпраўляла за 10—15 км у партызанскi атрад. Лiна несла не толькi iнфармацыю, але i цяжкi кошык з прадуктамі, якiя трэба было аддаць палiцаям, каб адчапіліся. Уявіце: галоднае дзiця, падаючы ад стомы, аддае хлеб палiцаям!

Укусы турэмных пацукоў

У лютым 1943 года Соф’ю Іосіфаўну арыштавалi зноў. У турме ў Койданаве яе катавалі, але яна нічога не сказала. Чаму яе адпусцiлi? Мабыць, думалi прасачыць? Чаму партызаны i падпольшчыкi паверылi, што Соф’я Іосіфаўна не здрадзiла? Гэтыя пытаннi так i засталiся без адказаў. Але сама Соф’я Іосіфаўна разумела, што яе жыццё пад пагрозай. Сачылi не толькi за ёй самой, але i за Лiнай, i за Іосіфам Вікенцевічам. Вялiкiх намаганняў i рызыкi каштавала зараз сувязь з партызанамi! Соф’я Іосіфаўна прасiла кiраўнiцтва атрада забраць яе з сям’ёй у лес, але зноў чула: «Не трэба панiкi! Вас выпусцiлi! Без вашых звестак наша дзейнасць бессэнсоўная!»

У пачатку мая 1944 года да сям’і чарговы раз прыйшлi з вобшукам. І здарылася ж так, што ў хаце якраз была вiнтоўка, якую Іосіф Вікенцевіч адрамантаваў, але не паспеў перадаць у лес! Арыштавалi ўсю сям’ю. З годнасцю пратрымацца ў акупацыi тры гады i быць арыштаванымi за два месяцы да вызвалення…

Спачатку сям’ю прывезлi ў койданаўскую турму. Лiну бiлi на вачах у матулi, білі да непрытомнасцi і яе саму. Толькi дзякуючы добрай жанчыне ў камеры яны выжылі.

Не атрымаўшы нiякiх сведчанняў, немцы перавялi сям’ю ў Мiнск, у турму на вулiцы Шырокай (цяпер Куйбышава). Старэйшыя, адчуваючы канец, развiталiся ў дарозе. Лiна назаўсёды запомнiла матулiны словы: «Нiчога не бойся, я загiну дзеля перамогi, нiкога не прадаўшы, таму савецкая ўлада цябе не пакiне, дапаможа i ў жыццi, i ў вучобе».

У Мiнску Іосіфа Вікенцевіча адразу аддзялiлi, а Соф’ю Іосіфаўну праз два днi бесперапынных пабояў таксама забралi. Толькi пасля вайны Лiна даведалася, што мама i дзядуля загiнулi ў Малым Трасцянцы. Лiна засталася адна — галодная, знясiленая, збiтая, з адкрытымi ранамi ад пабояў i ўкусаў турэмных пацукоў.

Дадому са статкам кароў

У чэрвені 1944 года 10-гадовую Лiну разам з вялікай групай маладых жанчын і дзяцей пагрузілі ў таварныя вагоны і павезлі ў канцлагер у горадзе Кольберг (цяпер гэта польскі Калобжэг на Балтыйскім узбярэжжы). Пасля была катарга: жанчын і дзяцей адвозiлi ў кар’ер i прымушалi грузiць пясок на машыны. Кармiлi двойчы на дзень поліўкай i маленькiм кавалачкам хлеба. Здаралася, што ў кар’ер не везлi: тады амаль увесь дзень людзi прастойвалi на пляцы i не атрымлiвалi ежы. За 10 месяцаў Лiна пабачыла столькi жахаў i смерцяў: ад голаду, кiшэчных хвароб, ран людзi падалi i памiралi штогадзіну, iншых збiвалi i расстрэльвалi. Акрамя таго, дадавалiся ахвяры бамбёжак саюзнікаў.

У красавiку 1945-га вязняў перасталi вывозiць на працу, шыхтаваць на пляцы, але i кармiць перасталi. Знямоглыя людзi проста ляжалi ў бараках. Калi немцы сышлі, людзi нават не маглi ўцякаць: не было сiлаў. У маi прыйшлi амерыканцы. Лiна была настолькі знясiленай, што яе палічылі мёртвай і паклалi разам з трупамi. Але ўважлiвы доктар прыкмеціў адзнакi жыцця i змог уратаваць дзяўчынку.

У пачатку чэрвеня былых вязняў перадалi савецкаму боку. Лiна вярнулася дадому пешкi, з вайсковай часцю, якая гнала з Нямеччыны вялiзны статак кароў. Дамоў, у Негарэлае, наша бабуля дабралася толькi ў канцы жнiўня.

Сям’i не было, пра родных нiхто нiчога не чуў. Дом стаяў пусты i разрабаваны, без дзвярэй i вокнаў. Лiна пасялiлася ў дзедавай сястры Ганны Вікенцеўны. Трэба было працаваць. 

Даведаўшыся, што паперы ў загсе загiнулi, Лiна, робячы дакументы, дадала сабе 4 гады, каб ёй афiцыйна дазволiлi працаваць.

Адзiная работа, на якую мог разлiчваць былы вязень фашысцкiх лагераў, — гэта пагрузка вугалю на чыгунцы па 12 гадзін кожны дзень. Гэтая праца для 12-гадовай дзяўчынкi мала чым адрознiвалася ад катаргi ў кар’еры ў Кольбергу. Аднак жыццё не без добрых людзей: з дапамогай тых, хто добра памятаў Соф’ю Іосіфаўну, Лiну перавялi на лягчэйшую працу.

За што загiнула матуля?

Пасля вайны Лiну некалькi разоў выклiкалi ў НКВД, цiкавiлiся падрабязнасцямi падпольнай работы яе мамы i арышту сям’i, шукалi палiцаяў. Ніхто не ставіў пад сумнеў удзел Соф’i Іосіфаўны i Лiны ў падполлi, але Лiнiнаму лёсу гэта не дапамагала. Калi дзяўчына вырашыла працягнуць вучобу ў школе і звярнулася па даведку, начальнік аддзела кадраў аддзялення чыгункi адказаў: «Табе трэба выдаць не даведку для вучобы, а воўчы білет. Ты не маеш права нават жыць на гэтай зямлі. Тваё месца ў Сібіры, на шахтах і рудніках, ты ж у вайну працавала на немцаў… Ты павінна памятаць, што ў цябе будучыні няма, тваё жыццё ў тупіку».

Лiна з горыччу ўспамiнала апошнiя мамiны словы…

Пералом у бабуліным жыцці здарыўся пасля яе пераводу ў Мiнск. Тут яна зноў мусіла расказваць аб сваiм лёсе ў НКВД, чэкісты перадалі нейкiя паперы ва ўпраўленне Беларускай чыгункi і пракурору Траскунову. Сваiм стаўленнем да справы ён спадабаўся Лiне, i яна рызыкнула расказаць пра сваё жаданне вучыцца. І пракурор дапамог! Без удзелу гэтага чалавека ў лёсе нашай бабулi, хутчэй за ўсё, нiчога добрага не было б.

Бабуля скончыла вячэрнюю школу, потым завочна — iнстытут, выйшла замуж, нарадзiла дваіх дзетак, паспяхова працавала i пайшла на пенсiю з пасады галоўнай бухгалтаркі Мiнскага аддзялення Беларускай чыгункi, удзельнiчала ў працы грамадскага аб’яднання былых вязняў фашызму «Лёс».

Як многія, хто ў дзяцінстве зведаў усе магчымыя жахі вайны, Ліна Канстанцінаўна вырасла вялікай жыццялюбкай. На фота яна з амаль кілаграмовым памідорам, які вырасціла сама. З сямейнага архіва

Ліна Канстанцінаўна да сённяшняга дня памятае тых, хто, будучы такiмi ж ахвярамі, як i яна сама, не даў ёй памерцi ад ран i голаду ў турме i канцлагеры, дапамагаў у цяжкiя пасляваенныя гады. Мы ганарымся нашай любiмай бабуляй, таму што, нягледзячы на выпрабаваннi лёсу, нягледзячы на несправядлiвасць, яна не зламалася і засталася добрым, шчырым чалавекам.

Аўтаркі пра сябе

Маргарыта — незвычайны сучасны падлетак: любiць чытаць у строгай цiшынi i глядзець фэнтэзi. Яна яшчэ не вызначыла свае жыццёвыя iнтарэсы, але з цiкавасцю ўдзельнiчае ў сямейных activities.

Валерыя, студэнтка 3-га курсу сталічнага медуніверсітэта, абажае лiтаратуру i ўсё, што тычыцца мастацтва. Марыць пра мужа-мастацтвазнаўца і сабаку пароды коргi. Усёй душой любiць i цiкавiцца гiсторыяй, асаблiва перыядам вайны. «Лiчу, што гэта не толькi заслуга бабулi, якая расказамi з свайго жыцця выклiкала ў нас цiкаўнасць i павагу да гісторыі, але i заслуга бацькоў, якiя сталi сувязнай нiткай памiж пакаленнямi і падтрымлiвалi нашае выхаванне ў гэтым кiрунку».

З сямейнага архіва

Ліна Канстанцінаўна з мужам жывуць разам ужо 60 гадоў. На першым фота — іх вяселле ў 1961-м, на другім — Каляды 2016-га. «Абое пачыналi з нуля, — пішуць пра іх унучкі. — Але ўзаемапавага i падтрымка, дзядулеў розум i бабулiна ўспадкаваная iнтэлiгентнасць (а таксама ўсё, што памятала з урокаў свайго дзеда, — як з кiм гаварыць i што куды надзець) дапамаглi абаiм дасягнуць вышынь у працы. Дарэчы, наш дзядуля Мiхаiл Мікалаевiч Малярэвiч быў адказны за мантаж i пад’ём штыка-абелiска ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», у той час ён быў намеснiкам мiнiстра мантажных і спецыяльных будаўнiчых работ БССР».

Маргарыта Храмчанка, Валерыя Храмчанка

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930