Найти
24.02.2021 / 11:48РусŁacБел

«Паўзмоўча»: книга-загадка, чтобы дожить до весны

Книгу написала Марина Яромко — студентка, выпускница Лицея БГУ, которая учится в Лингвистическом университете на переводчицу с китайского.

«Хачу перакладаць літаратуру, у нас зусім нічога кітайскага няма па-беларуску», — кажа яна. Пад псеўданімам Марына Кайс дзяўчына напісала нетрадыцыйную кніжку, яна выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор».

Назва «Паўзмоўча» адсылае да «паловы», «паўзы», «мовы», «маўчання» і ўсіх магчымых асацыяцый, тлумачыць аўтарка. А псеўданім Марына Кайс нарадзіўся ад імені: яно звязанае з морам, і псеўданім сугучны з англійскім sky і ice. «Атрымліваецца мора, неба, лёд, які таксама вада. Акрамя таго, тут зашыфраваная назва марской птушкі».

У «Паўзмоўчы» ўсё жыве, пульсуе, гаворыць, гэта вельмі летняя кніга, у самы раз для чытання глыбокай зімой. Тут рэчы, надпісы, крокі, трава — усё набывае душу, характар і погляд, такое «наша жыццё з пункту гледжання дрэў». (У адным з падраздзелаў знойдзеце імэйл камарыхі-філосафкі з-над Свіслачы, можаце ёй нават напісаць.)

Але традыцыйнай літаратуры ў гэтай аповесці ні каліва. Можна, канечне, успрымаць яе як паэзію ў прозе: даваць нырца ў глаўку і ў канцы вынырваць ашалелым, пачаўшы думаць у рытме тэксту. (Больш за тое, пачынае здавацца, што ў рытме тэксту жыве і свет вакол вас.)

З наскоку «Паўзмоўча» можа нават падацца наборам слоў.

Але кніга задумвалася як складаны цэльны твор. Гэта літаратура-канструкцыя («Кожны крок — гэта выбар працягу»). Я б сказала, што ўся кніга — суцэльны шыфр. Каб злавіць хвалю, трэба (раззлаваўшыся на тое, што нічога не разумееш) занурыцца ў чытанне прынамсі на пару гадзін. На другой гадзіне занурвання ў «наборы слоў» пачынаеш заўважаць лінію, звязкі ад падраздзела да падраздзела. Паступова фармулююцца загадкі, і азарт расце.

«Пачынай, табе лягчэй будзе скончыць. Ты зразумееш, ці не».

Чытаць «Паўзмоўча» можна з любога месца, з любога канца. У кнізе няма нумарацыі старонак, і главы размешчаныя не па парадку. З непрывычкі гэта можа раздражняць. Падраздзелы можна чытаць запар, як яны ідуць у кнізе, а можна арыентавацца па іх нумарах, тлумачыць аўтарка. «Першы парадак перадае закальцаванасць, замкнутасць, а другі — разрыў, незавершанасць. Гэтыя два парадкі акрэсліваюць контур, унутры якога можна рабіць што заўгодна. Ёсць яшчэ трэці парадак — парадак напісання, але ён застаўся ў самім працэсе і цяпер яго няма, што таксама сугучна з матывам знікнення, адыходу як нечага стваральнага».

Падраздзелы ў кнізе трох відаў: «Кропка», «Фрагмент», «Р_бро». На першы погляд, галаваломна. «Кропкамі» называюцца падраздзелы, дзе з’яўляюцца аднаразовыя героі: муха, вавёрка, ліст з дрэва… Усё канец і ўсё пачатак, а «кропка — усяго толькі абазначэнне працягу». З «фрагментаў» герой малюе карту (на просьбу (загад? выклік? помніка Купалу; ага, вось так!). «А рэбры: тут усё проста — іх 12, прычым гэта і пра чалавека, і пра рэбры куба… — тлумачыць Марына Кайс. — А літара прапушчаная, бо ў дзвюх частках гэтай лініі адсутнічае літара «а» («Знутры» і «Звонку»), і адсутная «а» ў назвах частак перадае гэтыя фармальныя гульні».

Адкінуўшы складаную форму, гэта кніжка вельмі менская. Яна пра тое, як жыве горад (і пра гэтыя праявы жыцця без падказкі «Паўзмоўча» можна ніколі не задумацца). У вялікай меры аповесць пісалася ў Купалаўскім парку. Ён жа (важная падказка!) стаў адным з галоўных герояў. І гэта ну настолькі нетрадыцыйны погляд на такое звыклае месца, наколькі толькі магчыма. Вельмі шкада, што парк нідзе не называецца — бадай не кожны пазнае яго ў незвычайным апісанні, а шкада: усё ж смак чытання змяняецца, калі ў тэксце сустракаеш знаёмае. Аўтарка тлумачыць, што свядома не пазначала месца дзеяння: «Гэты тэкст — пра суб’ектыўнасць, змены, рух, знікненне, і імёнаў у ім мала, бо імя фіксуе, замацоўвае, знявольвае». У кнізе сустракаюцца і іншыя менскія мясціны, а таксама транспарт. Але іх ужо самі разгадвайце.

Карацей, кніга нешараговая. Складаная і адначасова простая. І неяк у ёй усё ды адразу: і хараство моманту, і плямы ўражанняў, і чорт ведае што — абсалютны сюррэалізм… (беручыся за чытанне, трэба быць гатовым да вельмі дзіўных сноў!). З кожнага абзацу сочыцца еўрапейская і ўсходняя філасофія, эстэтыка. У кожным абзацы абсурд. І нечакана — гумар. І — цудоўная натуральная мова (яна тут жывая, дыхае і спрачаецца, любіць сябе, дыктуе такт, пратэстуе супраць паўз і прабелаў, якія так любіць герой, сядзіць з ім побач і хоча размаўляць).

Кніга для медытацыі…

Але варта ўсё ж папярэдзіць: гэта твор для тых, хто мае час, сілы і жаданне на інтэлектуальную гульню.

Прычым з мінімумам падказак.

І без пэўнага фіналу.

«Каб сказаць больш, трэба больш сказаць».

NN.by

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера