Найти
02.05.2021 / 19:09РусŁacБел

«Ирочка, сохрани только жизнь, это же не вечно»

Ирина Шейбак, пережившая сталинские репрессии, вспоминает, как в трудные времена всегда находились добрые люди.

Ірына Волкава з лагернымі сяброўкамі па няшчасці. Фота зроблена ў Тайшэце ўжо пасля смерці Сталіна, калі рэжым у лагерах памякчэў. Фота з сямейнага архіва Ірыны Шэйбак.

«Ганна Данілаўна, усё гэта вам не трэба»

Дзядзька — служачы звычайны, у яго быў свой дом вялікі. Калі вызвалілі ў 1939-м, то палову дома аддалі пад рэдакцыю газеты. А ў палавіне, дзе нам дазволілі жыць, — яшчэ сям’ю энкавэдзіста пасялілі.

У хуткім часе дзядзьку арыштавалі, мы з цёткай хадзілі ў Лунінец пад турму, насілі перадачу. На свіданне хадзілі, але гэта было вельмі ўсё кароткае. Свіданняў ніякіх не было, толькі адзін раз, калі сабраліся такія жанчыны, як цётка, там каля турмы, то вязні адзін аднаго падсаджвалі на краты і можна было хвілёва ўбачыць. Калі пабачылі мы дзядзьку, то ён быў да сябе не падобны.

Дзядзька Станкевіч Міхаіл Ільіч з жонкай Ганнай Данілаўнай. Высланыя ў 1939 годзе. Фота з сямейнага архіва Ірыны Шэйбак.

Пазней прыйшлі вывозіць і цётку ў Сібір. Яна разгубленая была, не ведала, што хапаць. Але добрым чалавекам аказалася жонка гэтага энкавэдзіста. Яна зайшла, паглядзела вокам знаўцы, кажа: «Ганна Данілаўна, усё гэта вам не трэба». Шубы клала, адзёжу, палезла ў склеп, дастала харчы, спакавала. Кажа: «А ты, Ірачка, не плач, я дам тэлеграму тваёй маме». Мама прыехала на вакзал у Лунінец, а я ўжо з цёткай у цялятніку, у вагоне сядзела, на саломе. Тады адпусцілі, і мама мяне забрала назад дамоў у вёску. А жонку энкавэдзіста я з удзячнасцю ўсё жыццё згадваю.

«Прасіў даслаць толькі макухі»

Тату судзіла надзвычайная нарада, на 10 гадоў, «за недастатачнасцю ўлік». З нашай мясцовасці на яго ніхто не хацеў даносы пісаць. Ён стараста быў пры акупацыі, можна ж на яго напісаць. З нашай вёскі ўсіх людзей перацягалі ў Вілейку. І яму далі 10 гадоў, ён адбываў срок у Агадыры ў Казахстане. З дому прасіў даслаць толькі макухі, каб не памерці з голаду. Во такія былі ўмовы.

Бацька Канстанцін Волкаў, арыштаваны ў 1948 годзе, вызвалены ў 1957-м. Фота з сямейнага архіва Ірыны Шэйбак.

«Дура акаянная!»

Былі мы вельмі бедныя, елі, што Бог паслаў. Гэта пшонная каша, будзь яна праклятая на ўсе вякі, і прыправа — карыца. Адна сястра вязаннем займалася, другая — шыццём.

Але НКВД настырны. На працы імкнуліся не гаварыць. Але ўсё гэта, канечне, вылезла наверх, і сталі мяне выклікаць на допыты: «Дзе былі падчас акупацыі?» Сёстраў выклікалі, але сёстры ў СБМе не былі. «Ну, Волкава, вы ў фашысцкай арганізацыі былі? Калі будзеце супрацоўнічаць — вернецеся на фабрыку. Калі не — вашая дарога ці ў падвал, ці на Кірава, 53». Аб гэтым падвале ўжо легенды хадзілі — там мучылі людзей.

Я падумала неяк, што тата адмучыўся, сядзіць у лагеры, а я буду нейкае супрацоўніцтва!? Я кажу: «Я хачу ў лагер». — «Дура акаянная!» І прывялі мяне з контрразведкі на Кірава, 53 у НКВД [па гэтым адрасе ў Пінску і сёння знаходзіцца гарадскі аддзел унутраных спраў. — Рэд.]. Стаю я на калідоры тварам да сцяны, рукі назад. Побач са мной стаіць пінскі ксёндз Рэшка. Ён трымае штаны ў руках, таму што гузікі паадразалі адразу.

«Апусцілі ў камеру 11»

Апусцілі ў камеру 11. Са мной адны паляшучкі сядзелі. Тады ішла хваля, людзей заганялі ў калхозы. Людзі не хацелі ісці, бо памяталі, як пасля вайны. Як мы бедна ні жылі, але была свая гаспадарка, мы не пухлі з голаду, і нашы людзі не ездзілі з мяшкамі жабраваць. І іх пад артыкул 63.1 «Здрада радзіме» па шаблоне цягалі.

Са мной у камеры было 11 жанчын. Цесна, лета было, спёка, недахоп вады, недахоп паветра. Ноччу допыты, днём спаць не можна, ляжаць не можна — сядзелі. Падзяліліся: калі я выцягну ногі, дык яны ногі падкорчаць, а потым наадварот. Са следства прыводзілі і пабітых, і раненых… Была са мной Зося Хлябовіч. Яна малапісьменная. «Ізменніца родзіны» — яна не разумела слова «ізменніца». І калі следчы да яе прычапіўся: «Ты — ізменніца», — дык яна клялася, што не.

«А следчага добрага свайго памятаю»

Мяне не білі. У мяне быў следчы, ён сам малаграматны, мусіць, п’яніца, называўся Жураўлёў Васілій. Вечарам выклікаюць, садзяць мяне на зэдлік. Да грубкі не можна прыхіліцца і да сцяны. Трэба было толькі так сядзець. Ён адкрывае шуфляду, сядзіць і дрэме. І я сяджу.

Як толькі крокі чуюцца, ён пачынае допыт: «Я тебя сотый раз спрашиваю!..» Я «да» адказваю на ўсе пытанні. З усім была згодна. Бо калі мяне арыштавалі, то мама сказала: «Ірачка, захавай толькі жыццё, гэта ж не вечна». І так гэтыя мае допыты цягнуліся тры месяцы. Што ён пісаў — аднаму чорту вядома. А я ўсё падпісвала, з усім пагаджалася, нічога не пярэчыла.

Пачыналася абвінавачванне так: «Волкава Ірына Канстанцінаўна, дачка буйнога беларускага нацыяналіста, ганебна з нямецкімі афіцэрамі збегла ў Германію ад доблеснай савецкай арміі». Я ўсё згаджалася. Усё роўна тэрмін 25 гадоў. Большасць паляшучак, якія са мной былі, усе атрымалі 25 гадоў…

А следчага добрага свайго памятаю, ён спіўся, бедны, я яму два разы па 1000 рублёў давала. Тут ужо, у Пінску, калі вярнулася.

«Мне спадабалася на судзе, бо выводзілі на дворык»

Хутка нас усіх асудзілі. Мне спадабалася на гэтым судзе, бо выводзілі на дворык, а сонца пасля падвала, неба і паветра свежае. Гэта мне ўрэзалася ў памяці, вельмі было балюча. Пасля суда павезлі на Брэсцкую вуліцу, там была перасыльная турма. Адтуль фарміравалі эшалоны і адпраўлялі на Оршу.

Сказаць, што ўсе надзірацелі былі дрэнныя, я не скажу. У той страшны час яны не баяліся, яны па-людску з намі абыходзіліся, былі такія. Ну, напрыклад, калі вядуць у баню мыцца, трэба вады, а вады толькі па норме. Так ён: «Мыйцеся, вады бярыце колькі трэба, я пацягну час». Гэта ж было добра, праўда?

Адзін дзяжурыць, усю ноч па дзвярох б’е ключом, гэта зматывае нервы. Другі ноччу ні разу не ўдарыць. Такія ўсякія, на цяперашні погляд, здавалася б, драбніцы, але калі сядзіш у падвале, гэта не драбніцы — гэта жыццё было.

«Каб начальнік гэта гаварыў!»

На этапе нас аб’ядналі з бытавікамі. Тыя нас абрабавалі: забралі нашы сухары, нашу вопратку. Прыйшоў надзірацель, мы сталі скардзіцца — і нас адтуль забралі. А к вечару нас ужо садзяць у варанок і вязуць на этап далей. Мы ўсе адурэлі ад нечаканасці. Варанок адкрыты, і стаіць побач зэдлік, каб нам лепей было залазіць.

На дарогу нам далі рыбу салёную, як заўсёды. Далі хлеб. Начальнік стаіць і кажа: «Жанчыны, не плачце, гэта доўга не працягнецца, вы вернецеся дахаты». У той смутны час, страшны, каб начальнік гэта гаварыў! І мы так усе плакалі, так плакалі страшна, бабы старэйшыя маліліся, дзякавалі яму. Гэта я не забуду ніколі.

«Ляжаць кучы рыбы пратухлай»

Выгрузілі нас у Джэзказгане, у Кенгіры, як тады ён называўся. Гэты лагер заснаваны быў у 1948 годзе, а нас прывезлі ў 49-м. Голы стэп, зіма, сцюжа, провалака — і нідзе нічога няма. Адкрываюцца вароты, нас запускаюць. Каля варот стаяць ужо тыя, што раней прыбылі, кожны шукае землякоў. Гуртаваліся па зямляцтвах, знаёмствы завязваліся.

Першы раз пайшлі ў сталовую, сталы драўляныя. Ляжаць кучы рыбы пратухлай, і гэта трэба есці. Я надта плакала, баялася гэтай рыбы, лепей нічога не есці. А сяброўка сядзіць і кажа: «Ды яна ж смачная, гэта з віду такое. На табе кусочак хлеба». Сама галадала, а мне аддзірала скарыначку, каб я з голаду не здохла, каб я гэтай рыбы паела. Прывыкла я да гэтай рыбы, ела тады ўжо, добра было.

Давалі нам цукар трохі, мы яго адразу не з’ядалі, ссыпалі і бераглі. Калі хто захварэе, таму неслі ў бальніцу. Падтрымка была, а каб не было, Бог знае, ці мы б павыжывалі.

У лагеры. Ірына Волкава — трэцяя злева, у сукенцы. «Гэта мы ў Суславе Кемераўскай вобласці жыта лапацім ці чорт яго знае. Во, галава мая ў белай хустцы». Фота з сямейнага архіва Ірыны Шэйбак.

Помню адзін выпадак. Нас вывелі на працу далёка за лагер, мы доўга з канвоем ішлі, працавалі каля чыгункі. Ідзе цягнік, і з цягніка на нас булкі хлеба ляцяць, нейкія канфеты, баранкі… Ежа ляціць з вокнаў на нас, і людзі крычаць: «Канвой, аддай людзям!»

Але канвой таксама баіцца. Нам так хочацца гэтай булкі, так хочацца! Але ніхто ж не адважваецца за квадрат выйсці. Тады канваір кліча брыгадзіра і кажа: «Я аддам вам усё, але адразу да крошкі ўсё з’ешце». Мы так і зрабілі і чэсна пашлі ў зону. Во такі добры выпадак быў. Людзі шкадавалі.

«Жанчыны, не пужайцеся, памёр Сталін»

Я яго ў сне бачу, штоб ён у гробе варочаўся! На дзень смерці чалавека гэтага мы працавалі на абпальванні цэглы. Гэта была вельмі добрая праца, бо, калі мы зацягваем у цёплую печ сырую цэглу, пагрэцца можна. Мы зналі, што калі падчас працоўнага дня раздаецца трывога, то гэта альбо на расстрэл павязуць, альбо нешта здарылася. І аднойчы сярод дня раздаецца трывога, мы скоранька збіраемся, трэба ляцець на прахадную.

Мы ўсе сабраліся, а вароты не адкрываюцца, нікога няма. Мы стаім, усе баяцца, пачынаюць маліцца, пачынаюць плакаць, што бяда нейкая. І раптам адкрываецца прахадная, з будкі выходзіць начальнік і кажа: «Жанчыны, не пужайцеся, памёр Сталін. Зараз вы пойдзеце ў лагер. Усё будзе добра».

Даведка аб вызваленні. 1955 год. Фота з сямейнага архіва Ірыны Шэйбак.

І тут Маня Бойка як стала на язык іграць, як стала пець і пайшла па коле танцаваць… Канвой рагоча, начальнік рагоча… Тады ўжо хлеба ўволю, можна было нумары здымаць. Мы ж нумараваныя ўсе былі. Мой номер быў — СШ785, я яго добра памятаю. Пачалося пасля смерці Сталіна іншае жыццё, ужо нейкая надзея была, мы не былі такія маўклівыя, па святах збіраліся, сядзелі, нешта гаварылі…

Ірына Канстанцінаўна Шэйбак (Волкава). 2011 год.

Успаміны запісаныя ў 2011 годзе Валерыяй Чарнаморцавай.

«Наша гісторыя»

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930