Найти
13.02.2021 / 16:27РусŁacБел

Средняя Литва: дитя гибридной войны

Вильно после Первой мировой войны хотели обладать сразу несколько народов. Чтобы обойти конкурентов, Польша создала Среднюю Литву, но официально утверждала, что «нас там нет». О гибридной войне, со дня начала которой исполнилось 100 лет, пишет Андрей Акушко.

Генерал Жалігоўскі на чале сваіх салдат, 1920 год. Шмат там было і беларусаў. Wikimedia Commons

Горад разладу

У 1917—1918 гадах распалася Расійская імперыя, а на яе руінах сталі стварацца новыя дзяржавы. Незалежнасць тады абвясцілі беларусы, літоўцы і палякі, у нацыятворчых ідэях кожнага з якіх Вільня займала асаблівае сімвалічнае месца. Дзеячы кожнага з народаў бачылі будучыню гэтага горада толькі ў складзе ўласнай дзяржавы, а любы іншы варыянт успрымалі як гістарычную несправядлівасць. 

Расійскай Вільня перастала быць у верасні 1915 года, калі апынулася пад нямецкай акупацыяй. Праз два гады літоўцы стварылі тут орган сваёй улады — Літоўскую Тарыбу (Раду), якая ў лютым 1918-га ўхваліла Акт аб незалежнасці Літвы. Праўда, рэальны кантроль над горадам ёй забяспечыць было складана: у яго насельніцтве літоўцы складалі толькі 2%. Таму літоўскае нацыянальнае будаўніцтва, у тым ліку і стварэнне арміі, вялося перадусім на тэрыторыі колішняй Ковенскай губерні, дзе літоўцы складалі пераважную большасць і дзе іх нацыянальны рух быў вельмі моцны. 

А непасрэднае ўзброенае змаганне за Вільню ўласнымі сіламі пасля вываду нямецкіх акупацыйных войскаў маглі весці фактычна толькі дзве краіны: Польшча на чале з Юзафам Пілсудскім і Савецкая Расія.

Літоўцы маглі спадзявацца збольшага толькі на здольнасці сваіх дыпламатаў. Што тычыцца Беларускай Народнай Рэспублікі, то ёй, як вядома, увогуле не было суджана займець паўнавартаснага ўласнага войска. А таму беларусы мусілі на працягу ўсяго віленскага крызісу заставацца хутчэй аб’ектам, а не суб’ектам гульні: актыўныя гульцы памяталі пра іх і спрабавалі выкарыстаць у сваіх інтарэсах, але не больш за тое.

Вайна і дыпламатыя

У красавіку 1919 года на пачатковым этапе польска-савецкай вайны Вільня была занятая польскімі войскамі. Чырвоная армія да восені адступіла за раку Бярэзіну, і да вясны наступнага года лінія фронту мянялася мала. Але ў маі 1920-га бальшавікі перайшлі ў наступленне, а палякі сталі адступаць. Ужо праз пару месяцаў Чырвоная армія стаяла пад Варшавай. 

Але паралельна працавала і бальшавіцкая дыпламатыя. Каб не дапусціць заключэння саюзу паміж Польшчай і Літвой, Савецкая Расія прапанавала апошняй заключыць мірную дамову. Дамова была падпісана ў Маскве 12 ліпеня 1920 года, згодна з ёй бальшавікі саступалі на карысць літоўцаў не толькі Вільню з ваколіцамі, але і значныя тэрыторыі сённяшняй Беларусі з такімі гарадамі, як Гродна, Ліда і Ашмяны. 

Наўрад ці саветы выконвалі б гэтую дамову, каб ім цалкам спрыяла ваенная ўдача і ў Еўропе ўдалося запаліць полымя сусветнай рэвалюцыі. Але летам 1920-га палякі разграмілі бальшавікоў пад Варшавай, і Чырвоная армія пакацілася назад. Каб Вільню не занялі палякі, бальшавікі 26 жніўня, у адпаведнасці з Маскоўскай дамовай, перадалі горад літоўцам, а Польшча пад ціскам краін Антанты, якія хацелі нарэшце спыніць у рэгіёне войны ўсіх з усімі, мусіла прызнаць гэты факт. Больш за тое, ізноў-такі пад ціскам заходніх саюзнікаў 7 кастрычніка палякі заключылі ў Сувалках уласнае перамір’е з Літвой, згодна з умовамі якога дэмаркацыйная лінія паміж бакамі праходзіла на паўднёвы захад ад Вільні. Апошняя, такім чынам, заставалася літоўцам.

Хітры план Пілсудскага

Але палякі так проста адмаўляцца ад горада не збіраліся, тым больш што літоўская армія па сваёй моцы яўна саступала польскай. А каб пры гэтым не пасварыцца з Вялікабрытаніяй і Францыяй, яны прыдумалі хітры план. Сутнасць яго была ў тым, каб усталяваць над Вільняй і Віленшчынай фактычны кантроль, але фармальна польская дзяржава мусіла заставацца як бы ні пры чым. На закіды, што Польшча парушае міжнародныя дамовы, якія сама толькі што падпісала, польскі лідар Юзаф Пілсудскі мог бы не маргнуўшы вокам адказваць: «Нас там няма».

Wikimedia Commons

У тагачасным польскім войску служыла шмат жаўнераў і афіцэраў, якія паходзілі з беларуска-літоўскага краю. Яны складалі аснову 1-й і 2-й Беларуска-Літоўскіх дывізій. Нямала гэтых людзей паходзіла менавіта з Вільні і Віленшчыны, і яны зусім не хацелі, каб іх родныя мясціны адыходзілі ў склад Літвы. Радзімай Віленшчына была сярод іншых для камандуючага 1-й Літоўска-Беларускай дывізіяй генерала Люцыяна Жалігоўскага і начальніка польскай дзяржавы Юзафа Пілсудскага. З імёнамі гэтых двух дзеячаў у асноўным і звязаны план, закліканы пакінуць спрэчную Віленшчыну за палякамі.

Абмеркавалі яны гэты план, некалькі разоў сустрэўшыся ў Беластоку ў канцы верасня — пачатку кастрычніка 1920-га (яшчэ да заканчэння перамоў у Сувалках!). Паводле яго, Жалігоўскі павінен быў падняць «паўстанне», рушыць на Вільню, захапіць яе разам з ваколіцамі і стварыць на занятай тэрыторыі новую, фармальна незалежную ад Польшчы дзяржаву.

Прытым Пілсудскі шчыра папярэдзіў выканаўцу плана: «Можа надысці час, калі супраць Вас будзе не толькі Сейм і ўся Польшча, але нават я. Вам прыйдзецца ўзяць усё на сябе. Таму я не магу Вам нічога загадаць».

Але Пілсудскі верыў, што Вялікабрытанія і Францыя не выступяць адкрыта на баку Літвы, абмяжуючыся пагрозамі па дыпламатычных каналах. Так яно ўрэшце і сталася.

«Паўстанне» пачынаецца

Жалігоўскі пагадзіўся на ўмовы Пілсудскага. Раніцай 8 кастрычніка жаўнерам 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі, якой ён камандаваў, зачыталі загад рушыць на Вільню. 

Літоўцы хутка даведаліся пра наступленне на Вільню, якую абаранялі толькі два іх батальёны (некалькі соцень байцоў супраць 14 тысяч «паўстанцаў»). Спроба перамоў з Жалігоўскім скончылася нічым. Ён сказаў: «Мы не ваюем з вамі, а толькі вяртаемся дадому». Варшава заявіла, што ў яе няма сілаў спыніць «мяцежнікаў»: армія змагаецца з Савецкай Расіяй. Спробы звярнуцца да Лігі Нацый засталіся без адказу. 

У адчаі літоўцы нават перадалі кантроль над Вільняй французскім прадстаўнікам, спадзеючыся, што Жалігоўскі не рызыкне ісці на прамы канфлікт з Антантай. Але марна — пасля 14-й гадзіны 9 кастрычніка ў горад увайшлі перадавыя часткі «паўстанцаў». Французы паспрабавалі знайсці Жалігоўскага, каб пачаць перамовы. Але афіцэры наўмысна накіравалі іх туды, дзе генерала не было. І каля 19-й гадзіны ён спакойна ўехаў у горад праз Вострую браму. 

Вайна, якую ніхто не аб’яўляў

Бясконца хавацца ад прадстаўнікоў Антанты Жалігоўскі, вядома, не мог. Але сустрэўся ён з імі як гаспадар — у былым будынку Тарыбы. Перамовы нічым не скончыліся, суразмоўцы генерала вымушаныя былі пакінуць горад. Разам з імі выехалі і літоўскія чыноўнікі.

Люцыян Жалігоўскі — першы і адзіны кіраўнік Сярэдняй Літвы. Wikimedia Commons

Афіцыйна Антанта асудзіла Жалігоўскага, але ваяваць з ім не стала. Ліга Нацый, праўда, звярнулася да палякаў, каб тыя загадалі «мяцежнікам» пакінуць Вільню. Але ў Варшаве адказалі, што нічога зрабіць не могуць, бо Жалігоўскі і яго афіцэры з войска нібыта звольніліся. 

Тым часам «мяцежнікі» працягвалі ісці наперад, баі працягваліся яшчэ больш за месяц. У канцы кастрычніка яны пачалі новае наступленне — на Коўна. Літоўцы перакінулі на фронт новыя палкі і адбілі атаку. Жалігоўскі зразумеў, што больш ён нічога не даб’ецца. 29 лістапада бакі заключылі пагадненне аб спыненні агню. Тэрыторыя Сярэдняй Літвы дасягнула на момант перамір’я прыкладна 13,5 тысячы квадратных кіламетраў з насельніцтвам каля паўмільёна.

Сітуацыя, такім чынам, стабілізавалася, і прыйшоў час думаць, што з усім гэтым рабіць. Не толькі Польшчы ды Літве, але і ўсёй Еўропе.

Непрызнаная краіна

Фармальна адразу пасля захопу Вільні на тэрыторыі Сярэдняй Літвы пачаўся працэс дзяржаўнага будаўніцтва. Ужо 12 кастрычніка выйшаў Дэкрэт №1, падпісаны Жалігоўскім. Ён заявіў, што бярэ ўладу на захопленай тэрыторыі ў свае рукі, а дапаможа яму кіраваць Часовая ўрадавая камісія (ЧУК). Ствараліся і мясцовыя органы ўлады. Быў зацверджаны герб Сярэдняй Літвы — шчыт з выявамі Арла і Пагоні. 

Вонкава Сярэдняя Літва сапраўды нагадвала невялікую незалежную дзяржаву. Але гэта была толькі бачнасць. Бо на самай справе хіба толькі наіўныя ідэалісты збіраліся будаваць самастойную дзяржаўнасць гэтай тэрыторыі на доўгатэрміновай аснове.

Варшаўскія і большасць мясцовых польскіх палітыкаў думалі толькі пра тое, як інтэграваць гэтую тэрыторыю ў склад Польшчы, прытым так, каб гэта было прызнана сусветнай супольнасцю. Інакш кажучы, фактычны тэрытарыяльны набытак трэба было легітымізаваць праз міжнароднае прызнанне. 

Шуканні кампрамісу

Спачатку палякі хацелі вырашыць праблему хутка і проста: неадкладна правесці выбары ў мясцовы парламент, дэпутаты якога мусілі прагаласаваць за далучэнне Сярэдняй Літвы да Польшчы. Была ўжо нават прызначана дата гэтых выбараў на пачатак 1921 года, але пасля ад гэтай ідэі часова адмовіліся. На гэта пайшлі таму, што ў справу вызначэння будучыні Вільні і Віленшчыны актыўна заангажаваліся вялікія еўрапейскія дзяржавы, а яны імкнуліся вырашыць віленскую праблему праз кампраміс паміж Польшчай і Літвой. 

Спробы еўрапейскага вырашэння віленскай справы звязаныя з іменем тагачаснага старшыні Лігі Нацый, бельгійскага палітыка Поля Іманса. На працягу 1921 года камісія пад яго кіраўніцтвам распрацавала два праекты, якія мелі на ўвазе далучэнне Віленскага краю да Літвы, але на розных умовах. 

Першы прадугледжваў кантанальную пабудову літоўскай дзяржавы з ковенскім і віленскім кантонамі і агульнай сталіцай у Вільні. Літва пры гэтым мусіла заключыць з Польшчай канвенцыі ў ваеннай, гандлёвай і замежнапалітычнай сферах. Праект прымаўся Польшчай, паколькі ў такім выпадку яна атрымлівала фактычную магчымасць не толькі цалкам трымаць пад сваім кантролем віленскі кантон з польскай большасцю, але і непасрэдна ўплываць на ковенскі. Аднак гэтага катэгарычна не хацела і нават баялася Літва. Другі праект Іманса прадугледжваў толькі аўтаномію віленскай акругі ў складзе Літвы, на што не пагаджаліся ўжо палякі. 

Да восені 1921 года польска-літоўскія перагаворы канчаткова зайшлі ў тупік, і на парадак дня зноў выйшла правядзенне выбараў у Віленскі сейм.

Іх прызначылі на 8 студзеня 1922-га і гэтым разам правесці здолелі. Праўда, арганізацыі, якія рэпрэзентавалі асноўныя няпольскія народы Віленшчыны — беларусаў, яўрэяў, літоўцаў, — больш жадалі, каб Вільня ўвайшла ў склад Літвы, а таму прынялі рашэнне аб байкоце выбараў і заклікалі да гэтага сваіх суродзічаў. Але гэта сітуацыі прынцыпова не памяняла: паводле афіцыйных звестак, яўка на выбары склала 64,4% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. Выбары, такім чынам, адбыліся, і сейм быў сфарміраваны.

Сярэдняя Літва і беларусы

Апошнім часам у беларускіх папулярных публікацыях нярэдка можна сустрэць думку, што Сярэдняя Літва была ледзь не адной з формаў беларускай дзяржаўнасці, што беларусы калі не кіравалі ёй, то прынамсі мелі вялікі ўплыў на прыняцце важных рашэнняў. Але такія сцверджанні не маюць пад сабой аніякага грунту. 

Праўда, спачатку акцыя генерала Жалігоўскага была прынята некаторымі беларускімі дзеячамі дастаткова прыхільна, бо непасрэдна перад ёй яны атрымалі абяцанні блізкіх да Юзафа Пілсудскага колаў, што на тэрыторыі Віленшчыны будзе ўтворана дзяржава пад назвай «Заходняя Беларусь». Аднак калі такія планы ў польскага лідара напачатку і існавалі, то толькі імі і засталіся. Адзінае, што беларусам спачатку ўдалося атрымаць з праекта Сярэдняй Літвы, — пасаду кіраўніка дэпартамента (фактычна міністэрства), аправізацыі (забеспячэння, паставак прадукцыі) для вядомага нацыянальнага дзеяча Вацлава Іваноўскага. Таксама пры дэпартаменце асветы быў створаны аддзел беларускай асветы, які ўзначаліў Браніслаў Тарашкевіч. Дзякуючы ягонаму імпэту за кароткі час на Віленшчыне ўдалося заснаваць каля 150 беларускіх школ.

Святкаванне далучэння Сярэдняй Літвы да Польшчы, 1922 год. Wikimedia Commons

Але з паводзін кіраўніцтва Сярэдняй Літвы ў першыя ж месяцы яе існавання стала відавочна, што палякі рупяцца толькі пра ўласныя інтарэсы, а ўсе саступкі на карысць іншых народаў краю — не больш чым тактычныя крокі, ды і тыя часта толькі на словах. Таму яшчэ да канца 1920 года Віленскі Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) выдаў некалькі дакументаў з пратэстам супраць палітыкі ЧУК, а Іваноўскі пакінуў сваю высокую пасаду ўжо ў снежні 1920-га.

У такіх умовах усё больш на пазіцыю беларускіх палітыкаў стаў уплываць другі суб’ект спрэчкі за Вільню — Літва. З-за невялікай колькасці літоўцаў на Віленшчыне літоўскія палітыкі, жадаючы ўмацаваць свае пазіцыі, пайшлі на выкарыстанне беларускай карты.

11 лістапада 1920 года была падпісана дамова паміж урадам БНР у выгнанні на чале з Вацлавам Ластоўскім і ўрадам Літвы, згодна з якой беларусы ў абмен за матэрыяльную і дыпламатычную падтрымку абавязваліся падтрымліваць літоўцаў падчас іх канфлікту з Польшчай. У адпаведнасці з гэтым Віленскі БНК заклікаў беларусаў байкатаваць выбары ў Віленскі сейм.

І хоць пастаўленай мэты дасягнуць не ўдалося, нельга сказаць, што тактыка байкоту выбараў у той час была адназначна памылковай. Тады яшчэ заставалася надзея, што пры ўзгодненым байкоце выбараў усімі няпольскімі нацыянальнасцямі Віленшчыны вялікія дзяржавы схіляцца да перадачы Вільні Літве. 

Літва ж да 1922 года заставалася ці не адзінай дзяржавай, яшчэ зацікаўленай у падтрымцы беларускіх дзяржаватворчых памкненняў. І можна было спадзявацца, што пасля вырашэння ўласных тэрытарыяльных праблем літоўскаму ўраду не так проста было б адмовіцца ад выканання сваіх ранейшых абяцанняў.

Не маючы рэсурсаў, каб хутка літуанізаваць шматлікае славянскае насельніцтва, літоўскі ўрад проста вымушаны быў бы спрыяць пашырэнню на Віленшчыне прыязнай да сябе беларускасці, змяншаючы тым самым уплывы варожай польскасці. Дзякуючы чаму беларусам можна было б разлічваць на стварэнне там своеасаблівага нацыянальнага П’емонта. Але праверыць рэалістычнасць гэтых разлікаў на практыцы не давялося.

Інкарпарацыя

Дэпутатамі Віленскага сейма сталі пераважна прыхільнікі далучэння Сярэдняй Літвы да Польшчы. Сур’ёзныя рознагалоссі сярод іх былі толькі ў тым, ці мусіць гэты край мець нейкую аўтаномію, а калі мусіць, то наколькі шырокую. 

Афіцыйна рашэнне аб аб’яднанні з Польшчай было прынята Віленскім сеймам падчас пасяджэння 20 лютага 1922 года. Крыху больш чым праз месяц, 25 сакавіка 1922 года, краёвы парламент быў распушчаны, а 6 красавіка быў прыняты закон пра перадачу ўлады над Bіленшчынай дэлегату польскага ўрада.

Інкарпарацыя Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы, такім чынам, стала рэчаіснасцю, і міжнароднай супольнасці, якая за амаль дзесяцігоддзе няспынных войнаў страшна ад іх стамілася, нічога не заставалася, як прызнаць гэта спачатку дэ-факта, а 15 сакавіка 1923-га і дэ-юрэ. 

Прытым ніякай аўтаноміі ці асаблівага статусу ў складзе Польшчы Віленшчына не атрымала. Адзінай часовай праявай яе адметнасці было тое, што пару гадоў гэтая тэрыторыя звалася Віленскай зямлёй, а не ваяводствам, як іншыя, а кіравалі ёй, не ваяводы, а дэлегаты ўрада. Але і гэта ўжо ў канцы 1925 года было адменена. Літоўцы, вядома, пратэставалі, афіцыйна яны не прызнавалі законнасці пераходу Вільні да Польшчы цягам усяго міжваеннага перыяду. Але затое крыху суцешыліся захопам фактычна паводле той жа методыкі Клайпедскага краю ў пачатку 1923 года (гл. пра гэта артыкул у № 3/2020 «Нашай гісторыі»). І Лізе Нацый зноў нічога не заставалася, як толькі прызнаць здзейснены факт. У тым ліку і таму, што перад гэтым быў створаны сярэднелітоўскі прэцэдэнт.

Андрэй Акушка

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера