Найти
06.01.2021 / 19:16РусŁacБел

«Настояшча рэволюцыя була!» Как жители деревни Доропеевичи в Малоритском районе отстояли свою церковь

Государство решило превратить их церковь в склад. Тогда они не пошли в калхоз на работу, пишет Инна Хомич.

Інтэр’ер Свята-Раства-Багародзіцкай царквы. Фота Сяргея Плыткевіча, Planetabelarus.by 

1964 год. У Заходняй Беларусі ідзе кампанія па закрыцці храмаў, якіх тут, на думку камуністаў, занадта шмат.

У даволі вялікім па заходнепалескіх мерках — прыкладна 200 двароў — сяле Дарапеевічы Маларыцкага раёна мясцовая Багародзіцкая царква таксама ўжо стаіць закрытая. Фармальную прычыну для гэтага мясцовым уладам было знайсці лёгка: дастаткова было паставіць працоўны дзень на вялікае свята, каб палова вёскі ўчыніла прагул. Пасля гэтага дзяржаве засталося толькі аб’явіць царкву шкоднай для сацыялістычнага будаўніцтва і выслаць з вёскі святара. Ну а праблему таго, што вяскоўцы хадзілі цішком маліцца ў царкву і без бацюшкі, мусіла вырашыць пастанова райвыканкама аб пераўтварэнні культавага месца ў калгасны склад зерня. 

Такое шмат дзе практыкавалі, і за два гады ад пачатку актыўнай кампаніі ўлады ўжо добра адладзілі алгарытм дэсакралізацыі храмаў. У што б ні ператваралася царква, з яе спачатку трэба было вынесці прадметы культу, якія часта ўяўлялі сабой гісторыка-культурную каштоўнасць. Праўда, вывозілі іх не столькі па гэтай прычыне, колькі каб проста не мулялі вочы і не нагадвалі былым прыхаджанам пра першапачатковае прызначэнне будынка. 

Выканаўцамі часта вызначалі навучэнцаў сельскагаспадарчых вучэльняў. Тады гэта набывала выгляд не акцыі КГБ, міліцыі ці органаў улады, а «ініцыятывы знізу». Пры гэтым студэнтаў суправаджала начальства і тая самая міліцыя, каб спыняць любыя спробы супраціву. 

Каб вернікі менш перашкаджалі «прагрэсу», час аперацыі планавалі так, каб яна прыпадала на гарачы працоўны час (жніво, сенакос, капанне бульбы, калі людзі ў полі) або на цёмны час сутак. 

У Дарапеевічы прыехалі ў ліпеньскае жніво, ды яшчэ і зацемна. Нішто не прадказвала, што з вывазам рэліквій з’явяцца нейкія праблемы.

«Людочкі, гвалт!»

Старая Еўдакія Ярманюк, як і належыць начному вартаўніку, спала ў канторы, дзе ахоўвала дакументы і грошы. Дзесьці далёка загулі машыны, але да цэнтра вёскі, дзе месціцца кантора, крама і царква, не даехалі. Баба Дуня глянула ў акно — было яшчэ цёмна, — павярнулася на другі бок і зноў заснула.

Тым часам грузавая машына, дзве «лятучкі» — крытыя грузавыя машыны, у якіх перавозілі людзей, — адзін міліцэйскі і адзін начальніцкі «бобікі» спыніліся на ўездзе ў Дарапеевічы, дзе жыў старшыня калгаса. У старшынёву хату пагрукалі, а калі Сцяпан Юшчук адчыніў, сказалі яму хутка збірацца, паколькі ён задзейнічаны ў спецыяльным рэйдзе як мясцовая ўлада.

Але Сцяпан Пятровіч быў чалавекам тутэйшым. Не выканаць загад ён не мог, то хоць цягнуў валынку. То доўга адзяваўся, то мыўся. 

Нарэшце калона машын рушыла да царквы. Праінструктаваныя навучэнцы сталі па перыметры будынка. Начальства стаяла ля ўвахода і чакала, калі рабочы з аўтагенам перарэжа масіўны замок яшчэ польскага часу. 

Старая вартаўнічка ў канторы пабачыла яркае святло і вырашыла, што царкву спрабуюць падпаліць. «Людочкі, гвалт!» — пачала крычаць Дуня, перш чым дужыя мужчынскія рукі заціснулі ёй рот і запхнулі ў машыну.

Але вартаўнічку добра пачулі жыхары суседніх з канторай і царквой хат.

Збеглася ўсё сяло

Сцяпан Раманюк, 29-гадовы калгасны шафёр, з жонкай і яе бабуляй жыў у суседняй з царквой хаце. Сцяпан спаў ля акна, таму, як толькі пачуў гудзенне машын, падхапіўся і пабачыў (а ўжо развіднела), як з лятучак выскокваюць студэнты.

— Вставай, Галё! — расштурхаў Сцяпан жонку. — Прыіхалы нашу цэркву розбыраты!

Раманюкі кінуліся ў розныя бакі па Дарапеевічах, каб пабудзіць людзей.

Сцяпан Раманюк — адзін з галоўных герояў бунту ў Дарапеевічах. Ужо не жыве. Фота Іны Хоміч

У выніку з царквы яшчэ не паспелі вынесці ўсе харугвы і абразы, а побач ужо назбіралася абураных дарапееўцаў. Яны стаялі вакол царкоўнай агароджы, бо праз вароты іх не пускала студэнцкая варта, і не ведалі, што далей рабіць. І тут да царквы вярнуўся Сцяпан Раманюк.

— Людочкі, вашу цэркву розбырають, а вітэ забора шкодуете?! Ламаймо!

Натоўп кінуўся на старую агароджу, за якой стаяла яшчэ адна, таксама драўляная. Праз утвораную дзірку бунтаўнікі трапілі на тэрыторыю царквы, з адламанымі штахетамі ў руках. Студэнты атрымалі тымі штахетамі па плячах. Дасталося і міліцыі. Начальнік з райаддзела штурхануў бабу, а хтосьці з маладых хлопцаў у адказ пераехаў начальніку штахетай па спіне і пашкодзіў яму хрыбет.

Каб абараніць сваіх аднавяскоўцаў, старшыня калгаса даказваў, што Раманюка там дакладна не было. Ды і ўвогуле, царкву нібыта баранілі пераважна жанчыны. 

«На людзей не паеду!»

Стэпа Сцепанюк, якая пазней стане вядомай на ўсю Беларусь ткачыхай, у тым далёкім 1964-м працавала паляводам у калгасе. Яе на досвітку разбудзіў дарапеевец Хвадзей, які ехаў на ровары і перад кожнай хатай крычаў, што разбіраюць царкву. 

Ад Стэпінай хаты да цэнтра — пару кіламетраў, таму і яна скочыла на ровар, каб далучыцца да вясковага супраціўлення. Калі прыехала, ля царквы ўжо было даволі шмат народу і канфлікт вырашаўся на карысць людзей. Студэнты з начальствам пакаваліся ў машыны, каб з’язджаць. 

Завялася і грузавая машына, у якой ляжалі тыя прадметы, якія студэнты паспелі вынесці з царквы. Стэпе было страшна, але і яна ўстала разам з іншымі жанчынамі перад грузавіком. Калі ўтварыўся першы шэраг счэпленых за рукі людзей, грузавік працягваў рухацца. Калі ж утварыліся другі і трэці шэрагі — спыніўся.

У кабіне грузавіка ішла маральная барацьба паміж міліцыянерам, які патрабаваў ад шафёра ехаць, і шафёрам, які моцна шкадаваў, што пагадзіўся ўдзельнічаць у гэтай спецаперацыі. Строга кажучы, ён нават не быў шафёрам, а механікам з суседняга калгаса і проста падмяняў калегу, які адразу рашуча адмовіўся сядаць за руль, як толькі даведаўся, куды і навошта трэба ехаць. Не вельмі хацелася ехаць і яму, але раённае начальства ціснула: «Ты ж камуніст, ты абязан!»

Але тут у яго з’явілася нагода саскочыць.

— Хочаш — сядай за руль сам, а я на людзей не паеду! 

Міліцыянер усё ж сеў за руль, але… завесці машыну яму не ўдалося. Пакуль ішлі спрэчкі, Сцяпан Раманюк падсыпаў у паліўны бак машыны пяску. Грузавік застаўся стаяць каменем. Дарапееўцы маглі вярнуць у царкву вынесеныя рэчы. Не хапала толькі чашы з лыжачкай для прычасця і святых кніг. Іх забралі з сабой выканаўцы. 

Трое сутак стаялі

Грузавік каля царквы нагадваў не толькі пра перамогу, але і пра пагрозу, якая нікуды не дзелася. Таму дарапееўцы не спяшаліся разыходзіцца. Не ішлі ў калгас жаць збожжа, прадавачкі не адчынялі магазін, жанчыны не сыходзілі нават гатаваць есці.

Людзей ля царквы было шмат, сабраліся не толькі жыхары Дарапеевіч, але і суседніх вёсак. Нехта прыдумаў адправіць у Маскву на імя аднаго з міністраў тэлеграму пра бясчынства раённага начальства. У адказ да бунтаўнікоў пачалі ездзіць дэлегацыі не толькі з Маларыты, але і Брэста з просьбай супакоіцца і ісці на работу. 

Сцепаніда Сцепанюк са старажытнай кашуляй. Сама яна такія таксама тчэ. Фота Іны Хоміч

Але вяскоўцы былі непахісныя і адказвалі, што разыдуцца толькі, калі ім вернуць скрадзеныя царкоўныя рэчы, а саму царкву пакінуць у спакоі.

Перамовы ішлі некалькі дзён. На трэція суткі ў Дарапеевічы прывезлі царкоўныя прадметы, і толькі тады калгаснікі вярнуліся на працу.

Начная варта

Цягам сарака дзён дарапееўцы па чарзе, па некалькі дзясяткаў чалавек, дзяжурылі каля царквы. Пасля яшчэ паўгода дзяжурылі каля царквы па трое. 

Царква ў гэты час ужо была замкнёная на два замкі: адзін павесіў сельсавет, другі — людзі. Акрамя таго, дарапееўцы ўзялі доўгі дрот і адзін яго канец прывязалі да звона, каб можна было званіць у выпадку небяспекі, не залазячы на званіцу. Не абышлося без кур’ёзу. Адзін раз за той дрот зачапіўся п’яны. Ох і атрымаў ён ад людзей, што збегліся па трывозе!

Магазінная разведка

Магазіншчыца Вера Сцепанюк была галоўнай разведчыцай. Яна са сваёй напарніцай пільнавала, ці не прыехалі да царквы чужыя. У царкву без прадстаўніка грамады не пускалі не толькі начальства, але і навуковыя экспедыцыі.

Але гэта не ўратавала ад звычайных зладзеяў. Не дапамаглі ні два замкі, ні «дротавая сігналізацыя». З царквы вынеслі пяць самых старых абразоў.

Новы старшыня калгаса даказваў людзям, што іх перамога пустая. Хоць царкву не зрабілі складам, але дарапееўцы ўсё роўна не дачакаюцца, калі яе адкрыюць. Людзі на гэта толькі зацята адказвалі: «Пабачым!» 

І сапраўды, у 1980-я прыйшлі перамены. 9 жніўня 1988 года, на закладное свята ў гонар святога Панцеляймона, Багародзіцкая царква зноў прыняла вернікаў. 

Сцепаніда Сцепанюк у свае 85 усё яшчэ спявае на клірасе ў той царкве, якую яна з аднавяскоўцамі ўратавала. Яна ганарыцца тым, што яны зрабілі: «Тут жэ настояшча рэволюцыя була!»

Артыкул заснаваны на аповедах непасрэдных удзельнікаў падзей: Сцепаніды Сцепанюк, Веры Сцепанюк і Сцяпана Раманюка.

Іна Хоміч

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930