Найти
01.04.2021 / 23:20РусŁacБел

Как древнюю Городню чуть не постигла судьба Берестья

Исторический центр Гродно могли уничтожить под строительство крепости, как это случилось с Брестом. Но городу повезло — помогла обычная человеческая зависть. Пишет Василь Герасимчик.

План 1807 года па ўзвядзенні крэпасці ў Гродне. З калекцыі Мечыслава Супрона.

Ідэі і планы

Ідэя ператварэння Гродна ў прымежную крэпасць Расійскай імперыі ўпершыню з’явілася ў час войнаў з напалеонаўскай Францыяй. У 1807 годзе быў нават план будучых умацаванняў, якія колам ахоплівалі ўвесь горад. Аднак Тыльзіцкі мір, заключаны Аляксандрам І і Напалеонам, зняў пытанне з парадку дня. 

Пасля захопу Гродна французскія ўлады таксама думалі, каб ператварыць яго ў крэпасць. Але паспелі зрабіць толькі план: ужо праз паўгода сюды вярнулася Расія.

Падштурхнула паўстанне

Чарговы раз да ідэі будаўніцтва крэпасці ў Гродне вярнуліся падчас паўстання 1830—1831 гадоў, прычым яе выказаў асабіста імператар Мікалай І. Ён убачыў у горадзе на Нёмане, дзе на той час размяшчаліся вайсковыя склады, адзін з найважнейшых пунктаў абароны заходняй мяжы Расійскай імперыі. Узвядзенне новай крэпасці даручылі галоўнакамандуючаму расійскімі войскамі ў Царстве Польскім графу Івану Паскевічу. Але той быў неўзабаве цяжка паранены пры штурме Варшавы ў 1831-м.

Таму праектам крэпасці часова заняўся камандуючы рэзервовай арміяй граф Аляксандр Талстой, які накіраваў у Гродна вайсковага інжынера Міхаіла Кліменку.

Генерал Кліменка належаў да ліку найлепшых вайсковых інжынераў Расійскай імперыі і да таго кіраваў узвядзеннем Дынабургскай крэпасці. Дынабург (Дзвінск, сёння — Даўгаўпілс) пры ім ператварыўся ва ўмацаваны лагер. Тое ж рашэнне ён планаваў ажыццявіць і ў Гродне, вакол якога павінны былі паўстаць асобныя магутныя ўмацаванні. Згодна з планам, крэпасць з 40 гарматамі разлічвалася на гарнізон у 6 тысяч чалавек.

Але гэты смелы праект, які патрабаваў вялізных выдаткаў і некалькіх гадоў рэалізацыі ва ўмовах пагрозы пашырэння паўстання на тэрыторыю колішняга Вялікага Княства Літоўскага, напалохаў Мікалая І. Імператар назваў Кліменкаў план «занадта шырокім» і перадаў даручэнне іншаму інжынеру. 

Праект гродзенскай крэпасці было загадана распрацаваць палкоўніку Ота Фрэйману, імя якога ў той час было шырока вядомым у Расійскай імперыі. Гэта быў кіраўнік Ліфляндскай вайсковай акругі, які ў 1830 годзе адзначыўся пры выратаванні жыхароў Рыгі і Дынамюндэ падчас паводкі, за што атрымаў 3000 дзесяцін зямлі ў Саратаўскай губерні.

Мікалай І запатрабаваў неадкладна прыступіць да ўмацавання найбольш зручнай для гэтага часткі Гродна. Планавалася разбурыць значную частку горада, а шэраг будынкаў выкарыстаць у якасці складоў для захавання вайсковага рыштунку і месцаў размяшчэння гарнізона. У першую чаргу гэта тычылася каталіцкіх кляштараў.

План Гродна 1832—1833 гадоў.

Гродзенцаў нават паспелі абкласці спецыяльным грашовым падаткам, а на ўскраіне горада паўсталі два каменныя парахавыя скляпы. Для канчатковага зацвярджэння будаўніцтва крэпасці Фрэйман звярнуўся да Івана Паскевіча. Але таго план не задаволіў: «Танней абыдзецца значна больш шырокае ўмацаванне бастыённага тыпу, пры якім зносу будуць падлягаць нешматлікія будынкі, а ўнутраная прастора зробіцца шырэйшай і абарона лепшай».

Для вырашэння спрэчкі паміж уплывовым саноўнікам і інжынерам, які знаходзіўся ў фаворы імператара, звярнуліся да трэцяга боку. Ім аказаўся не хто іншы, як аўтар адхіленага праекта Міхаіл Кліменка, які на той час ужо стаў дырэктарам Інжынернага дэпартамента Вайсковага міністэрства.

Кліменка супраць

Інжынер разгледзеў абедзве пазіцыі і… прапанаваў Мікалаю І свае два новыя праекты, заявіўшы, што Гродна ўвогуле не трэба ўмацоўваць, а варта зрабіць апорны пункт вышэй або ніжэй па Нёмане. 

Мікалай І быў збіты з панталыку такой вялікай колькасцю планаў па Гродзенскай крэпасці і таму, каб канчаткова вызначыць найбольш зручны з іх, загадаў у ліпені 1832 года скласці падрабязную карту горада. Ота Фрэйман быў накіраваны ва Украіну і ў далейшым кіраваў узвядзеннем Кіеўскай крэпасці замест Гродзенскай.

А за рэалізацыю ідэі з яшчэ большай заўзятасцю ўзяўся Іван Паскевіч, які падзяляў меркаванне імператара, што Гродна — надзвычай важны пункт для абароны цэнтра імперыі. Каб зрушыць справу з мёртвага пункта, ён у 1833 годзе запрасіў найбольш шанаванага імператарам вайсковага інжынера — Івана Дэна. Той склаў два праекты, якія абапіраліся на ідэі Міхаіла Кліменкі. Адзін праект павінен быў абысціся дзяржаве ўсяго ў 308 тысяч рублёў і прадугледжваў будаўніцтва часовага ўмацавання. Затое другі меў доўгатэрміновы характар і патрабаваў выдаткаў у памеры рэкордных па тым часе 14 млн рублёў. Па ім Гродна і ваколіцы павінны былі абнесці магутнай агароджай. 

Аднак супраць гэтых праектаў зноў выступіў Міхаіл Кліменка, які, магчыма, затаіў крыўду і пазайздросціў канкурэнтам. На той час ён атрымаў чарговае павышэнне і стаў кіраўніком упраўлення інспектарскай часткаю Інжынернага корпуса. Не змякчала яго нават тое, што ў праектах прысутнічалі элементы яго ўласных планаў. 

Кліменка ведаў пра стаўленне імператара да асобы Дэна. Таму ў якасці аргументаў ён выкарыстаў тое, што Дэн не працаваў непасрэдна ў Гродне, а ствараў свае праекты пры выкарыстанні недакладнай карты горада, дзе не ўлічваліся перапады вышынь, вялікая колькасць яроў і размяшчэнне пабудоў на крутых схілах.

У выніку імператар вымушаны быў адхіліць і праекты Івана Дэна, які цягам наступных 20 гадоў займаўся будаўніцтвам крэпасцяў у Царстве Польскім, у тым ліку ў Модліне і Варшаве.

План Бабруйскай крэпасці, якую пачалі будаваць у чэрвені 1810-га. Крэпасць вытрымала доўгую аблогу французаў. Як склаўся б ход вайны 1812 года, калі б у Гродне была пабудавана крэпасць, мы можам толькі здагадвацца.

Чарговы план у 1834 годзе быў даручаны генералу Аляксандру Фельдману. Пры гэтым імператар вусна патлумачыў, што ператварэнне Гродна ў крэпасць больш не разглядаецца. Замест гэтага планавалася ўмацаваць левы бераг Нёмана, за межамі горада. 

А вясной 1835-га Мікалай адкінуў і гэты намер ды накіраваў асноўныя намаганні на будаўніцтва крэпасцяў у Брэсце і Новагеоргіеўску (так з 1834 года сталі зваць польскі горад Модлін). І з Берасцем здарылася тое, што раней планавалася для Гродна — поўнае знішчэнне горада. 

А да праекта будаўніцтва Гродзенскай крэпасці вярнуліся ўжо толькі напрыканцы 1880-х гадоў. На гэты раз умацаванні ўзводзіліся вакол горада. Рэшткі іх у выглядзе магутных фартоў захаваліся да нашых дзён.

Васіль Герасімчык

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930