Найти
28.02.2021 / 12:05РусŁacБел

С русинов в литвины. Как в ВКЛ расширялась Литва и уменьшалась Русь.

Кандидат исторических наук Вячеслав Носевич пишет, как менялось культурное и пространственное представление о Литве и Руси в Великом Княжестве Литовском.

Літвою з часам сталі называць абшар, дзе літоўцы і русіны жылі сумесна. На фота: від на Навагрудак з Замкавай гары.

Рускі — значыць праваслаўны

За першае стагоддзе свайго існавання, з сярэдзіны ХІІІ да сярэдзіны XIV стагоддзя, Вялікае Княства Літоўскае і Рускае трывала замацавала ў сваім складзе ўсю тэрыторыю сённяшняй Беларусі і пашырылася далей на поўдзень і ўсход. 

Становішча, пра якое пісаў некалі кіеўскі летапісец Нестар, істотна змянілася, у тым ліку сам сэнс назвы «Русь». Калі раней галоўнай прыкметай Русі было знаходжанне пад уладай княскай дынастыі Рурыкавічаў, то цяпер русінаў ад навакольных народаў найбольш яскрава адрознівала не дынастыя і нават не мова, а праваслаўнае веравызнанне. Усе іх суседзі былі альбо каталікамі, як палякі і немцы-крыжакі, альбо язычнікамі, як літоўцы і татары. Таму паняцці «рускі» і «праваслаўны» пачалі змешвацца, а само праваслаўе ва Усходняй Еўропе пачалі называць «рускай верай».

Для літоўца перайсці ў праваслаўе значыла часткова ператварыцца ў русіна. Гэта тычылася і літоўскіх князёў, якія прымалі хрышчэнне.

Захавалася згадка пра хрысціянскае імя аднаго з братоў Гедыміна — Фёдара. Сын Гедыміна Глеб (Нарымонт), які ў розныя часы княжыў у Полацку, Вялікім Ноўгарадзе і Пінску, ужываў хрысціянскае імя ў афіцыйных дакументах і на сваёй пячатцы. Старэйшыя сыны Альгерда, якія пачалі актыўна дзейнічаць у 1350—1360-я гады, вядомыя толькі пад хрысціянскімі імёнамі: Андрэй, Дзмітрый, Уладзімір, Канстанцін, Фёдар. Напэўна, сынам Кейстута быў гарадзенскі князь з праваслаўным імем Патрык (Патрыкій).

Горадна становіцца Літвой

У такіх умовах адрозненне паміж Літвой і Руссю пачало страчваць этнічны сэнс. Перш за ўсё гэта праявілася ў Гарадзенскім княстве — яно Руссю не лічылася ўжо ў XIV стагоддзі. Апісваючы дзеянні Патрыкія пры абароне Горадна ў 1365 годзе, ордэнскі храніст Віганд з Марбурга дадаў, што ў наступным годзе Кейстут перавёў яго ў іншую воласць, у Рускай зямлі. 

У 1379 годзе той жа Віганд апісаў маштабныя набегі крыжакоў на Рускую і Гарадзенскую землі Кейстута, якія вымусілі таго падпісаць мірнае пагадненне з ордэнам. У гэтым дагаворы сапраўды фігуруюць дзве зямлі: Руская (з гарадамі Берасце, Камянец, Ваўкавыск, Сураж, Драгічын, Мельнік, Бельск) і Гарадзенская. 

Атрымліваецца, што Гарадзенская зямля адносілася да Літвы — як і сумежнае Троцкае княства, якое ў 1387 годзе вялікі князь літоўскі Ягайла, абраны польскім каралём, надаў свайму брату Скіргайлу. У адпаведным прывілеі выразна адзначаецца, што Скіргайлу надаецца «ў Літоўскай зямлі княжанне Троцкае», а таксама шэраг валасцей «на Рускай старане», сярод якіх — Менск, Лагойск (Лагожаск), Полацк і іншыя ў Падняпроўі. 

Гэтак жа ў 1388 годзе Вітаўт, на той час гарадзенскі і берасцейскі князь, падараваў Віленскаму біскупству шэраг паселішчаў у землях Літвы і Русі (in terries nostris Lythuanie et Russie). З яго тагачасных уладанняў да Літвы можна было аднесці толькі Горадна, а Берасце, Ваўкавыск і гарады Падляшша яўна належалі да Русі, што цалкам адпавядае зместу дагавора 1379 года. Іншымі часткамі Літвы былі Віленскае княства, якое Ягайла пакінуў за сабой, і Кернаўскае, якім у 1388 годзе валодаў яго малодшы брат Вігунд-Аляксандр. 

Русь і Літва, карта аўтара.

А вось Новагародская зямля ў тое першае стагоддзе ВКЛ з Літвой яшчэ не злілася. Гэта бачна, у прыватнасці, з «Літоўскага дарожніка», апублікаванага ў якасці дадатку да хронікі Віганда. У ім прыведзеныя апісанні 100 маршрутаў па Жамойці і Літве, складзеныя ў 1380—1390-я гады на падставе нататак ордэнскіх разведчыкаў і праваднікоў.

У гэтай крыніцы маршруты, якія праходзілі праз Гарадзенскае княства, апісваюцца сярод іншых «дарог на Аўкштайцію, ці Верхнюю Літву», без аніякіх агаворак. А вось пры апісанні двух маршрутаў, якія дасягалі Дзяляцічаў на Нёмане (пры руху з поўначы) і ракі Моўчадзь (пры руху праз Слонім), адзначаецца, што далей пачынаецца Новагародская зямля (land Naugarden).

Чаму размывалася Літва?

Чыста этнічны сэнс гэтай назвы губляўся галоўным чынам таму, што чыстай Літвы да таго часу не засталося ўвогуле — у адрозненне ад Жамойці, з аднаго боку, і ад чыстай Русі ў Падзвінні, Падняпроўі і на Палессі — з другога. Нават у вузкім сэнсе Літва цяпер вызначала абшар, дзе літоўцы і русіны жылі сумесна.

Часткова гэта было звязана з пашырэннем праваслаўя сярод баяр і простага насельніцтва Літвы.

 Частка праваслаўных мела літоўскае паходжанне. Віганд з Марбурга, апісваючы рабаўніцкія набегі крыжакоў на Літву, паведамляе, што ў 1363 годзе ў зямлі Пастова на мяжы Літвы з Жамойцю былі захопленыя ў палон не проста праваслаўныя і язычнікі (Rutenos et paganos), як у іншых выпадках, а менавіта ліцвіны і русіны (Lithwanos et Rutenos). 

У далейшым нашчадкі русінаў у глыбіні Літвы, пераходзячы ў каталіцтва, маглі ператварацца ў літоўцаў. Літоўскія археолагі прасачылі гэта на матэрыялах Кернава. Там сярод знаходак ХІІІ—XIV стагоддзяў ёсць мноства рэчаў, характэрных для жыхароў Русі, у тым ліку нацельныя крыжыкі ў пахаваннях.

А вось у канцы XIV стагоддзя, пасля прыняцця Літвой каталіцтва ў 1386 годзе, праваслаўныя могілкі тут перастаюць дзейнічаць. Замест іх з’яўляюцца новыя могілкі пры новазаснаваным касцёле. З гэтага археолагі зрабілі выснову, што рускае насельніцтва Кернава было пераахрышчана ў каталіцтва разам з навакольнымі язычнікамі і паступова злілося з іх нашчадкамі.

У сталічнай Вільні было не так. Там руская супольнасць, ці Рускі горад (civitas Rutenica), упершыню прыгаданая Вігандам у 1383 годзе, пазней пастаянна падмацоўвалася прытокам новых перасяленцаў і да канца існавання ВКЛ заставалася найбольш заможнай і ўплывовай часткай сталіцы.

З Літвы на Русь

Перасяленне русінаў у Літву мела даўнюю традыцыю — яшчэ з часоў яе данніцкай залежнасці ад Рурыкавічаў. А вось адваротныя міграцыі — з Літвы на Русь — сталі масавымі менавіта пасля ўтварэння ВКЛ. Перасяленцы імкнуліся сяліцца кампактна, нярэдка цэлымі вёскамі. Навакольныя тубыльцы называлі іх паводле паходжання жыхароў. Адтуль і раскіданыя па ўсёй заходняй частцы Беларусі вёскі з характэрнымі назвамі: Літва (у Ашмянскім, Слонімскім, Ляхавіцкім, Уздзенскім, Стаўбцоўскім раёнах), Яцвезь ці Ятвеск (у Гродзенскім, Ваўкавыскім, Дзятлаўскім, Шчучынскім, Свіслацкім, Карэліцкім, Баранавіцкім, Івацэвіцкім), Дайнава ці Даўноўка (у Астравецкім, Ашмянскім, Лідскім, Воранаўскім, Іўеўскім, Валожынскім, Маладзечанскім, Мінскім, Пухавіцкім) і нават Жомайдзь, Жамойск, Жамайдзякі, Жамайцішкі, Жамайтукі (у Воранаўскім, Валожынскім, Докшыцкім, Івацэвіцкім).

Вёска Літва ў Стаўбцоўскім раёне. Назва падказвае, што калісьці сярод русінаў тут кампактна пасяліліся ліцвіны. Фота radzima.org.

Пра іншыя месцы кампактнага пражывання выхадцаў з Літвы сведчаць выспы каталіцкага насельніцтва сярод праваслаўнага мора, для якіх у канцы XIV — першай палове XV стагоддзя ставіліся касцёлы. Каталікамі ў гэтых мясцінах яўна сталі перасяленцы, якія да 1386 года захоўвалі язычніцтва. Самая далёкая выспа знаходзілася на Віцебшчыне, у Аболецкай воласці — касцёл у Абольцах (цяперашні Талачынскі раён) быў заснаваны ў 1387 годзе. Можна меркаваць, што перасяленцы з Літвы з’явіліся тут у часы, калі Віцебскае княства атрымаў праз шлюб з мясцовай князёўнай князь Альгерд альбо калі Віцебскам валодаў яго сын Ягайла. 

Неўзабаве з’явіліся таксама касцёлы ў Гайне і Астрошыцах (цяперашні Лагойскі раён), Паланэчцы, Крошыне і Ішкалдзі (Баранавіцкі), Хоўхле і Радашковічах (Маладзечанскі), Налібаках (Стаўбцоўскі), Ваўкавыску. Яшчэ ў 1501 годзе святары з валоданнем літоўскай мовы былі патрэбныя ў касцёлах Радашковічаў, Маладзечна, Валожына, Койданава (сучасны Дзяржынск), Слоніма і Моўчадзі.

З часам мясціны, дзе выхадцы з Літвы на працягу XV стагоддзя больш-менш адметна прысутнічалі сярод рускага насельніцтва, пачалі адносіць да літоўскай часткі дзяржавы. Такое ўяўленне не знікала і пасля таго, як прышлае насельніцтва цалкам змешвалася з тубыльцамі.

«Устава на валокі» ў 1557 годзе пералічвае дзяржаўныя воласці ў складзе ВКЛ. Пры гэтым яна асобна згадвае воласці рускія і іншыя, наўпрост літоўскімі не названыя. Пералік рускіх валасцей вельмі блізкі да таго, што быў у прывілеі Скіргайлу 1387 года, але з шэрагам істотных адрозненняў. Менск, з якога пачынаўся той пералік, цяпер сярод рускіх валасцей ужо адсутнічае, ён трапіў у склад іншых. А ў Баркулабаўскім летапісе пад 1583 годам Менск і ўвогуле выразна аднесены да Літвы.

Межы Літвы

У XVI стагоддзі можна знайсці шэраг выпадкаў, калі некалі рускія маёнткі ўжо вызначалі як літоўскія. Так, у попісе войска ВКЛ 1567 года згадваюцца конныя ваяры, якіх княгіня Чартарыйская ставіла са сваіх асноўных маёнткаў на Валыні, і асобна — з «ыменей літоўскіх: з Глушска [Глуска], з Карэліч і за ўсіх сёл, к ім прыслухаючых у павеце Новагародскім». 

Гэтаксама сярод ваяроў іншага валынскага магната, князя Збаражскага, вызначаны тыя, якіх ён ставіў «з ыменей сваіх літоўскіх»: Насілава, Вязыні, Крайска і Жыціна (адпаведна ў сучасных Маладзечанскім, Вілейскім, Лагойскім і Асіповіцкім раёнах). Хоць аднясенне да літоўскіх маёнткаў Глуска і Жыціна на захадзе сучаснай Магілёўскай вобласці можна ўсё ж лічыць выпадковым, бо ў іншых крыніцах тыя самыя мясцовасці адносяцца да Русі. 

Некаторыя крыніцы дазваляюць вызначыць, дзе Літва межавала з Руссю і Палессем. Так, гасцінец з Берасця ў Літву праходзіў у 1557 годзе праз Крывыя Балоты (зараз Крываблоты на поўначы Бярозаўскага раёна). Літва пачыналася, такім чынам, далей на паўночны ўсход, за Ясельдай (у Пружанскім і Івацэвіцкім раёнах). Сапраўды, івацэвіцкае Косава ў 1570 годзе згадваецца «ў Літве ў павеце Слонімскім», праз яго ездзілі «з Літвы да іменей палескіх». 

На паўднёва-ўсходнім кірунку да Літвы адносілі Агарэвічы (ля Ганцавічаў, у колішняй Клецкай воласці), на поўнач адтуль — Ляхавічы. Далей на ўсход дакумент 1543 года вызначае ўжо «іменія рускія Занёманскія»: Вызну (зараз Красная Слабада ў Салігорскім раёне), Прусы і Вусава (адпаведна ў Салігорскім і Капыльскім).

На ўсходнім кірунку Літва ахоплівала Узду і, як ужо адзначалася, Менск. Далей на поўнач мяжа Літвы прыблізна супадала з мяжой сучасных Лагойскага і Барысаўскага раёнаў, крыху на захад ад Бярэзіны, і працягвалася праз цяперашнія Докшыцкі і Пастаўскі раёны, абмінаючы з захаду Полацкую зямлю. 

Прыдарожныя крыжы — праваслаўны і каталіцкі — вёскі Жомайдзь Валожынскага раёна. 2019 год. Фота Джона Кустандэра.

Па рацэ Бярэзіне

Уяўленне пра мяжу ўздоўж Бярэзіны ўпершыню зафіксавана ў прыпісцы на палях рукапісу польскага гісторыка Яна Длугаша, зробленай, верагодна, у 1470-я гады: «Рака Бярэзіна аддзяляе Літву ад зямель Русі» (Fluvius Brzezina Lithwaniam a tenis Russie dividit). Неўзабаве яно своеасабліва праявілася ў міжнародных стасунках. Сакратар каралевы Боны Станіслаў Гурскі з’едліва адзначаў, што вялікі князь маскоўскі Іван III, пачынаючы ў 1490-я гады вайну са сваім зяцем, вялікім князем літоўскім Аляксандрам, «выдумаў [сабе] панаванне над усёй Руссю аж да ракі Бярэзіны — як яму хацелася бачыць, паводле колішняга дзедаўскага i прадзедаўскага права». На перамовах у Маскве ў 1549 годзе маскоўскія баяры ў чарговы раз заявілі паслам ВКЛ: «Предки государя нашего все теми городы владели … русскими, а рубеж был тем городом с Литовской землею по Березыню».

Хоць значэнне гэтай умоўнай мяжы не варта перабольшваць. Паны і іх падданыя літоўскага паходжання прысутнічалі па абодва яе бакі. Прытым яны ўжывалі ў побыце старабеларускую мову (разам з літоўскай, але часам абыходзіліся і без апошняй), адрозніваючыся ад карэнных русінаў хіба што каталіцкай верай.

А з канца XVI стагоддзя ўсё яшчэ больш заблыталася. Паны і літоўскага, і рускага паходжання пачалі пераходзіць на польскую мову, а рускія паны да таго ж — масава прымаць каталіцтва. Значная частка праваслаўных сялян зрабілася ўніятамі, а дзе-нідзе — і каталікамі. Напрыклад, у маёнтку Корань на Лагойшчыне пасля з’яўлення там касцёла ўсе мясцовыя праваслаўныя сяляне (падданыя Віленскага біскупства) былі пераведзеныя ў каталіцтва. 

Такія каталікі русінскага паходжання практычна нічым не адрозніваліся ад нашчадкаў колішніх ліцвінаў-язычнікаў, якія таксама былі акаталічаныя і ўжывалі старабеларускую мову. Невялікай была і розніца паміж імі і ўніятамі. 

Так паступова з розных складовых чыннікаў фармавалася новая этнічная супольнасць, якой было наканавана ў будучыні стаць асновай беларускай нацыі.

Вячаслаў Насевіч

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930