Найти
12.01.2021 / 18:55РусŁacБел

Как беларусы ходили к ветру в старые добрые времена

Кандидат филологических наук Анатолий Трофимчик затрагивает необычную тему — историю туалетов.

Прыбіральня-«славойка» на міжваенным Палессі.

Можна сказаць, што кухня і прыбіральня — гэта альфа і амега чалавечага жыцця. Аднак прыбіральні, у адрозненне ад кухні, даследчыкі прысвячаюць мала ўвагі. Гэта тэма негалосна табуяваная, хоць наяўнасць ці адсутнасць праблем у гэтым «кабінеціку» — адзін з найважнейшых паказчыкаў здароўя. Як у старым вершыку, аўтарства якога часта прыпісваюць класіку расійскай літаратуры Аляксандру Пушкіну:

Кто каждодневно поутру

Идёт на двор без принужденья —

Тому всё в жизни по нутру,

Ему доступны наслажденья!

Працэсы, якія адбываюцца ў названым «кабінеціку», у розных народаў могуць мець адрозненні і асаблівасці. І ў беларусаў таксама існуе свая гісторыя прыбіральняў і адпаведнай культуры, з імі звязанай.

Суткі — гэта не толькі 24 гадзіны

Пра даўнія часы да нас дайшло звестак няшмат. Спраўленне натуральных патрэб — занадта далікатная сфера, каб шырока адлюстроўвацца ў дакументах. Але паколькі лад штодзённага жыцця нашых продкаў пачаў прынцыпова змяняцца толькі ў ХХ стагоддзі, то можна меркаваць, што цягам цэлых папярэдніх стагоддзяў практыкі тут не нашмат адрозніваліся ад тых, якія заспела яшчэ нават старэйшае пакаленне сённяшніх беларусаў. 

Адлюстравалася гэта нават у мове. І сёння, бывае, мужчыны пасля пэўных дзеянняў па аблягчэнні арганізму кажуць, што схадзілі «да ветру». Этымалогія выразу простая, паколькі малую патрэбу звычайна спраўлялі за вуглом будынка, дзе магло быць ветрана. Калі ж турбавала патрэба больш сур’ёзная, то часцей за ўсё бегалі за хлеў. 

Бывалі гаспадары да смешнага ашчадныя і практычныя. Ведаючы, што чалавечы арганізм выпрацоўвае вельмі добрае ўгнаенне, яны мэтанакіравана спраўлялі патрэбу на сваім полі. Аўтару гэтых радкоў даводзілася нават чуць гісторыі пра землякоў, якія, знаходзячыся ў дарозе, адмыслова трывалі, каб узбагаціць спажыўнымі рэчывамі свой надзел.

Альтэрнатывай паходам за хлеў былі суткі, сутачкі. Гэта вузкі праход між хатамі, хлявамі, дзе яны «сутыкаюцца». Некалі вёска будавалася вельмі шчыльна, і суседзі маглі размяшчацца практычна сцяна да сцяны. Адлегласць паміж хатамі не перавышала двух-трох метраў. Вокнаў у тых сценах не было, затое яны стваралі зацішны ад людскога вока закутак. У яго і хадзілі па пільнай патрэбе нашы продкі. 

Узнікае лагічнае пытанне: а ці не смярдзела там? Як ні дзіўна, але не — ці прынамсі не вельмі. Справа ў тым, што з абедзвюх стрэх падчас ліўняў сцякала вада, ствараючы цэлы ручай. Ім прадукты дэфекацыі ад хатаў змываліся, прытым часцей за ўсё ў бок таго ж агарода. 

У нашага класіка Якуба Коласа ў сувязі з гэтым мы таксама знойдзем выказванне на далікатную тэму:

Калі заколеш япрука ты,

Ды не пабегаеш за хаты,

То гэта — гонар невялікі,

Гэта вяселле без музыкі…

З тых «датуалетных» часоў у беларускай мове застаўся таксама выраз «пайсці на двор» як сінонім выразу «пайсці ў туалет».

Цялеснае і духоўнае ў жыцці заўсёды побач. Фота Сяргея Гапона.

«Славойкі» 

Такі стан рэчаў не мяняўся стагоддзямі, і да пары да часу ўсё ўсіх задавальняла. Але ў 1920-я гады ў Польшчы, у склад якой тады ўваходзіла ладная частка беларускіх зямель, паспрабавалі зрабіць у гэтай сферы рэвалюцыю дырэктыўна. У 1928 годзе міністр унутраных спраў генерал Феліцыян Славой-Складкоўскі, які ў цывільным жыцці быў лекарам, аддаў распараджэнне, каб на кожнай сядзібе мелася прыбіральня.

За выкананнем загаду мусіла сачыць паліцыя, а на тых, хто яго праігнараваў, накладаліся вялікія штрафы. Сялянам нічога не заставалася, як падпарадкавацца. У якасці прыбіральняў сталі масава збіваць добра знаёмыя сучасным беларусам і дагэтуль распаўсюджаныя, пераважна ў сельскай мясцовасці, «шпакоўні». У гонар аўтара ідэі іх тады называлі «славойкамі».

Пры пашырэнні «славоек» не абыходзілася без кур’ёзаў. Засталася гісторыя пра тое, што міністр вырашыў асабіста праверыць, як выконваецца яго распараджэнне. Каб не напужаць сялян, ён заглядаў на некаторыя сядзібы, апрануўшыся не зусім у начальніцкае адзенне. На дзвярах адной толькі што ўзведзенай прыбіральні вісеў замок. На пытанне, нашто гаспадар замкнуў пабудову, апошні адказаў: «Сказалі, што нейкі высокі начальнік будзе правяраць гэтую будку. Дык і замкнуў, каб дзеці не пазасіралі!»

Гісторыя смешная, але на самай справе смех гэты быў са слязамі на вачах. Бо на практыцы польскія ўлады адразу ж ператварылі ў прынцыпе саму па сабе прагрэсіўную справу ў адзін з найбольш ужываных рэпрэсіўных інструментаў.

Вялікія штрафы ці зняволенне на некалькі сутак у паліцэйскім пастарунку за адсутнасць, няправільную канструкцыю ці неналежнае ўтрыманне прыбіральні — а таксама за іншыя шматлікія парушэнні санітарных нормаў, бо рэгуляваннем туалетных спраў Славай-Складкоўскі не абмежаваўся, — сталі сапраўдным пракляццем для тых людзей, якія нечым не дагадзілі начальству ці проста асмельваліся ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму мець уласную думку. Як тагачасныя даследчыкі запісалі ў 1930-я ад сялян вёскі Баяры пад Мядзелам, «адзін Бог можа абараніць, калі паліцэйскі захоча скласці пратакол, што падворак ці прыбіральня брудныя, хоць кляніся, што чыстыя, гэта ніяк не дапаможа».

Туалетныя рэпрэсіі

Для ілюстрацыі таго, як праблема прыбіральняў выкарыстоўвалася для расправы з ідэйнымі іншадумцамі, працытуем кавалак з напісанай у канцы 1930-х працы Севярына Віславуха «Нацыянальныя адносіны на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў», датычны сітуацыі ў вёсках Свянцянскага павета. 

Падчас правядзення выбараў у органы мясцовага самакіравання ў 1934 годзе ўлады, зацікаўленыя ў атрыманні кішэнных мясцовых радаў,

«усялякім чынам імкнуліся нікога не дапусціць да галасавання, унесеныя ж насельніцтвам спісы былі беспадстаўна прызнаныя несапраўднымі. Калі адзін жыхар вёскі Крыкяны асмеліўся пратэставаць, што спіс, складзены людзьмі, з’яўляецца правільным і пададзены ў адпаведны тэрмін, то праз тыдзень да яго з’явіўся камендант пастарунка ў Мелегянах з пытаннем, ці мае ён прыбіральню. Той адказаў, што мае, і аказалася, што прыбіральня ў парадку, адно толькі дзверы былі прыбітыя крыва. З-за гэтага быў складзены пратакол, а Свянцянскае староства пакарала яго штрафам у памеры 5 злотых, з заменай на 2 дні арышту. З-за таго, што гэты чалавек не меў чым заплаціць, ён адбыў пакаранне ў гмінным арышце ў Мелегянах. Пасля іншы жыхар гэтай вёскі выказаўся: «Што гэта за выбары, калі вы не дазваляеце нам выбіраць у гмінную раду, каго мы хочам?» Праз тыдзень і да яго з’явіўся камендант пастарунка ў Мелегянах і склаў пратакол за тое, што не меў прыбіральні. На падставе гэтага данясення староства таксама пакарала яго штрафам у памеры 5 злотых з заменай на двухдзённы арышт».

Такая сітуацыя была для таго часу не выключная, а тыповая. Не дзіва таму, што многія сяляне, хоць пад прымусам масава і заводзілі ў сябе прыбіральні-«славойкі», успрымалі іх не як патрэбную і карысную рэч, а як праяву ўладнага самадурства. Адпаведна, інстынктыўна гэтаму супрацьстаялі насуперак здароваму сэнсу. У выніку беганне за хлеў асобныя гаспадары нават у Заходняй Беларусі практыкавалі аж да канца ХХ стагоддзя. 

Без дашчанай прыбіральні ў 2-й палове ХХ стагоддзя цяжка было ўявіць беларускую вясковую сядзібу. На здымку — сядзіба ў вёсцы Рубель на Палессі, пачатак 1980-х гадоў. Фота Васіля Пашкевіча.

Хоць у цэлым ініцыятыва Славай-Складкоўскага плён дала: на большасці заходнебеларускіх сядзібаў з таго часу трывала замацавалася новая гаспадарчая пабудова. А з улікам яе відавочнай патрэбы ды карысці, а таксама простай канструкцыі яна неўзабаве стала неадменнай часткай пейзажу ўсёй вясковай Беларусі. І не саступае сваіх пазіцый дагэтуль. 

Дарэчы…

Драўляным прыбіральням-«шпакоўням» і спробам эксперыментаваць з іх знешнім выглядам прысвяціў кавалак сваёй знакамітай сатырычнай паэмы «Сказ пра Лысую Гару» Ніл Гілевіч. Героямі яе сталі беларускія пісьменнікі, якія намагаюцца выгодна ўладкаваць свой побыт на атрыманых ад дзяржавы дачных участках:

Тым часам творцы зразумелі, 

Што ў паэтэсы выйгрыш ёсць, 

І пачалі шпакоўні-келлі 

На ўласных сотках ставіць скрозь. 

Паколькі ўсе былі маэстры 

І тэарэтыкі былі — 

Пра адпаведнасць формы зместу 

Не дбаць пры гэтым не маглі. 

І кожны мучыўся маральна, 

Часова ходзячы за куст: 

Якой па форме прыбіральня 

Павінна быць, каб чуўся густ? 

Каб не пароў у вочы ўсякі, 

Каму надарыцца зірнуць: 

«Ну, вось — сучасныя пісакі, 

А ад жыцця, бач, адстаюць!» 

Бо што стандартная шпакоўня? 

Даўно ўжо збрыдзела! Шаблон! 

Ці ў ёй падумаеш спакойна 

Над віратлівым бегам дзён? 

Не, тут стандарт — не суцяшэнне. 

Нялёгка, як ты ні круці, 

Архітэктурнае рашэнне 

Такой будыніны знайсці! 

Ды ўсіх абставіў Сіла Гусеў: 

Зрабіў кабіну — будзь здароў! 

Пачырванець ажно прымусіў 

Прафесароў і дактароў. 

Ён форму ўзяў для туалета — 

Што аж зайздросна паглядзець: 

Як ёсць касмічная ракета, 

Вось-вось гатовая ўзляцець! 

І гэтай формы сэнс быў ясны: 

Заходзь, садзіся і ўключай! 

Ну, а ці быў там змест сучасны — 

Ты ўжо, чытач, мне выбачай!

Анатолий Трофимчик

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера