Найти
10.07.2020 / 18:333РусŁacБел

Какая армия принесла в Беларусь тараканов?

Бытует мнение, что рыжие тараканы-прусаки родом из Пруссии. Чему и обязаны названием. Но всё не так просто, пишет краевед и писатель из Лиды Леонид Лавреш.

Руды таракан, альбо прусак. Яго радзімай з’яўляецца паўднёвая Азія. У XVIII стагоддзі яго завезлі адтуль у Еўропу і Паўночную Амерыку. Shutterstock.com, by Sergey Toronto.

Пачну здалёк. Вядома, што расійскі цар Пётр І ніколі не ўваходзіў у памяшканне, пакуль нехта з яго слуг не агледзіць усе пакоі і не ўпэўніцца ў тым, што ў доме няма розных гнюсных насякомых. Расказваюць, што аднойчы цара частаваў у сваім доме нейкі афіцэр. Калі госці селі за стол і пачалі баляванне, Пётр падазрона спытаў у гаспадара: 

— Ці чысты твой дом ад тараканаў?

— Амаль што, — адказаў гаспадар, — а каб мне зусім ад іх пазбавіцца, я аднаго тут прыбіў жыўцом. 

І ён паказаў на сцяну, дзе яшчэ перабірала лапкамі і варушыла вусамі прыбітая цвіком казурка. Убачыўшы насякомае, цар здрыгануўся і ўскочыў з-за стала, потым даў гаспадару добрую поўху і ўцёк. Падобнага кшталту гісторыі пра Пятра І пераказваюць розныя расійскія аўтары. 

«Ва ўсёй Літве не водзяцца гэтыя звяркі»

А вось на нашай радзіме ў тыя часы, калі ў Расіі кіраваў Пётр І, пра тараканаў, як выглядае, яшчэ калі і ведалі, то толькі па чутках. Гісторык Юстын Нарбут (1773—1845) знайшоў і захаваў, а ў сярэдзіне XIX стагоддзя Адам Кіркор апрацаваў і надрукаваў успаміны пра знаходжанне расійскага цара падчас Паўночнай вайны ў Лідскім павеце. 

Дзеянне адбывалася ў маёнтку Трабушкі, які месціўся паміж Эйшышкамі і Радунню. Яго гаспадаром быў лідскі шляхціч Леў Ільцэвіч. У гэтым маёнтку Пётр гасцяваў тры дні ў пачатку верасня 1705 года. Відаць, што перад друкам успаміны былі моцна адрэдагаваныя, каб паказаць веліч, добрасумленнасць і шляхетнасць гэтага цара. Які ў рэальнасці, як вядома, меў няўстойлівую псіхіку, што правакавала не заўсёды адэкватныя паводзіны. Але ёсць у іх і кавалкі тэксту, якія падаюцца аўтэнтычнымі. 

Рыначная плошча Ліды на пачатку XX стагоддзя. lidanews.by.

Паводле мемуарыста, аднойчы на маёнтак Ільцэвіча наляцела шмат расійскіх вайскоўцаў, якія выселілі самога гаспадара ў стадолу, а жылое памяшканне ўладкавалі па-царску: сцены пакрылі парчой, а падлогу выслалі дыванамі. Пад вечар да дома пад’ехала запрэжаная шасцю коньмі карэта, з якой выйшлі двое мужчын: адзін высокага росту з вусамі, а другі сярэдняга росту, тоўсты і старэйшы за першага. Гэта былі цар Пётр І і ягоны фаварыт Пётр Шафіраў. Аўтар успамінаў згадваў:

«Толькі яны ўвайшлі ў дом, як загадалі паклікаць гаспадара… Высокі мужчына гучна запытаў: 

— Як цябе завуць? 

— Бедны шляхціч Леў Ільцэвіч да вашых паслуг.

— Ці ёсць у тваім доме тараканы?

Такое пытанне Ільцэвіч раней чуў ужо некалькі разоў і, не ведаючы, навошта ім патрэбныя гэтыя брыдкія істоты, адказаў: 

— На жаль, ні ў нас, ні ва ўсёй Літве не водзяцца гэтыя звяркі… 

Засмяяўшыся, высокі спадар сказаў: 

— Але ж гэта, сябра мой, не звяры, а агідныя і шкодныя чорныя жукі. 

Ільцэвіч адказаў: 

— Можа быць, але мы іх не ведаем…»

Як бачым, на пачатку XVIII стагоддзя ў нас нават не ведалі пра існаванне гэткіх непрыемных казурак — прытым не толькі рудых прусакоў, але і чорных тараканаў, якія былі за іх раней.

З Прусіі ці Расіі?

У Расіі здаўна распаўсюджаная легенда, што рудых тараканаў-прусакоў занеслі з Прусіі расійскія салдаты, вяртаючыся з Сямігадовай вайны (1756—1763 гады), а да таго, маўляў, гэтых казурак там не было. 

Але з другога боку думалі акурат наадварот. Вось што, напрыклад, занатаваў у дзённіку ў лістападзе 1822 года адзін візітатар каталіцкіх парафій у Беларусі, правінцыял ордэна дамініканцаў, імя якога, на жаль, невядомае:

«Ліда засталася па правай руцэ. Начавалі мы ў карчме ксяндзоў-піяраў. Карчма была б цалкам зручнай, калі б не прусакі — казуркі, занесеныя з глыбіні Расіі ў Літву. Гэтыя казуркі завуцца прусакамі таму, што яны тут з’явіліся гэткім чынам: былі прынесеныя азіяцкімі ордамі падчас паходу рускіх на Прусію ў валадаранне царыцы Лізаветы». 

Такім чынам, у адрозненне ад пачатку XVIII стагоддзя, праз сто гадоў прусакі ў нас былі ўжо добра вядомыя і моцна дапякалі жыхарам гістарычнай Літвы. Але з’яўленне іх мясцовыя людзі атаясамліваюць не з Прусіяй, як рускія, а з Расіяй. Прытым так было не толькі тут, але і далей на захад. Нездарма ж у Германіі і Чэхіі рудых тараканаў-прусакоў і дагэтуль называюць «рускімі» (па-нямецку: russen, па-чэшску: rus). 

Імя ворага

Але цікава пры гэтым, што як «рускіх» гэтых насякомых успрымаюць толькі ўсходнія немцы, а на захадзе Германіі пашыраная іншая яго назва: franzose (француз). І ўсё гэта наводзіць на думку, што ў розных, часам узаемавыключальных назвах наўрад ці адлюстроўваецца рэальнае, а не легендарнае паходжанне казурак. Бо сёння добра вядома, што насамрэч тараканы-прусакі былі занесеныя ў Еўропу (у тым ліку і ў германскую Прусію) у ХVIII стагоддзі з паўднёвай Азіі. 

А тлумачэнне можа быць такое. Пранікаючы ў Еўропу рознымі шляхамі, насякомыя маглі з’яўляцца ў розных краінах практычна адначасова, а паколькі тады ж ішлі і войны з перамяшчэннем вялікіх масаў людзей, то з гэтым іх з’яўленне ў людскіх уяўленнях і асацыявалася: у немцаў — з прыходам рускіх, у рускіх — з вяртаннем сваіх салдат з Прусіі. Паколькі казурка гэтая непрыемная, бескарысная і нават шкодная, то цалкам лагічна, што на яе пераносілася непрыязнасць, адчуваная да суседніх народаў, што былі гістарычнымі супернікамі. І гэта знайшло сваё адлюстраванне ў мове ды фальклоры.

А гэта чорны таракан, які жыў у Еўропе яшчэ да прыходу прусака. Тыя ж немцы і чэхі, якія прусака звязваюць з Расіяй, чорнага таракана называюць швабскім (нямецкае schwaben, па-чэшску švábi). Са з’яўленнем прусака папуляцыя чорнага таракана ў Еўропе значна скарацілася. Shutterstock.com, by Oleksandr Kostiuchenko.

Тараканы -

адны з найбольш старажытных істот на Зямлі, вядомыя з часоў карбону (палеазойская эра) — больш за 350 млн гадоў таму. У прыродзе яны жывуць у асноўным у тропіках і субтропіках, іх існуюць тысячы відаў. Але некаторыя віды сінантропныя, то-бок прыстасаваныя жыць побач з чалавекам. З-за гэтага яны распаўсюдзіліся практычна па цэлым свеце. У нашым рэгіёне вядомыя ў асноўным два віды гэтых насякомых — чорны таракан і руды таракан, які часта завецца прусаком. 

Чорны таракан (Blatta orientalis) — адносна вялікае (даўжыня цела да 3 см, а ў пэўных выпадках можа дасягаць нават і 5-ці) цёмна-карычневае альбо чорнае бліскучае насякомае. Прусак (Blattella germanica) прыкметна меншы за свайго суродзіча (да 1,5 см), афарбоўка ў яго светла-рудая ці цёмна-рудая. 

Нягледзячы на перавагу ў памерах, чорныя тараканы, якія пасяліліся побач з чалавекам раней за прусакоў, звычайна прайграюць апошнім змаганне за жыццёвую прастору. Звязана гэта з асаблівасцямі размнажэння. Самкі абодвух відаў адкладаюць яйкі ў спецыяльныя хітонавыя капсулы (аатэкі), але калі прусачыха пастаянна носіць яе з сабой, то самка чорнага таракана — не, таму ейная капсула больш залежная ад знешніх абставін. Да таго ж чорныя тараканы менш пладавітыя, а іх лічынкам патрабуецца больш часу, каб вырасці ў дарослую асобіну. 

Тараканы, асабліва калі іх многа, прыносяць чалавеку шмат клопату. Яны пераносяць на лапках і ў кішэчніку розныя хваробатворныя бактэрыі і яйкі глістоў, некаторыя людзі маюць алергію на іх сухія парэшткі і экскрэменты. Акрамя таго, гэтыя казуркі ядуць і забруджваюць прадукты, псуюць папяровыя і скураныя вырабы, а таксама могуць выклікаць пашкоджанні бытавой тэхнікі, у якой робяць свае гнёзды. 

Чалавек цэлыя стагоддзі змагаўся з экспансіяй тараканаў, хоць не сказаць, каб быў у гэтым надта паспяховы. Прымянялася і вымарожванне (тараканы не выжываюць пры тэмпературы, ніжэйшай за —5ºС), і атрута, і іншыя формы ўздзеяння. Аднак поспехі калі і былі, то хутчэй лакальныя. У цэлым жа папуляцыя захоўвала вялікую колькасць і ўсюдыіснасць. Але з пачатку ХХІ стагоддзя колькасць тараканаў у кватэрах і іншых чалавечых будынках стала рэзка скарачацца сама сабой, аж да таго, што цяпер гэтыя насякомыя ў Беларусі ўжо дастаткова рэдкія. 

Прычыны сучаснай дэпапуляцыі тараканаў да канца незразумелыя, у якасці тлумачэння гэтага феномена высоўваюцца самыя розныя версіі. Адныя тлумачаць гэта агульным паляпшэннем санітарнага стану памяшканняў, іншыя — удасканаленнем атрутных сродкаў з іх уздзеяннем не толькі на непасрэдных спажыўцоў, але і на генетычную якасць іх нашчадкаў і г. д. Сур’ёзна абмяркоўваецца нават такая версія, што згубнымі для тараканаў магло стаць распаўсюджанне высокачастотнай сотавай сувязі. У кожным разе сучасныя маладыя беларусы, як і лідскі шляхціч пачатку XVIII стагоддзя Леў Ільцэвіч, ужо, бадай што, збольшага і не сутыкаліся асабіста з гэтымі «брыдкімі жывёламі».

Леонид Лавреш

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930