Найти
05.07.2020 / 12:04РусŁacБел

Разгадка природы: с чем связаны необычные миграции зубров в 1970-1980-е

Когда эта фотография некоторое время назад появилась в социальных сетях, многие не верили своим глазам. Может, это просто мистификация, сделанная при помощи фотошопа? Или, может, здесь идут съемки какого-то кино с ручным зубром в главной роли? На самом деле, ничего подобного. Сценка хоть и достаточно редкая, но вполне реальная, не постановочная. Пишут Антон Виткович и Александр Пашкевич.

«Ні гукаў матацыкла, ні дзіцячага віскату зубры не пужаліся… І мы, дзеці, зуброў не баяліся зусім. Частавалі іх гароднінай, гладзілі і праводзілі да наступнай вёскі». Фота з Facebook.com.

Як толькі здымак быў апублікаваны, адразу ж у каментары пасыпаліся ўспаміны людзей, якія некалі самі ці то ў дзяцінстве, ці то ўжо ў сталым узросце на свае вочы бачылі зуброў, якія хадзілі па вёсках, а многія з імі і непасрэдна кантактавалі. Прытым было гэта нават не ў ваколіцах Белавежскай пушчы, якая найперш у нас з зубрамі асацыюецца, а ў мясцовасцях, значна ад яе аддаленых.

Дзе, калі, адкуль?

Чым больш збіралася сведчанняў, тым выразней акрэсліваўся рэгіён, на якім звычайна сустракалі лясных волатаў. Гэта раёны на ўсходзе Брэсцкай і поўдні Мінскай абласцей: Ганцавіцкі, Лунінецкі, Капыльскі, Слуцкі, Салігорскі, Любанскі… А час сустрэч —1970-я і 1980-я, вясна ці лета. 

Зубры ў Беларусі ў той час жылі ўжо не толькі ў Белавежскай пушчы. У 1974 годзе аднаго самца і чатырох самак прывезлі з Прыокска-Тэраснага запаведніка ў Расіі ў Бярэзінскі біясферны запаведнік. Але гэтых звяроў усё цалкам задавальняла і на новым месцы. Вышэйакрэслены ж рэгіён наведвалі белавежскія зубры, пераадольваючы па 200 з лішкам кіламетраў.

У пераважнай большасці выпадкаў з імі сутыкаліся, натуральна, жыхары сельскай мясцовасці. Але маглі яны заходзіць і ў гарады. Як, напрыклад, у райцэнтр Любань, дзе з зубром у 1985 годзе сустрэлася мастачка Алена Уладыка.

Паводле яе ўспамінаў у фэйсбуку, «у той час Любань была больш вёскай, толькі плошча з Леніным, рэстаран, Дом культуры ды ўнівермаг нагадвалі пра гарадскі статус». Прыйшоўшы аднойчы з працы, тагачасная настаўніца мясцовай школы пабачыла: «Каля двухпавярховага інтэрната, дзе я жыла, стаіць зубр. Народ спачатку баяўся да яго падысці, але потым асмялеў, і пачалі яго яблыкамі карміць — цэлы мех скармілі. Зубр быў вельмі вялікі, руку падымеш — і да гарба не дастаць. Праз некаторы час звер улёгся спаць на ганку, а мы лазілі на другі паверх па пажарнай лесвіцы паглядзець. Раніцай я пайшла працаваць, а вечарам мне расказалі пра эвакуацыю зубра пажарнымі, сама яе не бачыла».

Фіксаваліся падобныя візіты і ў найбуйнейшыя цэнтры рэгіёна — Слуцк і Салігорск. Пра Слуцк успамінае ў фэйсбуку Марыя Мірончык: «Жывёліна рухалася ўздоўж ракі Случ і выйшла на вуліцу Камсамольскую. Было таксама шматлюдна — смелыя стараліся нават хлебам пакарміць». А ў Салігорску зубр нібыта нават разбіў вітрыну ў адной з крамаў.

Мірныя, але з характарам

Зубры, як правіла, паводзілі сябе мірна і спакойна. Хоць, пабачыўшы іх упершыню, людзі, натуральна, пужаліся ды асцерагаліся. Але бачачы, што звер не праяўляе ніякай агрэсіі, смялелі і падыходзілі да яго бліжэй, а пасля нават гладзілі і кармілі з рук. Самі ж зубры людзей зусім не баяліся: хоць яны і жывуць у запаведніках на вольным выпасе, але з самага дзяцінства знаходзяцца ў непасрэдным кантакце з чалавекам, які іх ахоўвае, даглядае і падкормлівае. Таму яны, у адрозненне ад многіх іншых лясных істот, не чакаюць ад яго варожых дзеянняў.

Ідылічная карціна з загалоўнага фота не была штодзённай, але не належала і да выключнай рэдкасці. Журналістка Іна Задзвінская, якая лета праводзіла ў бабулі ў вёсцы Славінск на Случчыне, згадвае, што «праход праз вёску зубра лічыўся ў тыя гады з’явай не сказаць каб шараговай, але даволі звычайнай». Звера суправаджаў дзіцячы крык і пастаянныя спробы малечы накарміць яго смакоткамі: «Ні гукаў матацыкла, ні дзіцячага віскату зубры не пужаліся… І мы, дзеці, зуброў не баяліся зусім. Частавалі іх гароднінай, гладзілі і праводзілі да наступнай вёскі».

«Хадзіў па вёсцы, мясцовыя яблыкі яму насілі. Ён іх любіў… Проста з рук еў — не баяўся». Facebook.com.

Васіль Лісейчыкаў, які ў тыя гады займаў пасаду ляснічага Дзяніскавіцкага лясніцтва Ганцавіцкага раёна, пацвярджае гэта: «Хадзіў па вёсцы, мясцовыя яблыкі яму насілі. Ён іх любіў… Проста з рук еў — не баяўся». 

Праўда, калі людзі зусім трацілі асцярожнасць і праяўлялі залішнюю фамільярнасць, жывёліна магла і нагадаць, што пэўныя межы ўсё ж такі захоўвацца мусяць.

«Расказваў знаёмы ляснік, — дзеліцца Васіль Лісейчыкаў, — што тады якраз Вялікдзень быў, пайшоў зубр кіламетраў за пяць, у суседнюю вёску Красынічы. А ў лесніка быў сват, па мянушцы Ежык. Яны падпілі добра, бо свята ж. Ляснік і кажа: «Пайшлі я табе, сват, пакажу, у мяне ў садзе зубер ляжыць» (гэта яны так цікава зубра называюць). І сапраўды, пад яблыняй «гара» ляжыць. Яму туды моркву насілі і іншае. Ну і вось, гэты зубер устаў, а да яго Ежык падышоў, кажа: «Глядзі, амаль ручны», і хлопае звера па шыі. А той як матануў галавой, дык Ежык адскочыў на некалькі метраў. Ляснік і гаворыць: «Пайшлі, сваток, лепш за стол, бо звер ёсць зверам»». 

Бывалі і выпадкі зусім няўдалай камунікацыі — калі звер чамусьці быў не ў гуморы. Паэт і бард Валерый Пазнякевіч, ураджэнец вёскі Сінкевічы Лунінецкага раёна, згадаў пра свой досвед з пачатку 1980-х: «Адзін з вяскоўцаў паклаў на адну руку бохан хлеба, а складзенымі пальцамі другой рукі пачаў рабіць адпаведныя рухі і клікаць да сябе «бычка». Зубр раззлаваўся і перакінуў Івана Гарагляда цераз плот. У выніку чалавек атрымаў пералом рукі».

Людской гаспадарцы зубры вялікай шкоды, паводле ўспамінаў, не рабілі, тым больш што звычайна людзі іх самі ахвотна падкормлівалі. Хоць эксцэсы, бывала, здараліся і тут. Іна Задзвінская згадвае пра выпадак, калі зубру, які чарговы раз ішоў па вёсцы, захацелася есці, а пытацца ў кагосьці дазволу ён не палічыў патрэбным: «Ён спакойна зайшоў у першы агарод, што яму патрапіў, і з’еў там усё, што мог, пасля пачасаў бакі аб яблыню і пайшоў далей. Увесь гэты час людзі бегалі вакол яго і спрабавалі прагнаць, але бык спакойна еў і не звяртаў на іх аніякай увагі».

Прагныя да волі

Часам людзі, усведамляючы, з аднаго боку, небяспеку, якую патэнцыйна ўяўляла хай сабе і мірная, але ўсё ж такі дзікая, а таму непрадказальная магутная жывёліна, а з другога — магчымую пагрозу ёй самой ад ліхіх людзей ды іншых фактараў, спрабавалі спыніць зубрынае вольнае шэсце. Але задача гэта была вельмі няпростая. Васіль Лісейчыкаў апісваў выпадак, калі, сустрэўшы зубра ўпершыню, яны з калегамі здолелі загнаць яго ў пусты калгасны загон для кароў, абнесены плотам вышынёй два з паловай метры. Загнаць то загналі, але неўзабаве звер лёгка пераскочыў цераз той плот, нават яго не зачапіўшы. Прытым зрабіў гэта без разгону. «Мы так і ёкнулі!».

Падобныя ўспаміны і ў Іны Задзвінскай: «Я яшчэ памятаю, як пару разоў, калі егер спрабаваў зачыніць яго ў загоне, каб паведаміць пра здарэнне куды належыць, зубр з’ядаў усё, што яму далі, ламаў вароты і сыходзіў. Ламаў меланхалічна, без агрэсіі, проста рабіць яму тут не было чаго». 

Таму звычайна зубры, проста прайшоўшы праз вёску ці правёўшы ў ёй ці каля яе дзень ці два, працягвалі свой шлях далей, дзівячы, радуючы ці пужаючы людзей навокал. Васіль Лісейчыкаў акрэслівае нават дакладны маршрут па тэрыторыі свайго лясніцтва: Ганцавічы — Агарэвічы — Шашкі — Красынічы — Дзяніскавічы — Будча — Чудзін. Але як жывёлы адыходзілі далей, то іх след губляўся. Дзе і як зубрынае падарожжа завяршалася, ніхто дакладна сказаць не змог, у лепшым выпадку пераказваліся чуткі. 

Іна Задзвінская, канец 1970-х — пачатак 1980-х (Славінск, Леніна); Васіль Лісейчыкаў, 1985 (Ганцавічы, Агарэвічы, Шашкі, Красынічы, Дзяніскавічы, Будча, Чудзін, Вялікія Чучавічы, Салігорск, Пагост, Цясова); Марыя Мірончык, 1986—1987 (Слуцк); Алег Мяховіч, 1976—1977 (Мажа, Вусава); Валерый Пазнякевіч, пачатак 1980-х (Сінкевічы, Вострава, Намакрава); Андрэй Саротнік, 1982 ці 1983 (Доўгае); Анатоль Трафімчык, 1981 (Вялікія Круговічы); Алена Уладыка, 1985 (Любань).

Як правіла, чуткі тыя былі не надта пазітыўныя, бо ў адпаведнасці з імі чырванакніжныя волаты ўрэшце гінулі. Васіль Лісейчыкаў дапускаў, што зубр, з якім ён сам меў справу, стаў у выніку ахвярай браканьераў: «Хадзіў ён таксама па вёсках Салігорскага раёна, а потым на Лунінец накіраваўся. А пасля гэтага яго ніхто не бачыў. Як мае леснікі казалі: «Як да Чучавіч (вёска ў Лунінецкім раёне) дойдзе, дык нікуды не пойдзе». У Чучавічах былі вельмі жорсткія браканьеры». А Валерый Пазнякевіч, спасылаючыся на пачутае ад мясцовых жыхароў, сцвярджае, што пабачаныя ім два зубры неўзабаве налізаліся салетры на калгасным полі ў раёне вёсак Вострава і Намакрава таго ж Лунінецкага раёна непадалёк ад ягоных Сінкевічаў і таксама завяршылі сваё жыццё раней часу.

Што іх гнала?

Навукоўцы-біёлагі, якія спецыялізуюцца па зубрах, нічога незвычайнага ў такіх зубрыных падарожжах не бачаць. І тлумачаць іх самой прыродай гэтай жывёліны, якая не зусім адпаведная нашым стэрэатыпам. Павел Велігураў, навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, звяртае ўвагу, што зубр на самай справе ад пачатку не быў лясным жыхаром, па сваёй прыродзе гэта звер адкрытых прастораў, накшталт свайго амерыканскага блізкага родзіча бізона, колішняга валадара бяскрайніх прэрыяў.

У лес зубра загнаў чалавек, але колішнія прыродныя інстынкты ў яго ўсё адно, прынамсі часткова, захаваліся. Такія жывёлы адметныя сярод іншага здольнасцю да міграцыі на значную адлегласць, калі на ранейшым месцы пражывання павялічваецца ўнутрывідавая канкурэнцыя, у прыватнасці не хапае партнёраў для спарвання і размнажэння. 

Калі б зубрыных статкаў было шмат і яны размяшчаліся недалёка адзін ад аднаго, то міграцыя адбывалася б паміж імі і не кідалася людзям у вочы. Але паколькі статкаў мала і адлегласці паміж імі вялікія, то зубры часам проста сыходзяць у свет, нават за сотні кіламетраў. І назад яны па ўласнай волі вяртацца ўжо, хутчэй за ўсё, не будуць.

Дзікае і свойскае

Тое, што нашы зубры маглі апынуцца так далёка ад сваёй малой радзімы менавіта ў пошуках «шлюбнага» партнёра, сведчаць і згадкі відавочцаў пра іх паводзіны. Васіль Лісейчыкаў успамінае, што «бык увесь час да фермаў прыбіваўся, сяброўку, напэўна, шукаў сабе». А Іна Задзвінская распавядае цэлую вясёлую гісторыю, якая адбылася з яе вясковымі суседзямі:

«Гаспадыня пакінула дома карову, якую збіралася весці да быка (прыйшоў час), і тут наш вялізны палаваспелы самец павольна пацягнуў ноздрамі паветра і спыніўся як укопаны каля той каровы, якая меланхалічна жавала сваю жуйку і не звяртала ўвагі на брутальнага прыгажуна. Гаспадыня каровы вельмі ўстрывожылася і пачала ліхаманкава запіхваць жывёліну ў хлеў, але тая, відаць, толькі рабіла выгляд, што ёй усё адно, сыходзіць не хацела. Мужыкі, што за гэтым назіралі, рагаталі на ўсё сяло і прапаноўвалі зрабіць эксперымент з дзікай прыродай. Тут жа прыгадваліся выпадкі, калі свойскія свінні ўцякалі ў лес, а потым нараджалі паласатых калматых парасят з добрым здароўем. 

Але гаспадыня каровы была няўмольная, яна такі прымусіла карову пайсці ў хлеў. А каб адвабіць зубра, паднесла яму проста пад нос кош з гароднінай, прыгатаванай для каровы. Зверху ў кашы ляжаў вялізны цукровы бурак, парэзаны на кавалкі. Як ні дзіўна, але спакуса падзейнічала, звер павольна пайшоў за кошыкам, жуючы бураковыя кавалкі. Расчараванню вяскоўцаў не было мяжы. Гэтую гісторыю яны пасля яшчэ доўга прыгадвалі са словамі: «А вось калі б… была ў цябе, Маня, зараз такая карова!»

Зубронь — дзіця дзікага быка і свойскай каровы. Shutterstock.com, by Irena Iris Szewczyk.

Але Павел Велігураў сумняецца, што з эксперыменту атрымалася б нешта добрае. Чыста фізічна зубры могуць скрыжоўваюцца з хатнімі каровамі, і ад іх цалкам рэальна атрымаць такі гібрыдны прыплод. Такія эксперыменты яшчэ з ХІХ стагоддзя праводзяцца ў Польшчы, і ёсць нават асобнае слова, якім завуцца цяляты ад такога «шлюбу», — зубронь (żubroń). Але паколькі цяляты ад зубра вельмі вялікія, то яны не могуць нарадзіцца самастойна, карове даводзіцца рабіць кесарава сячэнне. Наўрад ці звычайнаму вясковаму гаспадару патрэбна такое сумнеўнае шчасце.

Ды і ўвогуле, мець справу з зубронямі нават фізічна небяспечна, бо характар яны пераймаюць, хутчэй, не ад каровы, а ад зубра: нават выгадаваныя ў хатніх умовах, цалкам свойскімі не робяцца. Нездарма, нягледзячы на працягласць доследаў, якія праводзяць польскія навукоўцы са скрыжаваннем відаў, непасрэдна ў сельскую гаспадарку яны так пакуль і не ўводзяцца. 

Антон Виткович, Александр Пашкевич

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930