Найти
15.05.2020 / 22:2511РусŁacБел

Как Мемель стал Клайпедой. У Литвы были свои «зелёные человечки»

Многие думают, что термин «гибридная война» появился только в XXI веке и его придумала Россия. Но этот хитрый метод применялся давно. Например, литовцами в случае с Клайпедским краем, пишет в журнале «Наша гісторыя» Андрей Акушко.

Порт Клайпеды стаў і марскімі варотамі Беларусі. У 2020 годзе праз Клайпеду Беларусь імпартавала нафту. На фота: тэрмінал мае сімвалічную назву Independence («Незалежнасць»). Яго пабудова каштавала нашай суседцы 126 мільёнаў долараў. Shutterstock.by, by Vitautas Kielaitis.

Пасля Першай сусветнай вайны на карце Еўропы з’явілася шмат новых краін. Амаль усе яны мелі тэрытарыяльныя прэтэнзіі да суседзяў. Не стала выключэннем і маленькая Літва. Яе кіраўнікі марылі аб прыяднанні Клайпедскага края, які дагэтуль належаў Германіі. Арганізаваўшы «народнае паўстанне», літоўцы дабіліся сваёй мары. Праўда, потым немцы адпомсцілі, але пасля паражэння Трэцяга рэйха Клайпеда зноў стала часткай Літвы. І застаецца ёй сёння, хоць літоўцы не любяць успамінаць, што яны атрымалі гэтую зямлю не зусім сумленна.

Спадчына Версальскай дамовы

Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны з карты свету зніклі чатыры імперыі: Асманская, Аўстра-Венгерская, Германская і Расійская. Замест іх у Еўропе з’явілася шмат новых дзяржаў. Адной з іх была Літва.

Яе незалежнасць фармальна была абвешчана 16 лютага 1918 года, калі краіна была яшчэ пад нямецкай акупацыяй. Пазней бальшавікі спрабавалі стварыць тут савецкую рэспубліку — спачатку Літоўскую, а пасля Літоўска-Беларускую. Толькі пасля Маскоўскай дамовы, заключанай у ліпені 1920-га, краіна больш-менш уздыхнула з палёгкай, пазбавіўшыся непасрэднай камуністычнай пагрозы.

Засталіся толькі дзве праблемы. Першая — спрэчка з Польшчай за Віленскі край. Гэтая тэма заслугоўвае спецыяльнага артыкула, і сёння мы будзем успамінаць яе толькі ўскосна. Другая праблема — Мемельскі (Клайпедскі) край. Яшчэ ў другой палове XIX стагоддзя дзеячы літоўскага адраджэння загаварылі пра «ўз’яднанне Малой Літвы з Вялікай».

Вялікай яны называлі землі, што знаходзіліся пад панаваннем Расійскай імперыі. А Малой ахрысцілі Клайпедскі край, дзе пражывалі дзясяткі тысяч суграмадзян. 

Была ў жаданні далучыць Малую Літву і эканамічная прычына. Пасля абвяшчэння незалежнасці краіне была патрэбная сувязь са светам. Забяспечыць яе мусіў порт, якім магла стаць Клайпеда. 

Порт Клайпеды. Shutterstock.com, by Cathouseprodaction.

Рэалізоўваць ідэю аб’яднання пачалі пасля краху Германскай імперыі. 30 лістапада 1918-га ў Тыльзіце (цяпер Савецк, Калінінградская вобласць Расіі) сябры Дзяржаўнай рады Малой Літвы падпісалі спецыяльны акт. Згодна з гэтым дакументам, частку Усходняй Прусіі на поўнач ад Нёмана трэба было аб’яднаць з Літвой. 

Але дакумент падтрымалі не ўсе. Да таго ж Дзяржаўная рада Малой Літвы не была прызнаная краінамі Антанты. А на Версальскай канферэнцыі ў прыхільнікаў далучэння Клайпеды да Літвы знайшоўся моцны вораг — Польшча. Палякі былі гатовыя саступіць літоўцам значна больш тэрыторый, але пры ўмове адраджэння федэратыўнай Рэчы Паспалітай. Літва не пагадзілася, так з’явіўся кампрамісны план.

У артыкулах 28 і 99 Версальскай дамовы прапісалі, што Германія адмаўляецца ад правоў на Мемель. І што вырашаць яго лёс будуць краіны Антанты. У пачатку 1920 года край стаў падмандатнай тэрыторыяй Лігі Нацый. Гэта азначала, што кіраваць ім будзе міжнародная адміністрацыя. 

Падрыхтоўка да аб’яднання

Спачатку планавалася, што адміністрацыя Мемеля будзе англа-французскай, але брытанцы адракліся ўдзелу. 15 лютага 1920-га нямецкія войскі канчаткова пакінулі рэгіён, і туды прыехаў новы кіраўнік — французскі генерал Дамінік Адры. Ён стварыў урад края (дырэктарат), у які ўвайшлі сем немцаў. Частка з іх працавала ў адміністрацыі Мемеля раней, і гэта абурыла літоўцаў. Яны заявілі, што нельга аддаваць уладу прадстаўнікам краіны, якая прайграла вайну. Бо яны паспрабуюць далучыць край назад да Германіі. Тады адміністрацыю папоўнілі двума літоўцамі.

І Адры, і Габрыэль Пеціснэ, які яго змяніў, былі не супраць стварэння новай краіны — Мемельланда. Адначасова Францыя рабіла стаўку ва Усходняй Еўропе на Польшчу. І скрозь пальцы глядзела, як палякі засяляюць Мемель, скупляюць там дамы і прадпрыемствы. У 1922-м палякі, якія ўжо на той момант захапілі Віленскі край, прапанавалі абмен: Літва адмаўляецца ад Вільні, а за гэта атрымлівае Клайпеду.

Дамовіцца не ўдалося, бо ў літоўцаў з’явіўся новы план. Яшчэ ў лютым 1922-га консул у Мемелі, Ёнас Жылюс, прапанаваў сілай захапіць гэтую зямлю. 20 лістапада 1922-га ў часовай сталіцы Літвы, Каўнасе, прайшла тайная начная нарада, дзе абмеркавалі прапанову. Палітыкі не былі гатовыя да адкрытага супрацьстаяння з Антантай. І вырашылі скарыстацца ранейшым польскім досведам па захопе Вільні. 

Камандзіры «літоўскага паўстання» ў Клайпедзе. Будрыс сядзіць другі справа. Wikimedia Commons.

План быў просты: выдаць жаўнераў за мясцовую самаахову, падняць «паўстанне» і ад яго імя далучыцца да Літвы. Агульнае кіраўніцтва ажыццяўляў прэм’ер-міністр Эрнэстас Галванаўскас. Спецпадраздзяленне ўзначаліў афіцэр контрвыведкі Ёнас Палавінскас. За палітычную і дыпламатычную падрыхтоўку адказваў Жылюс. Праз яго ішлі і грошы на прапаганду ў мясцовых СМІ.

Плану прызначылі найвышэйшы ўзровень сакрэтнасці. Пераважная большасць дэпутатаў і міністраў пра яго не ведала. Пазней гэта дапамагло міністру замежных спраў рабіць нявінны твар і адказваць на ўсе прэтэнзіі: «Нашых там няма». Ёнас Палавінскас змяніў прозвішча на Будрыс (у перакладзе з мемельскага дыялекта літоўскай — «Пільны»). Пазней ён захавае гэтае прозвішча і будзе служыць консулам у Кёнігсбергу і Нью-Ёрку.

Для байцоў атрадаў Будрыса закупілі зброю ў Германіі, якая падтрымала аперацыю. Як так? А немцы баяліся, што інакш Мемель аддадуць Польшчы. У Германіі лічылі, што адабраць горад назад будзе прасцей, калі ім будзе валодаць невялікая краіна. Немцы выставілі Літве адзінае патрабаванне — увесці ў краі самакіраванне.

Не супраць была і Савецкая Расія. Міністр замежных спраў апошняй, Георгій Чычэрын, праз дзевяць дзён пасля сакрэтнай нарады наведаў Каўнас. І паабяцаў Літве падтрымку, калі Польшча паспрабуе перашкодзіць гэтаму плану.

Актыўна ішла падрыхтоўка і ў самім краі. Праз мяжу туды пераязджалі афіцэры контрвыведкі. У Клайпедзе і навакольных сёлах ствараліся атрады «літоўскай самааховы». Агульнае кіраўніцтва імі ажыццяўляў спецыяльна створаны Найвышэйшы камітэт выратавання Малой Літвы (НКВМЛ). 

Мясцовая прэса, што атрымлівала грошы з-за мяжы, запалохвала насельніцтва чуткамі пра захоп горада палякамі. Пісала, што літоўцаў прыгнятаюць немцы. Хадзілі чуткі нават пра тое, што ўлады кідаюць людзей у турму за некалькі слоў па-літоўску. Таму трэба змагацца за свае правы са зброяй у руках.

Літоўскія байцы займаюць Мемель — усе апранутыя ў цывільнае. Wikimedia Commons.

Мясцовыя жыхары і самі прагнулі перамен. Валютай Мемеля заставалася нямецкая марка, якая перажывала не найлепшыя часы. Гіперінфляцыя амаль знішчыла зберажэнні грамадзян. Да таго ж пачаліся перабоі з прадуктамі, бо Літва спыніла іх пастаўкі. Германія дапамагчы не магла: яе жыхарам самім не хапала ежы. Усё было гатовае да пачатку акцыі.

Клайпедскае «паўстанне»

10 студзеня 1923-га павінна была прайсці нарада дзяржаў Антанты, на якой збіраліся вызначыць статус края. Да Каўнаса дайшлі чуткі, што Літва Клайпеды не атрымае. Таму вырашылі дзейнічаць як мага хутчэй. 7 студзеня НКВМЛ абвясціў пра паўстанне супраць панавання іншаземцаў. І звярнуўся па дапамогу да Саюза стралкоў — вайсковага апалчэння Літвы. Хутка мяжу пачалі пераходзіць узброеныя літоўскія стралкі і байцы Будрыса. Усяго іх было каля тысячы з паловай — значна больш, чым жаўнераў Антанты.

9 студзеня НКВМЛ заявіў пра роспуск дырэктарата. Цікава, што ў літоўскамоўнай заяве камітэта былі намёкі на прыгнёт з боку немцаў. Па-нямецку гаварылася пра небяспеку з боку палякаў. А французскамоўная заява, якую даслалі жаўнерам Лігі Нацый, паведамляла пра змаганне «за свабоду і роўнасць, як падчас вашай рэвалюцыі».

11 студзеня край быў амаль цалкам захоплены, а мяжа з Германіяй узятая пад кантроль. Заставалася ўзяць Мемель, які абаранялі 200—250 французаў, некалькі соцень паліцэйскіх і добраахвотнікаў (у асноўным немцаў). «Паўстанцы» былі гатовыя кінуць на горад больш людзей, але тут з’явіліся праблемы. Байцы атрымалі нямецкую зброю, з якой не ўмелі абыходзіцца. Таму вінтоўкі і кулямёты часта закліньвала. Але нечакана частка немцаў пакінула пазіцыі. Потым выявілася, што гэта была рэкамендацыя з Берліна. У выніку сутычкі ішлі толькі два дні, і 15 студзеня горад быў захоплены.

Страты ўсё ж былі: загінулі 12 «паўстанцаў», 2 французы і 1 паліцэйскі. Цяжка сказаць, як пайшлі б справы, калі б абаронцы вырашылі супраціўляцца далей. Тым больш што з 16 па 18 студзеня ў порт увайшлі польскі, брытанскі і некалькі французскіх караблёў. 

У старым горадзе нібы застыў час і нічога не змянілася з 1923 года. Фота Андрэя Дынько.

Вось толькі ўсе тры дзяржавы мелі свае праблемы. Польшчу скалануў унутраны крызіс пасля забойства яе першага прэзідэнта, Габрыэля Нарутовіча. Вялікабрытанія жадала аднаўлення гандлю праз Клайпеду. У Францыі з’явіліся праблемы ў Рурскай вобласці, і ўсе свабодныя жаўнеры былі патрэбныя там.

Таму 17 студзеня вырашылі адправіць у Мемель сумесную камісію, якая паспрабуе разабрацца з праблемай. Літоўцы не чакалі рэзалюцыі камісіі. 19 студзеня НКВМЛ апублікаваў дэкларацыю, у якой прасіў літоўскі ўрад далучыць Клайпедскі край да Літвы. Пры гэтым планавалася захаваць аўтаномію ва ўсім — ад падаткаў і сельскай гаспадаркі да адукацыі і рэлігійных пытанняў. У Каўнасе вагаліся нядоўга, і 24-га Сейм зацвердзіў аб’яднанне з Клайпедай. Толькі 26 студзеня камісія патрабавала ад «паўстанцаў» ачысціць край. Тыя адмовіліся, і пачаліся перамовы.

Шмат часу яны не занялі. Ужо праз тры дні Вялікабрытанія і Італія падтрымалі далучэнне края да Літвы. Умоў засталося толькі тры: захаванне аўтаноміі, грашовыя кампенсацыі Антанце і сумеснае выкарыстанне Нёмана літоўцамі і немцамі.

Каўнас святкаваў перамогу, а «паўстанцаў» сустракалі ў сталіцы як герояў. Клайпедская дэкларацыя, якая канчаткова зафіксавала пераход горада да Літвы, была падпісаная ў маі 1924-га ў Парыжы. Літоўцы лічылі гэта вялікай перамогай. Як пісаў адзін з кіраўнікоў іх замежнай палітыкі, Пятрас Клімас, «нашы маладыя дыпламаты перамаглі старых лісаў».

Далейшы лёс рэгіёна

Пасля далучэння да Літвы Клайпедскі край сапраўды захаваў аўтаномію. У кіраўніцтве прысутнічалі прадстаўнікі абодвух народаў. На першых выбарах мясцовага парламента ў 1925-м немцы разгромна перамаглі — яны атрымалі 27 мандатаў супраць 2 літоўскіх. Гэта адлюстроўвала стан свядомасці жыхароў горада: для большасці з іх нямецкае на гэты момант было ўжо бліжэйшым за літоўскае.

Порт кантралявала сумесная камісія, у якую ўваходзілі прадстаўнікі мясцовага дырэктарата, літоўскага ўрада і Лігі Нацый. Ніякіх перашкод іншаземцам у гандлі не было.

Праўда, немцы патроху пакідалі край. Да 1932-га іх выехала прыкладна 10 тысяч, а ўзамен прыехала прыкладна столькі ж грамадзян Літвы. Але ў мясцовым сейме літоўцы ніколі не мелі больш за 5 дэпутатаў. Мясцовыя жыхары звычайна галасавалі за нямецкамоўных грамадзян. Відаць, таму, што лічылі іх больш «сваімі».

Гітлер у Клайпедзе. Pinterest.com.

Пасля прыходу ў 1933-м да ўлады ў Германіі Адольфа Гітлера ў рэгіёне распачалася нацысцкая прапаганда. У адказ на арышты клайпедскіх нацыстаў Трэці рэйх байкатаваў гандаль з Літвой, што паставіла сельскую гаспадарку апошняй на мяжу выжывання. У 1938-м ужо нямецкія «паўстанцы» распачалі сілавыя акцыі супраць уладаў.

20 сакавіка 1939-га літоўскі міністр замежных спраў Юозас Урбшыс атрымаў у Берліне ультыматум. Альбо край будзе аддадзены Трэцяму рэйху, альбо Літву чакае вайна. Каўнас спрабаваў спаслацца на Клайпедскую дэкларацыю. Італія і Японія ў адказ падтрымалі немцаў. Вялікабрытанія і Францыя выказалі глыбокія спачуванні, а неафіцыйна парэкамендавалі капітуляваць. 

23 сакавіка ў горад увайшлі нямецкія вайскоўцы, а затым прыехаў Гітлер. Ён абвясціў пра далучэнне рэгіёна да Трэцяга рэйха. Для Літвы гэта было вялікай стратай. У краі знаходзілася каля траціны хімічнай, амаль палова папяровай і тэкстыльнай прамысловасці краіны. Праз порт ішло да 80% імпарту і экспарту. 

Падчас вайны ў Мемелі (немцы вярнулі яму гэту назву) усё было як і на астатніх тэрыторыях Германіі. Яго жыхары служылі ў вермахце, а яўрэяў знішчалі ў канцлагерах. Праўда, яўрэяў у краі засталося няшмат — многія паспелі збегчы ў Літву.

28 студзеня 1945-га Клайпеду заняла Чырвоная армія і адразу ж перадала пад уладу Літоўскай ССР. Хутка пачаліся дэпартацыі нямецкага насельніцтва — толькі за першыя шэсць гадоў былі высланыя больш за 10 тысяч чалавек. Тыя, у каго былі змешаныя продкі, адмовіліся ад нямецкай мовы на карысць літоўскай ці расейскай. Так што сёння немцаў там засталося ўсяго некалькі соцень. І Мемель канчаткова пераўтварыўся ў Клайпеду. 

Клайпедскі край

Да сярэдзіны XIII стагоддзя Клайпедскі край знаходзіўся пад кантролем балцкіх плямёнаў. Пасля прыходу на гэтыя землі Тэўтонскага ордэна яго пачалі засяляць нямецкія каланісты. У 1252 годзе яны пабудавалі Мемельскі замак (Мемель — нямецкая назва Клайпеды), адкуль кантралявалі наваколле. Пазней край уваходзіў у склад Герцагства Прусія, Каралеўства Прусія і Германскай імперыі.

Для літоўцаў вяртанне Клайпеды было мінімальнай кампенсацыяй за стагоддзі германізацыі, у выніку якой балцкія плямёны прусы і куршы сталі немцамі. На фота: літоўка ў нацыянальным строі на вуліцы Клайпеды ў Дзень каранацыі Міндоўга. Фота Андрэя Дынько.

Немцы паступова асімілявалі нашчадкаў прусаў ды іншых балцкіх плямён. Малая Літва яшчэ ў XVIII стагоддзі дала геніяльнага літоўскага пастара і паэта Крысціёнаса Данелайціса. Але ў выніку германізацыі ў XIX стагоддзі літоўцаў засталося зусім мала.

Пасля паўстання 1863—1864 гадоў у Расійскай імперыі было забаронена выпускаць кнігі на літоўскай мове. У Прускім каралеўстве аналагічнай забароны не было, і Мемель хутка ператварыўся ў цэнтр кнігадрукавання. Тут выходзіла шмат выданняў па-літоўску, якія пасля кантрабандай увозіліся ў Расію (пра гэта ў № 5/2019 «Нашай гісторыі» пісаў Сяргей Астанковіч).

Аж да пачатку XX стагоддзя ў сёлах краю было шмат літоўцаў, але ў самой Клайпедзе — вельмі мала (менш за 10%).

Сёння гэты горад-порт — галоўная транспартная артэрыя краіны, праз яе ідзе сувязь Літвы з Еўропай, Азіяй і Амерыкай. 

Важны гэты порт і для Беларусі. Менавіта праз яго ідзе экспарт калійных угнаенняў. «Беларуськалій» нават уклаў дзясяткі мільёнаў долараў у кампанію, што валодае адным з тэрміналаў порта. Праз Клайпеду ў Беларусь прыбыла і партыя нафты ў студзені 2020-га, калі распачаўся чарговы нафтавы канфлікт з Расіяй.

Андрей Акушко

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930