Найти
06.05.2020 / 19:155РусŁacБел

Как сын фабриканта из Барановичей стал жертвой Катынской трагедии

В Беларуси Катынскую трагедию чаще всего рассматривают как чужую беду, часто забывая, что там пали тысячи и наших земляков. Например, военный врач из Барановичей Леонард Баранцевич. Пишет Сергей Кузнецов.

Shytterstock.com, by Hols.

На пачатку ХХ стагоддзя Баранавічы былі толькі мястэчкам, але дзякуючы чыгуначнаму вузлу бурна раслі і прыцягвалі ўсё больш насельнікаў з ваколіц. Прыезджымі былі і бацькі Леанарда Баранцэвіча. Маці Браніслава была родам са Слоніма, а бацька Міхал — з невялічкага засценка Касцюкі (сёння — частка вёскі Віскачы Стаўбцоўскага раёна). Іх сын Леанард нарадзіўся ў верасні 1911 года.

Міхал Баранцэвіч быў у Баранавічах чалавекам вядомым. Яшчэ ў 1905 годзе ён заснаваў прадпрыемства па перапрацоўцы мяса «М. Баранцэвіч. Фабрыка літоўскіх вяндлін». Бізнэс перажыў рэвалюцыйна-ваенныя закалоты і паспяхова развіваўся ў новых умовах, пасля таго як паводле Рыжскай дамовы Баранавічы адышлі да Польшчы. На этыкетцы фабрыкі можна пабачыць выявы медалёў, якія мясная прадукцыя Баранцэвіча здабыла яшчэ ў часы Расійскай імперыі на разнастайных выставах прадуктаў у Крывым Розе, Растове-на-Доне і нават Рыме. 

Недзе ў 1933 годзе Міхал выправіў сына Леанарда на вучобу ў Вільню — ва Універсітэт Стэфана Баторыя.

Медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта Леанард скончыў у 1938 годзе. Яшчэ падчас вучобы ён ажаніўся, а ўвосень 1938-га жонка Яўгенія нарадзіла сына, якога назвалі Збышкам, Збігневам. Маладыя таксама пасяліліся ў Баранавічах. Шчаслівы тата вырашыў звязаць жыццё з польскім войскам і быў залічаны на службу вайсковым доктарам у адзін з палкоў уланаў. Верасень 1939 года, пачатак вайны, заспеў Леанарда ў званні падхарунжага.

А ў палоне ён апынуўся пад Берасцем, пасля таго як польскае войска было канчаткова раззброенае нацысцкай Германіяй і Савецкім Саюзам. 

Этыкетка вяндлінаў Міхала Баранцэвіча. Са збораў аўтара.

«Кіравацца не канвенцыямі, а дырэктывамі»

Ужо ў другой палове верасня 1939 года пры НКВД СССР утварылася Упраўленне па справах ваеннапалонных і інтэрнаваных, якое ўзначаліў маёр Пётр Сапруненка. Спачатку для ваеннапалонных стварылі аж восем лагераў. 

Аднак даць рады такой колькасці людзей было лагістычна складана. Праз два тыдні, згодна з рашэннем Палітбюро ЦК ВКП(б), палонных жаўнераў падзялілі на дзве катэгорыі. Ад афіцэраў адасобілі шарагоўцаў і падафіцэраў. Каля 40 тысяч шарагоўцаў — тых, чые дамы апынуліся на нямецкім баку, — перадалі Германіі. Астатніх вызвалілі альбо накіравалі на прымусовыя працы. 

А вось афіцэраў, як і супрацоўнікаў паліцыі ды жандармерыі, было вырашана трымаць далей. Большасць лагераў закансервавалі, з васьмі пакінулі тры: Асташкаўскі і Казельскі ў Цэнтральнай Расіі, а таксама Старабельскі на ўсходзе Украінскай ССР. 

Леанарда Баранцэвіча, як і іншых палонных лекараў, утрымлівалі ў Старабельску. Хоць падхарунжыя фармальна афіцэрамі не лічыліся, выхадцаў з Заходніх Беларусі і Украіны таксама пакінулі ў лагеры. Агульная колькасць палонных тут сягала 4 000 чалавек, з якіх дактароў (у тым ліку ветэрынараў), фармацэўтаў, падхарунжых і афіцэраў медыцынскай службы было больш за 800. 

Напрыканцы кастрычніка найбольш актыўныя з гэтай групы звярнуліся з калектыўным лістом да найвышэйшага савецкага кіраўніцтва. Дактары і фармацэўты звярталі ўвагу, што савецкія войскі заспелі іх пры выкананні лекарскіх абавязкаў у шпіталях або ў вайсковых часцях. Спасылаючыся на нормы Жэнеўскай канвенцыі, падпісанты прасілі адправіць іх у адну з нейтральных краін альбо дахаты. 

Зварот увязненых лекараў. З кнігі Katyń. Dokumenty zbrodni.

Хоць напісаныя лісты не дайшлі да адрасатаў, начальнік лагера капітан Аляксандр Беражкоў папрасіў сваё кіраўніцтва даслаць яму для азнаямлення тэкст Жэнеўскай канвенцыі. У адказ начальнік Сапруненка загадаў кіравацца ў працы не канвенцыямі, а дырэктывамі ўпраўлення.

«Разгрузка лагераў»

Наступныя некалькі месяцаў палонных актыўна распрацоўваў НКВД. На пачатак лютага 1940-га нарэшце завяршылі фармаваць «следчыя справы». Яшчэ праз месяц, 5 сакавіка, Палітбюро ЦК ВКП(б) прыняло адносна ваеннапалонных рашэнне: справы былых польскіх афіцэраў маюць быць разгледжаныя ў адмысловым парадку, з прымяненнем найвышэйшай меры пакарання — расстрэлу. Разгляд справы праводзіўся «тройкай» без выкліку арыштаваных і без выстаўлення абвінавачання, без прад'яўлення пастановы аб заканчэнні следства і абвінаваўчага заключэння.

Пачалася аперацыя, названая НКВД «разгрузкай лагераў». З 4 000 старабельскіх палонных трохі менш за 200 чалавек былі пераведзеныя ў іншы лагер. Гэта былі вязні, на якіх ва ўладаў былі асаблівыя віды: хтосьці згадзіўся супрацоўнічаць, хтосьці быў патрэбны для далейшай распрацоўкі або аператыўных гульняў. Часта людзі і самі не ведалі прычыну, чаму іх пакінулі жыць.

Адным з ацалелых быў пляменнік колішняга гарадскога галавы Мінска Караля Гутэн-Чапскага (кіраваў з 1890 па 1901 год), Юзаф Чапскі. Як стане вядома праз шмат гадоў, вызваліць яго, графа, прасіла праз пасярэдніцтва немцаў еўрапейская арыстакратыя. Чапскі перажыве вайну, паселіцца пад Парыжам, дзе разам з Ежы Гедройцем будзе працаваць над часопісам «Культура». А свой палон апіша ў кнізе ўспамінаў «На бесчалавечнай зямлі» (1949). 

Леанард Баранцэвіч у групу ацалелых не трапіў. Ён быў у адной з партый палонных, якія пачынаючы з 5 красавіка штодня перавозіліся чыгункай у Харкаў і дастаўляліся ў абласное ўпраўленне НКВД. Там завочна асуджаных на смерць па адным заводзілі ў сутарэнне, звяралі асабістыя дадзеныя і стралялі ў патыліцу. 

Леанард Баранцэвіч. Фота са збораў аўтара.

За адзін дзень НКВД «разгружала» лагер прыкладна на 200 чалавек. Целы загінулых таемна хавалі ва ўрочышчы Пяціхаткі каля Харкава. 

Пакуты сям’і

Яшчэ перад пачаткам «разгрузкі» НКВД удакладніў у палонных месца жыхарства іх сем’яў. Рыхтавалася другая хваля дэпартацыі насельніцтва Заходніх Беларусі і Украіны. Савецкія ўлады правядуць яе за два дні — 13 і 14 красавіка — і вывезуць больш за 60 тысяч чалавек. На 80% гэта будуць жанчыны і дзеці. 

Яўгенію, жонку Леанарда, забяруць з Баранавіч разам з малым Збышкам. Разам з імі вышлюць маці Яўгеніі, а таксама свёкра Міхала, былога ўладальніка фабрыкі вяндлін. З таварных вагонаў іх высадзяць на станцыі Петухова, каб накіраваць на спецпасяленне ў суровым стэпе Паўночнага Казахстана.

Праз два гады, калі ворагі і саюзнікі ў Масквы будуць іншыя, Яўгенія з сынам змогуць атрымаць свабоду і пакінуць СССР з арміяй Уладзіслава Андэрса. Праз Іран і Палесціну яны трапяць у Вялікабрытанію. 

У 1950-х Яўгенія пераселіцца ў ЗША, дзе пражыве доўгае жыццё, больш ніколі не пабачыўшы Баранавічы. Яна дачакае часу, калі свет дазнаецца пра пахаванне ў Пяціхатках, а на месцы спачыну яе мужа і тысяч іншых ахвяр будзе ўзведзены мемарыял. 

Сергей Кузнецов

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930