Найти
23.05.2020 / 14:227РусŁacБел

Западнобеларусская одиссея: пламенный коммунист, который превратился в убежденного антисоветчика

Единственный, кому удалось бежать из концлагеря Штуттгоф. Партизан, который стал писателем. Пламенный коммунист, который превратился в антисоветчика. Пишет Алесь Киркевич.

Аляксей Карпюк.

Ва ўспамінах «Доўгая дарога дадому» Васіль Быкаў згадвае Аляксея Карпюка, з якім сябраваў. Быкаў характарызуе Карпюка як чалавека, «які ўсё жыццё змагаўся са сваім лёсам». 

Быкаў з Карпюком нібы сімвалы дзвюх крыніц, якія зліліся, —Заходняй і Усходняй Беларусі. Быкаў нарадзіўся і вырас пры савецкай уладзе, ведаў, што ад яе чакаць і на што яна здольная. У яго былі вядомасць, прызнанне, прэміі ды шматтысячныя тыражы. Адначасова — перыяды цкавання і цэнзарскія нажніцы. Наўрад ці Быкаў хоць некалі меў ілюзіі адносна савецкай улады, не ўсхваляў яе, але ў той жа час і не пераходзіў у адкрытае дысідэнцтва.

Карпюку, калі савецкая ўлада прыйшла ў Заходнюю Беларусь, было ўсяго 19. Усё дзяцінства і раннюю маладосць ён правёў у цяжкай атмасферы міжваеннай Польшчы, адкуль Савецкая Беларусь здавалася казкай, а прыход саветаў — марай. Шчыраму служэнню гэтай краіне мары ён і прысвяціў наступныя некалькі дзесяцігоддзяў свайго жыцця. Пасля — гэтак жа шчыра ў ёй расчараваўся. 

Быкаў і Карпюк цудоўна дапаўняюць адзін аднаго, гэтыя сябры-пісьменнікі. Гэтаксама як Усходняя і Заходняя Беларусь гарманічна складаюць адну краіну. 

Першыя «хрысціяне»

Аляксей Карпюк паходзіў з вёскі Страшава. Сёння гэта Польшча, але ж літаральна праз пару кіламетраў, за Баброўнікамі, пачынаецца Беларусь. Абапал мяжы гэта мясціны, шчыльна заселеныя праваслаўнымі беларусамі. 

Сям’я пры Польшчы не бедавала, мела 30 гектараў зямлі. Але польскую шавіністычную ўладу Карпюкі, як і астатнія беларусы-аднавяскоўцы, не шанавалі. Здалёк ім падавалася, што камуністычны ўсход жыве нашмат лепей і справядлівей. 

Міжваенная заходнебеларуская вёска — перанаселеная. У гарадах працы няма. У вёсцы — мала зямлі. Маладзёны цягнуцца да культуры і адукацыі: ідуць у Таварыства беларускай школы (гл. пра яго артыкул Андрэя Вашкевіча ў № 3/2019 «Нашай гісторыі»), выпісваюць кнігі ды газеты. Самыя радыкальныя — уступаюць у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі (КПЗБ).

Родная хата Аляксея Карпюка ў Страшаве на Беласточчыне.

У 1980-я Карпюк будзе пісаць, што капэзэбоўцы (і ён у іх шэрагу) нагадвалі першых хрысціян. Таксама збіраліся невялічкімі купкамі па хатах уначы, каб чытаць уголас незразумелыя тэксты. Таксама свята і бескрытычна верылі. Таксама гатовыя былі ісці на любыя пакуты: пад паліцэйскія дубінкі, у канцлагер, нават на смерць. 

Перад вайной Карпюку ўдалося пазбегнуць турмы: бацька меў грошы і паслаў старэйшага сына на падрыхтоўчыя курсы ў гімназію ў Вільні. Яркія замалёўкі той Вільні, «крывіцкай Меккі», можна знайсці ў аповесці «Данута» — мабыць, самым рамантычным і ўдалым творы пісьменніка. 

Свабода — перш за ўсё

1939 год. Гусеніцы танкаў, недаверлівыя камісары і стомленыя на маршы чырвонаармейцы. Вось яно, нарэшце, «святло з усходу». І тут неспадзяванка! Бацька Карпюка, сябар КПЗБ ды ідэйны камуніст, для новай улады аказаўся кулаком. Зямлю, якой Нічыпар Карпюк меў «зашмат», абкладаюць нялюдскім падаткам. 

Але і ў гэтых новых абставінах бацька працягваў верыць у старыя ідэалы, меркаваў, што ўсе злыбеды часовыя. Пра гэта гаворыць адзін эпізод. Неяк птушка раскалупала саламяную страху, дзе Карпюкі захоўвалі камуністычныя ўлёткі польскіх часоў. Падзьмуў вецер — і вось яны ўжо разляцеліся па ўсім падворку. Нічыпар Карпюк лазіў на каленях, збіраў іх, чысціў ад бруду і прыгаворваў: «Усё паправіцца, усё будзе добра…» 

У сям’і тым часам баяліся хуткага арышту ды высылкі ў Сібір — звычайнай з’явы для таго часу. Калі б так сталася, то і лёс самога Карпюка мог быць цалкам іншым. Карпюк пісаў, што заўсёды больш за ўсё любіў свабоду, таму, імаверна, уцёк бы. Тады пры немцах запраста мог бы працаваць у якім Беларускім камітэце ў Беластоку.

Але Карпюкоў усё ж не вывезлі, і Аляксей яшчэ паспеў паступіць у Наваградскае педагагічнае вучылішча, дзе ў той жа час вучыўся іншы будучы вядомы беларускі літаратар — Уладзімір Калеснік. Там ён і сустрэў чэрвень 1941-га. З горам папалам Аляксею ўдаецца вярнуцца дадому ў Страшава. Каб перажываць там новыя нягоды.

На пачатку 1943-га ўсіх мужчын з сям’і — Аляксея, бацьку Нічыпара і брата Валодзю — арыштоўваюць. Бацьку праз нейкі час выпускаюць, а братоў адпраўляюць у лагер Штутгаф. Ці праз дапамогу савецкім салдатам-акружэнцам, ці як дзяцей старога камуніста — невядома. Тады з лёгкай рукі польскіх паліцыянтаў, якія на памяць ведалі былых капэзэбоўцаў і беларускіх патрыётаў, немцы актыўна прарэджвалі заходнебеларускую інтэлігенцыю. Даносу з абвінавачваннем у «камунізме» было дастаткова.

Калядны вечар у Гарадку на Беласточчыне. Побач вёска Страшава, радзіма Карпюка. Фота Сяргея Гудзіліна.

Штутгаф, які раскінуўся непадалёк ад Гданьска, не быў лагерам смерці, але выжыць і ў ім было няпроста. Збегчы — нерэальна. Але Аляксею Карпюку — адзінаму за ўсю гісторыю Штутгафа — гэта ўдалося. Адно што — разам з ім не пайшоў брат, адмовіўся ў апошні момант. Згрызоты адносна гэтага яшчэ доўга мучылі Карпюка, хоць брат, жудасна скатаваны немцамі ў знак помсты, усё ж выжыў. 

Нейкім цудам уцякач сустрэў палонных палякаў і англічан, якія працавалі на нямецкіх баўэраў, і тыя далі хлопцу форму нямецкага чыгуначніка. Аляксей ведаў нямецкую, таму без асаблівых цяжкасцяў дабраўся дадому. У чорнай форме чыгуначніка з арламі на пятліцах Карпюк уваходзіць у родны дом, а там — нямецкія вайскоўцы. Аказалася, што ў хаце кватаравалі жаўнеры, а бацькоў выселілі ў прыбудову. Карпюк разумее, што лёс не можа быць заўжды на ягоным баку, таму прымае рашэнне ісці ў партызаны.

Атрад імя Кастуся Каліноўскага

Найбліжэйшая партызанская зона — паміж Івацэвічамі і Пружанамі. Карпюк сустракае партызанаў, распавядае пра свае прыгоды, але… яму не вераць. Як так, «збег з лагера»? А можа, усё ж выпусцілі з заданнем? Карпюка садзяць у спецыяльную арыштанцкую зямлянку, і далейшы яго лёс мусіў цалкам залежаць ад настрою камандзіра. Маглі разабрацца і пакінуць, а маглі і без суда ды следства расстраляць. Хлопец вырашае і тут не заставацца на волю лёсу, робіць падкоп і ўцякае.

Падчас блуканняў па лясах і хутарах ён выходзіць на спецгрупу Мікалая Вайцяхоўскага. Былы ленінградскі інжынер быў закінуты ў Заходнюю Беларусь з заданнем стварыць партызанскую брыгаду. Сімвалічна, што тая брыгада займела імя Кастуся Каліноўскага. Вайцяхоўскі Карпюку верыць, але кажа вяртацца ў свае мясціны і ствараць атрад там.

Карпюк падпарадкоўваецца. Вяртаецца ў раён мястэчка Крынкі і на пачатку 1944-га стварае атрад — таксама імя Кастуся Каліноўскага. У атрадзе каля 60 чалавек. Пад адхон яны пускаюць тры цягнікі — рэальныя, а не на паперы, як у многіх іншых камандзіраў. Таксама Карпюк стварае лагер у лесе для цывільных людзей, якія хаваюцца ад немцаў. Падрабязна пра свае ваенныя прыгоды Аляксей Карпюк пасля сам распавядзе ў аповесці «Пушчанская адысея».

Для большасці партызанскіх камандзіраў вайна заканчваецца яшчэ ў 1944-м. Шараговых партызан мабілізуюць у армію і гоняць далей, на Кёнігсберг ды Варшаву. Камандзіраў жа пакідаюць на месцах. Яны — залаты кадравы фонд савецкай улады на непрадказальных прасторах Заходняй Беларусі. Карпюк таксама атрымлівае бронь. Але ўжо ўвосень 1944-га сам ідзе ў ваенкамат. Калі ўсе яшчэ ваююць, то чаму ён, малады і здаровы, мае адседжвацца па тылах?

Падчас штурму Берліна, ледзь не за тыдзень да канца вайны, яго моцна параніла. Аскепак прабіў шынель ды вырваў кавалак лёгкага. Да верасня 1945-га Аляксей вымушаны аднаўляць здароўе ў шпіталі ў Познані. Жонка пісьменніка пасля згадвала, што той аскепак навечна застаўся ў ягоных грудзях.

Здымак з познанскага шпіталя, лета 1945 года. Карпюк — у цэнтры.

Суседзі-антаганісты

Пасля ваенных прыгодаў Карпюк вяртаецца ў Горадню ды паступае ў педагагічны інстытут. Ён узорны для тых часоў студэнт: партызан, франтавік, паранены, з медалямі. Там ён знаёміцца з будучай жонкай Інай, дачкой закатаванага НКВД сакратара камсамола Заходняй Беларусі Анатоля Альшэўскага і вядомай заходнебеларускай камуністкі-падпольшчыцы Фані Цыгельніцкай.

Жывуць яны ў інтэрнаце для студэнтаў на Савецкай вуліцы. За сценкай жыве іншы студэнт, Уладзімір Кісель, удзельнік антысавецкага Саюза змагання за незалежную Беларусь. У 1949-м Кісяля арыштоўваюць: ён атрымае 25 год турмы і вернецца адно ў 1960-м. Карпюк дапаможа яму знайсці працу. 

На тым этапе Карпюк усё яшчэ ідэйны камуніст. Сярод ягоных запісаў можна сустрэць радкі аб тым, як ён плакаў у дзень смерці Сталіна — увесь дзень. А праз год Карпюк дэбютуе ў друку з жыццярадаснай аповесцю «У адным інстытуце». 

Давераная асоба КГБ

У 1961-м Карпюк узначальвае гарадзенскае бюро «Інтурыст». Гэта арганізацыя, якая займаецца справамі замежнікаў. Кіраўнік такой структуры ў тыя часы не мог не быць звязаным са спецслужбамі.

Пра супрацу Карпюка з КГБ сведчаць і дакументы, знойдзеныя не так даўно ў Літве. Яго імя сустракаецца ў справаздачах пра тое, як сачылі і апрацоўвалі Ларысу Геніюш. Пасля доўгага пераліку агентаў раптам ідзе тэрмін «давераная асоба» ў дачыненні да Карпюка.

Тут варта разабрацца ў тэрмінах. Агент КГБ мае псеўданім, на яго заведзена справа, ён дае паказанні ў пісьмовай форме, з ім сустракаюцца на явачных кватэрах. Таксама агент за паслугі можа атрымліваць грошы. «Даверанымі асобамі» называлі ідэйна правераных людзей, якія дзейнічалі без псеўданіма і грошай. Пісьмовых справаздачаў не дае, а штатны кагэбіст можа прыйсці да такога чалавека нават на працу. Усё адкрыта. 

Карпюк палымяна ўгаворваў Ларысу Геніюш прыняць савецкую ўладу як факт, атрымаць грамадзянства СССР. Ларыса Антонаўна з ім сварылася, а ў лістах — люта крытыкавала. Толькі ў 1970-я, калі Карпюк сам зведаў на сабе цкаванне савецкай улады, Геніюш стала да яго куды лагаднейшай. У горы яны нарэшце паразумеліся. 

Гродзенскія літаратары. Карпюк — крайні справа ў першым шэрагу.

Разам з тым трывала ўнутраная эвалюцыя самога Карпюка. Ён усё больш расчароўваецца ў ідэалах, якім аддана служыў. Немалую ролю ў гэтым адыграла Пражская вясна 1968-га. 

Напрыканцы 1960-х у Горадні складаецца вальнадумскі трохкутнік: Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Барыс Клейн. Яны не толькі абмяркоўваюць ды крытыкуюць, але і распаўсюджваюць «сумнеўную» літаратуру: творы Аляксандра Салжаніцына, Яўгеніі Гінзбург ды іншых дысідэнтаў.

У таямніцы гэта не заставалася. Гродзенскіх «антысаветчыкаў» распрацоўвае сам старшыня КГБ СССР Юрый Андропаў. У чэрвені 1969 года ён рыхтуе ў ЦК КПСС запіску, у якой піша аб «нездаровых палітычных настроях Карпюка і Быкава». У тэксце даведкі проста напісана, што «рыхтуюцца спецыяльныя меры», каб супрацьдзейнічаць варожым ідэалагічным выхадкам названых асобаў. Вырашана нейтралізаваць кожнага паасобку.

Прасцей за ўсё з Барысам Клейнам. Ён яўрэй, а ягоны брат — гомасэксуал (у савецкія часы гэта было крымінальным злачынствам). Барыса Клейна пазбаўляюць кандыдацкай ступені, звальняюць з універсітэта, ён вымушаны зарабляць як грузчык. Быкава, найбольш вядомага з тройкі, цкуюць за аповесць «Мёртвым не баліць», крытыкуюць за «фальсіфікацыю гісторыі вайны», але мяжу не пераходзяць. А вось за Карпюка бяруцца сур’ёзна.

«Памочнік капо» 

У красавіку 1971-га першаму сакратару Гарадзенскага абкама партыі Івану Мікуловічу прыходзіць ліст з УКГБ па Гарадзеншчыне з даведкай на Карпюка на 53-х аркушах! З дакумента вынікае, што Карпюк у 1965-м самавольна скраў з архіва дакументы, якія тычацца ягонай дзейнасці ў 1930-я — можа, ён агент дэфензівы? Партызанскае мінулае Карпюка — толькі выдумкі, нічым не пацверджаныя. Больш за тое, Карпюк нібыта пакрываў сапраўдных галаварэзаў: былога байца батальёна «Дырлевангера» Рыхарда Шэрмункіса ды агента Беластоцкага СД Карповіча!

Да ўсяго гэтага прыплятаюць яшчэ і Марціна Грушэўскага, былога старасту Страшава ў часы акупацыі. Пасля вайны Грушэўскага саслалі на пяць гадоў за дапамогу немцам, але нібыта несправядліва. Нібыта сам Карпюк у 1944-м напісаў на Грушэўскага данос на падставе «асабістай непрыязнасці».

Нарэшце, кантрольны стрэл. Карпюку закідаюць, што ў Штутгафе ён быў не звычайным вязнем, а памочнікам «капо». Лічы, вертухаем сярод палонных. Знайшлася цыдулка з лагера, паводле якой Карпюк некалькі разоў атрымліваў па 20 рэйхсмарак. За што вязень мог іх атрымліваць? 

Усё гэта доўжыцца амаль тры гады. Карпюк пазбаўлены ўсіх пасадаў. Выключаны з партыі. Пасля гісторыі са Штутгафам гаворка ўжо не пра рэпутацыю, а пра перспектыву суда, а далей турэмнага тэрміну ці нават расстрэлу. Карпюк едзе да Вайцяхоўскага, камандзіра брыгады імя Каліноўскага, але той гаворыць адкрыта, што да яго па гэтай справе ўжо прыязджалі. Звяртаецца ў архіў, а там наогул няма інфармацыі пра ягоны партызанскі атрад. 

Сяброўскі шарж ад Кастуся Куксо.

Урэшце Карпюк едзе да Пятра Машэрава, былога партызана і кіраўніка рэспублікі. Здаецца, той верыць. Гэтым часам польскі журналіст, сябар Карпюка, едзе ў Штутгаф і разведвае наконт цыдулкі з рэйхсмаркамі. Дазнаецца, што гэта былі грошы ад бацькоў, якія можна было дасылаць кожнаму вязню. 

Патроху хваля цкавання пачынае спадаць. У партыі абмяжоўваюцца строгай вымовай і аднаўляюць Карпюка ў яе шэрагах. Барыса Клейна вяртаюць ва ўніверсітэт. Васіль Быкаў пераязджае ў Менск, разводзіцца з жонкай. Пра Горадню ён будзе ўзгадваць, што гэта горад, дзе жыццё можна пражыць незаўважна, але жыць напоўніцу — не. 

Чаму ўлада і яе рэпрэсіўная машына так жорстка «працавалі» менавіта з Карпюком? Адказ для мяне ляжыць на паверхні: яму помсцілі як «свайму», які не стаў трымацца правілаў гульні. Ідэйны камуніст і нават давераная асоба КГБ, якая крытыкуе ўладу, — гэта куды больш сур’ёзны вораг, чым звычайны антысаветчык. У дакументах ёсць нават згадка, што дзейнасць Карпюка забаранялася разбіраць на пасяджэннях партыйнай арганізацыі ўстановы, дзе ён працаваў. Баяліся, каб не пераканаў у сваёй рацыі калег. 

«Развітанне з ілюзіямі»

У 1980-я для Карпюка настае зусім новы этап. Яму даюць пасаду дырэктара Музея гісторыі рэлігіі і атэізму ў Горадні. Падобныя музеі таксама ствараюцца ў Вільні ды Львове — самых рэлігійных, на думку савецкай улады, на той час заходніх рэгіёнах СССР. Карпюка дагэтуль узгадваюць як найлепшага дырэктара таго музея, які выбіваў грошы на рэканструкцыю будынка былога базыльянскага кляштара, арганізоўваў экспедыцыі, а таксама вывозіў увесну свой штат на талаку ў лес. Былыя калегі ўспамінаюць, што Аляксей Карпюк быў чалавекам няпростым, часам занадта катэгарычным, але з усімі ён размаўляў аднолькава: што з дворнікам, што са старшынёй абкама партыі.

У часы галоснасці, калі скон Саюза быў ужо не за гарамі, Карпюк ідзе ў свой апошні бой. Піша артыкул «Сумныя былі» ў фармаце споведзі. Падтрымлівае Таварыства польскай культуры імя Адама Міцкевіча (правобраз Саюза палякаў), бо мяркуе, што, «калі прачнуцца палякі, услед за імі прачнуцца і беларусы». Былы «будаўнік новага свету», Карпюк начуе ў будынку XVIII стагоддзя, калі той хочуць зносіць для пашырэння плошчы Леніна. 

Але імперыя яшчэ жывая і здольная прымаць выклікі. Супраць Карпюка пачынаецца новая хваля чорнага піяру: лісты ад «франтавікоў-ветэранаў», артыкулы ў афіцыёзным «Политическом собеседнике», усё тыя ж ілжывыя абвінавачанні пра скрадзеныя дакументы і Штутгаф. Напрыканцы жыцця Аляксей Нічыпаравіч выходзіць з партыі, але пакідае білет сабе — на памяць аб ілюзіях маладосці. Ён піша, што ў жыцці рабіў заўсёды тое ж, што і бацька. І каб бацька дажыў да гэтага часу, то таксама сказаў бы пра тое, як яны моцна памыляліся. На абарону Карпюка ад празмерна актыўных «ветэранаў» выходзяць маладыя дэмакратычна настроеныя прадстаўнікі моладзі, у тым ліку і Зміцер Кісель — сын таго самага антысаветчыка Уладзіміра Кісяля. 

Гарадзенцы, у тым ліку мая мама, добра памятаюць высокую фігуру волата, які спускаўся па вуліцы Горкага з драўляным кіем. Хадзіць Карпюку было ўжо цяжка, бо ў дадатак да паклёпаў дадалася іншая бяда — рак. Адолеўшы польскую дэфензіву, пагрозу высылкі, нямецкія засценкі ды сырыя зямлянкі ў лясах Падляшша, цкаванне ды балючае развітанне з ілюзіямі, з прыродай ён ужо анічога не мог зрабіць. Тут ён у змаганні са сваім лёсам прайграў.

Як ветэрана вайны, Аляксея Карпюка хавалі з ганаровай вартай.

Аляксей Карпюк памірае ўлетку 1992-га. Яго ўрачыста хаваюць з вайсковым аркестрам, а труну пакрываюць бел-чырвона-белым сцягам. Жонка, Іна Анатолеўна, перажыве мужа на паўтара дзесяцігоддзя і захавае машынапіс апошняй яго кнігі, набор якой раскідаюць у 1995-м. Гэтая кніга будзе надрукавана толькі ў 2008 годзе недзяржаўнай «Гарадзенскай бібліятэкай» пад назвай «Развітанне з ілюзіямі».

Алесь Киркевич

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера