Найти
09.05.2021 / 18:02РусŁacБел

Янкель и Шифра. Как жители деревни под Лельчицами прятали, но так и не смогли спасти своих евреев

В 1930-е в Липлянском пригородном хозяйстве на Полесье, которым руководил Янкель Готлиб, выращивали арбузы. Во время войны еврейская семъя Готлибов погибла, а их могила стала местом коллективной памяти. Пишет кандидат исторических наук Ольга Иванова.

Янкель і Шыфра (Зинаіда) Готлібы. Фотаздымак Вольгі Івановай з помніка на пахаванні.

У № 9/2019 «Нашай гісторыі» ў артыкуле «Гадамі хавалася ў лясах, каб зноў не саслалі» расказвалася гісторыя вялікай заможнай сям’і млынароў Ранчынскіх з вёскі Ліпляны пад Лельчыцамі, якую ў 1930-я гады панішчылі і расцярушылі па свеце калектывізацыя і сталінскія рэпрэсіі. Тут жа гаворка пойдзе пра лёс іншай мясцовай сям’і — яўрэяў Готлібаў, для якіх катастрафічным стаў пачатак ужо наступнага дзесяцігоддзя.

Прадпрымальнік і кіраўнік

Ліпляны месцяцца ўсяго за 4 кіламетры ад Лельчыц, цяперашняга райцэнтра на паўднёвым захадзе Гомельскай вобласці. Лельчыцы былі мястэчкам, а таму ў іх, як і ў любым іншым беларускім паселішчы такога тыпу, жыло шмат яўрэяў. Былі тут і кагал, і малітоўны дом. У суседніх жа Ліплянах яшчэ ў 1920-я гады прысутнасць яўрэяў была хутчэй сімвалічнай: тут жылі толькі тры яўрэйскія сям’і. 

У канцы 1920-х — пачатку 1930-х, часы суцэльнай калектывізацыі, у Ліплянах з’явілася яшчэ адна яўрэйская сям’я — Янкеля Готліба. Акрамя самога гаспадара, яна складалася з ягонай жонкі Шыфры, якую мясцовыя жыхары называлі Зінаідай, і трох дзяцей: дваіх сыноў і адной дачкі.

Готлібы пастаянна жылі ў Лельчыцах, але Янкель быў кіраўніком т. зв. «прыгараднай гаспадаркі», якая знаходзілася ў Ліплянах. Тут вырошчвалі капусту, памідоры, моркву, буракі, агуркі, цыбулю, клубніцы і нават экзатычныя для таго часу кавуны. 

Гаспадарку і яе кіраўніка дагэтуль памятаюць цяперашнія вяскоўцы. Постаць Янкеля Готліба ў памяці ліплянцаў спалучае і тыпізаваныя рысы яўрэя-прадпрымальніка, і арыгінальнае ўспрыняцце яго як кіраўніка-пана. Згадваюць, што вырашчаная ў гаспадарцы прадукцыя адпраўлялася нават у Ленінград. Янкель разбіраўся не толькі ў сельскай гаспадарцы, але і ў іншых галінах эканомікі, таму, як кажуць вяскоўцы, «у наш час быў бы вялікім бізнэсменам». Успаміны пра яго і ягоную сям’ю надзвычай цёплыя і душэўныя: вяскоўцы сябравалі з Готлібамі і высока цанілі гаспадарчыя здольнасці Янкеля.

Магіла Гоблібаў. Фота Вольгі Івановай.

Перад самай вайной ужо дарослы старэйшы сын Янкеля і Шыфры, імя якога ніхто з вяскоўцаў ужо не памятае, быў прызваны ў войска і стаў лётчыкам. З бацькамі засталіся двое малодшых дзяцей: шаснаццацігадовая дачка Хана, якую і цяпер згадваюць як даўгакосую неймаверную прыгажуню, і дванаццацігадовы сын Майсей, якога па-вясковаму называлі Муся. 

Дзве расправы

Улетку 1941 года пачалася вайна, і неўзабаве ў Лельчыцы і Ліпляны прыйшлі немцы. З самага пачатку ў іх планах было поўнае фізічнае вынішчэнне яўрэйскага насельніцтва. 

Першыя масавыя расстрэлы яўрэяў у Лельчыцах адбыліся 4 верасня 1941-га. У той дзень нямецкія салдаты сагналі ў двор былога НКВД і раённага Дома культуры каля 700 яўрэяў, у тым ліку і тыя сем’і, што ўцяклі сюды з суседняга Тураўскага раёна. Пасля іх пагналі ва ўрочышча Загор’е. Там яўрэяў прымусілі выкапаць глыбокія ямы, а пасля ставілі тварамі да іх і расстрэльвалі. Для закопвання магілаў спачатку пакінулі 15 чалавек, але пасля расстралялі і іх. Усяго, паводле нямецкіх справаздач, тады загінула больш за 720 чалавек. 

Пра ўсё гэта добра ведалі ліплянцы. Паводле сведчання адной з іх, Клаўдзіі Лось, яна сама, хоць і не бачыла расстрэлаў на ўласныя вочы, чула адчайныя крыкі ахвяраў — яны разносіліся далёка навокал. Магчыма, гэта ўсяго толькі дзіцячая інтэрпрэтацыя тых падзей, бо Загор’е знаходзілася далёка ад Ліплян. Але, несумненна, жыхары вёскі ведалі пра тое, што адбывалася, пераказвалі адзін аднаму і глыбока перажывалі гэтую трагедыю. Іван Лось прыгадваў, што пасля вайны з той гары бралі пясок для падсыпання вуліц і ў тым пяску нібыта знаходзілі залатыя рэчы, што былі ў кішэнях забітых яўрэяў.

Увосень таго ж 1941 года ў Лельчыцах арганізавалі гета, куды сабралі рэшту ацалелых яўрэяў з усяго Лельчыцкага раёна. Вясной 1942-га, калі тут набралася каля 200 чалавек, расстралялі і іх. 

Памятны знак на месцы масавага яўрэйскага пахавання ў былым урочышчы Загор'е. Цяпер новы мікрараён горада Лельчыцы. Фота Вольгі Івановай.

Калі ўлічыць ахвяр першага расстрэлу, то ў Лельчыцах у тыя месяцы загінула каля тысячы яўрэяў. Для жыхароў прылеглых Ліплян гэта быў час этычнага выбару і перажывання маральнай траўмы, якая захавалася нават ва ўспамінах пасляваеннага пакалення. Ніне Лось маці расказвала, што пасля знішчэння яўрэяў яны з сяброўкай пайшлі ў Лельчыцы паглядзець на пакінутыя яўрэйскія хаты. У адной з іх дзяўчаты панабіралі прыгожых гузікаў, але бацькі, пабачыўшы, насварыліся на іх і загадалі адразу ж занесці ўсё назад. 

Як загінулі Готлібы

Сям’і Янкеля Готліба спачатку пашчасціла ацалець. Падчас першай аблавы Готлібы збеглі з Лельчыц у Ліпляны і тут хаваліся каля месяца — па розных звестках, ці да канца верасня, ці да пачатку кастрычніка 1941-га. Спрыяць ім было небяспечна, бо за дапамогу яўрэям расстрэльвалі. Але некаторыя ліплянцы ўсё ж рызыкавалі і дапамагалі няшчасным, як, напрыклад, маці пяцярых дзяцей Хрысціна Лось. Не толькі Готлібам, але і некаторым іншым яўрэям, што здолелі ўцячы з Лельчыц.

Але выратавацца сям’я Готлібаў усё ж не здолела. Іх гібель у памяці ліплянцаў звязваецца з дзеяннямі паліцэйскіх. Па адной версіі, апошнія былі мясцовымі, па другой — паходзілі з вёскі Дуброва, а па трэцяй — былі прышлымі ўкраінцамі, што жылі ў гэтай мясцовасці яшчэ да вайны. 

Часам гавораць, што паліцэйскія толькі схапілі сям’ю Готлібаў і перадалі немцам. Апошняе, аднак, малаверагодна: карны атрад войскаў СС, які знішчаў лельчыцкіх яўрэяў у пачатку верасня, да канца месяца ўжо змяніў месца дыслакацыі. У той жа час у Лельчыцах пачало стварацца гета, куды Готлібы, несумненна, спачатку патрапілі б, каб іх сапраўды перадалі немцам. 

Вокладка кнігі Волькі Івановай пра Ліпляны.

Насамрэч, як выглядае, падзеі развіваліся вельмі імкліва. Готлібы ратаваліся ўцёкамі ў бок Лельчыцаў, але пераследнікі нагналі іх ужо каля самага мястэчка. І на тым самым месцы, дзе злавілі, іх і расстралялі. Відаць, была нейкая прычына для такіх спешных дзеянняў: ці то каты былі раззлаваныя пагоняй, ці то спадзяваліся на матэрыяльную выгаду. Пра гэта мы, відаць, ужо не даведаемся, як не высветлім таксама, кім дакладна былі тыя забойцы. 

Пра абставіны ж расстрэлу захаваліся ўспаміны. Некаторыя бачылі ўсё з недалёкага лесу і пазней расказвалі іншым. Кажуць, што старэйшых Готлібаў прымусілі капаць сабе магілу. Спачатку расстралялі бацькоў, а потым дзяцей. Казалі, у дзяўчынкі ад страху здарыўся сардэчны прыступ і яна ўпала ў магілу сама. 

Зорка Давіда на месца чырвонай

Старэйшы сын Янкеля і Шыфры ў час гэтай трагедыі быў на фронце. Ён служыў у авіяцыі, прайшоў праз усю вайну і застаўся жывы. У 1950-я ён паставіў помнік на месцы расстрэлу сваёй сям’і, зрабіўшы надпіс: «Погибли. Сентябрь 1941 г. Готлиб Я. Х., Готлиб Х. Я., Готлиб Ш. А., Готлиб М. Я. Всегда скорблю и помню. Ваш сын и брат». Некалькі разоў ён прыязджаў у Ліпляны і пасля таго.

Фрагмент помніка Готлібам. Фота Вольгі Івановай.

А пахаваннем гэтым, якое знаходзіцца ва ўрочышчы Елье ў лесе паміж Ліплянамі і Лельчыцамі, з таго часу пачалі апекавацца вучні і настаўнікі Ліплянскай школы. Першапачаткова ўверсе на помніку была пяціканцовая чырвоная зорка. Але не так даўно гэты знак знік, а пад памятным надпісам з’явілася шасціканцовая жоўтая зорка Давіда. 

Месца пахавання Готлібаў, як і сама гісторыя гэтай сям’і, сталі часткай калектыўнай памяці ліплянцаў. Лідзія Мешчанка прыгадвала: «Мая мама пры жыцці мне, можа, 20 разоў гэта расказвала. І ўсе суседкі. Сядзяць на вуліцы і заўсёды вось гэта расказвалі. І я так запомніла. Памятаю ўсё гэта слова ў слова».

Трагедыю мясцовага яўрэйскага насельніцтва ліплянцы ўспрынялі вельмі блізка да сэрца. Верагодна, што менавіта яна змяніла стаўленне вяскоўцаў да нямецкай улады: ад асцярожнага чакання напачатку да разгортвання пэўнага супраціву і падтрымкі партызанскага руху пасля. Гэтыя ж падзеі падзялілі вяскоўцаў на тых, хто хаваў, дапамагаў і спачуваў яўрэям, і тых, хто так ці інакш спрычыніўся да іх гібелі. 

Адметна, што пахаванне Готлібаў для ліплянцаў стала месцам памяці яшчэ ў савецкія часы, у той час як месцы масавых расстрэлаў у Лельчыцах доўгі час былі цалкам занядбаныя.

Ольга Иванова

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930