Найти
20.06.2020 / 13:0312РусŁacБел

Окупированная Беларусь глазами немецкого генерала

Под Заславлем. Немецкая пехота проходит «линию Сталина». Pinterest.ru.

В Германии опубликовали письма командира 43-го пехотного корпуса, который вместе с другими подразделениями Вермахта атаковал Советский Союз в 1941-м. О том, как генерал Хейнрицы увидел Беларусь, пишет историк Александр Гелагаев.

Летам 1941 года разам з іншымі падраздзяленнямі вермахта нямецка-­савецкую мяжу перайшоў і 43-і пяхотны корпус пад камандаваннем генерала Готхарда Хейнрыцы. Гэты военачальнік праваяваў на Усходнім фронце то як франтавы афіцэр, то як штабны спецыяліст ад самага пачатку да канца вайны. Падчас гэтай кампаніі ён амаль штодзень пісаў лісты дадому і вёў дзённік, запісваючы тое, што бачыў вакол сябе. У 2016 годзе ягоныя лісты і нататкі ўпершыню апублікаваныя ў Нямеччыне, а ў мінулым годзе выйшлі на рускай мове, забяспечаныя падрабязнымі каментарамі гісторыкаў. Пра тое, якой Хейнрыцы пабачыў Беларусь, піша гісторык Аляксандр Гелагаеў.

Генерал вермахта, які не быў членам нацысцкай партыі

Якім чалавекам быў генерал Готхард Хейнрыцы? Супярэчлівым — як па рысах характару, так і па палітычных перакананнях. Генерала не варта ідэалізаваць, бо ў ягоных лістах ды нататках можна заўважыць і антысемітызм, і стаўленне да любога ненямецкага насельніцтва як да менш культурнага. Успрымаў ён гэтае насельніцтва толькі як рэсурс для забеспячэння нямецкіх патрэб, нават як частку навакольнага пейзажу, якой для ўласнага выратавання лепш проста не замінаць вермахту ісці наперад і эксплуатаваць сябе. Таму і не дзіўна, што пры патрэбе ён дазваляў сваім салдатам ісці на самыя жорсткія меры ў «барацьбе з партызанамі». А да колькіх бязвінных ахвяраў з ліку мірнага насельніцтва гэта прывяло — добра вядома.

У той жа час не быў і звычайнай гітлераўскай пешкай без уласнай думкі. Некаторыя ягоныя погляды ішлі яўна ўразрэз з лініяй нацысцкага кіраўніцтва, і менавіта таму, відаць, ён, будучы эфектыўным военачальнікам, так і не атрымаў найвышэйшага вайсковага звання ў Трэцім рэйху — генерал­фельдмаршала. Генерал быў перакананым вернікам­лютэранінам і рэгулярна наведваў царкву. Такая рэлігійнасць і ў тагачаснай Германіі не надта віталася. Але самае галоўнае — Хейнрыцы адмовіўся ўступаць у нацысцкую партыю.

Часта з’едлівыя і вельмі натуралістычныя лісты ды нататкі генерала Хейнрыцы фіксуюць даволі выразную карціну жыцця нямецкіх вайскоўцаў і цывільнага насельніцтва на акупаванай вермахтам тэрыторыі. З іх мы бачым, наколькі тыя дні былі напоўненыя гвалтам, бязлітаснасцю і штодзённымі трагедыямі. 

Трэба сказаць, што для Хейнрыцы гэта было не першае наведванне Беларусі: у гады Першай сусветнай вайны ён таксама служыў на Усходнім фронце. Але Другая сусветная для яго не ішла ні ў якое параўнанне з Першай. Новую вайну ён неаднаразова параўноўвае з Трыццацігадовай, якая ў XVII стагоддзі спустошыла ўсю Цэнтральную Еўропу.

Генерал Готхард Хейнрыцы. Wikimedia Commons.

Праўда, агульнае знаёмства з беларускімі ўмовамі чыста з вайсковага пункту гледжання не спалучалася ў Хейнрыцы з асаблівай абазнанасцю ў нацыянальнай спецыфіцы рэгіёна. У гэтым плане ён не вылучаўся сярод сваіх калег. Дастаткова сказаць, што генерал увогуле амаль што не выкарыстоўвае слова «Беларусь». Галоўным маркерам адрознення розных тэрыторый для Хейнрыцы выступае польска­савецкая мяжа 1939 года. На захад ад яе, паводле ягоных уяўленняў, месцілася хай сабе і спецыфічная, але Польшча, на ўсход жа пачыналася «сапраўдная Расія».

1941-­ы. Ваенныя дзеянні, савецкія салдаты і партызаны

Першапачатковае знаходжанне Готхарда Хейнрыцы на тэрыторыі Беларусі было хуткацечным. Нямецкі бліц­крыг імкліва развіваўся, фронт хутка прасоўваўся наперад, і ўжо праз два месяцы ўся Беларусь была цалкам акупаваная. Але генерал фіксуе свае ўражанні ад таго, што адбываецца, вельмі актыўна і падрабязна:

23 чэрвеня 1941 года, Медна: «Учора нам супрацьстаяла руская дывізія, якую мы заспелі цалкам знянацку, а затым разбілі яе. Масы салдат бадзяюцца паўсюль па бязмежных лясах, сядзяць на незлічоных хутарах, часта страляюць нам у спіну… Таму нашыя хлопцы праводзяць зачысткі жорстка, без літасці… Паўсюль нашы хлопцы забіраюць у сялян коней для нашых падвод, што выклікае ў вёсках плач і крыкі. Вось так «вызваляюць» насельніцтва. Але нам патрэбныя коні, а сяляне, магчыма, атрымаюць потым нейкія грошы. Мы нарэшце дасягнулі ракі Лясная ў Белавежскай пушчы».

5 ліпеня 1941 года, Лыскаў: «Расійскія салдаты не выглядаюць перакананымі бальшавікамі. Палонныя ў асноўным скардзяцца на дрэннае харчаванне і на тое, што начальства з імі дрэнна абыходзілася. Зразумела, што ў рэчаіснасці народнага адзінства не існуе. Паколькі камісары не даюць салдатам дэзерціраваць і прымушаюць ісці ў бой пад дулам пісталета, салдаты ў адказ б’юць камісараў да смерці».

6 ліпеня 1941 года, Косава: «Рускія, што былі проста перад намі, зараз знішчаныя. Пачварна крывавая бітва. У некаторых выпадках мы не давалі ім аніякай літасці. Рускія па­звярынаму абыходзіліся з нашымі палоннымі. У адказ нашыя хлопцы страляюць і забіваюць усё, што носіць карычневую ўніформу. Бясконцыя лясы дагэтуль поўныя салдат з разбітых дывізій і ўцекачоў, некаторыя з іх няўзброеныя, некаторыя ўзброеныя, і яны неймаверна небяспечныя. Нават калі мы накіроўваем дывізіі прачэсваць гэтыя лясы, дзясяткам тысяч удаецца пазбягаць палону, хаваючыся ў непралазных лясах.

Pinterest.com.

13 ліпеня 1941 года, Слуцк: «Кожны дзень усё гарачэй і цяжэй. Есці не хочацца, толькі піць. Па магчымасці мы рухаемся з войскамі толькі вечарам і ноччу. Удзень вытрымаць проста немагчыма. Сёння нагэтулькі нясцерпная спёка, што нават пісаць лісты ледзь вытрымліваеш. Сонца амаль не паказваецца, але стварае ў паветры такую цяжкасць, што няма магчымасці і жадання хоць што­небудзь рабіць…

Цяпер пачынаецца гэтая праклятая вайна супраць бандаў, і нам прыйдзецца зачышчаць лясы…»

30 ліпеня 1941 года, Бабруйск: «Вораг насупраць нас — на здзіўленне актыўны і моцны. Ужо на світанку ён, хоць і не поўнай сілай, атакаваў 134­-ю дывізію. 75 перабежчыкаў перайшлі на наш бок праз некалькі гадзін. Немагчыма зразумець: заўсёды адно і тое ж. У цэлым рускі ваюе з фанатычнай упартасцю. Але кожны паасобку падкрэслівае сваю стомленасць ад вайны, сваё жаданне перабегчы, сваю нянавісць да камісараў, якія прымушаюць ісці ў бой пад дулам пісталета. Гэтыя дзве пазіцыі цяжка аб’яднаць».

1 жніўня, Бабруйск: «Мы штодзённа назіраем, як каля 100 чалавек перабягаюць на наш бок. Можа, аднойчы, калі простыя салдаты больш не захочуць змагацца, уся лавачка разам абрынецца. Пакуль яны распавядаюць, што не хочуць ваяваць, але іх прымушаюць камісары. Гэта ўсё неяк бянтэжыць. Жудасная энергія бязлітасна мабілізуе ўсе сілы і без шкадавання пасылае салдат у бой…»

9 жніўня, Парычы: «Вораг, які нам супрацьстаіць, з якім было столькі мітусні, нарэшце цалкам разбіты, у яго засталося зусім мала сілаў. Нам нават удалося захапіць дзве расійскія штабныя машыны з іхнім дывізійным пісарам. Дзяўчына­-машыністка ў блакітнай спадніцы і белай кашульцы збегла ў апошні момант. Пісар распавёў нам, што некалькі дзён таму камандзіра іхняй дывізіі разжалавалі за памылкі камандавання і паслалі камандаваць адным з палкоў ягонай былой дывізіі… Заўтра нас чакаюць новыя бітвы. Рускі, аднак, вельмі пабіты. Проста цуд, што ён раз за разам знаходзіць сілы для супраціву, нягледзячы на панесеныя страты… Да нас перабягалі ўжо цэлымі ротамі».

1941­-ы. Мясцовае насельніцтва: як жыве і чым дыхае

5 ліпеня 1941 года, Лыскаў: «Мы атабарыліся ў аптэцы, якая належыць старому габрэю. Ён рады, што бальшавікоў пагналі. Відавочна, што яны вельмі дрэнна ставіліся да людзей, у якіх была ўласнасць. Мы праязджалі праз некалькі маёнткаў. Усіх уладальнікаў бальшавікі знішчылі, гаспадаркі заняпалі, разбураныя, закінутыя і ўвогуле ў жахлівым стане. Іх выкарыстоўвалі ў якасці баракаў для рабочых ці часовага жылля».

6 ліпеня 1941 года, Косава: «Сталін аддаў адступаючым войскам загад знішчаць усё, што мы маглі б выкарыстаць. Таму ізноў усё спальваецца, як у часы Напалеона і ў нейкай ступені як у 1915 годзе. Згодна з аповедам майго начальніка генерал­палкоўніка Вайхса, у Менску, горадзе, дзе жывуць 200 000 чалавек [Насамрэч, 380 тысяч], усё спалена, засталіся толькі два пампезныя савецкія будынкі. [Насамрэч, гэта быў вынік бязлітасных нямецкіх бамбаванняў. Глядзіце «Наша гісторыя» 7/2019. Паказальна, што нават генерал не ў курсе гэтага. — НН]. У Косаве, дзе мы раскватараваліся, засталася толькі траціна дамоў. Чырвоныя камісары спалілі цэнтр горада. Насельніцтва, напэўна, наелася гэтага ўжо па горла — гэта для іх чацвёрты раз пачынаючы з 1915 года!»

Waralbum.ru.

11 ліпеня, Капыль: «Цяпер мы ў сапраўднай Расіі. Капыль — назоў сённяшняй вёскі. Усё ў стане жахлівага заняпаду. Знаёмімся з набыткамі бальшавіцкай культуры. Мэбля вельмі прымітыўная. Мы звычайна жывём у пустых памяшканнях… Цэрквы выкарыстоўваюцца ў якасці залаў для палітычных сходаў. У кожнай вёсцы ёсць вялікія партыйныя будынкі, у якіх Сталін і Ленін ушаноўваюцца як улюбёнцы народа, дзяцей, жанчын, працоўных, салдат і гэтак далей. У гарадах на кірмашовым пляцы ў цэнтры звычайна стаіць цэментны помнік Сталіну, які на ім вельмі нагадвае старога Гіндэнбурга. Крамаў няма. Сяляне павінны працаваць на дзяржаву: яны атрымліваюць траціну ўраджаю прадуктамі (натурай) і 80 рублёў за год. Кілаграм мяса каштуе 36 рублёў! Таксама ў якасці платы за працу кожнаму таварышу даваліся нейкія рэчы, якія ён атрымліваў на дзяржаўным складзе, які ёсць у любым горадзе: мыла, цыгарэты, шкарпэткі, адзін касцюм на год! Гэткі савецкі рай. Ніхто не асмельваецца гаварыць адкрыта. Усе баяцца размаўляць. Пятнаццацігадовых дзяцей забіралі з хаты і адпраўлялі працаваць у шахтах недзе на Доне. Гэтыя дзеці ніколі больш не чулі пра свае сем’і, і наадварот. Некаторых з іх, якія сталі цяпер салдатамі, мы захапілі ў палон. Цяпер мясцовае насельніцтва спадзяецца вызваліцца з прыгнёту. Але дрэнна тое, што мы не можам паразумецца з імі. Адсюль шматлікія памылкі». 

13 ліпеня, Слуцк: «Учора лётаў у Менск. На вышыні 600 метраў — прыгажосць. Від узрушвае: бясконцыя лясы, як смаўжы, выгінаюцца рэкі, унізе цацачныя калоны маршыруюць. У Менску, які напалову разбураны, ацалела толькі некалькі шматпавярховых савецкіх палацаў, будынак гаўляйтара, будынак універсітэта, дом Чырвонай арміі. Фанабэрыстыя непрыгожыя палацы, усе завешаныя карцінамі, якія ўсхваляюць Сталіна, Леніна, Калініна і іншых бонзаў…

Усе цэрквы тут, у сапраўднай Расіі, знішчаныя. Са званіцаў знятыя крыжы. Мясцовая слуцкая грэка­-каталіцкая царква знішчаная. З яе цаглінаў на гэтым жа месцы будуецца дом гаўляйтара. Рыма­-каталіцкая царква была пераўтвораная ў завод па разліве мінеральнай вады. Пратэстанцкую царкву далучылі да фабрыкі. Наколькі мы пакуль бачылі, усе храмы ў вёсках пераробленыя ў пажарныя дэпо ці склады. Ці сыдзе гнеў Госпада на гэтых знішчальнікаў?»

Kulturologia.ru.

1 жніўня 1941 года, Бабруйск: «Усё тут вельмі прымітыўнае. Бабруйск, горад з насельніцтвам у 91 000 чалавек, з якіх вялікая частка эвакуіравалася, — брудная дзірка, якая ў асноўным складаецца з драўляных будынкаў. Цэнтральная вуліца нагадвае Nasser Garten у Кёнігсбергу. Хаты голыя. У людзей нічога няма, таму што ў іх усё адабралі за апошнія 20 гадоў. Нашыя перакладчыкі кажуць нам, што людзі шчаслівыя, што немцы прыйшлі. Няма ніякіх сумневаў, што для ўсяго свету будзе дабром, калі бальшавізм, ягоныя метады і ўплыў будуць сцёртыя з твару зямлі. Гэта жах. Але гэтая пачвара шалёна сябе абараняе».

Пячары, 23 жніўня 1941 года: «Гарады цалкам спаленыя. Мы стаім лагерам — нельга назваць гэта «жывём» — у вельмі бязрадасных вёсках. Сёння я кватарую ў класе, таму што самыя чыстыя будынкі звычайна — гэта школы. Усе хаты ў стане поўнага занядбання. Са слоў жыхароў, яны спецыяльна імкнуліся зрабіць усё знешне непрыгожым і бедным, каб іх не пераследавалі за тое, што яны кулакі».

1943—1944-­ы. Насельніцтва антынямецкае, партызаны на ўздыме

Наступныя два гады генерал Хейнрыцы ваяваў па­за тэрыторыяй сучаснай Беларусі, а вярнуўся ў яе толькі восенню 1943-­га, калі ход ваенных дзеянняў на фронце прымусіў немцаў ужо не імкліва наступаць, а з баямі адступаць, пакідаючы раней захопленыя тэрыторыі. І пабачыў генерал ужо зусім іншую Беларусь, дзе настроі насельніцтва ўжо ў значнай ступені антынямецкія і дзе няўзброеным вокам заўважны выбуховы рост савецкай партызанскай актыўнасці.

18 кастрычніка 1943­-га: «На жаль, цяпер па вечарах нельга так проста паразмаўляць з Расіі з Райхам, таму што з 20.00 усе лініі сувязі выводзяцца са строю пры дапамозе выбухаў ці сабатажу, а аднавіць іх атрымліваецца толькі раніцай. За нашымі спінамі ўжо не проста партызаны, а паўстае амаль уся краіна. Некаторы спакой пануе толькі ў раёне фронту, таму што там шмат салдат. Ніхто з мясцовага насельніцтва больш не верыць у нашу перамогу. З­-за гэтага яны ўсе хочуць стварыць сабе алібі, патрэбнае пры вяртанні чырвоных, і займаюцца варожай для Нямеччыны дзейнасцю».

20 студзеня 1944-­га: «Пры начной прагулцы ў раёне нашай сарціравальнай станцыі я бачыў вакол сябе, практычна як узімку 1941/42 гадоў, мігаценне святла асвятляльных ракет. На ўсходзе яно ішло ад фронту, на захадзе ад частак, якія ахоўваюць мясцовасць ад партызан. Раён вакол Магілёва асабліва забруджаны. Нядаўна ў Менску адбылося абсалютна неверагоднае здарэнне: адзін прыбылы ў нямецкай форме з Рыцарскім крыжам і мноствам пасведчанняў афіцэр хацеў забіць буйнога чына СС у ягоным кабінеце. У апошні момант злачынцу здрадзілі нервы. Акрамя ручных гранат і выбухоўкі, у ягонай кішэні быў рэвальвер з кулямі, зробленымі па тыпе разрыўных, якія ўтрымлівалі моцную атруту». 

Хейнрыцы ваяваў на Усходнім фронце практычна да апошняга дня вайны, хоць у канцы ўжо і не верыў не толькі ў перамогу, але нават у прымальны для Нямеччыны мір. Да мая 1948 года ён быў у брытанскім палоне, даваў паказанні на Нюрнбергскім трыбунале, але сам пад суд не патрапіў. У 1950­-я пісаў працы па гісторыі вермахта для Узброеных сіл ЗША. Да самай смерці ў 1971 годзе былы генерал даваў інтэрв’ю гісторыкам і публіцыстам, у якіх старанна імкнуўся дыстанцыявацца ад Гітлера і нацызму. 

Александр Гелагаев

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера